Новыя выданьні, дасланыя ў рэдакцыю

Э.Грахавец. Вяртаньне: Выбраныя вершы. – Менск: Лекцыя, 2000. – 108 с. – Наклад 320 ас. ISBN 985-6305-31-4

Гэта пасьмяротная кніга лагойскага шафёра-паэта, што выйшла пад рэдакцыяй Ніла Гілевіча. Каб набыць, зьвяртайцеся ў менскую сядзібу ТБМ.

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Выпуск 19. Надавней – Небэзпэчность / Складальнікі Т.Блізьнюк ды інш.; Пад рэдакцыяй А.Булыкі. – Менск: Беларуская навука, 2000. – 396 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-08-0415-7

Друцак старажытны: Да 1000-годзьдзя ўзьнікненьня гораду / Рэдакцыйная калегія: Г.Пашкоў (галоўны рэдактар) ды інш.; Мастак У.Жук. – Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2000. – 128 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-11-0185-0

Сёлета Друцак, цяпер вёсачка на Талачыншчыне, адзначае сваё тысячагодзьдзе. Да гэтага юбілею выдадзена шыкоўная кніга з усімі вядомымі зьвесткамі пра гэтае старажытнае паселішча. Кніга складаецца з храналёгіі гісторыі Друцку, гістарычнага нарысу, артыкулу пра Друцак у сыстэме гарадоў Полацкага княства, адмысловага разьдзелу пра князёў Друцкіх ды нарысу з археалёгіі паселішча. Кніга багата ілюстравана рысункамі, картамі, схемамі ды чорна-белымі й каляровымі фатаздымкамі. Каштуе 1100 руб.

Загародзьдзе – 2: Матар’ялы навукова-краязнаўчае канфэрэнцыі “Палесьсе – скрыжаваньне культур і часу” 25–27 верасьня 1999 г., м. Пінск / Укладаньне й агульная рэдакцыя Х.Клімчука, В.Лабачэўскай. – Менск: Тэхналёгія, 2000. – 207 с. – Наклад 260 ас. ISBN 985-6234-90-5

Матар’ялы зборніка падзелены на разьдзелы: археалёгіі, гісторыі, этнасацыялёгіі, культуралёгіі, фальклярыстыкі, этналінгвістыкі, этналёгіі, тапанімікі, дыялекталёгіі, літаратуразнаўства, краязнаўства – аматар непаўторнае культуры палескага рэгіёну знойдзе тутака ўсё найноўшае з дасьледаванага апошнім часам. Зборнік прадаецца ў холе галоўнага корпусу Акадэміі навук за 2300 руб.

Замовы / Укладаньне, сыстэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і камэнтары Г.Барташэвіч; Рэдакцыйная калегія: А.Фядосік (галоўны рэдактар) ды інш. – Менск: Беларуская навука, 2000. – 597 с. – (Беларуская народная творчасьць / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру). – Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0402-5

Замовы – найстаражытнейшы від вуснае народнае творчасьці. У сабраных у кнізе ўзорах найвыразьней адлюстроўваецца супярэчлівы працэс сынтэзу паганскага сьветагляду й вераваньняў ды напластаваньняў хрысьціянства. Цана – 620 руб.

Куфэрак Віленшчыны: Гістарычна-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі часапіс Віленскага краю. № 1, 2000. – Маладэчна, 2000. – 180 с., іл. – Наклад 299 ас.

Мэмуары, археалягічныя дасьледзіны, новыя дакумэнты, краязнаўчыя нарысы – у альманаху “Куфэрак Віленшчыны”, што прысьвечаны гісторыі і традыцыям паўночна-заходняе Беларусі. Набыць можна ў менскай сядзібе БНФ “Адраджэньне”.

Літаратура Беларусі: Першая палова ХІХ стагодзьдзя: Хрэстаматыя / Укладальнік, аўтар прадмовы, біяграфічных даведак ды камэнтароў К.Цьвірка. – Менск: Беларуская навука, 2000. – Наклад 2200 ас. ISBN 985-08-0398-3

Апошняга разу хрэстаматыя беларускае літаратуры ХІХ ст. выходзіла дзесяць з гакам год таму. Цяперашняе выданьне значна дапоўнена выяўленымі за гэты час новымі творамі, але выйшла на горшай паперы й меншым накладам за папярэдніка – “Беларускую літаратуру ХІХ стагодзьдзя”.

Я.Крук. Сымболіка беларускай народнай культуры. – Менск: Ураджай, 2000. – 350 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-04-0396-9

Дасьледнік беларускіх народных звычаяў Янка Крук дае чытачу комплекснае ўяўленьне пра адметнасьці нашага традыцыйнага побыту й культуры. Значная ўвага аддаецца сымболіцы рэчаў і зьяў. Выклад папулярны. Каштуе 700 руб.

Сьвятліца: Літаратурны альманах. – Менск: СП “Мэдысонт”, 2000. – 160 с.

Баранавіцкія паэты й празаікі, задзіночыўшыся, выдалі свой першы альманах, які мае даць уяўленьне пра цяперашні стан літаратурнага працэсу на Баранавіччыне. Сярод аўтараў многія пачыналі свой шлях у літаратуру на літаратурных балонах “Нашае Нівы” – у “Грамафоне”, “Эпіконе” й “Варштатах”.

М.Бусел. Чаго чакаць беларусам ад Расеі? – Сьветлагорск, 2000. – 28 с. – Наклад 299 ас.

Аўтар дае простыя адказы на пытаньні: ці адна ў нас з расейцамі кроў, дзе падзеліся сорак мільёнаў беларусаў, што адказваць на заявы кшталту “Хай прадаюць Беларусь, абы не было вайны”; разглядаецца паходжаньне расейскае каляніяльнае адміністрацыі, што кіруе Беларусяй, ды іншыя праблемы.

Р.Платонов. Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное: По документам Национального архива Республики Беларусь. – Менск: Беларускі навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства й архіўнае справы, 2000. – 209 с. – Наклад 100 ас. ISBN 985-6099-67-6

На падставе архіўных дакумэнтаў аўтар раскрывае невядомыя і ўдакладняе вядомыя моманты пачатку апошняе нямецкае акупацыі ў Беларусі. Тэндэнцыйна ацэньваецца чыннасьць беларускіх грамадзкіх дзеячаў. У кожным разе, чытач можа зрабіць з апублікаваных дакумэнтаў свае высновы.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0