Кнігі і дыскі па выходных

Беларуская прадукцыя на буйных кніжных кірмашах Менску

Сёньня набыцьцё беларускай кніжкі ператварылася з падзеі будзённага характару ў дзею культурніцкую, ледзь не палітычную. Ня кожная кнігарня задаволіць патрабавальнага чытача. “Засьмелыя” і “палітычна ненадзейныя” кнігі ў дзяржаўных крамах проста не прадаюцца. Да таго ж цэны на беларускія кніжкі ў дзяржаўных, асабліва буйных крамах проста палохаюць.

 

Кірмашы-гуртоўні

Альтэрнатываю можа быць паход у “Букініст” ці на кніжны кірмаш.

Большасьць кніжных кірмашоў працуе на выходных, у досыць нязручны час. Той найбуйнейшы, гуртова-раздробны, што праходзіць у спорткомплексе на вул.Даўмана, адчыняецца ў 0.00 у суботу і працуе да 12 гадзін раніцы, прычым пад дзень актыўнасьць там заўважна спадае. Кірмаш у выставачнай залі былой ВДНГ працуе з 8 да 12 гадзін раніцы ў суботу. І з 8 да 12 раніцы ў нядзелю адбываецца выстава ў ДК Трактарнага заводу.

Нягледзячы на нязручны на першы погляд час, усім згаданым кірмашам не бракуе ні прадаўцоў, ні наведнікаў — агромністыя павільёны дарэшты забітыя прагнымі да чытва людзьмі. Аднак тое, што прапануецца на ўсіх гэтых выставах, наўрад ці зацікавіць чытача, якому патрэбныя беларускія кніжкі, бо там іх няшмат. Большасьць кніг на менскіх кірмашах прывезеная з Масквы. Беларускія выдавецтвы, нават з кнігамі на расейскай мове, прадстаўленыя толькі зрэдку. Адзіным значным плюсам “выходных кірмашоў” застаюцца нашмат меншыя кошты, чым ў крамах (часам больш як удвая), а таксама крыху шырэйшы выбар усё тых жа расейскамоўных выданьняў, у тым ліку і добрай літаратуры, у параўнаньні зь дзяржаўнымі крамамі.

Як сьведчаць прадаўцы, найбольшым попытам сярод нашых пакупнікоў карыстаецца гэтак званая “інтэлектуальная” літаратура. Надзіва шмат набываюць Мілана Кундэру, Хуліё Картасара, Міларада Павіча, Маркеса, Борхеса, Кастанэду, з расейцаў — Пялевіна, Даўлатава ды Бродзкага. Трохі па сусьветнай модзе пачатку 90-х, як бачым.

Вельмі шырока на кірмашах прадстаўлена навучальная літаратура — ад падручнікаў для шкаляроў да спэцыялізаванай літаратуры па мэдыцыне, псыхалёгіі і гэтак далей — тут могуць знайсьці каштоўны набытак нават прафэсары, ня кажучы ўжо аб студэнтах і заклапочаных навучаньнем дзяцей бацьках, чаму гэтыя кніжкі і займаюць другое месца паводле ліку продажаў.

Трэцім “сэгмэнтам кірмашоў” можна лічыць “жоўтую” літаратуру, якую ў нашым выпадку наўрад ці можна назваць папулярнай — ці то патэнцыйныя пакупнікі такою парой яшчэ сьпяць, ці то ня маюць патрэбы спэцыяльна ездзіць па гэткае чытво на нейкія там кірмашы.

Такім чынам, кніжныя кірмашы найбольш сталіся цэнтрамі продажу сусьветнае літаратурнае клясыкі на расейскай мове.

Аднак калі вы заўзяты аматар наведваць такога кшталту мясьціны, то вам можа вельмі пашанцаваць — я, напрыклад, на Даўмана выпадкова натрапіў на “Беларусаў” Яўхіма Карскага, рарытэтнае двухтомнае выданьне пачатку 60-х гадоў. Тамсама прадавалася некалькі расейска-беларускіх слоўнікаў, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, “Беларуска-расійскі слоўнік” Байкова й Некрашэвіча і яшчэ сёе-тое. Са словаў прадаўца, продажам беларускіх выданьняў на кірмашах спэцыяльна ужо гады два як ніхто не займаецца, аднак раз-пораз можна натрапіць на яшчэ больш рарытэтныя, часам неацэнныя выданьні.

 

Штодзённыя выставы

Для тых, каму не выпадае шукаць кнігі ў выходныя, ёсьць два месцы, якія працуюць штодзённа, акрамя суботы й нядзелі — гэта невялікая крамка ў Палацы мастацтваў і кніжны кірмаш у канцэртнай залі “Менск” (уваход ззаду). У першым месцы найбольш поўна прадстаўленыя выданьні той жа інтэлектуальнай літаратуры, а таксама шмат кніг па нетрадыцыйнай псыхалёгіі (але ўсё безнадзейна расейскае). Кірмаш у КЗ “Менск” нічым асаблівым не вылучаецца, бо там прадаюцца тыя ж кнігі, што й на іншых кірмашах у выходныя. Аднак там часам бываюць старыя выданьні беларускіх кніжак, цікавыя для сур’ёзнага чытача, а таксама нешта папулярнае сучаснае, кшталту часопіса “Arche”.

Узьнікае натуральнае пытаньне: чаму беларускія выдавецтвы не прадаюць сваіх кніг на ўсіх гэтых кірмашах, якія карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасьцю і вядомыя вялікімі продажамі практычна любога прапанаванага выданьня? Калі зь дзяржаўнымі выдавецтвамі ўсё зразумела — яны ад даходаў з продажу ніяк не залежаць і іх задавальняе гарантаванае ляжаньне беларускамоўных выданьняў у непаваротлівай “Белкнізе” і аблкнігагандлях, дык што ж незалежныя?

Сп.Міхноўскі зь “Беларускага кнігазбору” кажа, што іх таксама цалкам задавальняе продаж празь “Белкнігу”, бо выданьні “Кнігазбору” й так добра прадаюцца, і наклад любой кніжкі цалкам разыходзіцца найпазьней праз год. Па-другое, у выдавецтва няма ліцэнзіі на самастойны продаж сваіх кніжак, таму, улічваючы ня самыя вялікія тыражы “Беларускага кнігазбору”, можна зразумець, чаму яны ня маюць патрэбы ў альтэрнатыўным продажы кніг. А на вялікія тыражы, зразумела, патрэбна шмат грошай. Хоць выданьні “Кнігазбору”, мабыць, разыходзіліся б і вялікімі накладамі.

Выдавецтва “Тэхналёгія” таксама на кірмашы ня рвецца, бо мае добрую ўласную краму “ў цэнтры” — у будынку Акадэміі мастацтваў.

Праблема адсутнасьці беларускіх кніжак на кніжных кірмашах — гэта хутчэй праблема чытачоў, якія звычайна ходзяць па кніжкі ў малавядомыя, напаўпадпольныя пункты збыту кніжак незалежных або нелегальных выдавецтваў, якія цікаўныя й сталыя чытачы якраз добра ведаюць. Гэта яшчэ і праблема нашых белмоўных прыватных выдавецтваў, якія ня маюць ні фінансавай, ні фізычнай магчымасьці выдаваць свае кнігі вялікімі тыражамі безь дзяржаўнай падтрымкі. Праблема не культурніцкая, а хутчэй палітычная, якая ня мае простага вырашэньня.

 

Клюб філяфаністаў

Штосуботы з 12 да 15 гадзіны ў ДК трактарнага заводу працуе “Клюб філяфаністаў” — месца абмену й продажу кампакт-дыскаў. За савецкім часам “філяфаністаў”, якія тады абменьваліся вінілавымі кружэлкамі, ганялі, забаранялі, дый зараз яны ледзь не штогод мусяць пераяжджаць зь месца на месца. “Раней, — наракае музычны крытык Вітаўт Мартыненка, — гэта быў сапраўды клюб, дзе можна было даведацца пра навінкі, пагутарыць з аднадумцамі, а зараз ён ператварыўся ў звычайны кірмаш”.

Сярод іншых месцаў продажу клюб вылучаецца зь некалькіх істотных прычынаў. Па-першае, дыскі тут вельмі танныя — ад тысячы рублёў да дзьвюх з паловай, нават фірмовыя дыскі можна набыць нашмат таньней, чым у крамах. Па-другое, тут шырока практыкуецца абмен дыскамі, і гэта вельмі зручна тым, хто хоча займець нешта цікавае замест таго, што не падабаецца або ёсьць не ў адным асобніку. Так, напрыклад, сп.Мартыненка прыгадвае, як ён мяняў дыск Забэйды-Суміцкага на “найлепшы альбом Пола Маккартні “Band of the Ram”. “Вольныя танцы” вельмі лёгка мяняюцца на The Band, а Rolling Stones – на “Ліцьвіны”, — кажа сп.Мартыненка.

Па-трэцяе, тут можна знайсьці тыя дыскі, якіх няма ў ніводным іншым месцы Менску дый усяе Беларусі — гэта клясычны рок і джаз, у тым ліку й такія рарытэты, як польскія, вугорскія й сэрбскія выканаўцы. У той жа час модная папса, што прадаецца цяпер у большасьці музычных крамаў, у клюбе зусім ня цэніцца.

Паводле меркаваньня сп.Мартыненкі, “Клюб філяфаністаў” зараз “адно з найбольш папулярных месцаў продажу беларускіх кампакт-дыскаў”. Сапраўды, акрамя “Вольных танцаў”, “Ліцьвіноў” і Забэйды-Суміцкага, тут можна пабачыць апошнія альбомы NRM, “Сьвяты вечар”, “Новае неба”, “Крыві”, зрэдку можна натрапіць на “Народны альбом” і “Песьнярок”. А ў бліжэйшай будучыні БМА, магчыма, пачне прадаваць свае дыскі ў клюбе больш цэнтралізавана.

Пра тое, што ў клюбе збольшага прадаюцца “пірацкія” дыскі, сп.Мартыненка кажа: “Дзяржава фактычна сама падтрымлівае пірацтва, даючы людзям такія заробкі, якія дае, і такім чынам правакуе іх на крадзеж”.

Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0