а. Аляксандар Надсан

Таямніца
брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл
гісторыя нязьдзейсьненай мары

 

Адной зь “белых плямаў” у гісторыі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі пачатку ХХ стагодзьдьзя ёсьць праект сэмінарыі ў Рыме, на заснаваньне якой княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравала брыльянтавае калье1  вялікай вартасьці. Праект застаўся прыгожай марай. Пра лёс калье доўгі час ніхто нічога ня ведаў. Першы зацікавіўся ім сур’ёзна ў 1957 г. біскуп (тады яшчэ сьвятар) Чэслаў Сіповіч у біяграфіі а.Фабіяна Абрантовіча2 . Паводле яго, выручаныя за продаж калье грошы трапілі да аа. марыянаў у Друі, якія выкарысталі іх на мэты, якія, — як відаць са зьместу, хоць аўтар сам гэтага ня кажа, — ня мелі нічога супольнага зь іхнім першасным прызначэньнем. Сіповіч таксама вельмі цьмяна гаворыць пра тое, ці гэта было зроблена зь ведама і са згодай дабрадзейкі. Наагул, сказанае Сіповічам выклікае больш пытаньняў, чым дае адказаў. Другі аўтар, Сяржук Абламейка, які ў 1995 г. у артыкуле “Невядомая Унія”3  прысьвяціў шмат месца гісторыі калье, абапіраўся на зьвесткі, узятыя з артыкулу Сіповіча, і дадаў да іх свае меркаваньні і здагадкі. Кароткія агульныя і недакладныя згадкі пра калье знаходзяцца ў іншых аўтараў4 .

Дадзены артыкул — спроба запоўніць “белую пляму” на аснове дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Ф.Скарыны ў Лёндане5 .

 

 

Магдалена Радзівіл балюча адчувала рэлігійнае разьяднаньне ў беларускім народзе і марыла пра аднаўленьне Грэка-Каталіцкай — або, як яе называлі, Уніяцкай — Царквы, зьнішчанай расейскімі ўладамі ў 1839 г. Яна ўважала, што за гэтую трагедыю ў вялікай меры былі адказныя прадстаўнікі беларускіх вышэйшых клясаў, а значыць, і ейныя продкі, якія дзеля выгоды прынялі рымскі абрад, пакінуўшы народ на волю лёсу і аслабіўшы Ўніяцкую Царкву. Гэта ўмацоўвала Магдалену Радзівіл у жаданьні дапамагчы адраджэньню Уніі, у чым яна мела шмат прыхільнікаў і аднадумцаў сярод беларускіх дзеячоў, асабліва сярод маладых рыма-каталіцкіх сьвятароў.

На думку Магдалены Радзівіл, дабро Уніі ў Беларусі “патрабуе беларускіх сьвятароў, усім сэрцам адданых ёй, і з намерам вытрываць у ёй да сьмерці”. Тымчасам у Беларусі зусім не было ўніяцкага духавенства. Першы крок, каб пераадолець гэтую перашкоду, з думкаю пра будучыню зрабіла княгіня Магдалена Радзівіл, калі ў 1916 ці 1917 г.6  у Менску дала а. Францішку Будзьку брыльянтавае калье з тым, каб грошы, выручаныя ад яго продажу, выкарыстаць на заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай сэмінарыі (калегіі) у Рыме.

Рым, цэнтар Каталіцкай Царквы, заўсёды славіўся сваімі вышэйшымі багаслоўскімі навучальнымі ўстановамі з інтэрнацыянальным складам выкладчыкаў і студэнтаў. У гэтай міжнароднай атмасфэры беларуская калегія ня выклікала б ні ў кога зьдзіўленьня, і студэнты, вольныя ад усялякіх нацыянальных канфліктаў, маглі б спакойна аддацца падрыхтоўцы да пастырскага служэньня сярод свайго народу.

Становішча Беларусі ў тым часе было вельмі цяжкае. Нацыянальнае адраджэньне не пасьпела ўмацавацца, як выбухнула першая сусьветная вайна, і краіна, разарваная на дзьве часткі, сталася сцэнаю ваенных дзеяньняў.

Менск у 1916–1917 г. заставаўся ў расейскіх руках. Аднак параўнаўчая блізкасьць фронту, напружанае палітычнае становішча і вядомая варожасьць расейскіх уладаў да Грэка-Каталіцкай Царквы прымушалі захоўваць праект Магдалены Радзівіл у сакрэце.

Княгіня даручыла справу тром беларускім сьвятаром, якія карысталіся ейным даверам. Імі былі Фабіян Абрантовіч, Лукіян Хвецька і ўжо згаданы Францішак Будзька. Два першыя выкладалі ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу7 . Апрача іх і Рамана Скірмунта, напэўна ведаў сакрэт мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, без чыёй дапамогі праект сэмінарыі ня мог быць зьдзейсьнены. Вызвалены пасьля Лютаўскай рэвалюцыі з амаль трохгадовага зьняволеньня ў глыбі Расеі, у сакавіку 1917 г. ён адведаў Пецярбург, дзе сустракаўся з вышэй названымі беларускімі сьвятарамі.

З увагі на няпэўнае становішча ў Беларусі а. Абрантовіч завёз калье ў Пецярбург, дзе разам з а. Хвецькам яны схавалі яго ў бясьпечным месцы ў чаканьні больш спрыяльных абставін.

У выніку бурных падзеяў 1917–21 г. Беларусь была падзеленая на дзьве часткі між Саветамі і Польшчай паводле падпісанага ў Рызе трактату. Спробы беларусаў адрадзіць сваю незалежную дзяржаву ў форме БНР не далі жаданага выніку, але пакінулі моцны сьлед у іхняй сьвядомасьці і жаданьне змагацца за зьдзяйсьненьне ідэалаў Акту 25 Сакавіка. Зрухі закранулі ўсе галіны нацыянальнага жыцьця, у тым ліку і рэлігійнага. У 1917 годзе была адноўленая Менская рыма-каталіцкая дыяцэзія. Ейным першым біскупам стаў Зыгмунт Лазінскі, які заняў свой пасад улетку 1918 г. У канцы таго самага году прыехаў у Менск а. Фабіян Абрантовіч і быў назначаны рэктарам новаадчыненай духоўнай сэмінарыі. Пасьля 1921 г. яны і многія іншыя сьвятары былі вымушаныя пакінуць Менск. Біскуп Лазінскі затрымаўся ў Наваградку і кіраваў той часткай Менскай дыяцэзіі, якая апынулася пад уладай Польшчы. У канцы 1925 г. ён узначаліў Пінскую дыяцэзію, заснаваную згодна з канкардатам (дамоваю) між Польшчай і Апостальскім Пасадам.

Княгіня Радзівіл пакінула Беларусь яшчэ ў канцы 1918 году разам зь немцамі перад прыйсьцем бальшавікоў.

Айцец Будзька памёр у лютым 1920 г. Хвецька, які застаўся ў Пецярбургу, у сакавіку 1923 г. быў арыштаваны з групай іншых каталіцкіх сьвятароў і засуджаны на доўгі тэрмін зьняволеньня. Перад арыштам, аднак, ён пасьпеў забясьпечыць калье ў Польскай рэвіндыкацыйнай камісіі, у якой працаваў ягоны былы студэнт з духоўнай сэмінарыі, а. Браніслаў Усас.

У сакавіку 1924 г. а. Абрантовіч паехаў як польскі дыпляматычны кур’ер у Пецярбург і вывез адтуль калье. Вярнуўшыся ў Наваградак, ён прадаў калье прыблізна за 15 тысячаў амэрыканскіх даляраў. У тым часе гэта была вялікая сума, хоць вартасьць калье была большая. За частку гэтай сумы ён купіў у Наваградку зямлю з забудоваю, а 10 тысячаў даляраў пазычыў на пяць гадоў біскупу Лазінскаму пад 5 працэнтаў у год на будову духоўнай сэмінарыі ў Пінску, сказаўшы, што робіць гэта зь ведама і згоды дабрадзейкі, але не назваўшы ейнага прозьвішча.

Шмат што застаецца няясным, напрыклад, якім чынам а. Абрантовіч, вядомы ўсім як беларус, атрымаў польскі дыпляматычны пашпарт. Магчыма, тут не абышлося без дапамогі біскупа Лазінскага, якому Абрантовіч сказаў, што можа разьвязаць фінансавыя цяжкасьці, зьвязаныя з будовай сэмінарыі ў Пінску. У 1924 г. Лазінскі быў яшчэ біскупам Менскім, але ўжо ведаў аб праекце утварэньня Пінскай дыяцэзіі8 . Абрантовіч мог спадзявацца, што і ў Пінску ён застанецца рэктарам сэмінарыі і што там будуць умовы для працы на карысьць Беларусі. Былі ў яго свае сумневы, і ён нават пытаўся рады ў Віленскага біскупа Матулевіча, які яму адказаў 18 студзеня 1924 г.: “На маю думку, дарагі Айцец ня шмат там зробіць: намучыцца толькі, сапсуе нэрвы, страціць шмат часу, а скончыцца напэўна гэта тым, што павінен будзе нарэшце пакінуць гэтае становішча”9 . Словы Матулевіча спраўдзіліся: рэктарам новай сэмінарыі быў назначаны паляк Зьніцкі, а Абрантовіча пакінулі на становішчы духоўніка. Пра беларускую працу не было нават гутаркі. Зьнеахвочаны, а. Абрантовіч у жніўні 1926 г. пакінуў Пінск і ўступіў у навіцыят да айцоў марыянаў у Друі, перадаўшы ім грошы, пазычаныя Лазінскаму, і купленую ім маёмасьць у Наваградку10 .

Тымчасам у лютым 1925 г. бальшавікі вызвалілі Хвецьку11  і выслалі ў Польшчу. Спачатку ён жыў у Шыманове каля Варшавы. На восьмы дзень пасьля ягонага прыезду туды яго адведаў Абрантовіч і расказаў пра лёс калье, змаўчаўшы пра некаторыя важныя дэталі. Ужо тады Хвецька, як сам засьведчыў у лісьце да Абрантовіча ад 23 сакавіка 1927 г., сказаў, што той зрабіў няпраўна.

У 1926 г. Хвецька быў назначаны рэктарам Усходняга інстытуту ў Любліне. Інстытут заснаваў арцыбіскуп Магілёўскі Роп, каб рыхтаваць будучых апосталаў для “навярненьня” Расеі. Ён ня меў нічога супольнага зь беларускай справай.

Атрымаўшы больш дакладныя зьвесткі ад біскупа Лазінскага пра тое, як распарадзіўся Абрантовіч грашыма, атрыманымі за калье, Хвецька 25 лютага 1927 г. зьвярнуўся ў Пінскую біскупскую гаспадарчую раду з просьбаю ўстрымаць выплату працэнтаў да высьвятленьня справы. 8 сакавіка ён напісаў Абрантовічу: “Ужо некалькі тыдняў вяду перапіску з а. Біскупам З.Лазінскім у справе калье. Я даведаўся ад яго, што яно ня поўнасьцю выкарыстанае, што частка яго засталася ў шаноўнага Айца пралата, і што Айцец пралат зрабіў умову на працэнты, адным словам, што шаноўны Айцец пралат паступіў з гэтай рэччу як уласьнік, а тымчасам ад пачатку Айцец пралат ня меў на гэта ніякага права; прывоз яе ў Польшчу, з рук зусім бясьпечных, ня даў і не дае права да ўласнасьці. Нават шаноўны Айцец пралат ня можа быць уважаны за захавальніка і апекуна: сьмею так казаць, бо толькі дваім, г.зн. сьв. пам. а. Будзьку і мне было даверана; шаноўны Айцец пралат быў уведзены ў сакрэт для дабра справы, для таго, каб рэч ня згінула, а не для таго, каб стаць уласьнікам. У сувязі з гэтым станам рэчаў прашу вярнуць частку, якая засталася, бо ж я павінен зрабіць з гэтай рэччу тое, што належыць. Хочучы, аднак, залагодзіць гэтую справу мірна і разважна, прашу разумнай рады”.

Пад уплывам такога нечаканага абароту справы а. Абрантовіч успомніў пра Магдалену Радзівіл і напісаў ёй 12 сакавіка 1927 г.: “Пашаны годная спадарыня Княгіня! У 1916 г. спадарыня дала ў рукі сьв. пам. а. Будзьку ў Менску брыльянтавае калье на мэты беларуска-ўніяцкія. Я гэтае калье завёз у Пецярбург, дзе з а. Хвецькам схавалі мы яго ў маім памяшканьні, у чаканьні на лепшыя часы, каб гэтую рэч скарыстаць паводле прызначэньня. Тых, што ведалі сакрэт, было трое: а. Будзька, Хвецька і я. Айцец Будзька памёр, а. Хвецьку бальшавікі пасадзілі ў вязьніцу на некалькі год. Гледзячы, як а. біскуп Лазінскі мучыцца ў Наваградку, ня маючы памяшканьня ані для сэмінарыі, ані для курыі, ані для сябе самога, а знаходзіцца ён на Беларусі і мог бы зрабіць шмат для Уніі, я дабраўся ў сакавіку 1924 г. як дыпляматычны кур’ер у Пецярбург і прывёз рэч, якую а. Хвецька пасьпеў забясьпечыць у Рэвіндыкацыйнай камісіі на чале з а. Усасам. З продажу я выручыў каля 15 тысячаў амэрыканскіх даляраў і на працягу 2 гадоў будаваў сэмінарыю ў Пінску. Бачачы, аднак, што тут мэта ахвяры ня будзе дасягнутая, я забясьпечыў 10 тысяч пазыкаю а. біскупу Лазінскаму на 5 гадоў пад 5% у год, бо дзеля посьпеху трэба было прадаць крыху таньней. За рэшту я купіў нерухомасьць у Наваградку. Усё гэта разам я перадаў кляштару марыянаў у Друі, куды сам уступіў. Гэты кляштар быў заснаваны Сьвятым Айцом з той самай мэтаю, на якую спадарыня Княгіня дала ахвяру. Айца Хвецьку бальшавікі хутка выпусьцілі. Быў у Шыманове, цяпер у Любліне. Я езьдзіў да яго ў справе ахвяры. Пакінуў на маю адказнасьць і тры гады маўчаў. Сёньня раптам атрымліваю ліст, зь якога бачу, што робяцца захады, каб гэтыя грошы адабраць ад нас. Можа тады Княгіня будзе ласкавая напісаць мне, ці я добра зразумеў мэту ахвяры і ці маю права далей весьці справу згодна з гэтай мэтаю, ці можа кляштар мае абавязак аддаць а. Хвецьку. Зазначаю перад Богам, што мне рупіць не мая воля, але мэта ахвяры і воля Княгіні”.

Ліст робіць уражаньне, быццам аўтар, ня вельмі сябруючы з праўдаю, хоча паказаць сябе ў ролі пакрыўджанага бяз дай прычыны. Для кожнага, нават неабазнанага ў царкоўных справах, ясна, што кляштар рымскага (лацінскага) абраду, якім была Друя, і сэмінарыя ўсходняга абраду — дзьве вельмі розныя ўстановы, і гаварыць пра тую самую мэту можна толькі ў тым сэнсе, што абедзьве служаць на хвалу Божую. Абрантовіч таксама несправядлівы ў адносінах да Хвецькі, які прыехаў у Польшчу на два гады раней, і таму ня мог маўчаць тры гады. Дый у 1925 годзе пры іхняй сустрэчы ў Шыманове гутаркі яшчэ не было пра Друю. Зь ліста Хвецькі ад 1 кастрычніка 1926 г. відаць, што нават тады яшчэ ён нічога ня ведаў пра друйскі аспэкт справы калье.

Княгіня адказала 17 сакавіка лістом, у якім, дзеля захаваньня ананімнасьці, гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе: “Асоба, якая вымененыя прадметы дала а. Будзьку, выразна ў маёй прысутнасьці прызначыла свой дар выключна на карысьць Беларусі, а галоўным чынам для Грэка-Каталіцкай Царквы. Скарыстаць яго для іншай мэты было бы выразным прысваеньнем сабе чужой (г. зн. грэка-каталіцкай, беларускай) уласнасьці. Мараю гэтае асобы было заснаваць у Рыме ўніяцкую калегію. Прашу сказаць гэта як бясспрэчны факт а. Хвецьку і іншым зацікаўленым асобам. Я шчасьлівая, што нарэшце даведалася, што гэтая справа прыняла шчасьлівы паварот: ніхто не казаў мне ніколі пра вынікі місіі а. Будзькі… Буду ўдзячная за далейшыя весткі пра лёс спадчыны а. Будзькі: горача паручаю гэтую справу сьв. Язэпу. Уважаю Рымскую фундацыю за вельмі карысную. Пра Люблін і іншыя польскія месты ніколі не было гутаркі”12 .

Ліст Магдалены Радзівіл не пакідае ніякага сумневу адносна ейнай волі.

23 сакавіка а. Абрантовіч атрымаў другі ліст ад а. Хвецькі: “…Па-першае — патрабую таксама грошы. Па-другое — і гэта адзінае і найважнейшае, — я павінен паведаміць мітрапаліту Шаптыцкаму, каб ня быць злодзеем. Шаноўнаму Айцу пралату не сакрэт, што ахвяра была на справы беларускія для яго (г. зн. Шаптыцкага. — А.Н.), а а. Будзька і я былі пасрэднікамі, асобамі, якіх ён сам параіў для дабрадзейкі… Калі мітрапаліт згодзіцца, каб рэч заставалася ў вас, хай застаецца. А калі загадае вярнуць — тады прашу ўмець справу палагодзіць, бо я хлусіць ня буду”.

Айцец Абрантовіч палагодзіў справу па-свойму. 1 красавіка 1927-га, у прысутнасьці сьведкаў аа. М.Борыка, Б.Стэфановіча і Я.Гайлевіча, ён падпісаў тэстамант, у якім, у пунктах 3 і 4, гаворыцца:

“3. Два пляцы з будынкамі ў Наваградку пры Агародным завулку № 5 дому айцоў марыянаў у Друі.

4. Доўг Я.Э. а. Біскупа Лазінскага згодна з расьпіскай, выдадзенай мне ў Пінску дня 11 верасьня 1925 г. № 6129/5113 таксама Друйскаму дому айцоў марыянаў”.

Тымчасам у Пінску біскупская гаспадарчая рада разгледзела просьбу Хвецькі, і 19 красавіка напісала Абрантовічу: “Паведамляем, што Гаспадарчая рада на паседжаньні 29 сакавіка г.г., нумар пратаколу 64, атрымаўшы ліст ад а. Хвецькі ад 25 лютага г.г. у справе рэчы, прывезенай а. Доктарам і часткова выкарыстанай на адбудову сэмінарыі ў Пінску, беручы пад увагу жаданьне а. Хвецькі паразумецца ў гэтай справе з Я.Э. біскупам Пінскім, вырашыла паведаміць пра гэта а. Доктару, прасіць зьвярнуць паквітаваньне, выдадзенае Гаспадарчай радаю, і ўстрымаць выплату працэнтаў”.

На гэта Абрантовіч адказаў 23 красавіка: “…Не магу, бо ня маю права, задаволіць вашае жаданьне звароту вядомага паквітаваньня, і, што за гэтым ідзе, не магу зрачыся правоў, якія з гэтага вынікаюць. Жаданьне шаноўнай Гаспадарчай рады звароту рэчавага паквітаваньня і ўстрыманьне выплаты працэнтаў толькі на падставе лісту а. Хвецькі ўважаю, што найменш, за пасьпешнае. А што будзе, калі заўтра напіша нехта X, а пасьлязаўтра Y? Апрача бясспрэчнага факту, што я прывёз гэтую рэч і распараджаўся ёю тры гады не бязь ведама а. Хвецькі, маю пісьмовы дакумант, як і на што маю выкарыстаць рэч і як бараніць ад магчымых непакліканых прэтэнзіяў. Дакумант напісаны асобаю, якая рэч ахвяравала. Я раіў а. Хвецьку зьвярнуцца да гэтай самай асобы. Ягоны зварот не беспасрэдна да мяне, пасьля трох гадоў сьвядомага чаканьня, не разумею. Прашу тады шаноўную Раду ў меру магчымасьці плаціць працэнты, хоць цяпер ня так нагла патрабуем, а суму, у выпадку маёй сьмерці, выплаціць дому аа. марыянаў у Друі, якому я перадаў і суму, укладзеную ў Пінск, і ўласнасьць, купленую ў Наваградку, якую цяпер прадаем”.

Хвецька, відаць, скарыстаў з рады і напісаў да княгіні Радзівіл. У лісьце да а. Абрантовіча ад 29 красавіка 1927 г. ён піша: “Пісаў я да біскупа Пінскага зь ведамых Шаноўнаму Айцу пралату меркаваньняў. Пасьля 3 траўня напішу, што адклікаю мае дамаганьні ў сьвятле лісту княгіні Радзівіл. Застаецца аднак маё асноўнае цьверджаньне, што з гэтага мелі карыстаць грэка-каталікі, і мой абавязак паведаміць мітрапаліту Шаптыцкаму. Пра гэта ясна піша К(нягіня) Р(адзівіл)”.

Між іншым, Хвецька сам быў ня супраць выкарыстаць дар Магдалены Радзівіл на іншыя мэты. У лісьце ад 23 сакавіка ён піша: “Мяне ўласьціва не абышло, што шаноўны Айцец пралат ужывае (грошы), нават у Пінску, а тым больш у Друі, але мне забалела тое, што а. біскуп Пінскі, маючы дзяржаўную дапамогу, карыстае з такой ахвяры, а мы ў Любліне павінны жабраваць, кампрамэтаваць Інстытут з прычыны недахопу фондаў, калі лёгка маглі б мець салідную дапамогу…”

Мусіць, з гэтай прычыны Хвецька пісаў да пралата Антона Окала-Кулака, Магілёўскага генэральнага вікарыя, а той напісаў да Магдалены Радзівіл. Княгіня піша пра гэта Абрантовічу 25 красавіка 1928 г.: “Асеньняй парою я атрымала ліст ад а. Окала-Кулака ў справе, у якой піша а. Хвецька да шаноўнага Айца. Мой погляд ім ведамы, але адной з характэрных рысаў дзеячоў, ці то ў дабрачыннай, ці ў рэлігійнай галіне, ёсьць, што зусім не зважаюць на волю ахвярадаўцы і дадзеныя на азначаную мэту грошы ўжываюць на нешта іншае без найменшага сораму. Так я бачыла заўсёды ў Польшчы, бо за мяжою зусім іначай. Мне цікава ведаць, ці аа. марыяне таксама ня зробяць інакш, бо, праўду кажучы, будова (postawienie) сэмінарыі ў Пінску таксама не была ў праграме”.

Гэта быў далікатны дакор а. Абрантовічу. Тым ня менш княгіня не пераставала верыць, што ён і марыяне, ведаючы ейную волю, выканаюць яе. 18 траўня, каб зьмякчыць уражаньне, зробленае папярэднім лістом, яна пісала: “Прашу не прымаць да сэрца тое, што я пісала ў справе Пінскай сэмінарыі. Бываюць дні, калі мяне прыгнятае ўспамін банкруцтва столькіх праектаў, столькіх надзеяў, разьвеяных страшнай ваеннай бураю. Зрэшты, рэч, якая служыць на хвалу Божую, калі не беспасрэдна, то хоць акружной дарогаю, вядзе да адной мэты”.

Гэтыя словы шмат гавораць пра характар Магдалены Радзівіл. Відаць таксама, што яна мала верыла ў зварот пазыкі, дадзенай Пінскаму біскупу. Таму, калі крыху пазьней а. Абрантовіч адведаў княгіню ў Годэсбэргу (Godesberg/Rhein) у Нямеччыне, дзе яна тады жыла, і сказаў, што надзеі на зварот няма, яна прыняла гэта спакойна. Што ёй забалела, гэта хлусьня, якая выявілася пазьней. Між іншым, пра добразычлівыя адносіны княгіні да Абрантовіча можа сьведчыць той факт, што, даведаўшыся пра ягонае назначэньне ў Маньчжурыю, у лісьце ад 15 лютага 1928 г. яна пісала: “Я загадала, каб Шаноўнаму Айцу былі высланыя тысяча злотых на ўсё патрэбнае, калі паедзе на місію, і ласкава прашу іх прыняць”. У жніўні, перад самым ад’ездам, ён атрымаў ад Магдалены Радзівіл на дарогу 400 нямецкіх марак.

Айцец Абрантовіч скончыў свой навіцыят у жніўні 1927 г. На пачатку 1928 г. ён быў пакліканы Сьвятым Пасадам на кіраўніцтва япархіяй усходняга абраду для расейцаў у Маньчжурыі. Яму было дадзена некалькі месяцаў для падрыхтоўкі, лячэньня і вывучэньня ўсходняга абраду. У сакавіку 1928 г. ён пакінуў Друю. Заехаў у Пінск, дзе зноў усплыла справа калье, як відаць зь ягонага ліста да а. Андрэя Цікоты, кіраўніка Друйскага кляштару, ад 13 красавіка13 : “У Пінску вырваў паўтары тысячы злотых. Кажу “вырваў”, бо Хвецька, паміма лісту, аб якім ведаеш, пісаў да іх нядаўна, каб нічога не давалі, а а. біскуп (нібыта жартам) кажа: “Tyś nas nabrał” (ты нас ашукаў)”.

Пазьней, 16 траўня, ён піша Цікоту з Трускаўца, дзе быў на лячэньні: “Распачаў карэспандэнцыю з Хвецькай, што альбо хай ён мяне ў суд падае, або я яго падам. Тож яшчэ цішыня! Аб рэзультатах паведамлю”.

Здарэньнем таго самага дня Хвецька выслаў Абрантовічу свой ліст, у якім піша: “Прыпамінаю сабе, што першае пісьмо, пісанае ў гэтай справе, было да Біскупа Лазінскага, бо думаў я, што рэч тая знаходзіцца ў яго, а ён ніякага права ня мае; калі Біскуп выясьніў мне, што ён мае толькі пажычанае, уся аргумэнтацыя зьвярнулася проціў Дарагога Ксяндза Пралата, сіла каторай заўсёды тая самая. Помнячы добра, што рэч тая не мая асабістая ўласнасьць, а даная для прахаваньня ў акрэсьленым цэлю, хочачы заўсім справу скончыць, мусіў пісаць да Кір Андрэя, каторага слова ўсё разьвяжа. Кір Андрэй адпісаў мне, што ён гатоў удзяліць мне часу, ды калі сгодзіцца кс. Ф.Абрантовіч. Атрымаўшы гэта пісьмо, а такжа атрымаўшы ў стычню 1928 г. пісьмо ад Біскупа Лазінскага, чы ён мае плаціць працэнты кс. Абрантовічу, я даў такі адказ: тым, што Мэтроп. Андрэй чыніць аддачу рэчы гэтай, чы часьці, ад згоды кс. Абрантовіча, даходзіць больш ня буду і прашу плаціць працэнты кс. Абрантовічу. Ніякіх судоў я вясьці ня думаю, і мне асабіста грошай гэтых ня трэба, павагу прызнаю толькі адну Мэтроп. Андрэя, бо калі дароўшчыха рэч аддала, то яе рэч і права кончылася. Калі Ксёндз Пралат падасьць мяне ў суд, хай бы Рымскі, то можа прысудзяць мне грошы; тады пробуйце, я не падам. Паведаміў Мэтрапаліта Андрэя, і канец”.

 

Заканчэньне ў наступным нумары


Заўвагі

 1 Калье (франц. collier) — шыйнае жаночае ўпрыгожаньне з каштоўных камянёў.

 2 Ч.Сіповіч. Айцец Архімандрыт Фабіян Абрантовіч. “Божым шляхам”, № 76–77, Парыж, 1957, с.12.

 3 С.Абламейка. Невядомая Унія. “Унія”, № 4, Менск, 1995, с.39.

 4 Вось некалькі прыкладаў. Г.Піхура ў 1965 г. пісаў, што Магдалена Радзівіл “прыракла айцу… Ф.Абрантовічу вялікую суму на залажэньне беларускай (вуніяцкай) калегіі ў Рыме. На жаль, з гэтага праекту нічога ня выйшла, бо маёмасьці, зь якіх мелі чэрпацца на гэта фонды, папалі ў рукі бальшавікоў (гл. Княгіня Магдалена Радзівіл, “Божым шляхам”, № 2, Лёндан, 1965. с.10). Паводле Н.Грыгор’евай, У.Навіцкага і А.Філатавай, “у руках Абрантовіча аказаўся падарунак княгіні Магдалены Радзівіл — дыямантавае ўпрыгожаньне, якое яна падаравала ў 1916 г. дзеля разьвіцьця беларуска-ўніяцкай царквы… Гэтыя сродкі былі ўкладзеныя на разбудову (Друйскага. — А.Н.) кляштару. Княгіня была задаволеная такім выкарыстаньнем і пацьвердзіла, што падарунак прызначаўся для Беларусі і грэка-каталіцкай царквы”. (Гл. Уніяцтва на Беларусі: Ад Полацкага Сабора 1839 г. да нашых дзён; у кнізе “З гісторыі ўніяцтва ў Беларусі”, Менск, “Экапэрспэктыва”, 1996, с.128). Тое самае яны паўтарылі ў кнізе “Канфэсіі Беларусі”, Менск, 1998, сс.209–210. Л.Юрэвіч піша, што ў адбудове Друйскага кляштару “Дапамагла… княгіня Магдалена Радзівіліха, ахвяраваўшы сваё дыямантавае калье” (гл. ягоныя “Камэнтары”, Менск, 1999, с.145).

 5 Арыгіналы або копіі дакумэнтаў захоўваюцца ў тэчцы “Магдалена Радзівіл”. Калі няма іншых указаньняў, лісты пісаныя на польскай мове.

 6 Дакладны год перадачы калье застаецца няясным. Абрантовіч у лісьце да княгіні Радзівіл (гл. ніжэй у артыкуле) падае год 1916. Сама княгіня кажа, што гэта мела месца ў 1917 або 1918 годзе, хоць яна ня памятае дакладна. Можна адкінуць 1918 год як мала верагодны, бо тады паміж Менскам і Пецярбургам праходзіў нямецка-савецкі фронт. Затое ёсьць шмат важкіх аргумэнтаў на карысьць 1917 г. Перадусім, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі нацыянальны рух, у тым ліку ў галіне рэлігійнай. Далей, калі верыць Хвецьку, яго разам з Будзькам рэкамэндаваў княгіні мітрапаліт Шаптыцкі. Гэта магло здарыцца не раней як у сакавіку 1917 г., калі мітрапаліт, пасьля вызваленьня, адведаў Пецярбург, дзе мог сустрэцца зь беларускімі сьвятарамі. Будзька, які быў настаўнікам рэлігіі ў пецярбургскіх школах, у 1917 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Беларусь. Відаць, таму калье завёз ня ён, а Абрантовіч, які ў канцы траўня быў у Менску на зьезьдзе беларускіх каталіцкіх сьвятароў.

 7 Пецярбург у ХХ ст. быў Петраградам, Ленінградам і нарэшце зноў Пецярбургам. Каб пазьбегнуць замяшаньня, у гэтым артыкуле ўжываецца пасьлядоўна толькі гэтая апошняя (і першая) назва.

 8 J.Wasilewski, Ś. p. Ks. Biskup Łoziński. “Piński Przegląd Diecezjalny”, No. 4, Pińsk, 1932, s.18.

 9 Błogosławiony Jerzy Matulewicz. Listy polskie. Tom 1, Warszawa, 1987, s.13.

 10 Сіповіч у згаданым артыкуле (гл. вышэй № 2) называе ахвяру княгіні Радзівіл “пасагам”, які прынёс з сабою Абрантовіч, калі ўступіў у Друйскі кляштар.

 11 Хвецька ня быў расстраляны бальшавікамі, як кажа Абламейка ў згаданым артыкуле (гл. № 3). Ён памёр у 1944 г. у шпіталі ў Стоўпцах пасьля таго, як быў пабіты савецкімі партызанамі.

 12 Сіповіч, які быў знаёмы з прыведзенымі дакумэнтамі, у згаданым артыкуле (гл. вышэй, № 2) піша, што Магдалена Радзівіл “была задаволеная з інфармацыяў айца Абрантовіча і ў далейшым усю справу паручала апецы сьвятога Язэпа”. І далей: “З вышэй сказанага відаць, зь якімі людзьмі а. Абрантовіч меў справы і як іх сьмела і сумленна абараняў”. Такім чынам, у канфлікце між праўдаю і ляяльнасьцю да марыянскага закону (ордэну), членам якога быў аўтар, пацярпела праўда…

 13 Гэты і наступныя лісты між Абрантовічам і Цікотам, а таксама апошні ліст Хвецькі, пісаныя па-беларуску. Друкуюцца з захаваньнем мовы аўтараў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0