04.12.2000 / 13:00

Уладзімер Содаль. Усе на Бангалор

№ 48 (205), 27 лістапада — 4 сьнежня 2000 г.


  Усе на Бангалор

Хто зь менчукоў ня ведае гэтае славутае назвы – Бангалор! Праўда, ня ўсе яе могуць вымавіць, выгаварыць. Шмат у каго язык заплятаецца. Адны кажуць “Багналор”, іншыя – “Багалор”. Дык жа ж і ня дзіва! Назва ж ня нашая! Яна прыйшла на нашу зямельку, здаецца, з Індыі і ўсталявалася на абшары колішняга менскага Камароўскага балота. Мо таму частка менчукоў і называе новую для сталіцы плошчу “Багна-лор”. Багна – гэта ж і ёсьць балота.

Цяпер мы Камароўкай называем толькі абсяг Камароўскага рынку. А ня гэтак яшчэ даўно Камароўкай называлі і цяперашні пляц Якуба Коласа. Памяць пра колішняе Камароўскае балота засьведчана і ў назвах вуліц: Першае Камароўскае кальцо, Другое Камароўскае кальцо. Мабыць, ёсьць і трэцяе. На абсягу колішняга Камароўскага балота была і так званая Балотная станцыя. Камароўскае балота займала аграмадную плошчу. Быў нават такі тапонім – Камароўскі выган.

На абшары колішняга Камароўскага балота разьмясьціўся і цяперашні парк Дружбы Народаў. Некаторыя гэты парк называюць паркам Сяброўства Народаў. Тут жа і аўтобусная станцыя. Назоў яе таксама нетутэйшы – Кульман. Цяпер гэтая мясьціна слаўная тым, што тут ладзяцца апазыцыйныя мітынгі, сходы, пікеты. Апазыцыянэры ня самі сюды ідуць. Сюды іх кіруе менская ўлада. Гэтая мясьціна ня вельмі прываблівае апазыцыянэраў. І зразумела: наводшыбе, пустэльна, ня вельмі людна. Як на нейкіх выселках! Нібы рэзэрвацыя якая! Выпраўляючы сюды апазыцыянэраў, улада нібыта кажа: “Мітынгуйце там сабе колькі хочацца, колькі вам улезе. Не бунтуйце толькі нам народ!”

А між тым колішняе Камароўскае балота ахінутае паўстанцкім духам і непакораю. У 1863 годзе гэтым балотам гналі па этапе гурт палонных паўстанцаў Каліноўскага. І вось, ідучы праз гэтае балота, а яно было тады скрозь парослае густымі хмызамі, дробным бярэзьнікам, каржакаватымі хвойкамі, паўстанцы, змовіўшыся папярэдне, разьбегліся па гэтых хмызах хто куды. Доўга іх тут вылоўлівалі, але ўсіх вылавіць не змаглі. Мне пра гэта расказваў стары беларускі геоляг Вячаслаў Шыдлоўскі. А ён чуў пра паўстанцаў ад якогась старога менчука.

На колішнім абшары Камароўскага балота паблізу Балотнай станцыі ацалела рэштка камароўскіх крываватых балотных бярозак, грыўкі каржакаватых балотных хвоек. Яны нам нагадваюць, якое яно было колісь – гэтае менскае Камароўскае балота.

З гэтага ж балота брала некалі вытокі менская рэчачка Пярэспа. Тут вадзілася розная жыўнасьць. Камароўскае балота – гэта раней быў цэлы сьвет. Але мінаў час, мяняліся яго краявіды. Зь імі мяняліся і назвы. Назва “Бангалор”, мусіць, павінна была сымбалізаваць пабрацімства між беларускай сталіцай і індыйскім горадам Бангалор. А атрымалася штось іншае: поблізу гэтай плошчы на пляцоўцы парку Дружбы народаў разгараюцца палітычныя жарсьці. Гэтыя жарсьці нічога супольнага з назваю «Дружба народаў» пакуль ня маюць. Тут хутчэй лунае паўстанцкі дух. Што ж да самой назвы Бангалор, ёсьць міжнароднае правіла: іншаземнымі назвамі нельга называць землі тытульнай нацыі, калі гэтыя землі маюць спрадвечныя назовы. Але ж для нашых дачасьнікаў законы ня пісаныя. Вось мы й ходзім на плошчу Бангалор, якая павінна сымбалізаваць дружбу народаў, каб выказваць незадавальненьне цяперашнім рэжымам у Беларусі. Так што калі наступным разам будзе кліч: “Усе на Бангалор!” – не бянтэжцеся асабліва, ідзеце: вас там чакае дух непакоры 1863 году. Хай гэты дух ніколі не пакідае нас, пакуль наша краіна не набудзе сваёй гармоніі, якая адпавядацьме яе назьве – Беларусь!

Выпакутаваў Уладзімер Содаль


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру