Сяргей Харэўскі

Сто перайменаваньняў за год

 

Неяк у юнацтве, начытаўшыся пра «белагаловага консула» ў Японіі Язэпа Гашкевіча, паехаў я ў Вільню, каб знайсьці ягоную магілу. З пошукам могілак някіх праблемаў ня ўзьнікла. Дарослыя віленчукі адразу скіравалі мяне на Ліпоўку, на старасьвецкія Спаса-Эўфрасіньнеўскія клады.

Я зьвярнуўся да старое кабеты, што парадкавала цьвінтар вакол царквы. Яна гэткага Гашкевіча нешта не прыгадала, але параіла паехаць у інвэнтарызацыйнае бюро віленскіх могілак. Гэта, — кажа, — на Кам’яўніма, 18. Я пасмакаваў у роце чужое слова, што па-літоўску значыць Камсамольская, і зьбянтэжыўся, засумняваўшыся, ці слушна я яго паўтараю. А старая кабета мне й кажа: ты ня бойся, спытай, дзе вуліца Завальная, і табе там падкажуць.

І сапраўды, старыя людзі, ані каліва ня дзівячыся, паказалі мне слушны адрас. Кам’яўніма сама па сабе, Завальная сама па сабе. Цяпер яна завецца Піліма.

У Максіма Лужаніна ёсьць гэткія радкі:

На зялёнай Піліме,

На Завальнай калішняй

За сяброўства пілі мы

Старасьвецкім кілішкам.

Пасьля гэтага я пачаў уважліва прыслухоўвацца да гутарак віленчукоў, пільней вывучаць старую віленскую тапаграфію. Вось п’яніцы радасна вітаюць адзін аднаго: «Як мы рады, як мы рады, што вы ўсе із Добрай Рады». Добрая Рада — гэта такая вуліца на ўскрайку, і яе ваколіцы завуцца гэтаксама. Тамака ж і наркалягічны дыспансэр. Па-літоўску гэтая вуліца завецца Гяросёс Вільцес.

З 1990-га па 91-ы амаль усе віленскія вуліцы былі пераназваныя. Радыкальна. Тады тут выдаваліся самыя розныя брашуркі, кшталтам: «Сто перайменаваньняў за год», дзе падрабязна, на ўсіх тутэйшых мовах, вытлумачвалася, дзеля чаго зробленае тое ці іншае перайменаваньне. З таго часу назвы віленскіх вуліц больш не мяняліся, за выключэньнем некалькіх.

Трэба зазначыць, што й за саветамі большасьць старых віленскіх вуліц захоўвала свае гістарычныя назвы — Субач, Бакшта, Галубовіч, Полацкая, Галяндзкая ды гэтак далей. Праз стагодзьдзі, у розным вымаўленьні, але засталіся. Найбольш дасталося з перайменаваньнямі галоўным вуліцам. Як і паўсюль у СССР, галоўны праспэкт насіў імя Леніна. Хрэстаматыйны прыклад. Былы Юраўскі (па-беларуску), ён быў то Свято-Георгіевскім, то — нядоўга — Гедыміна, пасьля Міцкевіча, пасьля Сталіна, затым Гітлера, ізноў Сталіна, Леніна і, нарэшце, ён ізноў носіць імя Гедыміна... Між іншым, яшчэ і за саветамі літоўцы панадавалі віленскім вуліцам імёны сваіх князёў. Былая Мураўёва, пасьля Пілсудзкага, адразу па вайне была перайменавана ў Міндоўга, тут у доме пад лічбаю 13 месьціцца сёньня беларускае пасольства. Былі ў Вільні ў глыбока камуністычныя часы й вуліцы Вітаўта, Кейстута, і таго ж Гедыміна. Як былі тады, гэтак і засталіся ў незалежнай Літве. У тым жа Менску як не было вуліцы Рагвалода ці Ўсяслава Чарадзея, гэтак няма й дасёньня. Таму параўноўваць не выпадае.

Хоць і ў Вільні былі свае перагібы. Гэтак Наваградзкую за саветамі звалі Партызану або Партызанскай. А колішнія вуліцы Вастрабрамскую, Вялікую й Замкавую, у тыя ж часы, злучылі ў адну — Горкага, як, дарэчы, паўсюль у Заходняй Беларусі адсюль і да Пінска. Цяпер гэтыя вуліцы ў Вільні носяць кожная сваё імя. Адно што па-літоўску Вялікая, дзе стаіць друкарня Скарыны, завецца Дыджоі. І яшчэ адну вуліцу падзялілі назвамі. Былая Танкістаў цяпер завецца часткова Беларускай, часткова Польскай. А вось за камуністамі гэткіх назваў не было. Былі Руская, Жыдоўская, Татарская, Караімская...

А вось практыка дзяліць вуліцы, трансфармуючы іхныя назвы, у Вільні сябе апраўдала. Напрыклад, была вуліца Пятраса Цьвіркі, ці не найбуйнейшага літоўскага, але наскрозь савецкага пісьменьніка ХХ стагодзьдзя. Што было рабіць? Зносіць помнік? Вырашылі помнік Цьвірку пакінуць, сквэр ягонага імя пакінуць, назву тралейбуснага прыпынку пакінуць. Затое частка вуліцы цяпер носіць імя Якуба Ясінскага, а частка завецца Паменкальнё, гэта штосьці кшталтам Гары Зьзяньня, поўны наватвор. Што да Ясінскага, дык тут адбылося вяртаньне назвы 30-х гадоў, гэта значыць, з польскага часу. Але як нармальны герой, дык і літоўцам хапіла цяму не камплексаваць ад «польскае» назвы. А тых «польскіх» назваў у Вільні пазаставалася багата. Напрыклад, вуліца Тадэвуша Касьцюшкі вось ужо хутка 80 гадоў як не мяняла назвы. Тое ж і зь імёнамі Канарскага, Манюшкі, Вівульскага, Урублеўскага, Нарбута... Усе на сваіх месцах, што за Польшчаю, што за саветамі, што за Літвою.

Больш складана зь беларускай тапаграфіяй. Беларусы былі моцна пакрыўдзіліся, калі літоўцы ў 90-м годзе ліквідавалі вуліцу імя Янкі Купалы ў цэнтры. І гэта ў Вільні! Але неяк і тут выкруціліся. Цяпер імя Купалы носіць былая вуліца Чарняхоўскага, імя Цёткі — былая вуліца палкаводца Кутузава, далі адной вуліцы імя Якуба Коласа, іншай — Францішка Скарыны, а Каліноўскага ўжо й не чапалі. Засталіся ў Вільні й вуліцы Слуцкая, Віцебская, Беластоцкая, Менская ды яшчэ з тузін беларускіх назваў.

Ну, нібы ўсё ў парадку. Аднак я ня ўпэўнены, што Малая Пагулянка мусіць насіць імя Кастуся Каліноўскага. Па-першае, канкрэтная вуліца нічога канкрэтнага да Каліноўскага ня мае. А вось Пагулянкі ў Вільні сёньня няма. У таго ж Лужаніна ёсьць гэткі сэнтымэнтальны матыў:

А калi ад сяброў —

Зачарованы восеньскiм ранкам —

Я цiшком адышоў

I падаўся на ўсход Пагулянкай —

Там у шэрай жакетцы такая красуня стаяла,

Што нiколi

На гэтым

На белым

На сьвеце

Зямля не трымала.

А днямі старую вуліцу Праскокі, дзе пабудаваў цэлы квартал дамоў слынны беларускі архітэктар Леў Вітан-Дубейкаўскі, перайменавалі ў гонар Мсьціслава Дабужынскага. На вуліцы тры дамы, і яна сама шырынёю ў пару мэтраў. Праскокі натуральныя. А як для Дабужынскага, клясыка нашага мастацтва, дык і несалідна.

Але збольшага ў Вільні зроблена ўсё слушна. Як зь літоўскага гледзішча. Вернутыя ўсе гістарычныя назвы, што былі да расейскае акупацыі ў ХVIII ст. Навейшым кварталам і вуліцам вернутыя назвы, што бытавалі ў размоўнай традыцыі да савецкага часу. Пакінутыя ўдалыя назвы, што прыклеіліся за савецкім часам. Напрыклад, вуліца Шаўчэнкі, што за царом называлі Бухарскай. Ці вуліца Архітэктараў. Ці вуліца Міру, па-літоўску Тайкос. Ну што ў іх кепскага?

Цяпер у Вільні выдаецца энцыкляпэдыя тутэйшых вуліцаў. У адным томе — расповед пра тры-чатыры вуліцы, у наступным пра пяць. І гэтак крок за крокам. Вядома, я не магу без усьмешкі глядзець на рэпрадукцыі старых плянаў, мапаў, красьлюнкаў ад цара Гароха, дзе ўсе назвы па-лаціне, па-польску, па-беларуску ахайна зарэтушаваныя й перапісаныя ў той самай старасьвецкай стылістыцы па-літоўску. Напрыклад, як у факсымільным выданьні кнігі Адама Кіркора «Вільня». І там усё на літоўскі манер перакручана. Але, іранізуючы зь літоўцаў, разумею таксама, што беларусы пра такое нават пакуль і ня думалі. Выдаць Кіркора па-беларуску. Хоць сёньня мо й праўда не да пацераў...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0