Імпэрыя Газпром

 

На руінах СССР

Гісторыя Газпрому бярэ пачатак у сьмерці СССР. У 1989 г. было зьліквідаванае міністэрства газавай прамысловасьці і ўтвораны дзяржаўны газавы канцэрн Газпром. Праз тры гады Б.Ельцын прэзыдэнцкім дэкрэтам ператварае яго ў акцыянэрнае таварыства. Урад перадаў АТ усе расейскія трубаправоды і абавязаў выконваць заключаныя Расеяй дамовы на пастаўку газу ў СНД, Усходнюю і Заходнюю Эўропу.

Такім чынам паўстала найвялікшая ў сьвеце газавая фірма, што кантралюе 25% сусьветнай здабычы і 23,5% сусьветных запасаў газу. Уладальніцай каля 40% акцыяў Газпрому зьяўляецца дзяржава, 20% — расейскія фізычныя асобы, каля 10% належаць замежным інвэстарам, а астатнія 30% кантралююць розныя расейскія прадпрыемствы. Але вырашальны ўплыў на Газпром мае ўсё ж дзяржава.

На чале рады дырэктараў стаіць Дзьмітры Мядзьведзеў, заступнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і давераная асоба У.Пуціна. Зь дзесяці чальцоў рады чацьвёра займаюць у расейскім урадзе пасады міністраў. Рэм Вяхіраў — старшыня Газпрому, які фармальна кіруе дзяржаўным пакетам акцыяў, — мае ў Расеі ўплыў, супастаўны зь віцэ-прэм’ерскім. Ён часта ўдзельнічае ў паседжаньнях ураду, езьдзіць за мяжу разам з расейскімі ўрадавымі дэлегацыямі, выказваецца на палітычныя тэмы, найперш наконт дачыненьняў РФ зь дзяржавамі, для якіх Расея – галоўны пастаўшчык газу. Папярэдні галава Газпрому В.Чарнамырдзін з гэтай пасады перасеў наўпрост у крэсла прэм’ер-міністра Расеі.

 

Газ Захаду

Газпром штогод пастаўляе на Захад каля 100 млрд. кубічных мэтраў газу. Да таго як была ўведзеная ў дзеяньне першая нітка ямальскага газаправоду, што праходзіць празь Беларусь і Польшчу, адзіны шлях транзыту расейскага газу на Захад пралягаў праз Украіну. Збудаваны чвэрць стагодзьдзя таму трубаправод сягнуў Славаччыны, Чэхіі, Вугоршчыны, Югаславіі, Баўгарыі, крыху Румыніі, а на паўднёвым адрэзку трубы – Турэччыны. Большасьць аплатаў за газ з краінаў усходняга блёку ідзе са спазьненьнем, і вельмі часта — бартэрам. Малдова, Баўгарыя і Ўкраіна ўвесь час спазьняюцца з выплатамі і маюць мільярды даляраў запазычанасьці.

Праўда, Газпром — зусім не дабрадзей, але й крану не закручвае. Ён знайшоў іншае выйсьце з гэтага становішча, прапануючы краінам-даўжнікам перадаваць яму за даўгі рэгіянальныя сеткі транзыту газу ці газавыя фірмы. Дзякуючы гэтаму, сёньня Газпром амаль цалкам кантралюе сетку збыту газу ў Баўгарыі і, як лічаць многія, неўзабаве забярэ ўкраінскія трубаправоды, кошт якіх цягне на 30 млрд. даляраў.

 

Падводныя газаправоды і паветраныя замкі

Пасьля атрыманьня незалежнасьці Кіеў дамогся, каб трубаправоды на ўкраінскай тэрыторыі выйшлі з-пад маскоўскага кантролю. Узамен за транзыт расейскага газу Ўкраіна мела атрымліваць (і атрымлівае) штогод 30 млрд. кубамэтраў газу, што складае палову ейных патрэбаў. Другую палову Кіеў мусіў купляць на камэрцыйных асновах. Але неўзабаве аказалася, што краіне бракуе валюты.

Украінскі доўг за газ катастрафічна павялічыўся, калі прыватныя пасярэдніцкія фірмы паабапал мяжы, якія ўдзельнічалі ў газавых гешэфтах, уцямілі, што ім акупіцца перасылаць замоўлены Ўкраінай газ на Захад (займацца так званым рээкспартам) і атрымліваць за тое цьвёрдую валюту. Украінская дзяржава не зарабіла на тым ані цэнта, – наадварот, з-за несвоечасовых аплатаў і крадзяжоў украінскі доўг за газ дасягнуў 1,4 млрд. даляраў. Украіна сама, з уласнай ахвоты (крадзеж газу цярпелі ўрады і ў Маскве, і ў Кіеве) дала Расеі новы сродак ціску. І сёньня, калі Масква злуе на празьмернае збліжэньне Ўкраіны з Захадам, яна пачынае проста нагадваць Кіеву пра даўгі, крадзяжы газу ды патрабуе кантролю над украінскай сеткай трубаправодаў.

Першая спроба расейцаў узяць пад кантроль украінскія трубаправоды мела месца ў 1996 г., калі на чале ўраду ў Кіеве стаў былы генэрал КГБ Яўген Марчук (сёньня старшыня Рады Бясьпекі Ўкраіны). Газпром прапанаваў тады стварыць сумеснае ўкраінска-расейскае прадпрыемства, якое займалася б транзытам газу на Захад. Узамен украінскіх даўгоў расейцы мелі атрымаць у ім палову акцыяў. Марчук падтрымліваў гэты праект, але яго тады заблякавала Вярхоўная Рада.

Вясной таго ж году група дэпутатаў выступіла з новым праектам прыватызацыі ўкраінскіх газаправодаў – для замежнага інвэстара ў ім было прадугледжана 49% акцыяў, кантрольны ж пакет меў застацца ў руках ураду. Новы праект пастановы таксама атрымаў падтрымку прэм’ера Марчука, хоць ніхто й не сумняваўся, што галоўным замежным інвэстарам будзе Газпром. Калі б яму ўдалося ўзяць пад кантроль украінскія газаправоды, ён усталяваў бы поўны кантроль над украінскім энэргетычным рынкам.

Існуе, праўда і іншы пункт погляду на гэтую праблему. “Прарасейская пазыцыя Марчука – гэта прагматызм. Калі расейцы выканаюць свае пагрозы і пачнуць пастаўляць газ на Захад, мінаючы Ўкраіну, дык мы страцім 30 млрд. кубамэтраў газу штогод, якія атрымліваем за транзыт. Наша краіна стане перад пагрозай энэргетычнага крызысу, бо мы ня зможам плаціць за газ гатоўкай. Апроч таго, нашыя газаправоды знаходзяцца ў фатальным стане. У Газпрому ёсьць грошы, каб іх аднавіць. Мы ня маем іншага выйсьця, апроч як дамаўляцца з расейцамі”, – піша блізкая да Марчука газэта “Дэнь”.

Некаторыя ўкраінскія экспэрты мяркуюць, што адзіным спосабам атрымаць незалежнасьць ад Газпрому для Ўкраіны зьяўляецца закупка хаця б мінімальных аб’ёмаў хай сабе і даражэйшага газу з Нарвэгіі, арабскіх краінаў ці з Туркмэністану.

Але, калі віцэ-прэм’ерка Юлія Цімашэнка, адказная за энэргетыку, выступіла ў чэрвені з праектам пабудовы падводнага трубаправоду з Туркмэністану, прэзыдэнт Кучма востра скрытыкаваў ейны праект. Пасьля кастрычніцкага спатканьня ў Сочах з Пуціным Кучма назваў цалкам нявыгадным праект працягу да Ўкраіны газаправоду, што мае пастаўляць у Польшчу газ з Скандынавіі. Кучма таксама згадзіўся, каб дзяржава прыняла на сябе доўг украінскіх прыватных фірмаў. Пасыўнасьць украінскіх уладаў можа прывесьці да таго, што за нейкі час Газпром і іншыя буйныя расейскія фірмы, пачаўшы з энэргетыкі, возьмуць пад кантроль усю ўкраінскую эканоміку. Гэтага ня будзе ні сёньня, ні заўтра, але ясна, што ў Расеі дастаткова энэргіі, каб за якія гадоў 40 стаць эканамічным гегемонам у рэгіёне.

 

Самалёты Газпрому з касэтамі і CD

Баўгарыя гэтаксама знаходзіцца сяньня ў поўнай залежнасьці ад паставак расейскага газу. Яна хранічна ня плоціць, расейцы прыгразілі закрыць кран, на што Баўгарыя адказала пагрозай спыніць транзыт расейскага газу ў Турцыю. Таму кіраўніцтва Газпрому ўжо некалькі гадоў нібыта пралічвае магчымасьць пабудовы падводнага трубаправоду да Турэччыны. Пытаньне толькі ў тым, наколькі гэта ня блеф, якім, у прынцыпе, зьяўляюцца ўкраінскія праекты падводных трубаправодаў з Грузіі.

Калі Сафіі бракуе гатоўкі на бягучыя аплаты (30% разьлікаў адбываюцца праз бартэр), дык Газпром, як і ва Ўкраіне, прапануе ўзамен даўгоў дапусьціць яго ў нафтахімічную прамысловасьць краіны і перадаць яму рэгіянальную сетку газаправодаў.

Два гады таму Газпром узамен за частку дзяржаўнага доўгу атрымаў ад дзяржаўнага канцэрну Булгаргаз, уласьніка баўгарскіх газаправодаў, ягоныя акцыі фірмы Топэнэрга, што займаецца камэрцыйным продажам газу ў Баўгарыі, і стаў ейным адзіным уладальнікам. Неўзабаве пасьля таго паміж Булгаргазам і Топэнэрга выбухнула вайна тарыфаў, што прывяла да кароткачасовага спыненьня падачы газу ў пяць баўгарскіх местаў. Газпром пачаў адкрыта імкнуцца да таго, каб газ ад яго купляў не Булгаргаз, а баўгарскія фірмы, чые акцыі належаць расейцам. Сёньня сетка газаправодаў усё яшчэ цалкам належыць Булгаргазу, і гэта адзіны інструмэнт у баўгараў, каб абараніцца ад Газпрому.

Аднак, можна меркаваць, што падчас чарговае крызы Газпром запатрабуе ад Сафіі, каб тая аддала яму частку акцыяў сваіх газаправодаў. За такое разьвязаньне выступаюць сёньня шэсьць фірмаў, што працуюць на баўгарскім энэргетычным рынку. Баўгарская прэса лічыць, што тамтэйшы паліўны рынак знаходзіцца пад кантролем посткамуністычнай намэнклятуры, якая праводзіць інтарэсы Газпрому. Магутная фірма Multigroup, закладзеная вышнімі афіцэрамі спэцслужбаў у 80-ыя гады, была злоўленая на тым, што рабіла пірацкія касэты й кампакт-дыскі, а пасьля вывозіла іх у Расею на самалётах Газпрому. У 1997 г. паважны баўгарскі часапіс “Стандарт”, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ад спэцслужбаў, абвінаваціў пасла Расеі ў Сафіі ў вярбоўцы ўплывовых грамадзкіх дзеячоў на карысьць Расеі і Газпрому.

 

Вугорцы адбараніліся. Пакуль

У спадчыну ад часоў сацыялізму Газпрому дасталася манаполія на пастаўкі газу й на вугорскі рынак. Самі вугорцы здабываюць 30% патрэбнага ім газу, рэшта ідзе з Расеі. Хаця над трубаправодамі, што праходзяць праз Вугоршчыну (газ па іх ідзе на Балканы і ў Румынію) кантроль захаваў вугорскі ўрад, ужо на пачатку 90-ых было створана супольнае прадпрыемства Газпрому і вугорскага паліўнага манапаліста MOL. У фірме пад назвай Panrusgaz абодва ўдзельнікі маюць па 50%.

Стварэньне супольных фірмаў Газпрому зь мясцовымі манапалістамі – клясычная схема дзеяньняў канцэрну ў посткамуністычнай Эўропе. У 1996 г. расейскі гігант гэткім чынам узяў пад кантроль банк АЕВ, што займаўся часткай разьлікаў і фінансаваньня дзейнасьці Газпрому ў рэгіёне – прымаў, напрыклад, аплату за пастаўкі газу ў Аўстрыю й Чэхію.

Нядаўна паміж Газпромам і MOL выбухнула вайна. Справа была ў двух вугорскіх хімічных фірмах – BorsodChem i Tiszai Vegyi Kombinat (TVK) – якім MOL пастаўляў расейскія нафту і газ. Улетку Газпром праз падстаўныя фірмы раптам пачаў скупляць акцыі BorsodChem i TVK і стала ясна, што ён паспрабуе ўзяць пад кантроль гэтыя фірмы. Ад яго імя на будапэшцкай біржы дзеяла зарэгістраваная ў Ірляндыі Milford Holdings Ltd.

Калі справа ўсплыла, Газпром публічна прызнаў сваю зацікаўленасьць у вугорскім хімічным сэктары і спробу ўзяць пад кантроль гэтыя прадпрыемствы. Напрыканцы верасьня абарот акцыяў гэтых прадпрыемстваў раптам павялічыўся, а празь некалькі дзён кіраўнікі трох прадпрыемстваў зь відавочнай палёгкай паведамілі, што MOL, узяўшы вялізныя крэдыты, змог павялічыць сваю долю ў капітале TVK да 32%. Долю ж Газпрому, атрыманую празь іншыя фірмы, ацэньваюць прыблізна ў 20%. Гэта значыць, бітву за TVK выйграў MOL.

Вугорцы лічаць, што абаранілі гэтым разам ад Газпрому сваю хімічную галіну. Вугорскі друк выказвае меркаваньне, што ў гэтай складанай справе не абышлося без дапамогі занепакоенага расейскай экспансіяй правага ўраду Віктара Орбана. Аналітыкі кажуць, што Газпром спрабуе займець базы ў Эўразьвязе, а адным з самых лёгкіх спосабаў дасягнуць гэтага зьяўляецца заваяваньне пазыцыяў у краінах, што маюць неўзабаве ўвайсьці ў Эўразьвяз.

 

Нашто Славаччыне С-300

У лютым 1996 г. тагачасны пасол Расеі ў Славаччыне С.Ястржэмбскі заявіў: “Сярод постсацыялістычных краінаў толькі Маскве й Братыславе ўдалося стварыць новую мадэль узаемінаў. Братыслава разумее нашыя апасеньні наконт пашырэньня NАТО на ўсход, чаго нельга сказаць пра Прагу, Будапэшт ці Варшаву. З гэтага пункту гледжаньня Братыслава, на наша задавальненьне, зьяўляецца выняткам”. Гэтая цытата выдатна перадае атмасфэру над Татрамі ў 1994-96 г., калі пры ўладзе знаходзілася антызаходняя папулісцкая кааліцыя Мэч’яра. Пацяпленьне стасункаў з РФ выразна супадае з пачаткам прэм’ераваньня Мэч’яра. Ён падпісаў з Масквой цэлы шэраг дамоваў аб супрацоўніцтве, у прыватнасьці, між выведкамі абедзьвюх краін. Зганьбаваная сэрыяй скандалаў (тым жа выкраданьнем сына прэзыдэнта Ковача) славацкая выведка школіла сваіх агентаў у Маскве.

Славакія цалкам залежыць ад паставак нафты і газу з Расеі. У 1997 г. падчас візыту прэм’ера Чарнамырдзіна (якога славацкія журналісты назвалі “спадар Газпром”) было падпісанае пагадненьне, паводле якога (падобна, як і ў Вугоршчыне) паўстала супольная фірма Газпрому і славацкага дзяржаўнага манапаліста SPP – Slovrusgas, у якой абодва ўдзельнікі мелі па 50%.

Празаходняя частка славацкага грамадзтва пачала біць трывогу, што, маўляў, гэта толькі этап на шляху расейскай экспансіі ў Чэхію. Казалі і пра тое, што празьмерная залежнасьць ад газпромаўскіх паставак перашкодзіць інтэграцыі з Захадам. Непакой узмацніўся цяпер, калі зьявіліся й іншыя прыкметы эканамічнай актыўнасьці Расеі ў Славаччыне. Найгучнейшай справай было так званае разблякаваньне доўгу – Масква засталася вінная Братыславе з часоў сацыялізму больш за мільярд даляраў, але ня сплочвала іх, бо ня мела грошай. За Мэч’яра быў прыдуманы мэханізм аплаты гэтай сумы расейскімі прамысловымі вырабамі і сыравінай. Абслугоўваць гэтыя апэрацыі меў Devin Bank. У рамках гэтага гешэфту Славакія атрымала сыстэму проціракетнай абароны С-300, праўда, каб хто патлумачыў, нашто ён той Славаччыне патрэбны… На дадатак да ўсяго ён яшчэ й несумяшчальны са стандартамі NАТО, куды мерыцца ўступіць гэтая краіна.

Тое пагадненьне з Расеяй падпісаў адзін з хаўрусьнікаў Мэч’яра, дэпутат ад ягонай партыі Дуцкі. Сваю пасаду ён атрымаў незадоўга да візыту, і таму прэса адразу пракамэнтавала гэта як падрыхтоўку да заключэньня пагадненьня, тым больш, што папярэднік мэч’ярыста быў з гэтым пагадненьнем нязгодны. Дуцкі кіраваў SPP да канца эпохі Мэч’яра, а калі ў 1998 г. да ўлады прыйшоў празаходні хаўрус Мікулаша Дзурынды, Дуцкі злаўчыўся на разьвітаньне падпісаць немаведама колькі вэксаляў на астранамічныя сумы, што сягалі соцень мільёнаў карон.

Да сяньня невядома, у чые рукі тыя вэксалі трапілі. Адна з вэрсіяў кажа, што яны былі падпісаныя чыстымі і толькі пытаньне часу, калі нехта зь сябручкоў Дуцкага запоўніць іх, — што можа выклікаць крах ня толькі SPP, але й дзяржбюджэту.

Празь некалькі месяцаў пасьля адстаўкі Дуцкага знайшлі з прастрэленай галавой на лесьвічнай пляцоўцы ля ягонай кватэры. Яго прызнаньні маглі прывесьці да скасаваньня тых вэксаляў. Нехта, відаць, пабаяўся страціць вялікія грошы.

 

Чэхі паляць нарвэскі газ

Прага яшчэ ў сярэдзіне 90-ых паставіла перад сабой задачу атрымліваць энэргетычную сыравіну з розных крыніцаў і ў 1996 г. падпісала дамову пра пастаўку нафты з Нарвэгіі празь Нямеччыну. Праз год дзяржманапаліст продажу газу фірма Transgas падпісала з нарвэскім GFU кантракт тэрмінам на 20 гадоў. Паводле яго, чэхі штогод купляюць у немцаў і нарвэжцаў 20% газу, а рэшту і надалей пастаўляе Газпром. Такая прапорцыя тлумачыцца тым, што расейскі газ усё ж таньнейшы, але трубаправоды, па якіх ідзе пастаўка энэрганосьбітаў зь Нямеччыны і Нарвэгіі, маюць магутнасьці, якіх хопіць, каб забясьпечыць у разе патрэбы мінімальныя стратэгічныя патрэбы краіны.

 

Газпром-Рургаз

У Эўропе Газпром супрацоўнічае з “братнім” нямецкім канцэрнам Ruhrgas. Супрацоўніцтва іхнае цягнецца ўжо больш за чвэрць стагодзьдзя. Ruhrgas валодае 4% акцыяў Газпрому, а ў Газпрому ёсьць невялічкі пакет акцыяў Ruhrgas-у. Заступнік галавы Ruhrgas-у Бургард Бэргман засядае ў радзе дырэктараў Газпрому. З году ў год расьце аб’ём паставак газу ў Нямеччыну з Расеі – на сёньня ён складае 46% усяго нямецкага імпарту газу. Немцы і самі здабываюць газ – каля 20% патрэбнага, і пастаўкі Газпрому яшчэ не перавысілі крытычнай мяжы – закупак траціны газу ў аднаго пастаўшчыка. Але пры плянаваным павелічэньні паставак неўзабаве ўжо больш за палову нямецкага імпарту складзе газпромаўскі газ.

Расейскі Газпром — галоўны пастаўшчык газу і ў такія краіны, як Румынія, Францыя, Аўстрыя, Бэльгія, Турэччына. Цягам апошніх трох гадоў канцэрн падпісаў зь мясцовымі газавымі фірмамі, а таксама з брытанска-галяндзкай кампаніяй Royal Dutch Shell пагадненьні аб стратэгічным партнэрстве. Здаецца, і няшмат вынікае з тых пагадненьняў, але варта сабе ўявіць, што той Shell ці Ruhrgas купяць частку баўгарскіх ці румынскіх трубаправодаў. Чые інтарэсы яны будуць тады абараняць — урадаў, па чыёй тэрыторыі ідуць трубы, ці свайго галоўнага пастаўшчыка і стратэгічнага партнэра Газпрому?.. Гэтае самае важнае пытаньне і мусіць быць клопатам усіх краінаў, бо йнакш яны ўсе аднойчы могуць стаць закладнікамі гіганцкае манаполіі, якая дыктуе ўсім свае ўмовы. Але пакуль што Эўропа, здаецца, мала зважае на гэта...

Язапат Змысла

паводле Gazety Wyborczej


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0