04.12.2000 / 13:00

Сяргей Астраўцоў. Сьлёзы Юзафа Парэцкага (Адбыўся зьезд Саюзу палякаў Беларусі)

№ 48 (205), 27 лістапада — 4 сьнежня 2000 г.


 

Сьлёзы Юзафа Парэцкага

Адбыўся зьезд Саюзу палякаў Беларусі

Саюз палякаў стварыў падпалкоўнік памежных войскаў савецкай арміі Тадэвуш Гавін. Спачатку гэта было Таварыства імя Адама Міцкевіча, затым уласна СПБ. Гавін кіраваў ім амаль на працягу 12 гадоў. Сёлета ўлетку старшыня раптам добраахвотна пакінуў сваю пасаду. Усе лічылі, што дзеля таго, каб вярнуцца. Аднак гэтага ня здарылася. 18 лістапада на 5-ым надзвычайным зьезьдзе СПБ быў абраны іншы старшыня.

Т.Гавін эвалюцыянаваў ад чалавека, занятага аховай беларуска-польскага памежжа, ад польскага патрыёта зь местачковымі звычкамі — да асобы, якая разважае катэгорыямі новай незалежнай беларускай дзяржавы, дзе апынуліся ў небясьпецы сувэрэнітэт, дэмакратыя, канстытуцыйныя правы і палякаў, і беларусаў. Польшча паказвае ўва ўсім гэтым прыклад сваім суседзям, значыцца, і беларускія палякі павінны стаць пэўным узорам, імкнуцца абараняць усе гэтыя каштоўнасьці. Пагатоў, свабадалюбства палякаў агульнавядомае... Быў тут і матэрыяльны разьлік: дэмакратычнай Польшчы будзе дадатковы стымул грашова падтрымліваць польскую меншасьць, якая супрацьстаіць таталітарнай уладзе. Тадэвуш Гавін адкрыта далучыўся да апазыцыі на мясцовым узроўні, пачаў ладзіць пікеты, прэс-канфэрэнцыі, ваяваць з уладамі, прычым па-ранейшаму — за польскія ж інтарэсы. Аднак большасьці СПБ гэта не спадабалася, і не падабалася што далей — то мацней.

 Ён — Гавін — застаўся героем-адзіночкам. Па сутнасьці, ні сяброў, ні паплечнікаў унутры заснаванага ім Саюзу ён амаль ня меў. Ім была збудавана разгалінаваная структура СПБ па ўсёй Беларусі. Ён стварыў апарат, але не стварыў каманды. Як не было каманды, дапусьцім, у С.Шушкевіча. На зьезьдзе публіка галасавала супраць былой улады, як калісьці выбарцы галасавалі супраць Кебіча, што паўдзельнічаў у скасаваньні Саюзу і стварэньні незалежнай краіны. Жаданьне не дапусьціць болей Гавіна было нагэтулькі моцным, што ён, ацаніўшы сытуацыю, яшчэ на пачатку зьезду абвесьціў, што балятавацца ня будзе. Праўда, пазьней быў вылучаны, але зноў-такі адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах, сказаўшы, што як афіцэр словаў сваіх не зьмяняе.

Палез у палітыку, злыгаўся зь беларускай апазыцыяй — незадаволена шапталіся паміж сабою сябры СПБ. Але гэта яшчэ ня ўсё. Гавіна абвінавачвалі ў тым, што ён стварыў нягнуткую структуру, якая падпарадкоўваецца амаль яму аднаму, карацей — у аўтарытарных звычках. А таксама ў тым, што агульнабеларуская арганізацыя зьяўляецца, па сутнасьці, гарадзенскай. І такія абвінавачаньні: у Слонімскім аддзеле СПБ Гавіна бачылі толькі раз, а вось гарадзенскі генконсул РП Сыльвэстар Шостак там дзесяць разоў пасьпеў пабываць. Аднак у Гавіна дзеля гэтага быў намесьнік па вобласьці — Юзаф Парэцкі. Які разам з консулам па Гарадзеншчыне і езьдзіў. Вядомы здымак: невысокі і сівы С.Шостак з высокім і паглядным Ю.Парэцкім каля магілаў акоўцаў у Варнянах.

І вось тут — галоўная інтрыга, асноўнае падабенства да былых прэзыдэнцкіх выбараў. Часова, да зьезду, пасаду старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Саюз палякаў Беларусі» займаў якраз Ю.Парэцкі. Аднак становіцца вядома, што ён — пэрсона нон грата ў самой Польшчы. Што ў пашпарце самі палякі паставілі яму штамп аб забароне ўезду ў РП. І быццам бы — за супрацоўніцтва зь беларускімі спэцслужбамі. Пра гэта пачынае пісаць польская прэса. І чым болей піша, тым больш чальцам СПБ хочацца выбраць менавіта затурканага Парэцкага. Бо крыніца ўсёй гэтай інфармацыі — Т.Гавін, які, зь яго словаў, атрымаў яе у Варшаве. Публіка на зьезьдзе хоча бачыць сваім кіраўніком менавіта сымпатычнага інтэлігентнага маладога Парэцкага, скандзіруе, тупочучы нагамі: «Юзаф! Юзаф!» А ён, зважаючы на атрыманую антырэкляму, адмаўляецца ўдзельнічаць у выбарах і нехаця, са сьлязьмі пакідае залю. (Міжволі ўспамінаюцца славутыя Лукашэнкавы сьлёзы.) Гэта яшчэ дадае яму прывабнасьці у вачах дэлегатаў зьезду, сярод якіх вялікая колькасьць жанчын, часта пажылых.

Саромячыся сьлёзаў, Парэцкі ўцякае з залі. І сярод тых, хто кідаецца вярнуць яго, усё той жа Сыльвэстар Шостак. І вось тут узьнікае пытаньне, на якое ніхто ня можа адказаць. Чаму польскі дыплямат не зважае на зьвесткі, якія кампрамэтуюць Ю.Парэцкага? А тым самым дапускае амаль недапушчальнае для дыплямата — адкрыта выказвае свае сымпатыі ў сытуацыі, у якой яму лепей было б захаваць нэўтральнасьць, пагатоў — як грамадзяніну іншай краіны. Польскія журналісты таксама не маглі адказаць на гэта, яны толькі выказвалі здагадку: яму галоўным было, каб ня выбралі зноў Гавіна. А з Гавіным яны, мягка кажучы, не сябравалі.

Ня толькі ў апараце СПБ узьнікла варожая да Гавіна групоўка, яго вельмі не любілі ўлады: і за жорсткую крытыку, і за пікеты, і за сувязі з апазыцыяй. У дзень зьезду нават у афіцыйнай «Гродненской правде» была зьмешчана пад відавочным псэўданімам публікацыя з клясычным загалоўкам — «А кароль голы». Аўтар баяўся вяртаньня Гавіна, агітуючы за новага — маладога кіраўніка. Варта працытаваць гэты опус: «Ёсьць у Саюзе здаровыя парасткі ў дрымучым садзе, які вырашчаны нашымі палкаводцамі, хаця ім сёньня цяжка і супраць іх учыняюцца правакацыі. Дык не дазволім жа, каб гэтая маладая здаровая польская рунь была зломлена бяздушным армейскім ботам, які праводзіць незразумела складаныя манэўры». Як бачым, двойчы ўжыта слова «здаровы». Можа, каб пераканаць нават саміх сябе?

Яшчэ раней, да зьезду, Т.Гавін казаў, што сёньня для ягоных праціўнікаў галоўнае — адцягнуць Саюз ад дэмакратычных партыяў і арганізацыяў. Маўляў, трэба пераседзець, дачакацца, пакуль у Беларусь ня вернецца дэмакратыя, а тады ўжо вырашаць свае пытаньні польскага адраджэньня. Бо нават яны бачаць, што на гэтую ўладу спадзявацца няма чаго. Не, гэтага ня будзе, сказаў Гавін. Дэмакраты тады запытаюць: а дзе вы былі, калі мы вялі няроўнае змаганьне? Дарэчы, як толькі Гавін сышоў з пасады, новае кіраўніцтва СПБ не пажадала паслаць свайго прадстаўніка на Ўсебеларускі зьезд. Перад тым — на Кангрэсе дэмакратычных сілаў прысутнічаў сам Гавін. Дэлегатам зьезду Саюзу палякаў ён, між іншым, нагадаў: памятайце, што мы жывем у беларускай дзяржаве, што павінны будаваць незалежную дэмакратычную Беларусь, а за гэта трэба змагацца.

Цікава, што пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч у сваім выступе на зьезьдзе некалькі разоў нагадваў, што самае важнае, каб палякі ўдзельнічалі ў адбудове грамадзянскай супольнасьці. Бо сёньня важна, каб палякі былі паўнапраўнымі грамадзянамі беларускай дзяржавы, былі разам зь беларускім народам. Сёньня ўжо замала папросту сьпяваць на фэстывалях польскія песьні, — сказаў ён. Адрозна ад С.Шостака, М.Машкевіч у справе выбараў новага кіраўніка Саюзу выглядаў нэўтральна.

Замест Ю.Парэцкага, якога жадала заля, але які адмовіўся ад удзелу ў выбарах, быў абраны Тадэвуш Кручкоўскі — ягоны прыхільнік. Ён — кандыдат гістарычных навук, выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

Сяргей Астраўцоў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру