Прэса

 

БАЖ сьвяткуе

17-18 лістапада ў Менску прайшоў I Рэспубліканскі фэст недзяржаўнай прэсы, арганізаваны Беларускай Асацыяцыяй Журналістаў. Удзел узялі больш за 20 выданьняў. Старшыня БАЖу Жана Ліцьвіна падкрэсьліла ў сваім выступе, што сьвяткаваньне адбываецца ў не зусім сьвяточных умовах, аднак, нягледзячы на цяжкасьці, журналісты мусяць захоўваць прызначэньне сваёй прафэсіі, бараніць правы грамадзянаў на атрыманьне аб’ектыўнай інфармацыі. Сустрэча з чытачамі праходзіла ў форме выпуску газэты. Са словамі вітаньня і падарункамі асобным журналістам выступілі Карлас Шэрман, Міхаіл Чыгір, Аляксандар Дабравольскі, Міхаіл Пастухоў, Сямён Домаш. Госьці фэстывалю – Віліс Каваляўскас з Саюзу Журналістаў Літвы і Аляксандар Камейка з Саюзу Журналістаў Расеі – хвалілі беларускіх журналістаў за прафэсійны ўзровень і мужнасьць пісаць у цяжкіх палітычных умовах. Напрыканцы імпрэзы БАЖ ушанаваў 10 выданьняў дыплёмамі “За адданасьць прафэсіі”. Гэта “Салідарнасьць”, “Регион-вести”, “Пагоня”, “Ашмянскі кур’ер”, “Гомельская думка”, “Беларускі рынак”, “Камсамольская праўда ў Беларусі”, “Рэгіянальныя ведамасьці”, “Наша свабода” і “Згода”.

 

БАЖ папярэджвае

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў распаўсюдзіла паведамленьне пра рэзкае пагаршэньне становішча СМІ ў Беларусі. У прыватнасьці, БАЖ папярэджвае: “Большасьць незалежных газэт Беларусі могуць быць зьліквідаваныя ўжо ў студзені 2001 году”. Падставай можа стаць патрабаваньне да ўсіх газэт перарэгістравацца да пачатку наступнага году. “Грувасткая бюракратычная працэдура гэтага сумнеўнага з прававога пункту гледжаньня мерапрыемства не дазваляе зьдзейсьніць яго ўва ўсталяваныя тэрміны”, — папярэджвае БАЖ. Другая падстава – эканамічная няроўнасьць дзяржаўных і незалежных СМІ. “Найбольш дыскрымінацыйнымі зьяўляюцца тарыфы на распаўсюд незалежнай друкаванай прадукцыі. Яны ў 4,5–5 разоў перавышаюць адпаведныя выдаткі дзяржаўных выданьняў”. БАЖ разумее, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. становішча СМІ ў Беларусі будзе яшчэ больш абвастрацца. БАЖ лічыць неабходным: прыпыніць працэс перарэгістрацыі; забясьпечыць роўныя эканамічныя ўмовы; спыніць ідэалягічны, эканамічны і адміністрацыйна-судовы ціск на недзяржаўныя выданьні; неадкладна зьняць арышт з абсталяваньня прыватнай друкарні «Мэджык»; узмацніць міжнародны кантроль за выкананьнем беларускім урадам абавязкаў у межах міжнародных дамоўленасьцяў.

 

“Зачыстка” ў Смаргоні

Радыё Рацыя паведаміла, што на мяжы закрыцьця апынулася «Новая газета Сморгони». Рахунак газэты замарожаны. Журналісты адзінай незалежнай у гэтым горадзе газэты называюць дзеяньні ўладаў «інфармацыйнай зачысткай» і заяўляюць, што «такім арыгінальным чынам улады распачалі кампанію падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году».

 

Газэта ў гаражы

Аршанскую незалежную газэту “Куцейна” аніяк не жадаюць рэгістраваць. Для гэтага патрэбны юрыдычны адрас, які ніхто газэце даваць не жадае — баяцца мясцовай улады. Галоўны рэдактар “Куцейна” Віктар Андрэеў у роспачы падаў заяву на рэгістрацыю газэты ў гаражы. Пакуль незалежныя журналісты чакаюць адказу, у шапіках прадаюць афіцыёзную “Аршанскую газэту”, якая больш ня мае канкурэнтаў у горадзе.

Паводле БАРЦ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0