Ці знойдзена Белая Русь?

А.Белы. Хроніка Белай Русі. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. – Менск: “Энцыкляпэдыкс”, 2000. – 238 с. Наклад 1000 ас. (Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”) ISBN 985-6599-12-1

 

Пошукі вытокаў назвы “Белая Русь”, дзякуючы намаганьням шматлікіх гісторыкаў-прафэсіяналаў, паўпрафэсіяналаў і проста аматараў, сталі нечым накшталт нацыянальнага віду інтэлектуальнай гульні. Няма ніводнай абагульняльнай кнігі па гісторыі Беларусі, школьнага ці ўнівэрсытэцкага падручніка, дзе б не падаваўся тузін вэрсіяў пра паходжаньне найменьня. Некаторыя спробы патлумачыць загадкавую “Белую Русь” выглядаюць навукова і нават праўдападобна, некаторыя – экзатычна, некаторыя – як з анэкдоту. Усё залежыць ад ступені падрыхтаванасьці аўтара і нават ад ягонага пачуцьця гумару. Ці ня дзіва, што найноўшая цалкам навуковая спроба разабрацца ў “Белай Русі” належыць пяру непрафэсійнага гісторыка? Але спроба гэтая, як выглядае, застанецца яшчэ на доўгія гады падмуркам нашае “альбарутэнікі”. Сьцьверджаньне аўтара пра тое, што “сапраўднае навуковае дасьледаваньне назвы “Белая Русь” толькі пачынаецца”, сьведчыць, што з гумарам у яго ўсё ў парадку.

Назва кнігі не падманвае – гэта менавіта хроніка – храналёгія зьмены сэнсу назвы “Белая Русь” цягам стагодзьдзяў. Алесь Белы сабраў як ніхто раней багата зьвестак пра Белую Русь з часоў найдаўнейшых і амаль да цяперашніх і зрабіў цікавыя высновы. Сам тэрмін – кніжнага паходжаньня, вядзе свой радавод ад каўкаскай Альбаніі (“белай зямлі”) антычных аўтараў. Прастору той Альбаніі старажытныя географы расьцягнулі аж да Далёкай Поўначы, таму ўжо ў ХІІІ ст. адукаваныя людзі ў Заходняй Эўропе ведалі, што недзе ў паўночнай Русі ёсьць Альбанія – зямля “белых” людзей, іншымі словамі, “Белая Русь”. Знайшліся гэтаму моўныя падмацоўкі – імя тамтэйшага народу “весь” для германскага вуха гучала амаль як “вайс” – г.зн. “белы” (а людзі тыя, дарэчы, былі адной з найбольш сьвятлявых этнічных груп былога СССР). Адсюль Белая Русь – перадусім Наўгародчына, Пскоўшчына, а калі гэтыя землі ў XV ст. захапіла Масква, дык і Маскоўшчына. Пасьля таго, як Іван Жахлівы заняў Полацкі павет, Белай Русьсю пачалі часьцей называць паўночна-ўсходнюю частку сучаснай Беларусі. Ну, і ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Белая Русь “ахапіла” ўсю цяперашнюю Беларусь.

Як бачна, найноўшая трактоўка “Белай Русі” вельмі арыгінальная. Калі раней сэнсавы націск рабілі на слова “Русь” (а Белая Русь тады – нейкая адметнасьць проста Русі), дык цяпер самастойнае паходжаньне вышукваецца ў тэрміне “Белая”. Калі лёгіку аўтара скарыстаць для адшуканьня каранёў тэрмінаў “Чорная Русь” і “Чырвоная Русь”, гэта таксама можа даць нечаканы плён. Праўда, з “Чорнай Русьсю” так ужо спрабавалі абысьціся. Недзе на тэрыторыі заходняй Беларусі, у зямлі яцьвягаў ляжала загадкавая Кірсновія, пэўна “Чорная зямля” (па-старажытнапруску “кірснан” – “чорны”). Некаторыя дасьледнікі ў Кірсновіі бачылі яцьвяскае племя кірснову, якое, такім чынам, перадала сваё імя Чорнай Русі. З Чырвонай Русьсю цяжэй. Пошукі якога-небудзь “чырвонага” народу ва Ўсходняй Эўропе не даюць выніку. Але вось старажытнагрэцкая назва Дзьвіны – Рубон — пераклікаецца з “Рубра Русія” сярэднявечных крыніц – той жа Чырвонай Русьсю.

Раней ува ўсіх пошуках сэнсу “Белай Русі” была адна тэндэнцыя, якую абмінуць немагчыма. Прынамсі з ХІІІ ст. “Русь” сталася агульнапрызнаным сынонімам праваслаўя, адсюль у “Белай Русі” шукалі адмысловы рэлігійны, і часьцей надзвычайны сэнс (асабліва чыстае праваслаўе?). Рэлігійны аспэкт не абмінуў увагай і Алесь Белы, але ён бачыць у гэтым толькі тэхнічную дэталь: уздым цікавасьці на Захадзе да Русі (і Белай Русі), а значыць, больш-менш масавае зьяўленьне адпаведных назваў на старонках дакумэнтаў назіралася тады, калі ўзьнікалі спадзяваньні на яе хуткі пераход у каталіцтва, заключэньне рэлігійнай уніі.

Увогуле аўтару больш даспадобы падыход “з пазыцыяў геаграфічнай навукі”, пры якім вялікая ўвага надаецца геаграфічным мапам. Надпіс “Белая Русь” на іх даволі часты госьць, хоць і вандруе з аднаго абшару на другі. Ці ёсьць патрэба шукаць тут нейкі сэнс? Мабыць, ёсьць, хоць, зь іншага боку, ня ўсе старыя картографы былі добрасумленныя. Кліенты патрабавалі ад іх паўнаты зьвестак, зважаючы на працы іх папярэднікаў. Калі раней на мапах была назва “Белая Русь”, дык найноўшыя картографы былі вымушаныя і на сваіх мапах яе зьмяшчаць: калі яны ня ведалі, дзе яна, ці для Белай Русі проста не было кутка, дык яе ссоўвалі некуды ўбок, на свабоднае месца.

Але ўсё гэта тэарэтычныя разважаньні, якія вынікаюць з досьледаў Алеся Белага. Што да канкрэтыкі, дык аўтар досыць сувора паставіўся да шматлікіх рамантычных уяўленьняў пра “Белую Русь”. Колькі разоў пісалася пра беларусаў у славутай паэме Яна Вісьліцкага “Пруская вайна”! Алесь Белы з цытатамі ў руках паказаў, што там упамінаюцца рутэты (русы, рускія). Удакладнены час зьяўленьня першай мапы, дзе ў загалоўку была “Белая Русь”. Абвяргаецца шырока распаўсюджаная думка пра Белую Русь у тытуле вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. Яшчэ раз паказаная беспадстаўнасьць сьцьвярджэньняў расейскага гісторыка XVIII ст. Васіля Тацішчава пра нібыта Белую Русь у ХІІ ст. на паўночна-ўсходняй Русі. Нарэшце, Алесь Белы адшукаў найранейшую (зь вядомых на сёньняшні дзень) згадку пра Чорную Русь у крыніцах – гэта нямецкамоўная хроніка Вугоршчыны Генрыха фон Мюгельна сярэдзіны XIV ст. Поўны сьпіс адкрыцьцяў Алеся Белага можна доўжыць і доўжыць. Аўтар шчыра запрашае да працягу працы па вывучэньні “Белай Русі”, называе найбольш імаверныя масывы гістарычных крыніц, дзе магчымыя новыя знаходкі, запрашае і да крытыкі сваіх пабудоваў.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0