Канавальная ноч

Рэцэнзія з цытатамі

Зьбіраючыся ў які ўжо раз у дом культуры тонкасуконнага камбінату на менскай вуліцы Матусевіча, гэткі Бангалор пад дахам, я чакаў тонкіх, а не суконных жартаў. Бо на вясёлае сьвяткаваньне першае пяцігодкі Аб’яднанае Грамадзянскае Партыі быў запрошаны з Масквы Віктар Шэндзеровіч, аўтар тэлепраграмаў НТВ “Куклы” ды “Ітого”.

На жаль, мае чаканьні ня спраўдзіліся. Яшчэ да Шэндзеровіча былі спробы павесяліць публіку, што перапоўніла залю ДК “Сукно”. Са сцэны на матыў “Гаўдэамус” хорам сьпявалі “Віват профі Сорас”, выдзяляючы апошняе слова. Потым пад гітару сьпяваў бард Зьміцер Бартосік, які шмат разоў падчас вечарыны ўзгадваў пра “НН”: “…Няма сярод іх “Нашай Нівы”, безь якой я зусім бы прыкіс… і на шыі тваёй далікатнай шалік той я як сьлед зацягну”.

Улічваючы сымболь АГП (чырвоны конь на белым полі), я б назваў сьвяткаваньне партыйнае пяцігодкі “Канавальнаю ноччу”. А таму вялікі дзякуй Ірыне Сакаловай, рэдактарцы газэты “Феміда”, за знойдзенага ёю цацачнага каня чырвонага колеру, што быў падараваны лідэру партыі Анатолю Лябедзьку.

Шоў у палацы “Сукно” нагадвала мне кінатэатар паўторнага фільму. Лідэр партыі Лебядзька з прэтэнзіяй на арыгінальнасьць распавёў, што галоўным лёзунгам АГП у 2001 годзе будзе: “Мілошавіч гатоў! Лукашэнка - будзь гатоў!” Заля выбухнула сьмехам ды авацыяй, і я зразумеў, што народ не чытае “Народнай волі”. Артыкул якраз з такою назваю Лябедзька надрукаваў на першай старонцы “НВ” за тыдзень да сьвяточнае імпрэзы.

Ня менш сьвежым і арыгінальным было абяцаньне таго ж Лябедзькі апрылюдніць імя адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары, што ён адразу ж і выканаў: “Гэта - аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя!”

Абяцанка паводле свайго цяперашняга рэальнага эфэкту была такою ж, як і прапанова Анатоля Лябедзькі да Аляксандра Лукашэнкі пра гэткую зьдзелку: дабравольная адстаўка ў абмен на бясьпеку ды матэрыяльны дабрабыт. “Грошай ня хопіць”, - пракамэнтаваў прапанову мой сусед зьлева. А сп.Лябедзька разьлічвае за народныя грошы падараваць адстаўному Лукашэнку яшчэ й бясьпеку: “Мы гарантуем, што ніводзін волас (тут Лябедзька зрабіў шматзначную паўзу — З.К.) не ўпадзе зь ягонае галавы”. Праўда, лідэр АГП адразу паведаміў, што ўсё гэта ён абяцае “бамжу”, бо пасьля таго, як ён падаў у суд на Лукашэнку, высьветлілася, што той нідзе ня мае прапіскі. Як сказаў бы сам Лукашэнка, “тут і конь не валяўся”.

Вось тут “Канавальная ноч” цалкам лягічна падышла да моманту, калі трэба было валяць каня. Спн.Сакалова вынесла на сцэну свайго каня-цацку ды спытала сп.Лябедзьку, якога полу сымбаль АГП. Пачуўшы адказ, яна зрабіла выснову: “Значыць, ваша лошадзь — кабыла”. Тут ініцыятыву перахапіла Жана Літвіна з Радыё “Рацыя”, якая пачала віншаваць АГП са сьвятам. Вельмі ветлівы вядучы Агурцоў сказаў у мікрафон: “Жана Літвіна — гэта надоўга”. Ірына Сакалова безь мікрафону паправіла яго: “Гэта назаўжды!” Напэўна, яна мела рацыю, хоць Валянціна Палевікова з жаночае партыі “Надзея” прамаўляла са сцэны значна больш за спадарыню Літвіну.

Ну й пра Шэндзеровіча. Распавёўшы пра тое, што яго доўга “не пускалі на гістарычную радзіму” (мо й слушна рабілі? — падумаў я на выхадзе з “Сукна”), дзе жылі ягоныя дзьве бабулі ды таксама чамусьці “дзьве” дзядулі, а менавіта ў Капаткевічы, Бабруйск, Магілёў і Чавусы, аўтар “Кукол” паспрабаваў зьдзівіць публіку ўбачаным у Бабруйску: два транспаранты над вуліцай з надпісамі “Сёньня Вялікі Кастрычнік” ды “Палітыку Прэзыдэнта ўсямерна падтрымліваем і ўхваляем!”

Што ж тут сьмешнага? Тут плакаць трэба. Але Віктар Шэндзеровіч заявіў, што адчуў сябе маладым, павіншаваў прысутных з кастрычнікам ды прачытаў гумарэску пра тое, як салдат з матросам апісвалі маёмасьць Зімовага палацу ў Піцеры 1917-га. Зноў жа — што тут сьмешнага? Тут плакаць трэба! Хаця б з тае нагоды, што ўсе мы гэта ўжо чулі, і не аднойчы.

“Я вядучы драматург сучаснасьці. Тут сьмяяцца ня трэба. (Гэта ён кажа, а ня я. — З.К.) Я больш за 200 п’есаў напісаў. Зараз я вам некалькі дзясяткаў прачытаю”, — сказаў спадар Шэндзеровіч ды прачытаў. Запомніліся ня п’есы, а адзіны перапынак-эпізод, прысьвечаны Беларусі, дый той ускосна. Вядучы драматург распавёў са сцэны пра сваю сустрэчу з даўнім сябрам Барысам Розіным, які эміграваў у Канаду ды мае там сваю справу. Розін паведаміў Шэндзеровічу, што “балдзее ад Лукашэнкі”: штораніцы бяжыць да кампутара, шукае Лукашэнку ў інтэрнэце ды балдзее. “Вар’ят”, — падумаў пра сябра Шэндзеровіч, але потым спытаў яго, што ж за бізнэс той мае ў Канадзе, і атрымаў адказ: “Габрэйская эміграцыя зь Беларусі”. Пасьля гэтага расказу кіраўнік “Ітого” зазначыў, гледзячы ў суконную залю: “Я ня ведаю, чаму ў вас добра йдзе чорны гумар”.

Нічога больш пра Беларусь сп.Шэндзеровіч не сказаў, калі не лічыць цытатаў з Лукашэнкі пра тое, што “будуць на стале нармальныя чалавечыя яйцы” ды “беларускі народ будзе жыць дрэнна, але нядоўга”.

Хочацца чамусьці скончыць рэцэнзію словамі паэта-праўдаруба Ігара Ірценьева, што запаўняў сабою паўзу паміж выхадамі Шэндзеровіча. Мажліва, гэтыя словы ён прысьвяціў і выхадцам зь Беларусі ў Маскву: “Ей можно что-то дать насильно, но взять обратно — никогда!”

Дый ці варта браць?

Зьміцер Калярадзкі

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0