Навіны за тыдзень

 

11 затрыманых у дзень правоў чалавека

У міжнародны дзень правоў чалавека праваабаронцы выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў з фотаздымкамі ахвяраў палітычнага тэрору. У Менску на праспэкце маніфэставалі паўтары сотні чалавек, у тым ліку сваякі зьніклых палітыкаў. Зінаіда Ганчар падпільнавала Віктара Шэймана, што ў часе акцыі якраз прыехаў у КДБ, каля будынку якога пратэставалі праваабаронцы, але лукашэнкаўскі шэры кардынал ухіліўся ад размовы.

Сілы правапарадку адказалі затрыманьнямі: у Менску прылавілі Юрася Зяньковіча, Сяргея Скамейку і Людмілу Бажко зь сяброўкай, у Берасьці — Уладзімера Вялічкіна, Алега Дыдышку, Кірылу Данька і аўтараў “НН” Яўгена Бяласіна і Сержука Бахуна, у Барысаве — Анатоля Аскерку і Зьмітра Бародку, паведамілі нам у Праваабарончым цэнтры “Вясна”.

Шэсьце 18 сьнежня

18 сьнежня Свабодны прафсаюз беларускі ладзіць шэсьце й мітынг пратэсту супраць пагаршэньня жыцьця, росту цэнаў ды ўціску прафсаюзаў. Удзельнікі плянуюць сабрацца а 16-й ля Менскага трактарнага і прайсьціся шэсьцем па вуліцах Даўгабродзкай, Казлова, Варвашэні і Багдановіча на пр.Машэрава, дзе насупраць Палацу спорту мае прайсьці мітынг.

Настаўнікі бунтуюцца

7 сьнежня прафсаюз адукацыі і навукі заявіў, што настаўнікі школаў ды выкладчыкі ВНУ гатовыя застрайкаваць, калі сярэдні ўзровень аплаты іх працы не давядуць да сярэдняга ўзроўню ў прамысловасьці ды не ўстановяць студэнцкія стыпэндыі на ўзроўні, вышэйшым за 50% пражытковага мінімуму. Пад гэтымі патрабаваньнямі паставілі подпісы 170 тыс. чалавек – кожны другі працаўнік сыстэмы адукацыі.

Пратэстанты судзяцца
з “Народнай газетай”

Менскія хрысьціянскія грамады патрабуюць узбудзіць грамадзянскую справу супраць “Народнай газеты” ды журналісткі гэтага выданьня Ніны Яновіч. Прычына – яе артыкул “Беларусі пагражае пэрспэктыва ператварыцца ў пратэстанцкую рэспубліку, ці Нас настойліва падштурхоўваюць здрадзіць веру нашых продкаў», надрукаваны сёлета. Яновіч сьцьвярджае, што нэапратэстанцтва пагражае асновам існаваньня нацыі. Пасьля таго як судзьдзя Савецкага раёну Менску Генадзь Дашук адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу, бо палічыў зьвесткі, пададзеныя ў артыкуле, навуковымі. Пратэстанты падалі скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду.

Жаўтачка ў Малькавічах

У вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёну – эпідэмія гепатыту А. Жаўтачка скасіла больш за тры дзясяткі вяскоўцаў, большасьць зь якіх – вучні ды настаўнікі мясцовае школкі. Бедакі атруціліся няякаснаю пітною вадою. Дактары чакаюць новых хворых, бо інкубацыйны пэрыяд захворваньня цягнецца ад 18 да 100 дзён.

Калядныя ялінкі

Калядныя ялінкі пачнуць прадаваць у Берасьцейскай ды Гарадзенскай абласьцях з 20 сьнежня, у Віцебскай – з 21-га, у Менску ды Менскай вобласьці – з 23-га, у Гомельскай і Магілёўскай – з 25-га. Летась прадалі 164 тыс. дрэўцаў. Колькі ж людзі павысякалі самі — не зьлічыць. Сёлета ялінкі будуць каштаваць ад 600–700 руб. на Гомельшчыне да 2–3 тыс. у Менску.

Ордэны Скарыны – японцу і ангельцу

5 сьнежня японскі лекар Акіра Сугеноя атрымаў ордэн Скарыны. Сп.Сугеноя са сваёй ахвоты прыехаў у 1996 г. у Беларусь. За тры з паловай гады ён бясплатна праапэраваў 758 пацыентаў, сярод іх 45 дзетак, хворых на рак шчытавіцы. Японец таксама на ўласныя 137 тыс. даляраў набыў дарагое абсталяваньне для Менскага гарадзкога анкалягічнага дыспансэру. Зараз доктар Сугеноя бясплатна працуе кансультантам у гомельскім абласным анкадыспансэры.

Ордэн Скарыны далі таксама ангельскаму беларусісту Гаю дэ Пікарда. Уручалі яго падчас канцэрту хору беларускага Міністэрства абароны. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Ангельшчыне рэзка крытычна паставіліся да рашэньня Пікарда прыняць узнагароду, дадзеную Лукашэнкам, і цяпер унікаюць кантактаў зь ім.

Зачынілі
школьную газэту

Не пасьпеў выйсьці ў сьвет трэці нумар школьнай газэты “Зяльвяначка”, як яе зачынілі ўлады: выданьне незарэгістраванае. Супрацоўнікаў рэдакцыі выклікалі ў Зэльвенскі райвыканкам ды пагразілі выгнаць з працы. Але зачыненая газэта ўсё-ткі будзе выходзіць – ужо як маладзёвае выданьне.

Гаспадар забіў злодзея

4 сьнежня ў адзін з прыватных дамоў у Магілёве залезьлі рабаўнікі. Гаспадар, чый дом ужо абрабавалі месяц таму, прачнуўся, схапіў стрэльбу ды стрэліў у паветра, каб распужаць незнаёмцаў. Але было цёмна, і шрот трапіў у аднаго з рабаўнікоў тады, калі яны ўжо лезьлі ў цемры цераз плот. Злодзей загінуў, цяпер вядуць сьледзтва.

Паводле БелаПАН, Радыё Рацыя і ўласнай інфармацыі

Марачнае чарніла

З двума мэдалямі вярнуліся з Маскоўскага міжнароднага конкурсу “Лепшае шампанскае, віно й каньяк году” прадстаўнікі Баранавіцкага харчовага камбінату. У намінацыі “Пладовыя віны” напой “Асеньняя фантазія” атрымаў залаты, а “Пасхальнае” — срэбны мэдаль.

Цікава, што нешта не чуваць пра гэткія гучныя перамогі нашага чарніла на конкурсах у той жа Польшчы. Мабыць, “Шэпт манашкі” (папулярнае баранавіцкае “чарніла”) ці славуты “Крыжачок” няздатныя паспаборнічаць якасьцю нават з простым польскім “віном маркі віно”.

У гэты ж час з Украіны ў цягніках, схаваныя ў матрацах, едуць да нас кантрабандаю разнастайныя “кагоры” й прадаюцца па 1,5–2 даляры. навуковымі.

Равяка Руслан,
Баранавічы

 

Зорка спагады

5 сьнежня ў пакуль яшчэ гасьціннай залі сталічнага Дому літаратараў адбылася прэзэнтацыя альбому баляд Алеся Камоцкага на словы Рыгора Барадуліна “Зорка спагады”. Ахвочыя маглі тут і набыць выдадзеную адмыслова да імпрэзы касэту й кніжачку з тэкстамі. Прыйшлі ня толькі запрошаныя, але й заглядалі выпадковыя наведнікі суседняга “Беларускага бістро”. Вабілі ня толькі баляды А.Камоцкага, але й дасьціпныя показкі Р.Барадуліна, які расказаў зь дзясятак легендаў пра свайго сябра Ўладзімера Караткевіча, юбілей якога дагэтуль адзначае краіна.

Пачатак, аднак, быў празаічнейшы. Спачатку гаварыў прад’юсэр праекту Зьміцер Падбярэскі. А пасьля Рыгор Барадулін чамусьці згадаў пра нябожчыкаў ды пра вечнасьць. Зрэшты, дзе спачывацьмеш — няважна, мяркуе клясык: “Кажуць, Караткевіч піў і памёр праз гэта… Але Караткевіч напісаў 25 тамоў — ці магло гэтак быць, каб ён піў?! Грошай у Караткевіча ніколі не было, грошы былі ў Макаёнка, казалі — Макаёнак пацеў грашыма. Макаёнак запомніцца толькі тым, што ў яго пазычаў Караткевіч грошы!”

Караткевіча сапраўды помняць — заля пляскала словам з Барадулінавага “Акафіста Ўладзімеру”: “Быў! Ёсьць! Будзеш! Будзеш! Будзеш! Жыве Беларусь!”

“Караткевіч ведаў сабе цану — што ён адзіны й непаўторны, але ніколі гэтага не падкрэсьліваў. Ён нарадзіўся не на голым месцы, не на дзікім полі, бо геніі на пустцы не нараджаюцца. Ён выгадаваўся на Аршаншчыне, дзе была Аршанская бітва!” — зацеміў Р.Барадулін. І жыцьме Беларусь датуль, дакуль не спустошаны дарэшты нашы душы й наша зямля. “РАсы перамяшаліся, як лясы, — я за чысьціню расЫ!” — гэтак закончыў народны паэт імпрэзу.

Віктар Мухін


Навіны Полаччыны

 

Спадкаемцы
Лазара Богшы

Учора ў Полацку адбылася незвычайная падзея — прэзэнтацыя адмысловай спэцыялізаванай ювэлірнай крамы, якая разьмясьцілася ў старым будынку побач з цэнтральным гарадзкім пляцам Волі. Крыху раней, на пачатку сёлетняй восені, у гэтым жа будынку адкрылася ювэлірная майстэрня. Гаспадыня дому — Аляксандра Дыянава, кіраўніца камэрцыйнай фірмы “Дыяна”. Полацкая фірма чацьвертая ў Беларусі атрымала ліцэнзію на вытворчасьць ювэлірных вырабаў. Цікава, што зусім побач з новай крамай напрыканцы 80-х вядомы археоляг Сяргей Тарасаў раскапаў вялікую сядзібу тутэйшага ювэліра. Выказвалася нават здагадка, ці не на сядзібу слыннага Лазара Богшы натрапілі археолягі. Дужа ж багатым быў той полацкі ювэлір. Дый час, якім датаваліся знаходкі, супадаў з гадамі жыцьця майстра, аўтара славутага Крыжа, вырабленага на замову Эўфрасіньні Полацкай. Аднак здагадка засталася здагадкай — бо на такое сьцьверджаньне патрэбны грунтоўныя доказы. Падчас прэзэнтацыі крамы Аляксандра Дыянава сказала, што сучасныя спадкаемцы справы Лазара Богшы абавязкова будуць трымацца полацкай традыцыі ювэлірнага майстэрства. А Сяргей Тарасаў падрыхтаваў для майстроў “Дыяны” адмысловы каталёг найбольш цікавых упрыгожаньняў, знойдзеных у самым старым горадзе Беларусі. Падчас распрацоўкі новых вырабаў тутэйшыя ювэліры будуць улічваць асаблівасьці полацкай школы ювэлірнага мастацтва.

Выстава дасьпехаў

Полацкі рыцарскі клюб “Жалезны воўк”, бадай, самае актыўнае грамадзкае аб’яднаньне Полаччыны. “Ваўкі” знаходзяцца ў стане пэрманэнтных мерапрыемстваў — турніры, спэктаклі, выставы, здымкі ў кіно, сустрэчы з моладзьдзю. Гэтымі днямі ў Полацкім цэнтры нацыянальных культураў і рамёстваў рыцары наладзілі чарговую выставу дасьпехаў часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Кажуць, што “жалезныя ваўкі” на сёньня найлепш экіпаваныя сярод беларускіх рыцарскіх клюбаў. Прычым яны з пэдантычнай дакладнасьцю імкнуцца ўзнаўляць збройны рыштунак таго часу. У адрозьненьне ад аматараў рыцарскай рамантыкі з заходніх краінаў, дзе робяць дасьпехі зь лёгкіх мэталаў, у палачанаў самая што ні на ёсьць сапраўдная сталь. Таму поўны рыцарскі “баекамплект”, а іх на выставе 5, важыць каля 50 кіляграмаў. Чуў пра такі выпадак: у Троках адзін з гледачоў пасьля паказальнага бою ў замку падышоў да палачанаў і папрасіў прымерыць кальчугу. Хлопцы не адмовілі і спрытна накінулі на цікаўнага сталёвую кашулю, той, не чакаючы такой вагі, так і прысеў, як быццам штангіст, якаму не паддаецца спартовы снарад. Затое амэрыканскі пасол Дэніэл Спэкгард, калі сёлета перад ад’ездам на радзіму наведаў сядзібу клюбу ў Полацку, апрануўся ў рыцарскую амуніцыю па поўнай выкладцы. Праўда, яму прапанавалі не самы цяжкі камплект, але і гэты важыць ня менш як 30 кг. Шаноўнага госьця, які ўдала прайшоў выпрабаваньне, прынялі ў полацкі рыцарскі ордэн і нават дазволілі сфатаграфавацца ля клюбнай харугвы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0