Беларускі Каштуніца — сякера пад лаўкай

У мінулую суботу адбылася Соймавая канфэрэнцыя БНФ. Абмяркоўвалі сцэнар будучай прэзыдэнцкай кампанii. Вырашылі, што кандыдат ад апазыцыі мусіць быць адзін, і назвалі крытэры, якім ён павінен адпавядаць.

Беларускі Каштуніца, паводле фронтаўскіх палітыкаў, мусіць быць незалежнікам, дэмакратам, гатовым да рэформаў, мусіць разумець ролю нацыянальнае культуры і свабодна гаварыць па-беларуску. А яшчэ — трымаць слова, мець кіраўніцкі досьвед і досьвед працы ў камандзе, быць неканфліктным, але цьвёрдым у пазыцыі, ня мець аўтарытарных рысаў. Гэта ўсё, так бы мовіць, агульныя пажаданьні, зь якімі ня стаў бы спрачацца ніхто. Хіба што сацыял-дэмакрат Статкевіч тут адпадае, бо і рысы аўтарытарныя ў яго ёсьць, і слова не стрымаў — пайшоў на мінулыя выбары, чым разбурыў свой удзел у камандзе — апазыцыйнай групе палітыкаў новай хвалі, і канфліктны — варта паказаць у тэлевізары, як крычаў на мітынгу пра «цыганскага в...ка». Прынамсі, неўраўнаважаны.

А вось наступны блёк — электаральныя характарыстыкі — непасрэдна ўступае ў канфлікт з рэальнасьцю. Інакш кажучы, калі агульным характарыстыкам больш-менш адпавядаюць усе 10-20 апазыцыйных лідэраў, дык у электаральнай частцы пачынаецца суцэльны «адсеў».

Напрыклад, кандыдат у прэзыдэнты мусіць мець мінімальны адмоўны рэйтынг. Штука цяжка вызначальная, калі ўвогуле рэйтынг апазыцыйных палітыкаў трымаецца на ўзроўні статыстычнай памылкі. А нават і тыя тры-пяць палітыкаў, што набіраюць у апытаньнях ад аднаго да трох працэнтаў, маюць пераважна адмоўны рэйтынг. Што Пазьняк, што Шушкевіч, што хто-небудзь іншы. Вызначыць жа адмоўнасьць ці станоўчасьць рэйтынгу палітыкаў, якіх увогуле ніхто ня ведае, нерэальна.

Далей: адсутнасьць падставаў для аргумэнтаванага кампрамэтаваньня. Верагодна, такой характарыстыкай валодае толькі той, хто не займаецца актыўнай публічнай і кулюарнай палітыкай, груба кажучы, ня мажацца, або зусім ня робіць памылак. Дастаткова прыгадаць, што Анатоль Лябедзька быў адным з архітэктараў-стваральнікаў цяперашняга дыктатара, альбо паказаць кадры, як Вінцук Вячорка паліць саюзную дамову, каб гэта стала падставай для аргумэнтаванага кампрамэтаваньня і недаверу да кандыдатаў. Каб пасьля гэтага галасаваць за іх, трэба ў першым выпадку моцна любіць Лябедзьку, у другім — мець трывалую нацыянальную сьвядомасьць. А ні першым, ні другім беларускі народ сёньня не вызначаецца.

Далей — адносныя характарыстыкі — прэзэнтабэльны выгляд і камунікабэльнасьць. Яны адносныя, бо, па-першае, вобраз караля робіць ягонае атачэньне, а па-другое, разам з ранейшымі крытэрамі гэтыя таксама не выключаюць удзелу ў выбарах старых і новых лукашэнак. Зрэшты, адзін прэтэндэнт тут адсяваецца — гэта барадаты матрос Шчукін. Напэўна, яго мелі на ўвазе іміджмэйкеры Фронту, калі думалі пра непрэзэнтабэльны выгляд.

Далей. Здольнасьць уплываць на дзяржаўны апарат. Тут могуць адпачываць усе, пра каго часта пішуць апазыцыйныя газэты і хто адназначна выказваецца супраць Лукашэнкі. На апарат здольны ўплываць той, хто выйшаў з намэнклятуры — Лявонаў або Домаш. Але першы зь іх не гаворыць па-беларуску, а другі — калгасьнік. У тым сэнсе, што, адмаўляючы партработніку Лукашэнку, з чаго б гэта галасаваць за партработніка Домаша? Калі ўжо перавыбіраць, дык абавязкова — кантрасна, чалавека зь іншымі характарыстыкамі. Каб не калгасьнік, не начальнік і каб умеў па-інглішу, напрыклад. Ёсьць яшчэ Міхаіл Чыгір — «былінны багатыр», але ён свой «намэнклятурны рэсурс» страціў на апазыцыйных прэзыдэнцкіх выбарах.

І потым, хто прыдумаў, што новага прэзыдэнта мусіць падтрымаць намэнклятура? Яна, бязвольная і безініцыятыўная, будзе галасаваць, «як усе людзі».

Наступны крытэр — гэта аўтарытэт сярод розных, ня толькі культурніцкіх, элітаў. Добрае пажаданьне, якое фактычна дублюе патрабаваньне ня мець адмоўнага рэйтынгу.

Нарэшце, прымальнасьць для сталіцы і рэгіёнаў. Гэты крытэр напісаны з тайнай думкай якраз пра Домаша, бо якраз Домашу ён з усяго сьпісу мусіць спадабацца найбольш (хоць наўрад ці ў Гомелі з большай ахвотай будуць галасаваць за заходніка-гарадзенца, чым за менчука - закон псыхалёгіі). І тут нам раптам адкрываецца сапраўдны сэнс складаньня вышэйзгаданых характарыстыкаў. Апазыцыйныя лідэры ўскосна разважаюць над тым, якімі яны самі мусілі б быць, каб патрапіць у прэзыдэнцкае крэсла. У сьпісе крытэраў міжвольна адбілася і слабасьць, і боязь апазыцыі, яе імкненьне падбадзёрыць сябе і апраўдацца перад сабою. Што да рэальнага кандыдацтва, дык ім тут і ня пахне. Гэта як набыўшы штопар вы б заселі вывучаць інструкцыю да яго. Не таму, што ня ведаеце, як адкаркаваць бутэльку, а таму, што ўсяляк адцягваеце гэты момант. Прычына — у негатовасьці апазыцыі да таго, каб узяць уладу ў краіне, у глыбокай унутранай звычцы да гэтай сваёй апазыцыйнасьці, якую цяжка, а, па вялікім рахунку, і ня хочацца пераадольваць. Гэта як кінуць курыць. І трэба было б, але ж пакуль нішто не прыпёрла. Дык і няма навошта.

Беларускі народ, калі б яму далі прагаласаваць свабодна, наўрад ці будзе кіравацца нейкім сьпісам крытэраў. Як ні проста гэта гучыць, але выбіраць ён будзе душою. Пры гэтым ва ўяўленьні сваім ён будзе падстаўляць прапанаваныя яму вобразы кандыдатаў — да Лукашэнкі — і параўноўваць. Гэта і будзе галоўны крытэры выбару. Ці выйграе апанэнт у такім параўнаньні, ці за гэткага хочацца прагаласаваць болей, чым за цяперашняга. Наўрад ці ў такім «душэўным» параўнаньні выйграе нехта з вышэйназваных прэтэндэнтаў. І спадар Грушавы побач з Лукашэнкам будзе выглядаць кандыдатам няясным, непразрыстым, незразумелым. Кажуць, што яго хацела б Нямеччына. Зрэшты, і пра Лукашэнку так кажуць. Толькі ж гэтым разам схаваць свае інтрыгі немцам будзе нашмат цяжэй, бо ў недэмакратычнай краіне такія «штукі» навідавоку, калі яны робяцца ў апазыцыйным лягеры.

Што да фронтаўскага сьпісу, дык ён паказвае, што сярод дзясяткі-дваццаткі цяперашніх апазыцыйных лідэраў беларускага Каштуніцы няма. Каштуніца — у другім эшалёне, сярод тых, чые кандыдатуры шырака не абмяркоўваюцца. Самае галоўнае, што ён ёсьць і, дарэчы, найлепшым чынам адпавядае ўсім згаданым крытэрам. Пытаньне — ці здолее аб’яднаная апазыцыя яго разгледзець і вылучыць.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0