Каго бачу з Масквы?

Не выключаў бы знову рашуча вусатага, але ня надта драпежнага дзядзьку. Лагаднейшага паглядам, крэўнага, прынамсі, абліччам, нашаму славяна-белавусаму тыпу. Тым болей, наважся і чародны Бацька пацешыць сьвет роляю блазна-славянособирателя... Пры такім павароце справы морда лица, ня раз паўтарае мой рускі прыяцель-сусед па лецішчы, очень даже много значит. Інакш прэтэндэнту в истинные славянины не ўсьцерагчыся ад ніякаватых прынародных запытаў кшталту:

Тебя б в Хусейнию послать,
Но те — диктаторы «чэсней»!
Начнешь и там славян искать?
А сам — цыган иль иудей?

(Ідыёт самы настаяшчы. — Менск–Варшава–Масква, 2000. С.76)

Калі ж паважней і канкрэтна — аддаў бы гэты “прэзыдэнцкі” гонар старшыню Таварыства Беларускай Мовы сп.Алегу Трусаву. Бязвусаму, праўда, — затое з барадой. Барадатыя, заўважана, мудрэйшыя ад вусатых, а галоўнае, не такія злосныя, не крывасмокі. На дадатак і расейскі наезд на палітычны алімп Беларусі набыў бы пэўную лягічную завершанасьць: во главе русской команды — русский человек, нават з сэміцкімі прыкметамі. Пад такім лідэрствам нашыя браткі — цяперашнія начальнікі РБ ад адукацыі, бясьпекі, міліцыі, абароны, замежных справаў, так званае Палаты (якая шчэ з тутэйшых уладных дзялянак не ахоплена “русской любовью”?) ня тое што перашкаджалі б, але гуртом кінуліся б адчыняць вымаганы абарыгенамі нацыянальны ўнівэрсытэт на окраине, пардон, у краіне, ім падуладнай. А там, глядзіш, аднаго-другога хама зь ліку воинственных ревнителей “истинности” (“Говори нормальным языком!”) асадзілі б не на жарты. Дратаваньне ж палкамі, цкаваньне аўчаркамі на вуліцах і плошчах Менску, Віцебску, Барысава і г.д. беларускага чалавека за маніфэставаньне ім свае беларускасьці пры такім прэзыдэнце не лічылася б болей делом доблести и геройства або трамплінам для чынавенскай кар’еры.

Словам, русская отзывчивость всемирная магла б і на крывіцкай зямлі пакінуць па сабе дапраўды векапомны і шляхетны сьлед. А наш удзячны патомак поруч з прозьвішчамі Маркса, Леніна, Дзяржынскага, Сьвярдлова, Берсана, Кнорына, Мясьнікова, Люксэмбург (Розы), увечненых на абшары совкового запаведніка, зь няменшай узрушлівасьцю згадваў бы па часе імёны Стражева, Заметалина, Ерина, Чумакова, Латыпова, Попова... Каго-каго, а іншаземных благодетелей, сваіх чужынцаў аддзячыць беларус патрапіць.

Шкада — ня збыцца майму праекту. Вынікі грядущей выбарчай мітульгі ў Беларусі, прыпушчаю, ужо пралічаны-падлічаны сыскною службою соседней столицы с ее легальной экспозитурой в центре Минска.

Што ў такім разе застаецца рабіць тутэйшаму люду? А ўсё тое самае, спаконвечнае: рыхтаваць гной пад бульбу ды ціснуць цішком самагонку. Мармычучы, пад кайф, свой нямы праклён: “Каб вы здохлі” [В.Быкаў. Тры словы нямых. — А.К.].

Пакуль гэтае прыцішанае мармытаньне ня выбухне грымотным розгаласам над дрымотным абшарам Забранага краю: КАБ ВЫ ЗДОХЛІ!

Тады й над выбарамі прэзыдэнта, а яшчэ лепш, Гаспадара Краіны паразважаць, суважна, у самы раз.

Аляксей Каўка, Масква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0