БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

М.Крывальцэвіч. Археалягічныя адкрыцьці сьвету. – Менск: Athenaeum, 2000. – 124 с. + XVI с.: іл. – (Athenaeum: Commentarii Historiae et Culturae, № 1 (2), Калекцыя “Панарама”, т. 1). – Наклад 500 ас. ISBN 985-6374-11-1

У кнігу ўвайшлі нарысы Міколы Крывальцэвіча пра найбольш значныя ў сьвеце археалягічныя адкрыцьці, што ў свой час друкаваліся на балонах “Нашае Нівы”. Гэтаю кнігай Алег Дзярновіч працягвае выданьне альманаху “Athenaeum”. Цана кнігі – 2000 руб.: багата ілюстрацый, каляровая вокладка й добрая папера.

Я.Янішчыц. Выбранае / Укладаньне А.Канапелькі й В.Коўтун; Прадмова З.Бугаёва. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 351 с., (4) арк.: іл. – Наклад 2250 ас. ISBN 985-02-0426-5

У кнігу Яўгеніі Янішчыц увайшлі амаль усе ейныя творы, сярод іх і тыя, што не друкаваліся ў прыжыцьцёвых зборніках. Шырокае кола чытачоў упершыню мае магчымасьць пазнаёміцца зь няскончанаю паэмай “Галалёд” і апавяданьнямі аўтаркі.

В.Дубінка. Выцінанкі: Альбом. – Менск, 1999. – Наклад 500 ас.

Беларусы могуць пахваліцца тым, што робяць найлепшыя ў сьвеце выцінанкі – выразаныя з паперы ўзоры й малюнкі. Але, бадай, найлепей з усіх беларусаў “выцінае” Вячаслаў Дубінка, чые працы склалі гэты альбом. Набыць можна на кніжнай выставе ў менскай сядзібе ТБМ.

А.Марціновіч. Залатавуст з Турава: Нарыс: Для малодшага школьнага веку / Мастак А.Кашаноўскі.—Менск: Юнацтва, 2000. – 127 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0347-5

Кніжка пра Кірылу Тураўскага, царкоўнага дзеяча ХІІ ст., і Тураўшчыну. Алесь Марціновіч распавядае дзецям пра станаўленьне хрысьціянства на Палесьсі, гістарычны лёс гэтае часткі Беларусі. Пэўная ўвага аддаецца цяпершчыне рэгіёну. Кніга багатая на малюнкі. Цана — усяго 720 руб.

У.Котаў ды інш. Мэтады альгарытмізацыі: Навучальны дапаможнік для 9 клясы агульнаадукацыйнае школы з паглыбленым вывучэньнем інфарматыкі зь беларускаю моваю навучаньня / У.Котаў, І.Волкаў, А.Лапо; Пераклад з расейскае Н.Ляўчук. – Менск: Народная асьвета, 1999. – 160 с., іл. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-03-0974-1

Гэты падручнік, перакладзены з расейскае мовы, добра паказвае занядбанасьць нашае навуковае тэрміналёгіі. Дзяцей у школах вучаць русіфікаванай мовы, а ў бібліятэках марнеюць нікому не патрэбныя слоўнікі, дзе добра распрацаваны матэматычныя тэрміны.

М.Чырык. Па дарозе на кірмаш: Паэзія / Прадмова В.Макарэвіча. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 95 с. – Наклад 700 ас. ISBN 985-02-0134-7

Мікола Чырык, заслужаны артыст РБ, вядомы слухачом Беларускага радыё як дыктар, піша таксама вершы. Цана зборнічка – 975 руб.

Родны край: Адрыўны каляндар на 2001 год / Рэдактары-складальнікі В.Балвановіч і В.Кудзіна; Мастак В.Аніськова. – Менск: Беларусь, 2000. – Наклад 60000 ас.

Ужо цяпер можна набыць усяго за 275 руб. адзіны беларускі адрыўны каляндар на наступны год. Гэтым разам каляндар на першы год ІІІ тысячагодзьдзя выйшаў рэкордным накладам, а каштуе на 76 руб. даражэй за выпуск 2000 году.

В.Якавенка. Сказ о белорусах; Дыялёг / Л.Эміліт. Крыжы й крылы: Вершы. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 56 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6318-83-1

Аўтары, што выступаюць на старонках кнігі, выказваюць — адзін праз публіцыстычныя нататкі, другі ў вершаванай форме — сваю заклапочанасьць лёсам Беларусі: ейнае дзяржаўнасьці, мовы й культуры.

Я.Купала. Явар і каліна: Паэзія каханьня: Для дзяцей сярэдняга й старэйшага школьнага веку / Укладаньне, пасьляслоўе С.Панізьніка; Мастак У.Масьцераў. – Менск: Юнацтва, 2000. – 219 с.; (8) арк. іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0361-0

Лірыка каханьня Я.Купалы – у адмысловым зборнічку для школьнікаў. Цана — 700 руб.

А.Сардаров. Книга о дорогах: Дороги в человеческой цивилизации и культуре. — Менск: Арт-дызайн, 2000. — 192 с., іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-6589-01-0

Упершыню ў кнізе дарогі разглядаюцца як фэномэн духоўнае культуры чалавецтва. Пад аднэю вокладкаю сабраны ўнікальныя матар’ялы й творы літаратуры ды мастацтва шматлікіх народаў, прысьвечаныя дарогам. Хоць кніга выйшла ў Менску, беларускім дарогам у ёй прысьвечана ўсяго некалькі слоў, затое вылучаны асобны разьдзел пра дарогі Расеі. Кніга багата ілюстравана каляровымі фатаздымкамі, каштуе 4500 руб.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Гарадзенскія жыды ў выданьнях

За апошні час у Горадні зьявіліся дзьве невялікія кніжкі, прысьвечаныя жыцьцю гарадзенскіх габрэяў.

Адна зь іх, на расейскай мове — “Евреи Гродно” — адкрываецца працаю супрацоўніка музэю гісторыі рэлігіі Сяргея Піваварчыка. Праца распавядае пра наданьне князем Вітаўтам граматы гарадзенскай жыдоўскай абшчыне і пра драматычныя падзеі красавіка 1495 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандар заблытаўся ў сваіх пазыках і, жадаючы пазбавіцца ад жыдоў-крэдытораў, загадаў: «Жидову с земли нашое выбити». Паводле гэтага загаду былі выгнаныя ўсе жыды Вялікага Княства, а іхная маёмасьць часткова перайшла да вялікага князя, а часткова была аддадзена манастырам, установам, духовым і сьвецкім асобам. Прадстаўнікі Гарадзенскае абшчыны ў гэты момант зьяжджаюць у Польшчу. Але гэтае выгнаньне было нядоўгім. Стаўшы польскім каралём, Аляксандар быў зацікаўлены ў разьвіцьці гарадоў, і таму ўжо ў сакавіку 1503 г. дазволіў вярнуцца гарадзенскім жыдам, а праз год — усім астатнім жыдам Вялікага Княства. І ранейшая маёмасьць была вернутая ранейшым валадарам.

У кнізе таксама зьмешчаны аповед Вольгі Сабалеўскай пра гісторыю жыцьця абшчыны ў Расейскай Імпэрыі і артыкул пра жыдоўскага паэта Лява Найдуса, чыё імя ў горадзе носіць невялічкая вулічка і які сваё дзяцінства правёў недалёка ад Горадні, у маёнтку Кусьцін.

Аўтар сусьветна вядомае мовы эспэранта Лазар Замэнгоф у свой час таксама быў жыхаром старажытнае Горадні. Пра яго распавядае Фёдар Ігнатовіч.

Асобнаю кнігаю ў грамадзкім аб’яднаньні «Ратуша» выйшла брашура Вольгі Сабалеўскай «Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў». Кніга распавядае пра лад жыцьця гарадзенскіх яўрэяў у канцы ХVIII — пачатку XX ст.

Гэтыя кнігі можна замовіць у грамадзкім аб’яднаньні «Ратуша» (0152) 44-20-90.

Андрэй Мялешка


Усходнія добраахвотнікі

С.Дробязко. Вторая мировая война 1939–1945 гг.: Восточные добровольцы в вермахте, полиции и СС.—Москва: ТАА “Издательство АСТ”, 2000. – 48 с., 8 каляр. іл. – (Военно-историческая серия “Солдатъ”). – Наклад 7000 ас. ISBN 5-17-000068-5

 

У 1941-1944 г. землі Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі і Ўкраіны знаходзіліся ў складзе акупаваных абшараў, падпарадкаваных Міністэрству ўсходніх тэрыторый на чале з А.Розэнбэргам. З восені 1941 г. на гэтых тэрыторыях пачынае ўзьнікаць партызанскі рух, які актывізуецца ў 1942 г. Нямецкае кіраўніцтва, як вайсковае, так і цывільнае, шукала найбольш эфэктыўных сродкаў барацьбы зь ім. Самым простым для Бэрліна падавалася правядзеньне карных акцый, але гэта патрабавала значных вайсковых і матар’яльных высілкаў. Найперш не хапала людзкіх рэсурсаў, таму нямецкае камандаваньне стала прыцягваць дзеля гэтага “добраахвотніцкія” фармаваньні: казацкія, ост-мусульманскія, расейскія фармацыі. Што тычыцца расейскіх і “ост-мусульманскіх” фармацый, дык значную іх частку складалі савецкія салдаты, якія патрапілі ў палон у 1941—1942 гг., так што казаць пра іхны добраахвотніцкі характар не выпадае: у салдата быў выбар — ці галодная сьмерць, ці служба акупанту. На нямецкім баку змагалася каля 800 тыс. былых савецкіх грамадзянаў, найперш у ахоўных батальёнах, падразьдзяленьнях СС, мясцовай дапаможнай паліцыі ды іншых збройных фармаваньнях.

У кнізе “Восточные добровольцы в вермахте, полиции и СС” даецца надзвычай папулярны выклад гісторыі ўсходніх “добраахвотніцкіх” фармаваньняў на нямецкай службе. Яна прызначана аматарам гісторыі, школьнікам і ўсім цікаўным. Мастак і аўтар аднавілі абмундзіраваньне паліцыянтаў і мясцовых жаўнераў нямецкага войска – ад эстонскіх да ўкраінскіх. Апісваюцца дэталі вопраткі, клясыфікуюцца знакі адрозьненьня: пагоны, шэўроны, цэшкі ды інш. Вартасьць рэканструкцый у тым, што яны падаюцца комплексам – разам эстонскія, латыскія, літоўскія, беларускія і ўкраінскія. Адно што ў кнізе зроблена памылка ў дачыненьні да нарукаўнае нашыўкі Саюзу Беларускае Моладзі, дзе колеры беларускага нацыянальнага сьцягу, на фоне якога разьмешчана эмблема СБМ, падаюцца ў пасьлядоўнасьці: чырвоны-белы-чырвоны. А вось нарукаўная нашыўка й шчыток на шаломе унтэршарфюрэра 13-га беларускага батальёну СС намаляваны бела-чырвона-белымі. Побач з рэканструкцыяй вопраткі беларускага эсэсаўца выяўлены ў вайсковых строях віцэ-капрал беларускае дапаможнае паліцыі й начальнік Галоўнае ўправы Беларускае Краёвае Абароны капітан Францішак Кушаль.

Для напісаньня гэтае кнігі выкарыстаны ўспаміны Ф.Кушаля пра стварэньне беларускага войска пад нямецкай акупацыяй. Сярод крыніц, згаданых пры канцы кнігі, паводле колькасьці пасьля расейскіх і ангельскіх стаяць беларускія. Гэта кнігі, выдадзеныя ў Менску Архівам найноўшай гісторыі, “Беларускім гістарычным аглядам”, а таксама — кніга Юр’я Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, зборнік дакумэнтаў “Другі Ўсебеларускі кангрэс”, выдадзены Беларускаю Цэнтральнаю Радаю пад рэдакцыяй Радаслава Астроўскага ў 1954 г. У кнізе багата выяў жаўнераў, у тым ліку беларускіх.

Характэрна, што падобная публікацыя пра вайну выйшла ў Маскве, бо наўрад ці яна магла бесьперашкодна быць апублікаваная ў Менску, прычым і з-за цэнзурных праблемаў таксама.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0