АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

Новы страйк прадпрымальнiкаў

Сёньня ў Беларусi 146 тысяч прыватных прадпрымальнiкаў. Заўтра замест iх могуць зьявiцца 146 тыс. беспрацоўных.

 

З 1 кастрычнiка гэтага году пачалi дзейнiчаць новыя мытныя правiлы, паводле якiх прадпрымальнiкi павiнны плацiць вялiкi падатак за ўвоз у Беларусь з тэрыторыi Расеi тавараў, вырабленых у трэцiх краiнах. Каб пазьбегнуць штрафу, кожны прадпрымальнiк павiнен мець каля 12 дакумэнтаў. Але большасьць гандляроў бяруць у Расеi малыя партыi тавараў, а то і ўвогуле адзінкавыя асобнiкi. Патрэбных папераў iм проста не даюць – занадта дробныя клiенты. Кантралёры атрымалi загад пачаць з 1 лiстапада праверкi на рынках, каб апiсваць маёмасьць прадпрымальнiкаў ды перадаваць сьпiсы мытнiкам, якiя будуць спаганяць грошы. Большасьць дробных гандляроў патрэбных папераў ня мае, i таму атрымлiваецца, што з усiх сваіх тавараў яны павiнны плацiць мыта. У мiнулую суботу была вялiкая аблава на рынку ў Ждановiчах, у нядзелю “трэсьлi” рынак “Дынама”. Але пакуль сталiчныя прадпрымальнiкi трываюць гэты зьдзек, iхныя калегi з рэгiёнаў пачалi змагацца за сваё права спакойна зарабляць грошы. Рэчавыя рынкi Полацку й Наваполацку спусьцелi, стаяць, як паведамляе газэта “Народны прадпрымальнік”, Верхнядзьвiнск, Глыбокае, Докшыцы, Мёры, часткова Браслаў ды Паставы. Акцыю распачаў Незалежны прафсаюз прыватных прадпрымальнiкаў Полацку i Наваполацку. Лiсты ўва ўладныя структуры нiчога не далi. Апошняе паседжаньне ў Радзе мiнiстраў, на якiм разглядалi праблему абкладаньня прадпрымальнiкаў падаткамi, увогуле вялося без пратаколу. Перамовы зараз прыпыненыя, бо ўсе прапановы накiраваныя ў адмiнiстрацыю Лукашэнкi, дзе 11 лiстапада адбудзецца адмысловая нарада “па разьвiцьці прадпрымальнiцтва”. Праўда, нiводнага прыватнага прадпрымальнiка на той нарадзе ня будзе, адно акулы беларускага бiзнэсу.

Прадпрымальнiкi пастанавiлi не працаваць цэлы месяц. На 20 лiстапада плянуюць усебеларускую аднадзённую акцыю нявыплаты падаткаў. Калi ўлада i тады ня спынiць ператрусаў, абдзiралаўкі ды штрафаў, дык у сьнежнi цi студзенi прадпрымальнiкi пачнуць паўнамаштабны страйк.

Алесь Кудрыцкi


рэха падзеяў

Паўлюк Быкоўскі

Выбары, якім не пашэнціла

 

Кастрычніцкім выбарам не пашэнціла. Адпачатку ў грамадзтве існавала разуменьне, што выбары ў Палату прадстаўнікоў — толькі падрыхтоўка да прызначаных на 2001 г. прэзыдэнцкіх выбараў. Грамадзтва ведала, што абвешчана адна гульня, а адбываецца іншая.

АБСЭ і іншыя міжнародныя пасярэднікі прыклалі значныя намаганьні, каб стварыць умовы дзеля вырашэньня народжаных у лістападзе 1996 г. канстытуцыйных супярэчнасьцяў у Беларусі. У якасьці кампраміснага варыянту яны прапанавалі правесьці вольныя, дэмакратычныя і адкрытыя парлямэнцкія выбары з удзелам абодвух бакоў канфлікту. Меркавалася, што парлямэнт у выніку будзе прызнаны абодвума бакамі і з дапамогай гэтага органа льга будзе паступова вырашыць праблему.

Кіроўны рэжым успрыняў дзеяньні міжнародных пасярэднікаў як умяшальніцтва ўва ўнутраныя справы Беларусі і амаль адкрыта сабатаваў ажыцьцяўленьне прапанаванага варыянта. У сваю чаргу апанэнты Аляксандра Лукашэнкі выставілі чатыры умовы свайго ўдзелу ў выбарах. Гэтыя патрабаваньні, хоць і падтрыманыя АБСЭ, a priori не маглі быць выкананыя кіроўным рэжымам, паколькі сярод іх было патрабаваньне пашырыць парлямэнцкія паўнамоцтвы.

У выніку гэтым парлямэнцкім выбарам не пашэнціла. Яны пазбавіліся ня толькі прыдуманага ім эўрапейскімі структурамі звышсэнсу (вырашэньне канстытуцыйных супярэчнасьцяў), але й нармальнага сэнсу парлямэнцкіх выбараў, калі прадстаўнікі розных палітычных сілаў змагаюцца за права фармаваць дзяржаўную палітыку ці хаця б уплываць на яе. З 97 абраных дэпутатаў толькі 16 уваходзяць у партыі, прычым у асноўным прадстаўляюць неіснуючыя палітычныя сілы (de jure — партыя, а de facto – прыстасаваньне, каб прасьцей абраць таго ці іншага прадпрымальніка).

Цяпер да высноваў.

Ведаючы пра выкарыстаны ўладамі адміністрацыйны рэсурс, немагчыма расцэньваць выбары як сьведчаньне шырокай падтрымкі насельніцтвам абранага кіроўным рэжымам курсу — наадварот, гэткае сьцьверджаньне трэба паставіць пад пэўны сумнеў.

Ведаючы пра неразборлівасьць у сродках большасьці абраных на гэтых выбарах дэпутатаў, няцяжка ўявіць, каму будуць карысныя законы, якія яны прымуць, і для каго там будуць пакінутыя пралазы.

Ведаючы пра неабходнасьць пераходу абранага дэпутата ў трохмесячны тэрмін да працы ў парлямэнце на прафэсійнай аснове, застаецца шкадаваць, што папулярныя пэдагогі, дактары і супрацоўнікі праваахоўных органаў адмовяцца ад працы па асноўнай спэцыяльнасьці — яны вырашылі перакваліфікавацца ў палітыкаў і з дапамогай уладаў зрабілі гэта.


БТ вачыма беларуса

БТ пасьля рэвалюцыі

З 8 лістапада ў чарговы раз абновіцца выгляд першага й адзінага беларускага тэлеканалу. З новых праграмаў павагу авансам выклікае толькі “Вечаровы экспрэс”, музычна-інфармацыйна-забаўляльны праект каманды зачыненага “Абібока” з удзелам ды-джэя “Радыё Рокс” Тацяны Сулімавай ды Лявона Вольскага. Культурныя навіны мае асьвятляць праграма “Плянэта Арт”. “Сустрэчы ў Траецкім” будуць прадстаўляць “людзей мастацтва й культуры”. “Будні” ды “Адысэя каманды Кухто” выходзіць будуць. Застаюцца і дагэтуляшнія каралеўскія паляваньні, зорныя ростані ды тайныя спружыны палітыкі. Хіба што ў першы ж тыдзень абяцаюць ажно тры добрыя фільмы – чэскі “Коля”, гішпанскі “Небясьпека каханьня” ды югаслаўскі “Чорная котка, белы кот”. І ўсё па-расейску…

Нашыя праграмы пачынаюць весьці расейскія вядучыя (акторка Якаўлева ў праграме “Вялікі сьняданак”). Нацыянальны канал застаецца глыбока “рэспубліканскім”.

Арцём Лук’яновіч


спорт

Пэнальці зь серабрыста-бронзавым адлівам

За срэбра нацыянальнага футбольнага чэмпіянату да самага канца ішла барацьба паміж менскімі дынамаўцамі ды леташнімі чэмпіёнамі з барысаўскага БАТЭ. За чатыры туры да фінішу менчукі апярэджвалі гульцоў зь берагоў Бярэзіны аж на 6 ачкоў. Але ў асабістым паядынку ў Барысаве гаспадары адкалашмацілі гасьцей - 3:1, удвая скараціўшы сваё адставаньне. Дружына Юр’я Пунтуса, які ўжо прывучыў нас да перамогаў моладзевай зборнай, адчула пах бела-блакітнай крыві колішняга флагмана. Па-сапраўднаму пусьціць гэтую кроў мог у наступным, 28-ым туры віцебскі «Лякаматыў», аднак неверагодным чынам «Дынама» ўратавалася на апошніх хвілінах, вырваўшы на сваім полі нічыю 2:2. А БАТЭ, ведама ж, выйграў, але ад саліднай перавагі хлопцаў Паўла Раднёнка засталося ўсяго толькі адно ачко…

Перадапошні тур зьвёў «Дынама» ды БАТЭ з аўтсайдэрамі — слонімскім «Камунальнікам» ды магілёўскім «Тарпэда-Кадзіна». Барысаўцы дома без асаблівых праблемаў забіваюць 4 «сухія» галы ў браму бедных гасьцей, а вось «Дынама» ў Слоніме ледзь перамагае «камунальнікаў», дзякуючы адзінаму ў гульні голу з пэнальці

4 лістапада. Апошні тур. Лёс срэбра вырашаецца ў Менску. На «Дынама» гаспадары прымаюць чэмпіёнаў з Мазыра, якія проста кроў з носу хочуць узяць рэванш за хатнюю паразу ў першым коле першынства. Барысаўцы на «Тарпэда» змагаюцца супроць «мазаўцаў». Пасьля першага тайму на «Дынама» — 0:0, і тут на галоўную арэну краіны прыходзіць навіна, што БАТЭ на апошніх хвілінах першага тайму з пэнальці забіў гол ды вядзе ў ліку 1:0. Стала ясна — госьці тарпэдаўцаў наўрад ці аддадуць вікторыю (так урэшце і сталася), а «дынамаўцам» трэба абавязкова перамагаць. Аднак «Славія» мела свае пляны — двойчы прайграўшы менчукам з «Дынама», можна было б паставіць пад сумнеў справядлівасьць свайго чэмпіёнскага тытулу. Таму «Славія» настойліва шукала посьпеху ля брамы Юр’я Афанасенкі. І нарэшце дамаглася свайго. Зрэшты, ці былі рэальныя падставы для прызначэньня пэнальці, ці не, сказаць цяжка, але сп.Дайлід з выцягнутай рукой ды распаленым сьвістком у роце кінуўся ў бок адзінаццацімэтровай адзнакі. Праўда, адразу ж бразнуўся вобземлю, чым крыху падсаладзіў горыч некалькіх тысяч прыхільнікаў менскай каманды. Раман Васілюк ударам з кропкі паставіў на срэбных надзеях «Дынама» вялікі ды тлусты пытальнік. Падумалася, што менчукі зараз «папруць» ды адыграюцца, але, на дзіва, гэтага ня здарылася. Па сутнасьці, толькі пад канец гульні мяч мог-такі завітаць у мазырскую браму, аднак замест гэтага пацалаваўся са штангай. А вось футбалісты з Палесься яшчэ як мінімум двойчы маглі страсянуць сетку за сьпінай Афанасенкі. Але лічбы на старым дынамаўскім табло засталіся нязьменнымі — 0:1 — рэванш гасьцей, другое месца БАТЭ ды бронзавы фініш менскага «Дынама».

У наступным сэзоне у вышэйшым дывізіёне замест 16 будуць гуляць 14 камандаў. З эліты вылецелі «Ліда», слонімскі «Камунальнік» ды магілёўскае «Тарпэда». Адзіны квіток наверх атрымала каманда Людаса Румбуціса - ФК «Маладэчна».

Багдан Арлоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0