11.12.2000 / 13:00

Віктар Мухін. Вайсковыя могілкі: “Тут маршалы нацыі сьпяць”

№ 49 (206), 4 — 11 сьнежня 2000 г.


 Вайсковыя могілкі:
“Тут маршалы нацыі сьпяць”

Могілкі на цяперашняй вуліцы Казлова ў Менску паўсталі ў 1840-я гады як месца пахаваньня жаўнераў, памерлых у гарадзкім вайсковым шпіталі.

Да 1915 году могілкі, як і царква Аляксандра Неўскага, належалі вайсковаму ведамству, а пасьля толькі былі перададзены месту. Ад сярэдзіны 1950-х на Вайсковых могілках людзей не хаваюць – клады апынуліся ў цэнтры сталіцы. Зрэшты, і да таго часу на Вайсковых маглі пахаваць ня кожнага – за савецкім часам гэта быў нэкропаль для партыйных, культурных і грамадзкіх дзеячаў, а да 1917 г. там хавалі пераважна вайскоўцаў ды іхных сямейнікаў. Цяпер могілкі належаць Спэцыяльнаму камбінату камунальна-побытавай абслугі, падпарадкаванаму Ўправе прадпрыемстваў камунальнай абслугі Менскага гарвыканкаму – зусім не рамантычна на першы погляд. Зь сярэдзіны могілкі выглядаюць інакш – сям-там занядбаныя. Але ўсё ж яны — велічны помнік мінуўшчыне.

Яшчэ ў 1920-я быў пастаўлены помнік на магіле Івана Пуліхава, які, выконваючы прысуд падпольнае рэвалюцыйнае арганізацыі, разам з Аляксандраю Ізмайловіч падрыхтаваў і 27 студзеня 1906 г. зьдзейсьніў замах на менскага губэрнатара П.Курлова, калі той ішоў на набажэнства ў Петрапаўлаўскі катэдральны сабор на цяперашнім пляцы Волі. Пуліхаў за гэта быў публічна пакараны сьмерцю, а ягонае цела колькі дзён вісела на браме Пішчалаўскага замку. Ізмайловіч выслалі на катаргу. Паводле ўспамінаў Антона Луцкевіча, Ізмайловіч у 1905 годзе была сувязною між партыяй эсэраў і Беларускаю Сацыялістычнаю Грамадою. Кантактаваў зь беларускімі сацыялістамі й сам Пуліхаў.

Амаль роўненька праз сорак год па замаху на менскага губэрнатара 3 студзеня 1946 г. на пляцы Волі адбылася трагедыя – у часе навагодняга карнавалу ў будынку старога Гасьцінага двара ў полымі загінула 27 чалавек, пераважна моладзь. Помнік гэтым маладым ахвярам стаіць зьлева ад уваходу на прысады, што вядуць ад вуліцы Казлова да Чырваназорнай. Цікава, што на помніку памылкова выбітае імя аднае жанчыны, што яшчэ й дагэтуль жывая – думалі, што загінула. Яна не пратэстуе…

Спачываюць на могілках таксама юдзеі: Иосиф Натанович Шнитман, Хаим Давидович Алер, Залман Шмуйлов Гинзбург

На помніку каталічкі надпіс зроблены на паўпольскай мове: Stanisława z Szabłowska Czeladzinska. Zyła lat 34. Zm. 30 wrzesnia 1934 r. Pam. meża, dzieci i matki — магіла дагледжаная, стаяць кветкі.

Бываюць і такія надпісы: Евдакия, Арловская, Казловская… Або: Камлюк Адэля Антоновна. 1880—1946. Память от детей и внуков.

Пакінула на могілках свой сьлед і апошняя палавіністая беларусізацыя – гэта дзьвюхмоўны армянска-беларускі помнік-крыж, надпіс на якім паведамляе: Ахвярам землетрасення ў Арменіі ад Мінскага армянскага таварыства.

Беларускія надпісы спатыкаюцца на магілах, здаецца, нікому, апроч сваякоў, не вядомых людзей. Вось спачываюць утраіх: Ганчарык Вера Паўлаўна (1943—1945), Ганчарык Мікалай Флоравіч (1903—1941), Ганчарык Флор Міхайлавіч (1873—1939) — іхныя імёны дублююцца па-расейску на табліцы, прымацаванай да агароджы. Гэткіх дубляваных надпісаў трапляецца яшчэ некалькі на ўсім нэкропалі. Ёсьць і экзотыка: Абраша Омерович (Алесь Ліпневи). Член Ленинского Комсомола. Ум. 31 марта 1933 г. Чаму толькі год сьмерці і гэты дзіўны ці то беларускі, ці то ўкраінскі псэўданім? Такіх надмагільляў нямала на Вайсковых — бяз даты народзін… Максім Лужанін кажа, што пад гэтым помнікам сапраўды спачывае беларускі паэт жыдоўскага паходжаньня Алесь Ліпнёвы, бацька якога працаваў на пачатку 1930-х гадоў дырэктарам аддзелу Беларускае дзяржаўнае бібліятэкі ў Доме ўраду.

Зьлева ад галоўнага ўваходу на Вайсковыя могілкі – пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага (1881—1931). Спачатку там у 1932 г. быў пастаўлены гранітны помнік, што захаваўся дагэтуль. Кажуць, ля гэтае сьвятое мясьціны ў апошнюю нямецкую акупацыю зьбіраліся хлопцы й дзяўчаты з Саюзу Беларускае Моладзі. На 110-ю гадавіну з дня нараджэньня праф.Ігнатоўскага ягоная магіла была ўпарадкавана, абкладзена гранітнымі плітамі, да старога помніка быў далучаны новы з скульптурным партрэтам і надпісам: Першы Прэзідэнт Беларускай акадэміі навук. Нарком асветы БССР. Магіла агароджана, хаця даўно яе не прыбіралі: стаяць пажоўклыя кветкі, стары вянок, ляжыць апалае лісьце...

Тутсама спачывае Аляксандар Чарвякоў. Пра трагічную сьмерць Чарвякова піша Юры Стукаліч у кнізе “Мы дойдём!” (Нью-Ёрк, 1975): “...16 чэрвеня 1937 году ўвесь сталічны Менск страсянуў адзіночны стрэл у Доме ўраду. Старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР Аляксандар Чарвякоў, пакінуўшы паседжаньне пленуму КПБ, дзе паводле безапэляцыйных дырэктыў з Масквы тагачасны сакратар партыі скінуў на яго незаслужаныя абвінавачаньні, прайшоў у свой кабінэт і там скончыў жыцьцё самагубствам. Хаця яго хавалі ў нефарбаванай труне, — пахавальная працэсія, у якой былі тысячы людзей, ператварылася ў маўклівую палітычную дэманстрацыю. Ягоную амаль зусім зьніклую магілу (...) беларусы ў часе вайны адшукалі і ўзнавілі, толькі наўрад ці яна гэтак дагледжана цяпер, як тады”. Наколькі дакладны аўтар — цяжка меркаваць, бо кніга “Менск” з “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” паведамляе, што стэла на магіле Чарвякова пастаўлена яшчэ ў 1938 г. Пра гэта сьведчаць і ўспаміны сучасьнікаў. Але магіла насамрэч выглядае закінутай — яна губляецца сярод непрыкметных пахаваньняў у сярэдзіне могілак. Нядаўна на ёй зьявіліся вянкі ад сваякоў, па-расейску. І на помніку напісана: Выдающийся партийный и государственный деятель, Председатель ЦИК БССР Червяков Александр Григорьевич. 1892—1937. Нават мёртвага першага беларускага нацыянал-камуніста ўшанавалі на чужой мове, расейская шыльда вісіць і на доме, дзе жыў “прэзыдэнт” БССР. Зрэшты, і дбаць пра беларускія помнікі не было каму. Хаця яшчэ жыве дачка ўсебеларускага старасты — расейскамоўная, ня родная яму, а жончына, ад ейнага шлюбу з калегам Чарвякова зь Белнацкаму Ўладзіславам Скарынкам. Чарвякоў ня меў сваіх дзяцей…

Зьлева ад магілы А.Чарвякова знойдзеце невялічкае пахаваньне з гранітным помнікам. На ім надпіс: Піанэрка Галя Вайтэнкава. 14 красавіка 1919 — 14 кастрычніка 1929. Магілка не агароджана, не дагледжана.

Калі кіравацца ў паўночна-заходні бок Вайсковых могілак, выйдзеце да магіл песьняроў. Янку Купалу помнік паставілі ў 1971 г. — пад чатырохмэтроваю бэтоннаю плітою сядзіць на лаўцы бронзавы паэт. Купаліха, цёця Ўладзя, спачывае пад мармуроваю плітою з бронзавым барэльефам. Але не шукайце побач магілы Купалавай маці — гэта трэба вяртацца ў бок царквы. Маці Купалы перажыла сына на два дні. Містыка?.. Памерла Бянігна Луцэвіч (Валасевіч) у акупаваным Менску 30 чэрвеня 1942 г., хавала яе беларускае грамадзтва сталіцы. Купалаў попел з Масквы ў Менск вярнулі толькі праз дваццаць гадоў – у 1962-м. Магіла Купалавай маці дагледжаная — чорны мармуровы помнік, залатыя словы: “Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці…”.

Коласаў помнік пастаўлены ў 1970 г., галава клясыка ў тоўшчы граніту ўражвае сваёй велічэзнасьцю. Але які красны помнік паставіў Колас сваёй жонцы Марыі Міцкевіч! Заір Азгур выштукаваў двухмэтровы ўсечаны абэліск, увянчаны урнаю, зь якое спадаюць гірлянды кветак. На роўнядзі абэліску — мэдальён з партрэтнаю выяваю нябожчыцы. А сам помнік стаіць на пляцоўцы, да якое зьнізу вядуць прыступкі.

Цяпер вернемся назад, у старую часьціну нэкропалю. Збочыўшы ад галоўнага ўваходу направа, прайшоўшы трыццаць мэтраў, трапім да месца, дзе беларускія магілы месьцяцца найгусьцей. Найстарэйшае пахаваньне: Язэпу Геранімавічу Васілеўскаму. 1905—1929 г. Дарагому таварышу па доўгай сумеснай рабоце на працоўным фронце ад рабочых, работніц і служачых друкарні БДВ. Я.Васілеўскі ў свой час быў вядомы як выдатны сьпявак у хоры Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага.

Ідзём далей: Юры Герасімавіч Рудзько. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1913 г. Памёр 4 лютага 1948 г. Ля магілы Рудзька яшчэ адзін беларускі помнік: Пісьменнік Уладзімір Агіевіч. 26.ІХ.1910 — 2.Х.1952. Настаўніца Агіевіч Ганна Савічна. 23.ХІ.1912 — 25.ХІ.1994. Наперадзе — ажно шэсьць беларускіх стэл. Вечным сном сьпіць Кузьма Чорны, беларускі Дастаеўскі. Паводле сьведчаньня сваякоў Чорнага, сам сябе ён называў Нікалаем, а не Мікалаем, вось жа й на помніку чытаем: Кузьма Чорны (Раманоўскі Нікалай Карлавіч) 24.-VІ.-1900.г. — 22.-ХІ.-1944.г. На гэта ёсьць яшчэ адно тлумачэньне — помнік пастаўлены ў 1947 годзе, калі нават беларусаў пісалі Владзімірамі, Нікалаямі ды яшчэ як-небудзь. З гэткім перайначваньнем імён мы яшчэ сутыкнемся.

За Чорным пахаваны Паўлюк Трус, а побач – Купалава пляменьніца: Ніна Юліанаўна Раманоўская. 12.ХІІ.1918 — 3.ХІ.1956. Тутсама спачывае паэт Алесь Гурло (1892—1938): у 1909 г. ён пачаў друкавацца ў “Нашай Ніве”, а з часу стварэньня тэрміналягічнае камісіі Інстытуту беларускае культуры быў ейным сталым супрацоўнікам, уклаў слоўнік “Тэхнічных тэрмінаў” — апошні тэрміналягічны даведнік, выдадзены да другое сусьветнае вайны (у 1933 годзе). Яшчэ адзін беларускі помнік: Петрачэня (Аўлачынская) Вацлава Іванаўна. 1918 — 1947. Жыла ў яго сэрцы, пакуль яно білася — гэта стрыечная сястра згаданае ўжо Ніны Раманоўскай.

Вельмі сьціплы помнік на магіле аўтара слоў Дзяржаўнага гімну БССР Міхася Клімковіча, але мармур надмагільля спрэс пакрыты надпісамі: Пісьменнік Міхась Клімковіч. 21.ХІ.1899 — 5.ХІ.1954.

Мы будзем жыць вечна: у славе народа,

У кожным здабытку, ў мясцінцы любой

Ёсць наша цаглінка, ёсць наша работа,

Як мёд ёсць у кветцы любой палявой.

Разам з мужам пахавана й Марыя Клімковіч.

Зусім у іншай частцы могілак, недалёка ад таго месца, дзе спачывае Аляксандар Чарвякоў, ляжыць аўтар музыкі Дзяржаўнага гімну БССР і РБ Нестар Сакалоўскі, якому Саюз кампазытараў БССР у 1962 г. паставіў двухмэтровы помнік у форме саркафагу, увянчаны скульптурнаю кампазыцыяй, што сымбалізуе “бацьку-Нёман”.

Шукаючы іншыя беларускія магілы, лепш за ўсё вярнуцца да помніка Ігнатоўскаму й рушыць у бок царквы. Справа ад сьцежкі празь пяцьдзясят мэтраў вы ўбачыце зусім новую магілу: Далідовіч Аляксандр Іванавіч. 15.02.1905 — 10.03.1946. Ядзвіга Адамаўна. 30.11.1910 — 26.09.1999. Ля самае царквы беларускія магілы гэтаксама стаяць адна пры аднэй. Выдатнаму майстру сцэнічнага мастацтва, заслужанаму артысту Рэспублікі, члену ЦИКа БССР Владзіміру Нікалаевічу Крыловічу. Нарадз. 1 лістапада 1895 г. Пам. 23 кастрычніка 1937 г. Паставіў помнік калектыў Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра. Справа ад У.Крыловіча ляжыць Аўсьцігней Міровіч (1878—1952) — драматург, аўтар п’есы “Машэка”, пастаўленае ў 1923 г., мастацкі кіраўнік Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру, калега Ў.Крыловіча. Побач у 1948 г. пастаўлены помнік на магіле Валянціна Таўлая — паэта й актывіста нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Непадалёк пахаваны Эдуард Самуйлёнак, які ў 1934—39 г. працаваў у рэдакцыі газэты “Літаратура і мастацтва”. Народны артыст Б.С.С.Р. Арсэн Дзіянісавіч Арсэнко. 15/ ІІІ 1903 – 30/ VII 1945 – саліст Дзяржаўнага тэатру опэры й балету БССР, выканаўца галоўных партый у опэрах “У пушчах Палесься”, “Кветка шчасьця”. “Міхась Падгорны”, “Алеся”. Помнік пастаўлены ў 1950 годзе.

Тая частка могілак, што атачае царкву, заўжды добра дагледжана: магілы, нават безыменныя й бяз помнікаў, абкладзены чырвонаю пліткаю, гэткаю сама, якою выкладзены цэнтар Менску. Магчыма, пад аднэй з гэтых безназоўных пліт ляжыць сын Натальлі Арсеньневай і Франца Кушаля — Міраслаў. 22 чэрвеня 1943 году ў менскім гарадзкім тэатры ставілася п’еса Францішка Аляхновіча “Пан міністар”. Пасьля паказу з нагоды гадавіны “вызваленьня Беларусі ад бальшавікоў” мусіла быць урачыста абвешчана пра стварэньне Саюзу Беларускае Моладзі. Менавіта ў часе агалошваньня СБМ і адбыўся выбух.

Кубэ ў часе выбуху ў тэатры ўжо не было. Гісторык Юры Туронак мяркуе, што тэракт быў скіраваны менавіта супраць Кубэ, а арганізаваны ён быў гестапа, якое не задавальняла палітыка гаўляйтэра Беларусі. Сьмерць напаткала сваіх ахвяр зьнянацку – гэта былі маладыя хлопцы й дзяўчаты.

“25 чырвеня беларуская сталіца выпраўляла на вечны супачынак ахвяры бальшавіцкага замаху 22-га чырвеня ў Менскім Гарадзкім Тэатры.

Раніцою адбыліся жалобныя набажэнствы ў царкве й касьцёле, пасьля чаго дамавіны зь нябожчыкамі былі перанесеныя ў залю Акруговага Камісарыяту, дзе а 3-й гадзіне па паўдні адбылася цывільная жалобная ўрачыстасьць. […]

Пасьля адыйграньня аркестрай жалобнага маршу дамавіны ахвяраў былі вынесеныя з залі Акруговага Камісарыяту, каб адвезьці іх на месца вечнага супачынку.

Дарма што благое надвор’е, каля будынку Акруговага Камісарыяту вялікае зграмаджэньне народу, зь якога ўфармаваўся вялікі жалобны паход, рушачы галоўнай вуліцаю да вайсковых могілкаў. Кажная дамавіна пакрытая бел-чырвона-белым сьцягам і засыпаная краскамі й вянкамі», — так 30 чэрвеня 1943 г. апісвала пахаваньне «Беларуская газэта». Разам зь Міраславам (яму тады, як успамінае Яніна Каханоўская вырвала сьпіну) назаўжды пайшлі ў той дзень з жыцьця Андрэй Братко, Кастусь Мокат, Тамара Насеньнік, Марыя Негіна, Марыя Сабалеўская, Леанід Слаўнін ды трое непазнаных... Вядома, што хавалі з краю (на той час) могілак, знаку паставіць не пасьпелі...

У 1898 г. у гонар перамогі ў расейска-турэцкай вайне 1877—78 г. на могілках была збудавана царква-помнік Аляксандра Неўскага. Унутры бажніцы на калёнах прымацаваны мармуровыя пліты з імёнамі 118 загінулых у гэнай вайне беларусаў з Каломенскага полку й артылерыйскае брыгады расейскага войска. За ахвярнікам – пахаваньне з парэшткамі вярхоўных афіцэрскіх рангаў, а паблізу – дзьве брацкія магілы вояў. Гэтая царква даўжэй за ўсе іншыя праваслаўныя сьвятыні Менску была чынная за бальшавікоў – да 1939-га, калі яе зачынілі. Але пасьля таго як увосень 1933 году бажніца была перададзена “абнаўленцам”, большасьць вернікаў пачала наведваць іншую – на Козыраўскіх могілках, таму фактычна сьвятыня стаяла пустая ажно да пачатку нямецкае акупацыі. Адна зь першых бомбаў, што паляцелі на Менск з пачаткам уварваньня войска Трэцяга Райху ў СССР, 24 чэрвеня 1941 г. трапіла ў царкву, але ня выбухнула. І 28 чэрвеня вернікі сарвалі савецкі замок з свае сьвятыні, а ўжо 6 ліпеня была адслужана першая літургія. Ад таго часу царква чынная дагэтуль. Хаця на пачатку 1960-х улады зьбіраліся зноў зачыніць бажніцу й ператварыць яе ў майстэрню трун, але настаяцель царквы протаярэй Віктар Бекаровіч адстаяў сьвятыню.

Ходзіць у Менску шмат легендаў пра гэты сталічны нэкропаль. Адна зь іх — пра стварэньне “Пантэону Беларусі”. Нібыта рыхтавалася пастанова Ўраду пра стварэньне нэкропалю беларускіх нацыянальных і дзяржаўных дзеячаў. Адны кажуць пра гэтую ідэю ў кантэксьце пасьлясталінскіх часоў – быццам яе пахавалі пасьля зьнішчэньня Берыі. Іншыя згадваюць пра яе ў зьвязку з высяканьнем дрэваў на могілках гадоў пятнаццаць таму. Раз-пораз у газэтах распачынаюцца спрэчкі наконт перавозу ў Менск парэштак Максіма Багдановіча — на Вайсковыя могілкі, да Коласа й Купалы.

Найлепш пра значэньне й наканаваньне Вайсковых могілак напісаў, бадай, Рыгор Семашкевіч у сваім вершы з кнігі “Субота”:

Вайсковыя могілкі Мінска
Не будуць варот зачыняць.
Спыніся — далёкі ці блізкі —
Тут маршалы нацыі спяць.

[...]

І не пры магільным граніце,
А скрозь на вялікай зямлі
Любіце паэтаў, любіце!
Іх так ненавідзець маглі.

“У сучасным Менску Вайсковыя могілкі не функцыянуюць, не існуюць у сьведамасьці людзей”, — мяркуе гісторык і архівіст Віталь Скалабан. І з гэтым цяжка не згадзіцца. Бальшыня магіл не дагледжана. Ля царквы Аляксандра Неўскага гуртуюцца бяздомныя, выпрошваюць грошы, п’юць...

На Вайсковых мноства загадак — і ня толькі безназоўныя пахаваньні, якіх многа і на Кальварыі, і ўва ўсёй Беларусі.

Нібыта менавіта тутака расстрэльвалі паўстанцаў 1863 году, але дакладных сьведчаньняў пра гэта няма. У кнізе “Горад і годы” (Менск, 1967) Адам Мальдзіс і Ўладзімер Караткевіч у артыкуле “Горад паўстае” пішуць, што каліноўцаў расстрэльвалі блізка цяперашняга Паштамту, за колішнімі жыдоўскімі кладамі, якія месьціліся ў раёне гатэлю “Сьвіслач” на скрыжаваньні вуліц Валадарскага й Кірава. А дзе тады хавалі — няясна...

Няхай жа зямля будзе пухам усім пахаваным на тым нэкропалі: і піянэрцы Галі Вайтэнкавай, і эсбээмаўцам, і ўсім вядомым і невядомым пахаваным, загінулым і расстраляным. Памятайма дзядоў.

Віктар Мухін


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру