Пятая мова

Швайцарыя – улюбёны прыклад апалягетаў дзьвюхмоўя. Вось, маўляў, якія малайцы гэтыя швайцарцы – маюць чатыры мовы, а так па-сяброўску жывуць! Але ня ўсё проста ў гэтай невялічкай краіне.

У Швайцарыі і сапраўды ёсьць чатыры афіцыйныя мовы.

64% швайцарцаў, пераважна на ўсходзе краіны, размаўляюць на розных дыялектах нямецкай мовы. Пятая частка насельніцтва, што жыве на захадзе, гаворыць па-француску. 8% у паўднёва-ўсходніх раёнах размаўляюць на італьянскай мове. І 0,6% — па-рэтараманску – на мове, блізкай да лаціны.

Канстытуцыя гарантуе больш-менш роўны стан усіх моваў. Але гэта датычыцца толькі адносінаў паміж дзяржавай ды грамадзянінам. Швайцарцы былі задаволеныя, пакуль кожная грамада магла ўжываць сваю мову дома ды ў школе. 25 гадоў таму адказныя за адукацыю ў кантонах пагадзіліся выкладаць другую нацыянальную мову, як мінімум, у сярэдняй школе. Але ў большасьці кантонаў справа далей не пайшла, і праз 152 гады мірнага суіснаваньня швайцарцы ня сталі большымі паліглётамі.

Сёньня на даляглядзе зьявіўся новы канкурэнт швайцарскім мовам — ангельшчына паступова заблытвае швайцарскае грамадзтва ў сваю сетку. Прычына гэтага ня толькі ва ўсясьветнай экспансіі мас-культуры. Швайцарскі бізнэс – адзін з галоўных прапагандыстаў ангельшчыны. Вялікія кампаніі накшталт Swissair карыстаюцца ангельскай у перамовах і ў справаводзтве, а маленькія фірмы спрабуюць пераймаць іхны прыклад. Інтэрнэт таксама спрыяе зангельшчваньню швайцарцаў.

Апытаньні паказваюць, што швайцарскім школьнікам ангельская мова падабаецца больш за якую іншую (пасьля роднай, вядома).

Шматмоўе спараджае досыць шмат праблемаў у галіне адукацыі. Два тузіны швайцарскіх правінцыяў (кантонаў) спрабуюць супольна правесьці рэформу, якая б у выніку дапамагла кожнаму вучню авалодаць трыма мовамі. Сярод іх вылучаецца кантон, у якім знаходзіцца Цурых – фінансавая сталіца краіны, дзе размаўляюць пераважна па-нямецку. Там спрабуюць прабіць дазвол на тое, каб дзеці пачыналі вывучаць ангельскую раней за францускую. Усяго ў Швайцарыі 19 нямецкамоўных кантонаў, і 11 зь іх жадаюць зрабіць тое самае. У іншых кантонах перакананыя, што другой моваю павінна быць адна зь дзяржаўных. Пакрысе пачынаюцца сваркі, якія разбураюць адзінства нацыі. Кантоны-франкафоны ідуць усьлед за Францыяй, якая адчайна спрабуе абараніць пазыцыі роднай мовы, выганяючы з ужытку англіцызмы ды ўводзячы квоты на трансьляцыю замежных песьняў у этэры. Нямецкамоўныя правінцыі, як і паўночны сусед Швайцарыі, наадварот, выяўляюць сымпатыі да англа-амэрыканскай культуры.

Так, Рут Дрэйфюс, франкамоўная міністарка замежных справаў Швайцарыі, кажа, што ангельская мова “не павінна быць падобнай да паводкі”, якая патопіць багацьце моваў у краіне. Аднак на мінулым тыдні яе калегі з чатырохпартыйнага кабінэту міністраў, які толькі зрэдку займаецца пытаньнямі адукацыі, асьцярожна адхілілі яе прапанову стварыць умовы для таго, каб кожны вучань мог авалодаць трыма мовамі, дзьве зь якіх – дзяржаўныя.

Моўная вайна яшчэ толькі пачынаецца. Увесну парлямэнт будзе абмяркоўваць пытаньне, ці варта прымаць папраўку да канстытуцыі, якая прымусіць выкладаць у школах сьпярша дзьве нацыянальныя мовы, і толькі потым — ангельскую.

Ідылічнае швайцарскае шматмоўе – гэта міт. Памыляецца той, хто думае, што кожны паспаліты швайцарац ведае чатыры мовы. Сакрэт квадрылінгвізму ў тым, што існуюць чатыры Швайцарыі – франка-, нямецка-, італьяна- ды рэтараманамоўная. І галоўны складнік іхнага адзінства, хутчэй за ўсё, не патрыятызм, а нежаданьне страціць вельмі высокі ўзровень жыцьця. Са спробаў параўнаць Швайцарыю зь Беларусяй застаецца толькі пасьмяяцца.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0