Сяргей Харэўскі 

Розная памяць

 

Неяк у грузінскім мястэчку Горы, тым самым, дзе нарадзіўся «правадыр народаў», я спытаўся ў дзядоў, што сядзелі перад хатаю, у якім баку музэй Сталіна. Дазнаўшыся, што я зь Беларусі, яны ўтрох выклікаліся мяне правесьці. Я быў ад душы рады гэткаму выпадку, бо тыя дзяды навыперадкі распавядалі мне пра свой горад. Перада мною паўстала ледзь ня ўся 1000-гадовая гісторыя краю. Калі ж дайшла гутарка да Сталіна, старыя раптам не паладзілі. Не, не... Яны ня ставілі пад сумнеў палітычныя перакананьні ці мэтады свайго земляка. Зямляцтва для грузінаў рэч сьвятая. Дык вось, адзін зь дзядоў красамоўна вывеў генэалёгію Сталіна ад Пятра І, не забыўшы пры тым уплесьці, што й расейскі цар сам меў у жылах кроў грузінскіх князёў Багратыёні. Другі яму запярэчыў і давёў, ня менш пераканаўча, што Сталін — нашчадак Пржавальскага. А трэці, відаць, усё ж крытычна настроены, вытлумачыў, што Сталін наагул не грузін, а асецін. У кожным разе гэта цікава было слухаць. Ніякіх падобных спрэчак у Беларусі я ня чуў. Ну хто б у нас выводзіў радавод Машэрава аж з 17 стагодзьдзя? Беларусы збольшага мала цікавяцца гэткімі рэчамі. Роўна ж як і праўдзівай гісторыяй свайго краю.

Аднаго разу на Паміры я наўздагад запытаўся першага стрэчнага міліцыянта пра руіны крэпасьці, якую я быў пачаў фатаграфаваць. І міліцыянт распавёў у агульных рысах гісторыю фартэцыі ад 5 стагодзьдзя да нашае эры. Скончыўшы, паціснуў руку ды пайшоў па сваіх справах. Праз колькі дзён я спраўдзіў ягоныя словы ў энцыкляпэдыі, і ўсё аказалася праўдаю. Далібог, не магу ўявіць сабе беларускага міліцыянта, які б распавёў пра гісторыю Быхаўскага ці Любчанскага замкаў. Хоць бы й словамі зь якога даведніка.

Прасьцей замяніць сваю гісторыю на чужыя байкі. Напрыклад, пра добрых расейскіх цароў. Ці пра Суворава, які павесіў свой картуз на бярозу. Калі ж распавядаць пра ордэн картузіянаў, які дапамагаў і касьцюшкоўцам, і паўстанцам 1832 году, то зьмяняецца наагул сыстэма вартасьцяў. «Вызваліцелі» становяцца ворагамі.

Зусім неабавязкова кожны народ павінен нагэтулькі прасякацца сваёй гісторыяй, як тыя грузіны. Вельмі спакойна ставяцца да сваёй нацыянальнай гісторыі, напрыклад, галяндцы, італьянцы ды французы. Але тамтэйшая гісторыя нагэтулькі калясальная, што ўжо належыць цэламу сьвету. І ў паасобных прадстаўнікоў гэтых нацыяў няма ніякае пэрсанальнае адказнасьці за гістарычную памяць.

Але вось жа скандынавы ставяцца да сваёй спадчыны з кранальнай рупнасьцю. Ісьляндцы вучаць дзяцей складаць новыя сагі й чытаць старажытныя на памяць. Бо помнікаў у іх зусім каліва, а сагі мусяць зьберагчы ісьляндцаў. Гэта ж з тых самых сагаў і мы ведаем пра нашую гісторыю. Пра Полацак, напрыклад, і князя Ўладзімера ды пра першага сьвятога ў нашых землях, Торвальда Вандроўніка. А нарвэгі ведаюць на памяць усіх сваіх прэм’ер-міністраў ды адзначаюць Дзень Канстытуцыі не раўнуючы як Каляды. Швэды ня толькі зьберагаюць стогадовыя сьвірны ды пуні, але й ведаюць імёны іх будаўнікоў і гаспадароў. Неверагодна, каб у Беларусі старая хата ці млын заносілася ў каталёг разам з імёнамі іхных колішніх уласьнікаў. Пра гэта ня варта пытацца нават у Музэі народнага дойлідзтва, што пад Строчыцамі.

Але гістарычная памяць — рэч зьменлівая. Калі нацыя хоча нешта забыць – дык і забывае. Партугальцы, грэкі, гішпанцы разьвіталіся са сваім фашыстоўскім досьведам, і ня надта хто цяпер пра тое хоча гаварыць. Нібы вымылі рукі. Немцам гэтак зрабіць не даюць. І немцы праз тое атрымалі комплекс. Вывернутай памяці. Дзе апошняе стагодзьдзе перакрэсьлівае ўсе папярэднія.

Калі нацыя хоча, каб ейнае гістарычнае самапачуцьцё вызначала дзень сёньняшні, то й для гэтага ёсьць няхітрыя мэханізмы. Гістарычная памяць — рэч неўміручая. Адно толькі яе трэба даглядаць, як... сад. Ангельцы выдаюць коміксы паводле Шэксьпіра, французы ладзяць рыцарскія фэсты, амэрыканцы даюць штогод прэміі народным майстрам і выканаўцам. Памятаю, як у дзяцінстве я быў уражаны польскімі дзіцячымі кніжкамі ды часопісамі. Нацыяналізм там фантанаваў. Усепераможныя польскія рыцары, крылатыя гусары ды Канстытуцыя 3 траўня, горыч падзелаў, мундуры часоў Пілсудзкага...

Зусім нядаўна нешта падобнае пачыналася і ў Беларусі. Завіравала было краязнаўства. Людзі зачытваліся Караткевічам, Арловым, Тарасавым. Іхныя кнігі выходзілі вялізнымі, як па сёньняшніх мерках, накладамі. Выходзілі й разыходзіліся. І пасьмялелыя старыя пачалі ўжо казаць праўду...

Як толькі афіцыйна была прызнаная праўда пра Курапаты, раптам людзі ўспомнілі дзясяткі такіх месцаў па ўсёй Беларусі. І мову сваю таксама ўспомнілі. А якая ж памяць бяз мовы?

Цяпер ізноў ня помняць.

Але, як той пяяў, «і гэты лад не назаўсёды». І будзе шчэ той час, калі кожны стрэчны міліцыянт у Быхаве ці Любчы распавядзе мне пра тамтэйшыя замкі ўсё як сьлед.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0