04.12.2000 / 13:00

Трызуб і Пагоня супраць сярпа і молата

№ 48 (205), 27 лістапада — 4 сьнежня 2000 г.


 

Трызуб і Пагоня

супраць сярпа і молата

У Севастопалі адбыўся суд паводле грамадзянскага пазову героя Савецкага Саюзу адмірала Ўладзімера Піліпенкі ў справе абароны годнасьці да севастопальскага камітэту кампартыі Ўкраіны. Газэта гаркаму кампартыі «Севастопольская правда» абразіла баявога адмірала, назваўшы яго здраднікам. Адмірал праводзіць вялізную працу дзеля кансалідацыі грамадзтва Ўкраіны, прымірэньня ўсіх бакоў, што ўдзельнічалі ў другой сусьветнай вайне, уключна з Украінскай Паўстанцкай Арміяй, якая да 1959 году змагалася супраць камуністычнага рэжыму. Інтарэсы Ўладзімера Піліпенкі ў судзе прадстаўляў Валеры Барташ – старшыня Севастопальскага таварыства імя Максіма Багдановіча “Пагоня”. Пасьля працяглага слуханьня справы пазоў адмірала быў задаволены.

Але гэта далёка не адзіная добрая справа на рахунку севастопальскай “Пагоні”. Нядаўна таварыства адзначыла 160-я ўгодкі з дня нараджэньня вядомага ўкраінскага біёляга Аляксандра Кавалеўскага, ураджэнца Віцебшчыны. Сябры “Пагоні” наведалі інстытут вучонага. А яшчэ яны зрабілі ўзыходжаньне да руінаў замку ў Балаклаве, якія некалі ў санэце апеў Адам Міцкевіч. На вяршыні гары чыталі вершы паэта і ўсталявалі бел-чырвона-белы сьцяг. Яшчэ адна справа севастопальцаў – удзел у мітынгу памяці ахвяраў галадамору і палітычных рэпрэсіяў ва Ўкраіне. Між іншым, апроч беларусаў, у мітынгу ўдзельнічалі ўкраінскія крымскататарскія арганізацыі і расейскі “Народна-працоўны саюз”. У рэзалюцыі патрабуецца перайменаваць вуліцы, што носяць імёны камуністычных дзеячоў.

Т.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру