Вожыку зразумела, наколькі нязмушанай ёсьць ініцыятыва паўсюднага стварэньня суполак "Белай Русі". Справа ідзе да наданьня структуры нацыянальнага ("рэспубліканскага", паводле саўковай юрыдычнае мовы) статусу. Чамусьці здаецца, што праблемаў з рэгістрацыяй будзе меней, чым як у "МФ" :-)

Іншае пытаньне: навошта?

Аналітыкі ў адзін голас цьвердзяць пра "партыю ўлады". Але ж дасюль Лукашэнка рэагаваў на ідэю без аніякага энтузіязму. Маўляў, набяжыць прыстасаванцаў...

Потым, любая партыя мае сэнс як інструмэнт на выбарах. Проста пець алілую і так стае ахвотнікаў. Але ня далей як у сакавіку Лідзія Ярмошына даводзіла, што "пытаньне аб зьмяненьні сыстэмы выбараў у нас не стаіць". І матывавала тым, што дэпутата, абранага паводле партыйнага сьпісу, немагчыма адклікаць (як быццам гэта рабілі дасюль! :-)

Такім чынам, за гэтыя пару месяцаў нешта наверсе зрушылася. Такое ўражаньне, што адна з плыняў у атачэньні актыўна прапануе рыхтаваць бутафорскі варыянт на выпадак, калі Эўропа прыцісьне з патрабаваньнем дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства. Імітаваць лібэральную тэндэнцыю можна праз усталяваньне зьмешанай, прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы. Ня выключана, што яе ўвядуць пад парлямэнцкія выбары налета. А трансфармаваць грамадзкае аб'яднаньне "Белая Русь" (брэнд, канешне, той яшчэ! :-) у тутэйшы аналяг "Адзінае Расеі" ёсьць справай тэхнікі.

Іншая рэч, што на сёньняшні дзень гэта хутчэй не зацьверджаная стратэгія, а адзін з тактычных варыянтаў. Запасны аэрадром, які можа быць і не запатрабаваны. Страхоўка на чорны для ўлады дзень.

Бо любая палітычная гульня спараджае момант рызыкі. З вэртыкальлю прасьцей: тупнуў нагой — і кінуліся выконваць! А тут... Гарбачоў таксама хацеў пагуляць у перабудову — вядома, чым скончылася.

Чамусьці здаецца, што менавіта бясслаўны фінал КПСС стаіць перад вачыма высокага начальніка, якога паліттэхнолягі спрабуюць зараз пераканаць у пэрспэктывах болей гнуткага варыянту сыстэмы.

У любым выпадку актывізацыя праекту "Белая Русь" ёсьць, бадай, сымптомам таго, што ў пэўным сэнсе "вярхі ня могуць кіраваць па-старому". Трэба нешта мяняць хаця б дзеля адводу вачэй Захаду. А там, дзе пачынаюцца хай сабе і змушаныя гулі, падвышаюцца шанцы альтэрнатывы. Калі яе носьбіты, канешне, трохі падварушацца :-)

P.S. На гэтую ж тэму давялося сёньня трохі паразважаць на "Свабодзе".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?