Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

У.Караткевіч. Аповесьці. Вершы: Для дзяцей сярэдняга школьнага веку / Мастак П.Драчоў. – Менск: Менская фабрыка каляровага друку, 2000. – 368 с. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-454-077-4

Кніга выйшла вялікім фарматам з залатымі літарамі на вокладцы. У гэтым фаліянце, што прадаецца ў кнігарнях за 6500 руб., зьмешчаны Караткевічавы аповесьці “Ладзьдзя роспачы”, “Зброя”, “Сівая легенда”. Прадмова да кнігі напісана Рыгорам Барадуліным.

Л.Рублеўская. Балаган: Вершы / Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. – Полацак: Полацкае ляда, 2000. – 56 с. – Наклад 100 ас.

У зборніку паэткі пакаленьня “Тутэйшых” - філязофская лірыка апошніх гадоў.

В.Шніп. Чырвоны ліхтар: Вершы / Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. – Полацак: Полацкае ляда, 2000. – 56 с. – Наклад 100 ас.

Блатныя рамансы і іншая хуліганская лірыка. Не рэкамэндуецца для чытаньня непаўналетнім.

Г.Ліхтаровіч. Добры дзень, Беларусь: Фотаальбом / Прадмова Л.Шчамялёва. – Менск: Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў, 2000. – Наклад 5000 ас.

Найлепшыя здымкі беларускіх краявідаў і помнікаў дойлідзтва, зробленыя Георгам Ліхтаровічам, дапоўнены ягонымі вершамі. Аднак ня кожны здолее набыць гэты кніжны скарб – каштуе ажно 18 тысяч руб.

Л.Дранько-Майсюк. Места і Сьвет / Мастак Г.Гран. – Менск: Грамадзкае аб’яднаньне “Беларускае таварыства “Кніга», 2000. – 248 с.: іл. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6605-03-2

У кніжцы-малютцы сабраны найлепшыя творы Леаніда Дранька-Майсюка, напісаныя ім у апошняе дзесяцігодзьдзе пра хараство свайго маленькага Давыд-Гарадка й вялікага сьвету. Цана ў менскіх кнігарнях – 2500 руб.

Паэма “Тарас на Парнасе”: Здабыткі і праблемы. Другія літаратурна-краязнаўчыя чытаньні, прысьвечаныя 25-й гадавіне адкрыцьця Генадзем Кісялёвым асобы Канстанціна Вераніцына, 19 лістапада 1998 г., м. Гарадок Віцебскае вобласьці / Пад рэдакцыяй Л.Гаравога. – Гарадок, 1999. – 48 с. – Наклад 260 ас.

Усталяваньне савецкае ўлады і супраціў бальшавіком на Віцебшчыне. Гістарычна-краязнаўчыя чытаньні 29 лістапада 1998 г., м. Віцебск. – Гарадок, 1999. – 48 с.

История Беларуси: Словарь-справочник / Под редакцией С.Дубенецкого. – Менск: Эканампрэс, 2000. – 320 с. – Наклад 5100 ас. ISBN 985-6479-22-3

Новы дапаможнік з гісторыі Беларусі, хаця й выдадзены па-расейску, зьмяшчае карысныя табліцы й схемы, што паспрыяюць лепшаму засваеньню атрыманых на занятках ведаў – перадусім шкаляром. Даведнік складаецца з разьдзелаў: кароткі нарыс гісторыі Беларусі, слоўнік тэрмінаў і паняткаў, імёны ў беларускай гісторыі, храналёгія.

Колокола времен: Популярный исторический журнал. Спецвыпуск: Несвиж – маленький Париж. № 4, 2000. – Менск, 2000. – 8 с.: іл. – Наклад 5000 ас.

Карацей ды зьмястоўней пра Нясьвіж няма больш нідзе – гэтая кніжыца можа быць заўжды карысная ў падарожжах у “маленькі Парыж”. Цана 300 руб., прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”.

Лэхаим: Из еврейского фольклора / Составители Э. Иоффе, Г.Релес. – Менск: Ураджай, 2000. – 389 с.: іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-04-0276-8

Можна толькі пашкадаваць, што гэтая кніга выйшла не па-беларуску. У ёй вы знойдзеце казкі, байкі, хасыдзкія гісторыі, песьні, прыказкі, прымаўкі, показкі ды зычэньні жыдоў Сярэдняй Эўропы. Цана – 3000 руб.

Э.Кодер. Мой Франциск Скорина: Эссе / Перевод с английского А.Новикова, Г.Ермакова. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 72 с. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-6318-95-5

Амэрыканскі доктар Э.Кодэр, прыехаўшы ўпершыню ў Беларусь у 1997 г., зацікавіўся постацьцю Ф.Скарыны, а гэтая кніга – ягоныя думкі й рэфлексіі пра нашага першадрукара. Каштуе 400 руб.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0