Караткевічу спадабалася б
Уладзімер Арлоў ды Зьміцер Бартосік прымеркавалі сваю сустрэчу зь менскаю моладзьдзю да 70-х угодкаў аўтара “Каласоў пад сярпом тваім”
Паўтары сотні маладых людзей “з работніцкіх ускраін” сабраліся мінулым аўторкам у сьценах менскае бібліятэкі імя Ф.Багушэвіча, што яшчэ нядаўна звалася “Юнацтва”. Нагода — сустрэча з Уладзімерам Арловым ды Зьмітром Бартосікам.
Прадстаўніца бібліятэкі сказала так: “Упершыню наша бібліятэка з імем Францішка Багушэвіча прымае гэткіх шаноўных гасьцей, што для нас удвая вялікая адказнасьць”. Госьці, як людзі сьціплыя, падзякавалі за цёплыя словы й прапанавалі прымеркаваць сустрэчу да 70-х угодкаў з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. “Мне ўсё ж здаецца, што Ўладзімеру Караткевічу спадабаліся б баляды Зьмітра”, — сказаў У.Арлоў па выступе Бартосіка, які прапяяў пад воплескі і гульлівую рэакцыю залі паўдзясятка сваіх гістарычных баляд, што й распачалі імпрэзу.
Ужо праз паўгадзіны пасьля пачатку ў невялічкай залі бібліятэкі было горача, але вокнаў не адчынялі, баючыся прастудзіцца. На гэта Ў.Арлоў супакоіў прысутных: “Затое зь якою асалодаю мы будзем дыхаць загазаваным паветрам вуліцы Прытыцкага!” Аддыхвацца ніхто ня выйшаў; яшчэ трыццаць хвілін гучэлі баляды й песьні Бартосіка, а пасьля паказвалі фільм паводле аповесьці Ў.Арлова “Рандэву на манэўрах” — моладзі спадабалася, хоць, папраўдзе кажучы, ня ўсе зразумелі канву.
Як заўжды, не абышлося без інцыдэнту. Вельмі ж хацела моладзь паслухаць “Сэкс-рэвалюцыйную” Бартосіка, ды ледзь усяго не сапсаваў старэйшы й пільнейшы што да маралі Ў.Арлоў: “Тут юныя асобы!” Бартосіку таксама хацелася паказаць гэтую песьню, і ён запярэчыў: “Юныя асобы ўсё ведаюць!” Урэшце слухачы спагналі-такі ахвоту.
Цікавіліся і пэрспэктывамі беларускае мовы й літаратуры. Моладзі было дзіўна чуць пра некалькіх кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію ад Беларусі — Васіля Быкава, Сьвятлану Алексіевіч, Алеся Разанава ды пра адсутнасьць гэткіх постацяў у суседніх літаратурах... На думку Ў.Арлова, выхаваньне дзетак варта пачынаць з імя. Ён распавёў павучальную гісторыю пра свайго знаёмца, які назваў сына Сашам у гонар Аляксандра Суворава, а той вырас бандытам.
Актуальна прагучэлі на вечарыне нарысы Арлова з “Слоўніка Свабоды”: пра “чарніла”, “анэкдот”, “працадні” ды іншае з эпох “разьвітых -ізмаў”.
Недаравальна было б забыцца яшчэ на адну прыкмету тае вечарыны — 14 лістапада Ў.Арлоў і прысутныя віншавалі З.Бартосіка з днём народзін. Вось што сказаў у сваёй сьвяточнай прамове стары “нашанівец” У.Арлоў пра старога “нашаніўца” Бартосіка: “Дзякуючы Зьмітру адраджаецца ў Беларусі жанр жорсткага гарадзкога рамансу. Можа скласьціся ўражаньне, што Бартосік пяе брутальныя рэчы, але гэта надзвычай далікатны чалавек, пра што сьведчыць і назоў ягонае кнігі прозы “Чорны пісталет”, якая, будзем верыць, выйдзе налета”.
Важна, што ёсьць людзі, якія вызваляюць маладых беларусаў ад духоўнага ярма чужых краін і культур.
Віктар Мухін