04.12.2000 / 13:00

Алесь Кебік. Локшыны Лукашэнкі

№ 48 (205), 27 лістапада — 4 сьнежня 2000 г.


 

Локшыны Лукашэнкі

Рэжым імітуе адлігу, а прэса гуляе ў КВН

 

На мінулым тыдні ў беларускіх СМІ аформілася новая тэндэнцыя: шмат сталі пісаць пра афіцыёзную палітыку, якая, у сваю чаргу, шчодра разрадзілася “інфармацыйнымі нагодамі” – збольшага пустапарожнімі, але, прынамсі, кідкімі. То Лукашэнка зьбярэ сілавікоў на “гучныя справы”. То выставяцца, быццам сапраўдныя палітыкі, палатнікі. Нехта нават напісаў, што “новы парлямэнт” — больш прафэсійны за папярэдні і яму кроў з носу трэба большыя паўнамоцтвы!.. Пра тое, як тыя паўнамоцтвы касаваліся, як гэты “прафэсійны парлямэнт” “выбіраўся”, а галоўнае – пра тое, што сядзяць у ім тыя самыя, што і ў папярэднім, – як правіла, ня пішуць. Ясна, што ўсім абрыдла казаць пра дыктатуру. Дык можа – не казаць? І само сабой тады акажацца, што вакол – дэмакратыя?

Чыноўнікі ўсіх узроўняў “камэнтуюць” газавую трубу, NATOўскую палітыку і ліст ананімнага кагэбіста. Афіцыёзныя СМІ распушылі хвасты, імітуючы “рэальную палітыку”, а незалежныя, кіраваныя сваім прафэсійным пакліканьнем і задаўненай тугою па пераменах, сталі ахвотна праглынаць тыя “інфармацыйныя нагоды”. І вось ужо сёньня заўважна блякнуць перад валам афіцыёзных “падзеяў” і “імёнаў” учорашнія фаварыты дэмакратычных мэдыяў – жменька ўсім вядомых апазыцыянэраў. Верагодна, працэнт іхнай прысутнасьці ў СМІ цяпер зусім нязначны адносна працэнту афіцыёзных “палітыкаў”. Я ўжо не кажу пра “пераарыентацыю” некаторых СМІ – як гэта здарылася, напрыклад, з інтэрнэт-газэтай Open.by, што цяпер папросту перадрукоўвае БЕЛТАўскія інфармацыі, не даючы сабе клопату прыбраць зь іх хоць бы ідэалёгію посьпехаў ды росквіту Беларусі за Лукашэнкам. Што да апазыцыі, дык яна ўрэшце можа і зусім страціць напярэдадні выбараў падтрымку яшчэ ўчора больш-менш “аб’яднанае прэсы”.

Прычына новай тэндэнцыі, калі нават на Радыё Свабода ледзь не штодня загучалі Лукашэнка з Латушкам (ні трохі ня больш легітымныя і праўдзівыя, чым учора), а ў “БДГ” “кампэтэнтна разважае” Абрамовіч, — безумоўна, у палітыцы рэжыму, які пачаў гульню ў інфармацыйную лібэралізацыю (найяскравей гэта відаць на БТ). Ляніва пачаў і, як заўсёды, паўмерамі, але пасьля ўчорашняга “поўнага затыку” гэтага аказалася дастаткова.

Кідкія да ўсякіх адлігаў і кліматаў даверу журналісты ахвотна паслабілі дзягі сваіх прынцыпаў і з задавальненьнем узяліся пашыраць кола тэмаў і імёнаў за кошт афіцыёзу. Такія глябальныя тэмы, як існаваньне двух БНФ ці раскол у Народнай Грамадзе побач з інтрыгамі ў Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, сталі выглядаць маргінальна, хоць, трэба прызнаць, так і засталіся недасьледаванымі. У выніку незалежная прэса сікам-брыкам ініцыюе замірэньне. Каля прозьвішча ППРБ не-не дый зьявіцца слова “прэзыдэнт”, а слова “нелегітымны” іншы раз возьме ды расшыфруецца – “на думку краінаў Захаду”.

Але ці ёсьць у новай тэндэнцыі нейкія істотныя падставы?

Во на мінулым тыдні абралі 13 старшыняў камісіяў палаткі. Між іншым, камісію па правах чалавека, нацыянальных дачыненьнях і СМІ ўзначаліў аграном. Старшынямі шасьці камісіяў сталі старшыні камісіяў і дэпутаты папярэдняй палаткі. Астатнія – пара гендырэктараў, пара вэртыкальшчыкаў. Адну камісію аддалі Малафееву – таму самаму Анатолію, якога яшчэ Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў некалі публічна назваў – “мошчная лічнасьць”.

І застракацелі нашы СМІ гутаркамі з “новымі” старшынямі. Колькі ж хітрасьці і проста хлусьні палілося разам зь імі на старонкі газэт! Ну, мы ж з вамі разумеем, што да чаго, праўда? Мы ж і Лукашэнкавы стэнаграмы можам чытаць, як газэту “Навінкі” – без камэнтароў сьмешна. Але гэты траянскі канёк рэжыму на нас і не разьлічаны – ён ідзе проста да публікі, якая прывыкла незалежным СМІ давяраць.

На тле гэткага мэдыйнага разлажэньня нечакана здарова прагучаў са сваім фільмам Шарамет. А тут яшчэ гэтая ананімка з КГБ. Лукашэнка не на жарт спалохаўся. І хто гэта прааналізаваў? Хто даў аналіз – чаго баіцца той непрызнаны ў сьвеце начальнік, які накінуў сабе пару гадкоў? Ужо ж ня прэсы ён сёньня баіцца. Наадварот, напалоханы, ён ідзе да журналістаў, прыхапіўшы пачак локшынаў — свайго “красамоўства”. А што прэса? Яна так прагне клімату даверу! Дый грэх для журналіста не працытаваць хоць бы “паўпачка”… Там жа – зьнікненьне людзей, гучныя справы, забойствы… Што лепшага прыдумаеш на першую старонку! Правільна, Лукашэнка прагаварыўся, што ягоныя сілавікі грызуцца. Некалі БДГ бліскуча аналізавала такія сытуацыі, ведаючы ўладныя расклады. Аналізавала, а не лавіла кайф ад шматлікіх і некамэнтаваных цытатаў.

Новая тэндэнцыя абяцае разьвівацца, бо не патрабуе такіх высілкаў, як прафэсійная аналітыка. Акурат пад выбары нашыя СМІ могуць ператварыцца ў гэткіх перасьмешнікаў, элітарных палітычных кавээншчыкаў і ўжо ня здолеюць заўважыць тых самых локшынаў на сваіх уласных вушах.

Алесь Кебік


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру