Вячаслаў Адамчык

Вяжучы яромы цяжкія

Фрагмэнты новай кніжкі

 

Балаголы, фурманы, возчыкі ці проста аратыя мелі звычай пагаварыць да сваіх коней, найбольш іх пажурыць. А я, помніцца, чуў, як нябожчык Сяргей Дзяргай дакараў павучка, што жыў у яго ваннай.

А раз прыгадаўся мілы і самотны Сяргей Дзяргай, то, мусіць, трэба разгарнуць яго зборнік “Камень аб крэмень”, які я калісьці рэдагаваў.

* * *

Тры тамы ўспамінаў Бісмарка. Неабходна прачытаць. Хоць яго прароцтва адносна Расіі ня спраўдзілася: расейская і нямецкая імпэрыі ажно двойчы сыходзіліся ў крывавай бойні. Але ўжо пасьля яго сьмерці.

Ён жа зьвеставаў: “З Францыяй мы ніколі ня будзем жыць у міры, з Расіяю ў нас ніколі ня будзе патрэбы ваяваць”.

* * *

“Куды мы адыходзім?” — пытае Наваліс і адказвае: — “Заўсёды дадому”. А мне падумалася: ці траплю я нават пасьля сьмерці на зямлю, што спарадзіла мяне? Гэта ўжо загадка часу.

* * *

Антон Чэхаў у лісьце да А.Пляшчэева: “Мая аповесьць “Стэп” падобна не да аповесьці, а да стэпавай энцыкляпэдыі”.

А да чаго падобныя аповесьці Ш.? Хіба да даўнейшых цэкоўскіх пастаноў і агітак. А велешаноўнага прафэсара Н.? Да школьных пісаньняў зь пятае клясы. На большае яны абодва ня цягнуць.

* * *

Цюрскае слова “алань” азначае палянку, фінскае “аланка” — лагчыну, а “яланка” — пералесак альбо прагал. Значыць, наша гразкае балота Ельнік азначае багнішча, лагчыну, а не яловы лес? Елань — сенажаць. Магчыма, назвы нашых мястэчкаў і вёскаў, што расьцягнуліся ўздоўж рачной даліны Ятранкі, усе Наваельні, Стараельні, Еленькі паходзяць ад фінскага, ці, мо праўдзівей, вугра-фінскага слова “аланка” — лагчына.

* * *

Саматужная, даволі праставата аформленая кніжка — “Ігнат Дварчанін”. Нібы зь нейкага глухога падпольля — уперамежку з партрэтамі даярак пісьмы, творы, дакумэнты нашага трохі ўжо забытага літаратара і палітычнага дзеяча. Трагічны лёс тых, хто сьмеў азвацца пра сваю нацыянальную самасьвядомасьць, каб згінуць у Картуз-Бярозе альбо на Салаўках. Малочны Шлях тых, хто загаварыў да людзей і да Бога сьвятым родным словам. Іх была ўсяго жменька сярод паўсюднай, векавечнай цемнаты. Горка думаць і ўяўляць, што яны адносна маладымі злажылі свае косьці на чужыне, зь якой толькі на крылах сьветлых мараў даляталі да берагоў любай Бацькаўшчыны.

* * *

У аповесьцях Б. шмат хрусту касьцей і мала душы.

* * *

Пустая, калі не сказаць непрымальная рэч Гемінгуэя “Леў (для) місіс Мэры”. Гіцлі і жывадзёры забіваюць ільва. Гемінгуэй для мяне адышоў, як і Бунін.

* * *

Ледзьве ня ў кожнай назьве нашай кніжкі — крык, і на кожнай вышэйшай нарадзе таксама бясконцы крык, што хочацца нарэшце сказаць, як раіў М.Мэтэрлінк: давайце памаўчым, можа нарэшце пачуем голас багоў.

* * *

Бэкет — гэта матэматычнае пісьменства ці матэматычная музыкальнасьць словаў. Беларуская ж проза брала свой выток ад казкі, песьні, нават ад хаўтурнага галашэньня. Аднак маладзейшыя ў нашай прозе спрабуюць пераймаць Сэмюэла Бэкета. Напрыклад, Глёбус. Беларуская арнамэнтальнасьць, асабліва Міхась Лынькоў, — гэта ўжо выразнае перайманьне рытмікі галашэньняў.

* * *

На падставе рэальнага жыцьця я стварыў выдуманы і рэальны сьвет, каб ён для мяне і майго чытача стаў сапраўдным. Доказ гэтаму — мае чатыры раманы і мае аповесьці з апавяданьнямі.

* * *

Я жыву іншы раз у нейкай гіпахандрыі, у цьмянай прыгнечанасьці. Ратуе і вылечвае ад яе хіба творчасьць — даўней задуманае, а цяпер зьдзейсьненае апавяданьне.

Багіня мудрасьці Мінэрва ня часта наведвае мяне. Здаецца, даў вельмі кволае інтэрвію для радыёстанцыі “Свабода”.

* * *

Дзесьці ўжо выпісаў, але занатую яшчэ раз: “Адно зусім асаблівае слоўца пра славянаў” Ф.Дастаеўскага: “…Расея краіна варварская, змрочны паўночны калёс, нават ня чыстай славянскай крыві, прыгнятальнік і занявольнік эўрапейскай цывілізацыі”.

Можна ўявіць, як гэты “калёс” душыў і вынішчаў усё сьвятое беларускае.

* * *

Чытаючы Булгакава, сакратара Льва Талстога, выснаваў сваё: Як Чарткоў пры Талстым, так Б. пры Быкаве, — крок у крок. І неадступна, як стражнік.

* * *

У маёй душы жыве вялікі непаўторна-ўзьнёслы сьвет, які дараваў Бог мне ўбачыць — Нью-Ёрк, Вашынгтон, Парыж, Бэрлін, Самарканд, Тбілісі, Прага, Варшава, родная Вільня, — але найчасьцей мая сьцежка вяртаецца да такое нязнанае краіны, як Варакомшчына. Тачуся я туды сваёю норкаю, як вёрткая, хітрая мышка.

* * *

Лісты Льва Талстога. Яго перапалка з Тургеневым. Усё ад пыхі і гонару. Нецікава. Непагодны Тургенеў, крыўдліва-помсьлівы Талстой. Сябруюць ня з роўнымі, а з угодлівымі і ніжэйшымі — Фетам.

* * *

Дастаеўскі пра Страхава, сябра Талстога: “Нягледзячы на свой маральны выгляд, таемна пажадлівы і за якую-небудзь тлустую груба-пажадлівую брыдоту гатовы прадаць усіх і ўсё, і грамадзянскі абавязак, якога не адчувае, і працу, да якое яму ўсё роўна, і ідэал…”.

* * *

Не меркаваў аднак, што даўней пераносныя вульлі рабілі з саломы, лазы, гліны, нарэшце — дрэва.

Пчаляры ці бортнікі выдзёўбвалі борці ў пнях (камлях) старых дрэў — дубах, соснах, елках, ясенях. Слова “сасна” азначала калісьці дрэва, якое зьмяшчала борць. Сасна бяз борці называлася хвойкаю альбо хвояй.

* * *

У нас, на Зецяльшчыне, у вёсцы Курпяшы гадавалі коней — на продаж. Пра курпаў казалі, што яны паны пушчы, вольныя, як цецерукі, дужыя, як мядзьведзі, вёрткія, як вавёркі… Шкадую, што гэтага ня ведаў наш рамантычна-ўзьнёслы, найвялікшы выдумшчык Валодзя Караткевіч. Змарнавалася яшчэ адна рамантычна-прыгодніцкая тэма.

* * *

Гэта ж цікава: Арон Сімановіч (1873—?) — сакратар Распуціна.

* * *

Перачытваю ўласныя дзёньнікі. У іх вясна 1974 году, жывая яшчэ маці, яе гутарка:

— У Злахчынавых была кадушка на 20 шаснасткаў грэчкі. Кублэ зь верхнікамі на адзежу. Яны нават замыкаліся. Пруток засаджваўся.

Разгарнуў беларускую энцыкляпэдыю, але слова “шаснастка” не знайшоў.

* * *

Ці не пра аднога з нашых крытыкаў: “Такі чэрап, а мазгоў з гарошыну”. Гэта сказаў францускі вастраслоў Рэнар.

* * *

За зіму абрыд горад, таўкатня і сварба ў людных тралейбусах, чужая расейская мова, бо роднага мілага слова ўжо ня чую, — шлейфы чадных аўтамабіляў, ржава-жалезны віск і скрыгат тармазоў, горкі пыл скразьнякоў з арак і падваротняў, дарагавізна ў магазынах, ілжыва-прапагандысцкі тэлевізар…

Душа імкне да зялёнай руні, да палявое дарогі з пачарнелым і зьвінючым на ветры быльнікам. Як, зрэшты, няшмат трэба для ціхага чалавечага шчасьця.

* * *

Ноччу вострае, як алмаз, мігценьне зоркі ў маё вакно. Вершы Пастэрнака. Добрыя ўперамешку зь непісьменнымі — засасывающие словари, переобезьянные звёзды і іншыя финики, иглы, ковриги…

* * *

Знайшоў выпіскі з кулінарных кніжак для “Падвячорка па-ксяндзоўску”. Сальцісоны, салаткі, сыры, рулькі, шарлёткі, шынкі, трункі — уся паэзія беларускай кухні ёсьць, а п’ескі ці, праўдзівей, радыёп’есы на чатыры асобы няма.

Сумна і пуста на душы, нібы вычарпана жыцьцё.

* * *

Адкрываю, вынаходжу для сябе невядомага паэта Готфрыда Бэна. Шкада, што маю ў перакладзе зь нямецкай адзін толькі верш — “Рабіна” — і аўтабіяграфічную аповесьць “Падвойнае жыцьцё”. А не выдавалі, пэўна, таму, што служыў у нямецкім войску ў чыне маёра мэдычнай службы.

* * *

Цэлае пакаленьне беларускіх літаратараў пэрыяду сталіншчыны маглі б усьлед за вайсковым доктарам, маёрам вэрмахту, найперш вядомым паэтам Готфрыдам Бэнам паўтарыць словы зь яго п’есы “Трое старых”: “Мы жылі ня так, як былі, пісалі ня так, як думалі, думалі ня так, як хацелі, і пакінулі пасьля сябе зусім ня тое, што намерыліся зрабіць”.

Аднак ніхто па прыкладзе Бэна не рашыўся на споведзь і не пакінуў кніжкі пакут і раскайваньня. Адзін хіба Янка Купала свой грэх выкупіў сьмерцю.

А хто ж больш падняў паласаты шлягбаўм, каб пакінуць у сябе за сьпінаю сталінскія ўзнагароды? Ніхто! Нялёгка ды, мусіць, немагчыма прызнацца ў тым, што створана ня тое, калі на кніжнай паліцы паблісквае ціснутае золатам тваё імя, асьвячаючы шарэнгу шматтомнікаў.

Ніводная з сучасных літаратур так не абцяжарана ганаровымі званьнямі, як беларуская. Але саскрабі зь яе гэтую залаціста-срэбную луску, і ўбачыш пад ёю худзенька-ржавага селядца. Нават ужо заляжалага.

* * *

Жыцьцё, вядома, мераецца зьместам, а не пражытымі гадамі. Аднак чалавечы век дае таксама пэўны зьмест. На старасьці чалавек ня толькі спакайнейшы і лагаднейшы, але і разумнейшы. Але ўцёкі Талстога на схіле жыцьця гавораць пра іншае. Ён ужо ня мог ужыцца з тым, што абкружала яго — вялікая сям’я, нэрвовая жонка, дакучлівая слава, — але і з самым сабою.

А што ж змусіла старога чалавека без хвалы і славы засекчы жонку і скончыць жыцьцё самагубствам, як гэта здарылася ў суседніх ад нашай вёскі Аханянах, для мяне застаецца большай загадкаю.

* * *

Акрыяла рунь. Белы бусел на чорным гнязьдзе. Асьнік у сівым дажджы дрыготкіх таўкачыкаў. Цьвіце гарэшнік. Цёмны яловы лес у сініх азярынах пралескаў. А ў мяне на стале “Фрагмэнты” Геракліта. Задумваюся над яго формулай: “Бесьсьмяротныя смяротны, смяротныя бесьсьмяротны, жывуць за кошт сьмерці іншых, за кошт жыцьця іншых паміраюць”.

Учора перажыта адчуваньне блізкае сьмерці. Сядзеў на канапе і быў гатовы да ўсяго.

* * *

У куртатай, паменшанай да раёнкі “Звяздзе”, што астатнім часам для ўгодліва-прыніжанага слугаваньня друкуе расейскамоўныя ўстаўкі, артыкул і, вядома ж, з працягам, велешаноўнага прафэсара. У нуднай павучынай шматслоўнасьці — абавязковы, але ці патрэбны пералік усіх клясыкаў — найперш расейскіх, а потым — сваіх. Сярод шлейфу кінастужак фільмаў Фэліні альбо Вайды адпаведна няма.

І мне па нейкай асацыяцыі прыгадаўся камічны выпадак, што адбыўся на маіх вачах у Карлавараўскай санаторыі.

Каб увайсьці ў пэрлавую ванну альбо прыняць падводны масаж, упарты, пакорны Карану рослы туркмэн ня хоча зьняць з галавы аксамітную цюбяцейку і скінуць зьлінялыя зношаныя трусы. Ня менш настойлівыя чэскія мэдсёстры сілком, зь вялікім гвалтам зрываюць з пакорнага Карану, але непадуладнага санаторным загадам недаўменнага туркмэна ўсю яго амуніцыю.

І вось карціць сказаць ягамосьці прафэсару: заходзячы ў сёньняшні неразгаданы дзень, хоць саромеючыся, а здыміце заімшэлую цюбяцейку. Шапку перад будучыняй здыме ўжо нехта іншы.

* * *

Перачытваю “Ваенны дзёньнік” Ф.Гальдэра. Успамінаю 41-ы год, маладое лета, уцёкі расейскіх салдат у абмотках, кінутыя шынялі, газавыя сумкі, вінтоўкі, гранаты — і сваю расстраляную Варакомшчыну.

* * *

У Караткевіча, вядома, ёсьць нямала шэдэўраў, але, як сказаў бы Стэфан Жэромскі, шэдэўры ўжо дзесьці чытаныя.

* * *

П. — бясспрэчны празаік, але ў яго ўсё трохі прыхавана. Ад сябе і ад іншых. А ў гэтых схронах ці не згубіўся яго талент?

* * *

Эпапея Ч. — гэта не валун, нават не застылы асфальт, а порыстая глыба, што пазелянела і неўзабаве зарасьце лебядою і кіпрэем.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0