Зьміцер Бартосік

«Жыву тут, таму й ня ведаю...»

 

Добра было б заехаць у гэтую вёску выпадкова. Нічога ня ведаючы пра падзеі дваццатага году. Ні з энцыкляпэдыяў, ні з газэтных артыкулаў. Ехаць сабе па сваіх неадкладных справах, любавацца прыгожымі слуцкімі краявідамі, пагоркамі, парослымі хваёвым лесам. Раптам зьвярнуць увагу на агромністы пяшчаны кар’ер перад чарговай вёскай. А пад’ехаўшы да вёскі, крыху сьцяцца ад яе назвы. «Грозава». Грознага ў краявідзе вёскі знойдзецца няшмат. Але калі выехаць на яе галоўны пляц, на якім замест царквы стаяць абшарпаны клюб і крама, дык на іх тле позірк сам выхапіць вялізны драўляны крыж з прымацаванаю жалезнаю «Пагоняю» й шыльдаю пад ёю. На якой вандроўнік па самай савецкай з савецкіх земляў прачытае: «Тут быў сфармаваны грозаўскі полк, які ўдзельнічаў у Слуцкім антыбальшавіцкім паўстаньні ў лістападзе-сьнежні 1920-га году». А праз квартал ад гэтага крыжа відаць ружова-балотнае выцьвілае палотнішча па-над сельсаветам. Міжволі кожны сустрэчны можа падацца калі ня слаўным нашчадкам паўстанцаў, дык прыродным нацыяналістам. І можна з палёгкаю на душы працягваць свой шлях далей. Ведаючы, што ёсьць яшчэ ў нас месцы, дзе не дадуць чапаць «незарэгістраваныя» сымбалі.

Але я ведаў, куды ехаў. Вядома, я не чакаў сустрэць жывых сьведкаў тых баёў. Мне б хапіла проста словаў удзячнасьці на адрас палеглых. Ці нейкага слова-адгалоска тых падзеяў. Якое праз пакаленьні данесла б сэнс таго, што тут адбывалася.

Пачаць сваё апытаньне я вырашыў зь нестарой, з густам апранутай кабеты, што йшла ў краму.

«Гэта такія даўнія падзеі, ні з чым не зьвязаныя. А мы ўсе тут прыежджыя».

Далей я рызыкнуў падысьці да дзьвюх бабулек, што жывенька гаманілі на прызьбе. І нарваўся.

«Пра гэтых балахоўцаў? Пра гэта бацька мне расказваў. Дык гэтыя ж бандзіты былі. Іх іначай не называлі, як бандзіты».

Раптам гаворка перайшла на савецкіх партызанаў.

«Кублатросамі звалі».

— А вы самі ня грозаўскія?

«Тут самых карэнных жыхароў няма. Уся навалач. Тут усе наежджыя».

Між тым на пляц выйшлі два хлапцы гадоў па дзесяць. Я вырашыў запытацца ў іх — што гэта за крыж стаіць?

«А гэта крыж дзядам. Тут у нас каля Слуцку былі абаронцы. Вось ім паставілі, у гонар ваенных людзей. За вызваленьне».

— А з кім біліся?

«З фашыстамі ў 1943-м годзе. Слуцкае паўстаньне? Ня чулі нічога».

Тое, што хлопчыкам у школе «прамылі мазгі», гэта ня дзіўна. Дзіўна тое, што яны ў свае дзесяць гадоў ня могуць прачытаць шыльду на крыжы. А хутчэй за ўсё, проста ня маюць такога жаданьня. Не прыходзіць у галаву.

Болей губляць часу ў такім «навалачным» Грозаве я не схацеў. Дзякуй і на тым, што не падымаецца рука паваліць той крыж. Я рвануў на іншы бок былога тэатру вайсковых дзеяньняў. У Семежава. Гэта ўжо было мястэчка. З Палацам культуры. З кварталам пяціпавярховікаў, абкладзеных «кабанчыкам». З тыпавым абэліскам палеглым у апошнюю вайну воінам Чырвонай Арміі — жаўнер са сьцягам, пафарбаваны срэбнаю фарбай. І — як у пакінутым за паўсотні кілямэтраў адсюль Грозаве — прыгожы беларускі крыж. З прымацаваным бел-чырвона-белым вянком. І, як у Грозаве, крыж жыў сваім жыцьцём. Больш багатым і напоўненым за жыцьцё тутэйшага люду. Які шарахаўся ад майго мікрафона, нібы ад пісталета. Які ня мог сказаць і двух словаў пра Слуцкае паўстаньне, хаця б тых, што напісаныя на крыжы, а ўжо тым больш выказаць сваё стаўленьне да таго збройнага чыну. Але ўсё ж мне пашанцавала. Трапілася мне адна прыгожая старая, якая сказала няшмат. Але адначасова й многа.

— Адна бабуля казала, што тут расстрэльвалі. А каго? Ну, нейкіх белагвардзейцаў, ці каго... Я ня ведаю добра. Я з дваццаць другога году. А паўстаньне было ў дваццатым. Чула, што расстрэльвалі, а каго-што — ня знаю. То красныя наступалі, то белыя наступалі. Хто ведаў, што будзе? Якая ўлада лепшая? Ніхто ня ведаў. Гэтак, як і мы. Я думаю, хто нам будзе лепш? Хто яго знае. Згодныя Вы ці не?

— Лепш свая.

— А якая свая? Каторая свая, а каторая чужая? Бог яе ведае, каторая свая, а каторая чужая. І то свае людзі, і то свае людзі.

Думаючы над гэтым нібыта простым бабульчыным пытаньнем, я ехаў у сталіцу краю, горад Слуцак. Пасьля тых стагодзьдзяў самых разнастайных акупацыяў паспрабуй разьбярыся, хто свае, а хто чужыя. Менш за ўсё хацелася думаць пра тое, што і ў Слуцку мяне чакае такая ж няўдзячнасьць нашчадкаў да тых, хто сваім жыцьцём вырашыў заплаціць за адказ на тое старое беларускае пытаньне.

Вечаровы невялікі горад зьдзівіў колькасьцю машынаў на цёмных вуліцах. Рух сапраўды сталічны. Як, зрэшты, і колькасьць мінакоў у цэнтры гораду. Я стаў на галоўным пляцы, пад помнікам Леніну, дастаў мікрафон. І пачаў задаваць случакам адно пытаньне — ці чулі яны што-небудзь пра слуцкі збройны чын. На кожных прыкладна пяць чалавек, што ня чулі нічога, прыпадаў адзін, хто нешта ведаў. Вось што кажа гэты прыстойна апрануты спадар.

— Ведаю вельмі нямнога. Узбунтаваліся супраць бальшавікоў у свой час. І праз сорак дзён, ці праз паўтара ці два месяцы паўстаньне падавілі. Мае адносіны вельмі станоўчыя. Больш няма чаго дабавіць.

Наступны йшоў невысокі мужычок з авоськаю. «Не, ня ведаю. Бо я сам не беларус, а прыежджы. Жыву тут, таму й ня ведаю».

Жыве тут, таму й ня ведае. Расейскі мужык сам не заўважыў, які ёмісты выдаў афарызм. Потым мяне чакаў цэлы шэраг людзей рознага веку й выгляду, якія «паняція не імелі». Пакуль не патрапіўся тыповы пралетар у кепцы.

— Чытаў «Шлях Ільіча»... ой, «Слуцкі край». Газэта. Полк слуцкі нейкі быў. Працягу ня ведаю.

— А вашыя адносіны?..

— Канечне, змагацца з бальшавікамі! Гэта адназначна. Я ў гэтым не сумняваюся ніколькі.

Вельмі інтэлігентны студэнт у акулярах:

«Чуў. Змагаліся за свабоду беларускага народу. Супраць расейскіх захопнікаў. І са школы чуў, і па радыё й тэлебачаньні раней гаварылі. Я цалкам падтрымліваю гэта».

Мужчына, яўна зь цяжкім лёсам, а можа й крымінальным мінулым:

«Увогуле ня чуў нічога. У шэсьцьдзясятыя гады было паўстаньне. Калі суд палілі. А ў дваццатыя ня чуў нічога».

А вось тыя, хто абавязкова, па роду службы, павінен ведаць пра 20-ты год. Міліцэйскі патруль.

«Ну было такое, як цяпер БНФ. У дваццатым годзе не было БНФ. Але такія замест іх. Каторыя ўсё выступаюць, і ня знаюць, чаго дабіваюцца».

Далей — цікавая трансфармацыя ў часе. Я гутару з прыгожай кабетай.

«Абсалютна нічога ня чула. Чула, што дваццаць трэцяга забастоўка прадпрымальнікаў будзе. Можа, гэта адно і тое?»

Жанчына яўна жыве па-за часамі... Сыходзіць з пляцу мне не хацелася, нягледзячы на тое, што парадкам зьмерз. Здавалася, я яшчэ не пачуў самага галоўнага адказу. Нарэшце сустрэў сытага маладзёна, пасьля адказу якога вырашыў пакінуць Слуцак. «Чуў. Ну, увогуле прадразьвёрсткі тут гэтыя былі. І паўстаў народ троху. Абыякава мне гэта ўсё».

Насамрэч, адказ на тое бабульчына пытаньне вельмі просты. Свая ўлада — гэта тая, пры якой народу не прыходзіць у галаву хапацца за зброю. Ці то камень, ці то стрэльбу. І дзякуй Богу, што прыклад, дадзены 80 гадоў таму, не прайшоў незаўважана. Хай пакуль для меншасьці.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0