Сяргей Абламейка

Каталёнскія падабенствы

 

У Каталёніі ня думаецца пра Сэрвантэса... Тут горы... І вадзяныя млыны замест ветракоў.

Уздоўж мора ў курортных мястэчках Каталёніі - прамэнады з прысадамі: пальмы ды плятаны. Сеў пад плятанам. За сьпінаю, падаючы, шаргаціць лісьце. Думаю, чэрвень, а лісьце падае. Павярнуўся - з буйных галінаў у кроне плятана падае кара...

Хрушчы ў Каталёніі мажнейшыя за беларускіх.

Як і ў брудным паветры над Менскам, у небе пры беразе Міжземнага мора ў Каталёніі амаль не відаць зораў. І гэта пры тым, што аблокаў няма ні ўдзень, ні ўначы.

Як і большасьць беларусаў, большасьць каталёнцаў - людзі невысокія. Яны мажныя, дзябёлыя, твары ў іх буйныя і шырокія, суадносіны памераў галавы і тулава - як у нас, гэта значыць, галава адносна цела большая, чым у астатніх эўрапейцаў.

Каталёнцы ядуць падобныя зь беларусамі стравы. Як і ў нас, сьвініну ня вэндзяць, але вяляць. Ідзеш па вуліцы, а ў вокнах крамаў - бясконцыя кумпякі ды паляндвіцы. І смак той самы, і, асабліва, характэрны падцьвілы пах, нібы у сялянскай каморы недзе пад Мірам. Натуральна, што і каўбасы ня вэнджаныя, а вяленыя, зацьвілыя. Славутая paella з марскіх прадуктаў і рысу - больш для турыстаў, а самі каталёнцы вельмі любяць сьвініну, трусоў, курэй, што добра відаць зь іхных паставаў.

Каталёнскія мужчыны любяць тоўстых жанчын. Бо іншых ня маюць. Зразумела, чаму каталёнец Сальвадор Далі маляваў такіх цяжкіх кабетаў і чаму пабраўся з такой жа францужанкай Галяй.

Каталёнцы з твару - менш смуглявыя за гішпанцаў, маюць сьвятлейшыя валасы і вельмі ня любяць баі быкоў - карыду. Гэта - звычай кастыльцаў. Але арэны маюць - для гасьцей і мясцовых гішпанцаў.

Замест карыды каталёнцы любяць танчыць сардану - свой нацыянальны танец. Бяруцца за рукі і ў такт музыцы робяць крокі ўзад і ўперад. Калі хто ведае, ёсьць і ў нас такі танец...

Як і беларускія сяляне па-расейску, каталёнскія вяскоўцы ня надта ўмеюць гаварыць па-гішпанску. Сярэдняе пакаленьне іх, калі трэба гаварыць па-гішпанску, гаворыць на трасянцы, а старэйшыя - гішпанскай ня ведаюць наагул.

Каталёнская мова ня мае нічога супольнага з гішпанскай, яна сваячка правансальскай гаворкі. Усё проста. Як на Заходнім Палесьсі. Ці амаль так.

У турыстычных даведніках можна прачытаць, што ў гішпанскай і каталёнскай - 60 адсоткаў супольнай лексыкі. Гэта гішпанская інтрыга. У ангельскай і францускай - 70 адсоткаў супольнай лексыкі, а мовы розныя.

Праз 40 гадоў дыктатуры Франка, калі каталёнская мова і культура былі пад забаронай, толькі каталіцкая царква карысталася каталёнскай мовай як афіцыйнай. Ніхто не зьвяртае ўвагі на гэтую асаблівасьць каталіцтва... Добра каталёнцам - яны адной веры.

Дарожныя ўказальнікі на аўтатрасах - дзьвюхмоўныя: спачатку па-каталёнску (Sortida - выхад, зьезд), а пасьля па-гішпанску (Salida); а вось у Барсэлёне часта - толькі па-каталёнску. Надпісы на вакзалах - дзьвюхмоўныя: па-каталёнску і па-гішпанску. Назвы ўстановаў у Барсэлёне - па-каталёнску. У мэтро і цягніках прыпынкі абвяшчаюць на дзьвюх мовах. Едзеш у мэтро - дзьве мовы, як у Беларусі на вакзалах. «Дробнае непадабенства»: Каталёнія - правінцыя Гішпанскага каралеўства, а Беларусь...

У каталёнскіх прыгарадных электрычках, якія тут называюць фанікулёрамі, праз увесь час руху з дынамікаў гучыць клясычная музыка. За гадзіну, якую я праехаў на фанікулёры, я пачуў творы Элга, Чайкоўскага і Бэтховэна.

Як і беларусы, каталёнцы шукаюць сваю даўніну ў кельтаў і выводзяць сябе ад іх.

Як і беларускія, старыя каталёнскія гарады ды мястэчкі забрукаваныя не часаным камянём, а глыжамі.

У Каталёніі - архітэктурная раскоша. Ёсьць цэлыя гарады, аблічча якіх не мянялася з ХІІ ст. - суцэльная раманіка. І сусьветнае багацьце. Катэдральны сабор Сьвятой Дзевы Марыі ў Жыроне, напрыклад, мае самы шырокі ў сьвеце гатыцкі нэф.

У архітэктуры старых будынкаў Барсэлёны - няўлоўны ўплыў мусульманства, нягледзячы на тое, што Каталёнія пазьбегла 500-гадовага арабскага панаваньня, што зазнала ўласна Гішпанія.

Дзівосны сплаў готыкі і ўсходу. Як у нас, у касьцёле Сьвятой Ганны ў Вільні...

Цікава, ці думаў каталёнскі архітэктар Антоні Гаўдзі, ствараючы ў Барсэлёне свой знакаміты на ўвесь сьвет комплекс-храм Сьвятая Сям’я (Sagrada Familia) ў стылі нэаготыкі, пра арабаў, мусульманства ды іхныя ўплывы? Ня ведаю. Але, блукаючы па комплексе, які яшчэ і зараз будуецца, я пераканаўся, што «аплаўленая готыка Гаўдзі» перамяжаецца ў ім з абсалютна арабскімі матывамі. Як і ў славутым парку Мігеля.

Сант Джоан (Sant Joan) - каталёнскае Купальле. У ноч з 23 на 24 чэрвеня па ўсёй Каталёніі паляць купальскія вогнішчы, скачуць церазь іх і танчаць нацыянальныя танцы. Лічыцца, што той, хто пераскочыць цераз купальскае вогнішча, будзе цэлы наступны год мець добрае здароўе. У купальскую ноч я праехаў на аўце 50 кілямэтраў уздоўж узьбярэжжа і ўбачыў многія дзясяткі такіх вогнішчаў. Некаторыя зь іх дасягалі 6-8 мэтраў у дыямэтры і нават больш. Ноч была сьвятлейшаю... Для некалі падбітых расейцамі беларусаў цікава даведацца, што кастыльцы (астатнія гішпанцы) Купальля не сьвяткуюць...

Купальлем падабенства беларускай сытуацыі з каталёнскай не вычэрпваецца. У 1137 годзе незалежнае графства Каталёнія аб’ядналася з Арагонскім каралеўствам, у выніку чаго ўзьнікла моцная каталёнска-арагонская дзяржава, дзе каталёнцы дамінавалі. Гэтая дзяржава ў 1469 годзе праз дынастычны шлюб Фэрдынанда Арагонскага з Ізабэлай Кастыльскай трапляе ў склад Гішпаніі... Пра Ягайлу, Ядвігу ды Крэва згадваць залішне...

Непадабенства. Падбітых каталёнцаў цэлы час нібыта падтрымлівалі на паўночным усходзе (!) французы, але, «у адрозьненьне ад беларусаў», яны ў склад Францыі ня трапілі... Цікава, ці лёс іх у Гішпаніі ня можа быць мадэльлю магчымага лёсу Беларусі ў Рэчы Паспалітай? Напэўна, не. Хаця гэтыя лёсы блізкія ў сваёй нядолі. У XVIII ст. каталёнцы занялі ня той бок (бок Габсбургаў) у вайне за гішпанскую спадчыну, за што былі пакараныя Філіпам V — ён пазбавіў іх аўтаноміі і забараніў каталёнскую мову.

Часавае падабенства з БНР у ХХ ст. У 1914 годзе каталёнцы абвесьцілі свой урад, які быў разгромлены гішпанскай дыктатурай Рывэры ў 1923 годзе.

Непадабенства. 40 адсоткаў шасьцімільённага насельніцтва Каталёніі - гішпанцы, і гэтыя гішпанцы сёньня актыўна вывучаюць каталёнскую мову і аддаюць сваіх дзяцей у каталёнскія школы, каб тыя маглі паступіць у ВНУ і мець будучыню ў Каталёніі. А ў Беларусі ведама што. Пры гэтым Каталёнія - адна з 17 правінцыяў Гішпаніі, а Беларусь...

Прыхільнікі незалежнасьці ёсьць сёньня ў парлямэнце правінцыі. Здаецца, праз 20-30 гадоў у Гішпаніі будуць праблемы, нягледзячы на тое, што сёлета Біл Клінтан прыводзіў каталёнцаў і брэтонцаў у якасьці прыкладу «разумных мяншыняў» у Эўропе. Каталёнцы, зразумеў я, яшчэ і дальнабачныя.

У пляжным жвіры - палоўка сланечнай семкі. Згледзеў і падумаў: во, нашыя людзі куды дабраліся. Аж пасьля ўбачыў, як каталёнская моладзь, седзячы на лаўках уздоўж прыморскай прамэнады, заўзята лускае семкі. Пайшоў у краму, а там іх поўна: сушаныя, проста смажаныя, смажаныя салёныя, моцна салёныя, у розных фасоўках і г.д. У краінах Цэнтральнай Эўропы семкі прадаюцца лушчаныя, у Каталёніі - як у нас.

Добра, што ў школе вучыў гішпанскую. Прынамсі адрозьніваю, калі на якой мове гавораць. Спытаўся па-ангельску (па-гішпанску не выпадала) у аднаго ўладальніка крамы, на якой мове ён размаўляе ўдома.

- Па-каталёнску, вядома, - адказаў той. - Гішпанская - гэта Франка! - І грэбліва патрэс пальцамі...

У велізарным паводле памераў барсэлёнскім музэі Пікаса, які ня быў каталёнцам, усе надпісы па-каталёнску. Кажуць, гішпанцы крыўдуюць...

У каталёнскіх гатэлях (чатыры зоркі!) перад сьняданкам пэўная катэгорыя турыстаў бяжыць да басэйнаў і сьцеле ручнікі на тапчаны ў лепшых, сонечных месцах, каб былі ўжо занятыя. «Пэўная катэгорыя» - расейскамоўныя. Яны (і яшчэ палякі) ня йдуць да мора, а толькі днямі пралежваюць ля басэйнаў. Пытаньне - ці варта было ехаць у Гішпанію? - рытарычнае. Справа, відаць, у прыгожых фільмах, дзе прыгожая публіка плавае ў прыгожых басэйнах і п’е джусы з прыгожых келіхаў...

Віно ня таннае. Можна знайсьці добрае. Асабліва смакуе белае купажнае. Напрыклад, купаж прывычнага Chardonnay з дагэтуль невядомым мне Parellada. У прыватнай крамцы сярэднявечнага гораду Бэсалу я знайшоў эксклюзыўную бутэльку мясцовага чырвонага - на сьвятло было відаць, як фарбуецца яго сіньню зялёнае шкло пляшкі, і... не купіў. Не хацелася насіць цэлы дзень з сабой, думаў, будзе нешта такое і ля мора... Пасьля на ўзьбярэжжы купіў і не адну чырвонага, і даражэйшыя, але такога не знайшоў і дагэтуль перакананы, што ў тога і «нос», і «язык» былі лепшыя. Калі выбіраеце віно і выбралі, купляйце адразу.

Каталёнскае піва Estrella Damm аказалася лепшым за мой улюбёны чэскі Staropramen.

У барах прыморскіх мястэчак Каталёніі прастытуткі больш прыгожыя, чым, напрыклад, у Празе. Зрэшты яны могуць быць пражанкамі, якія выехалі на лета да мора на заробкі - чэшкі ў Чэхіі амаль не працуюць. Непадабенства. У Беларусь путаны на заробкі ня едуць.

Люблю слухаць гітару флямэнка. Віртуозы сусьветнага ўзроўню ня ведаюць, звычайна, ніводнай ноты...

На канцэрце танцавальнага гурту андалюскіх цыганоў я, здаецца, зразумеў самую важную асаблівасьць гішпанскага танцу - яго несканчальнасьць. Дзясяткі кульмінацыяў і дзясяткі фіналаў пры бесьперапынным нарошчваньні тэмпу. Ну і плюс - пырскі імпэту з чарнявых вачэй танцоўшчыц.

Колькі б нам гадоў ні было, мы ўсё роўна робім памылкі. Мая каталёнская памылка - выезд у мора на скутэры падчас шторму. Жывы я застаўся, але жонка, паставіўшы камэру на набліжэньне, зьняла на відэа мой спалатнелы твар…

Перамога матэрыяльнага над духовым. Мы спазьніліся на аўтобус з экскурсіяй у музэй Пікаса, бо елі ў рэстарацыі засмажаных на вугольлі лянгустаў.

Дарога дадому. Перасякаем гішпанска-францускую мяжу, якая дзеліць тут каталёнцаў з каталёнцамі - яны жывуць і ў прылеглых раёнах Францыі. Па дарозе на Ліён перад паваротам на Тулюзу апошні раз кідаем вокам на прыбярэжныя марскія затокі, якія цягнуцца тут на дзясяткі кілямэтраў. Паміж імі далёка ў моры ляжаць заселеныя косы, якія прыгожа мільгацяць агнямі сярод вечаровага марскога сутоньня. Кіруемся на поўнач, у Чэхію, да народу, які ўсьлед за некалькімі спартовымі камэнтатарамі пасьля несправядліва прызначанага 11-мэтровага ўдару ў браму чэскай зборнай на футбольным чэмпіянаце Эўропы абвесьціў сябе «эўраскептыкам» і пачаў сур’ёзна пісаць дзясяткамі лісты ў газэты з заклікамі не ўступаць у Эўрапейскі Саюз. Маўляў, нашто нам тая Эўропа, калі эўрапейскія судзьдзі аддаюць перавагу галяндцам...

Едучы праз Францыю і кантактуючы з французамі толькі ў гатэлях, рэстарацыях і крамах, у прынцыпе, не пагаджаешся з Артурам Шапэнгаўэрам, які ў мінулым стагодзьдзі напісаў: «У некаторых частках сьвету водзяцца малпы, у Эўропе - французы. Адно другога вартае». Я б напісаў інакш - у кожнага ў Эўропе свае малпы... Затое з пэўнасьцю можна сказаць, што клімат і паветра ў Францыі - найлепшыя ў сьвеце.

Прага-Каталёнія-Прага
чэрвень-ліпень 2000 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0