а. Аляксандар Надсан

Таямніца брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл

гісторыя нязьдзейсьненай мары

Заканчэньне. Пачатак у мінулым нумары.

 

Выглядае, што мітрапаліт Шаптыцкі паступіў карэктна, не жадаючы рабіць апошняга рашэньня, ня выслухаўшы двух бакоў1 . Між іншым, месяцам раней сам Абрантовіч быў у яго ў Львове, дзе першы раз служыў усходнюю літургію.

Забраўшы ўсё, Абрантовіч і Цікота хацелі “выцягнуць” ад княгіні яшчэ больш. Цікота пісаў Абрантовічу 27 ліпеня 1928 г.: “Пішу я адгэтуль (ён быў у той час у Марыямпалі ў Літве. — А.Н.) да Радзівіліхі. Якога ёй даць чалавека на пасрэдніка, сам ня знаю… Ты падумай, бо я ёй яшчэ пісаць аб гэтым ня буду. Напішу ёй аб сёстрах, няхай яна ім троха паможа. Для Найловіча канечне дастань… помач у Рыме, а не ад Радзівіліхі, бо ад яе я прашу помачы на выдавецтва”. Пасрэднік быў патрэбны, каб “зацёрці сьляды”, адкуль прыходзіць дапамога. Захаваўся адказ княгіні Радзівіл на просьбу Цікоты, зь якога відаць, што гэтая спроба яму не ўдалася2 . Між іншым, увосень 1929 г. Цікота езьдзіў да княгіні ў Годэсбэрг, дзе, як ён піша ў лісьце да Бучыса ад 21 кастрычніка, яго “прымалі вельмі гасьцінна і сардэчна”. Другі раз ён адведаў яе ў жніўні 1930 г.

24 жніўня 1928 г. Абрантовіч у Марсэлі сеў на карабель, які плыў у Шанхай. Зь ягоным ад’ездам справа калье прыціхла, але ненадоўга. У верасьні 1930 году мінуў тэрмін пазыкі, дадзенай біскупу Лазінскаму. Адаслаўшы грошы, згодна з наказам Абрантовіча, друйскім марыянам, біскуп у добрай веры захацеў зрабіць прыемнасьць Магдалене Радзівіл (прозьвішча якой тады ён ужо ведаў, найхутчэй, ад Хвецькі) і падзякаваць за дапамогу ў адбудове сэмінарыі. Княгіня адказала лістом ад 15 красавіка 1931 г., у якім між іншым піша: “…У 1917 ці 1918 г. (даты не памятаю) я дала сьв. пам. а. Будзьку брыльянтавы нашыйнік і адзін брыльянт вялікай вартасьці, якія мелі быць аддадзеныя аа. Абрантовічу і Хвецьку, прададзеныя імі і скарыстаныя на заснаваньне ў Рыме беларускай грэка-уніяцкай калегіі. Пра гэта, апрача сп. Рамана Скірмунта, ніхто не павінен быў ведаць.

Пра лёс гэтых каштоўнасьцяў я даведалася толькі ў 1926 (а можа 1927) г. у Гермсдорфе зь лісту а. Абрантовіча, які паведамляў мне, што за выручаныя грошы была пастаўленая ў Пінску Сэмінарыя, здымак якой ён далучыў. Пасьля прыйшоў ліст ад а. Хвецькі з пратэстам супраць скарыстаньня а. Абрантовічам грошай, бо ён патрабаваў іх на Люблінскую сэмінарыю. Пра тое, каб у гэтай справе нейкі голас мела я, ні адзін, ні другі з гэтых сьвятароў, пакліканых для ўзгадаваньня духоўнай моладзі, відавочна, ня меў уяўленьня.

Ніякіх камэнтароў не дадаю, толькі заўвагу, што такое самае ўяўленьне мае, напэўна, і а. Цікота, калі забраў доўг ад Вашай Эксцэленцыі. Пра паводзіны а. Абрантовіча я гаварыла а. Бучысу, які ня быў ім захоплены. Дзеля гэтага не магу прыняць словаў удзячнасьці за дапамогу ў заснаваньні Пінскай Сэмінарыі, бо яна была дадзеная без майго ведама”.

Працяг гэтай сумнай гісторыі знаходзіцца ў карэспандэнцыі Магдалены Радзівіл зь біскупам Пётрам Бучысам, генэральным кіраўніком закону аа. марыянаў.

Княгіня напісала 8 жніўня 1931 г. Бучысу ліст наступнага зьместу: “У 1917–18 г., калі я жыла ў Менску, я даручыла аа. Абрантовічу, Хвецьку і Будзьку брыльянтавы нашыйнік вялікай вартасьці і пярсьцёнак зь вялікім брыльянтам з мэтаю, каб пасьля продажу гэтых прадметаў сума, за іх выручаная, была скарыстаная на справу навучальнай установы ў Рыме, у якой маглі б узгадоўвацца на сьвятароў каталіцкага ўсходняга абраду маладыя людзі, прызначаныя для навучаньня і пашырэньня сьв. Веры сярод беларускага народу на беларускай мове. Даведваюся зь лісту а. біскупа Лазінскага, што частка сумы, атрыманай з продажу каштоўнасьцяў, якую а. Абрантовіч яму пазычыў і якую а. біскуп акрэсьлівае круглай сумаю ў 12 000 даляраў, на загад а. Абрантовіча была перасланая ў касу аа. марыянаў паўтара ці два гады таму назад. Паколькі грошы тыя мелі і маюць іншае прызначэньне, прашу ласкава, каб яны былі зьвернутыя на працягу трох месяцаў. Калі гэта ня будзе зроблена, я аддам гэтую справу ў рукі Яго Эмінэнцыі а. кардынала Ван Россум, прэфэкта Прапаганды3  ў Рыме”.

Адказ Бучыса ад 4 верасьня быў даволі доўгі. Пасьля таго, як ён сказаў, што маёмасьць законьніка (манаха) стаецца ўласнасьцю закону толькі пасьля ягонай сьмерці на аснове тэстаманту, ён супярэчыць сам сабе: “Цяпер ведаю, што а. Абрантовіч ня мае ніякай асабістай карысьці з вышэйзгаданых маёмасьцяў. Даходы з дому і капіталу, а можа і сам капітал, ідуць на аплату ўзгадаваньня маладых клерыкаў і асьпірантаў беларускага паходжаньня. У 1930/31 школьным годзе шэсьць зь іх вучыліся ў Рыме. Вось іхныя імёны: Казімер Найловіч, Тамаш Падзява, Мартын Зданюкевіч, Ян Вайноўскі, Казімер Урбановіч і Юры Кашыра. Пяць першых вучацца ва ўсходнім абрадзе і склалі фармальна абяцаньне на пісьме, што пасьвяцяць сваё жыцьцё справе навяртаньня некаталіцкіх землякоў4  гэтага самага абраду ў межах Польшчы або па-за імі згодна з загадам Апостальскага Пасаду”.

Бучыс заканчвае: “Да гэтага часу я меў уражаньне, што а. Абрантовіч і ягоныя прыяцелі аа. марыяне з Друі ад усяго сэрца, шчыра і пасьпяхова служаць духоўным патрэбам навакольнага люду. Ліст Найшаноўнай Пані Княгіні, здаецца, абапіраецца на іншыя меркаваньні. Паколькі мне нельга заплюшчваць вочы на правіны маіх падуладных, дык прашу ўдзяліць мне некалькі гадзінаў на выслуханьне, падчас якіх спадзяюся пачуць тыя доказы віны, якіх Найшаноўная Пані Княгіня дзеля важных прычынаў не выменіла ў лісьце”.

Княгіня адказала коратка ў лісьце бяз даты: “Я прачытала копію майго лісту да Вашай Біскупскай Міласьці і не магу ў ім угледзець ніякага закіду віны некаму са сьвятароў. Сьцьвярджаю толькі факт, пацьверджаны лістом Я. Экс. а. біскупа Лазінскага”.

Бучыс зноў адказаў доўгім лістом ад 7 кастрычніка 1931 г.: “Цешыць мяне… што Найшаноўная Пані Княгіня ня робіць ніякіх закідаў марыянам у Друі. Айцец біскуп Лазінскі, ня будучы законьнікам, недакладна выразіўся аб праўным становішчы маёмасьці, даверанай а. Абрантовічу. Чалавек, пры ўступленьні ў закон, не абавязкова перадае сваю маёмасьць гэтаму закону, але перад (законнымі) шлюбамі піша тэстамант. Закон ня мае права распараджацца маёмасьцю законьніка, хоць бы гэтая маёмасьць была запісаная на ўласнасьць закону.

Дасюль мне здавалася, што друйскія марыяне распараджаюцца маёмасьцю а. Абрантовіча згодна з указаньнямі, пададзенымі ў ягоным тэстаманце, і што мэты, якія былі ўказаныя ў дарчым акце, засталіся верна захаванымі. Калі б Найшаноўная Пані Княгіня ведала пра нейкае адхіленьне ад гэтых мэтаў, я вельмі прасіў бы паведаміць мне пра гэта.

Паўтараючы запэўненьне жаданьня сьцісла выконваць волю ахвярадаўцаў, аднаўляю таксама словы сардэчнай і гарачай удзячнасьці Найшаноўнейшай Пані Княгіні за такія шчодрыя дары для нашага мізэрнага закону!”

Адказ княгіні ад 10 кастрычніка быў, як заўсёды, кароткі і ясны: “Лісту Яго Эксцэленцыі зусім не разумею. Я не прыводзіла думкі а. біскупа Лазінскага, а справу дала да разгляду двум старэйшым зьверхнікам двух розных (манаскіх) законаў, а таксама аднаму вучонаму пралату, і ўсе былі адной думкі адносна абавязку закону аа. марыянаў вярнуць забраныя аа. Абрантовічам і Цікотам грошы. Прозьвішчаў не падаю, але я раілася ў людзей паважных, і яны будуць кіраваць маімі дзеяньнямі”.

Пасьля атрыманьня гэтага лісту было скліканае 30 кастрычніка паседжаньне Галоўнай рады закону айцоў марыянаў, па даручэньні якой на наступны дзень Бучыс напісаў княгіні: “Я атрымаў Ваш ліст ад 10 кастрычніка г.г. Ня мог адказаць раней, бо вярнуўся з падарожжа дня 28 кастрычніка, а паседжаньне Генэральнай Рады ў справе Яснавяльможнай Княгіні мела месца дня 30 кастрычніка. Паседжаньне просіць Найшаноўнейшую Пані зьвярнуць ласкавую ўвагу на канон 536, дзе ў параграфе 2 гаворыцца: “Калі законьнік звычайных шлюбаў прыняў абавязацельства, ён сам павінен адказваць, за выняткам, калі гэта зрабіў з дазволу свайго зьверхніка”, а ў параграфе 3 дадаецца: “Калі законьнік прыняў абавязацельства без дазволу старэйшых, сам павінен адказваць, а не закон, правінцыя ці дом”. Дык вось, а. Абрантовіч ніколі ні ад якога марыянскага кіраўніка не атрымаў дазволу рабіць абавязацельствы перад Яе Сьветласьцю Пані Княгіняю.

Апрача таго, канон 580, 1 так гучыць: “Кожны, хто склаў законныя шлюбы простыя, вечныя ці часовыя, калі ў канстытуцыях няма асобай засьцярогі, захоўвае ўласнасьць сваёй маёмасьці і магчымасьць атрымаць яе назад пад умоваю захаваньня канону 569”. А канон 569 кажа, што маёмасьць такога законьніка не стаецца ўласнасьцю закону, а толькі адміністрацыя ёю даручаецца гэтаму апошняму або староньняй асобе, выбранай уласьнікам. Айцец Абрантовіч даручыў дом у Наваградку нашаму закону для карыстаньня, а не на ўласнасьць. Той самы 569 канон кажа пра тэстамант. Айцец Абрантовіч такі тэстамант зрабіў, як я згадваў у маіх папярэдніх лістах. У марыянскіх канстытуцыях няма ніякага адхіленьня ад канонаў Каталіцкай Царквы.

Яснавяльможная Пані Княгіня з гэтых цытатаў, або на судзе, пераканаецца, што наш закон права ўласнасьці на маёмасьць а. Абрантовіча ня мае, таму гэтага права нікому ня можа перадаць. Калі а. Лорэт, C.M.5  або іншыя паважаныя айцы з закону сьвятароў місіянэраў (лазарыстаў) маюць іншыя погляды, дык адпаведнае ім паступаньне можа толькі выклікаць непатрэбныя судовыя кошты, бо абавязак Марыянскай генэральнай рады, а таксама мой, — прытрымлівацца праўных нормаў, якія дзейнічаюць у Каталіцкай Царкве, што я і раблю”.

Зьмест гэтага лісту, які адлюстроўвае афіцыйнае стаўленьне закону марыянаў, можна перадаць у некалькіх словах: марыяне грошай не аддадуць, бо ўсё зроблена згодна з нормамі кананічнага права; калі ж княгіня захоча дамагацца сваіх правоў у судзе, то нічога не даб’ецца, а толькі наразіцца на непатрэбныя кошты.

Княгіня добра зразумела, што пад покрывам захаваньня нормаў кананічнага права хаваецца тое, за што дакараў Хрыстос фарысэяў: “Добра ўмееце адхіляць прыказаньні Божыя, каб захаваць вашыя пераказы (традыцыю)” (Мк 7:9). Таму стаецца зразумелым тон ейнага апошняга лісту ад 9 лістапада: “Права кананічнага ня ведаю, але ў жыцьці бачыла шмат ашуканцаў, якіх спрытны габрэй-адвакат ратаваў ад катаргі пры дапамозе перакручаных на розныя лады тэкстаў з Кодэксу. Для мяне і для многіх асобаў, якім я расказала пра паводзіны аа. Абрантовіча і Цікоты, справа, бачаная ў сьвятле сёмага прыказаньня6 , зусім ясная. Наагул, учынак, які патрабуе для доказу сваёй нявіннасьці доўгіх і вытанчаных тлумачэньняў, падазроны. Людзі сумленныя ня маюць патрэбы ў красамоўных аргумантах. Уважаю, што далейшая між намі карэспандэнцыя да нічога не давядзе. Далучаю словы пашаны, належнае Вашай Эксцэленцыі. М.Радзівіл”.

Як маленькае адступленьне, варта параўнаць заканчэньне лісту, якое гучыць па-польску: “Lączę wyrazy należącego się Waszej Excellencyi poważania”, з заканчэньнем ліста да біскупа Лазінскага, аб якім была гаворка вышэй: “…polecając się modlitwom Waszej Biskupiej Mości mam zaszczyt pozostawać z najgłębszym szacunkiem Waszej Excellencyi najniższa służebnica Magdalena Radziwiłł” (…паручаючыся малітвам Вашай Біскупскай Міласьці, маю гонар заставацца з найглыбейшай пашанай да Вашай Эксцэленцыі, найніжэйшая слуга Магдалена Радзівіл). Адразу відаць, што ў выпадку Бучыса княгіня аддае пашану не яму, але ягонаму біскупскаму сану, тонка паказваючы, што яна думае пра яго самога. Арыстакратычнае выхаваньне мае свае перавагі!

Атрымаўшы апошні ліст княгіні, Бучыс 13 лістапада 1931 г. пісаў Абрантовічу ў Харбін: “З продажам дому ў Наваградку могуць быць цяжкасьці. Княгіня Магдалена Радзівіл дамагаецца звароту ўсяго, што яна дала Вялебнаму Айцу, кажучы, што ахвяра была выкарыстаная не на тую мэту, на якую яна была прызначаная. Я ёй адказаў, што айцы марыяне ня могуць зьвярнуць ёй таго, што яна дала айцу Абрантовічу, бо ня маюць права ўласнасьці. Апрача таго, я назваў прозьвішчы клерыкаў, якія вучацца якраз з той мэтаю, якая была падставаю ахвяры (powodem ofiary). Княгіня ў апошнім лісьце абазвала мяне габрэйскім жулікам. На гэты ліст я нічога не адказаў”.

Лісты Бучыса, асабліва апошні, выклікаюць цяжкія і супярэчлівыя пачуцьці. Здавалася б, элемэнтарныя вымогі справядлівасьці патрабуюць, каб перад тым, як афармляць дарчы запіс, упэўніцца, ці асоба, якая робіць дар, мае на гэта права. У Бучыса ж адзіны клопат, каб усё было аформлена згодна з нормамі кананічнага права. Ён ухіляецца ад прамога адказу на дамаганьні княгіні і хаваецца за шматслоўнымі разважаньнямі пра рэчы, якія ня маюць дачыненьня да справы. Ягонае запэўненьне захаваньня волі ахвярадаўцы і падзяка за шчодры дар для “мізэрнага закону” марыянаў гучаць як зьдзек.

Забыўшыся, відаць, пра сказанае, што маёмасьць законьніка стаецца ўласнасьцю закону толькі на аснове тэстаманту пасьля ягонай сьмерці, Бучыс прызнаецца, што з капіталу, запісанага Абрантовічам для марыянаў, карыстаюцца шэсьць студэнтаў у Рыме. Адзін зь іх, Кашыра, належаў да рымскага (лацінскага) абраду. Іншыя вучыліся ў “Русікум”. Студэнты гэтай установы мусілі даць абяцаньне Камісіі “Pro Russia”, што прысьвецяць сваё жыцьцё працы сярод расейцаў7 . Таму цьверджаньне, быццам беларускія студэнты рыхтаваліся там для працы сярод “землякоў”, і што мэта ахвяры княгіні Радзівіл была захаваная, разыходзіцца з праўдаю. Між іншым, Бучыс, дзе можа, пазьбягае словаў “беларус”, “беларускі”, замяняючы іх рознымі “землякамі” (ziomki), “навакольным людам” (lud okoliczny) і г.д. Але вернемся да студэнтаў. Тры зь іх у 1932 г. пакінулі навуку і Друйскі кляштар. Засталіся два, Тамаш Падзява і Казімер Найловіч. У 1935 г. яны скончылі навуку і адразу былі высланыя ў Маньчжурыю на працу сярод расейцаў. Там у 1943 г. Найловіч пакінуў сьвятарства і Каталіцкую Царкву і ўзяў шлюб у Праваслаўнай Царкве з разьведзенай расейкай. Тамаш Падзява, пасьля савецкіх лягераў і шматгадовага прабываньня ў Польшчы, хворы, у 1969 г. трапіў нарэшце да беларусаў у Лёндане, дзе памёр у 1975 г.

Марыяне хацелі прадаць дом у Наваградку яшчэ ў 1930 г. сёстрам Назарэтанкам, але не згадзіліся ў цане. Як гэта яны маглі зрабіць, ня маючы, паводле Бучыса, права ўласнасьці, застаецца таямніцаю. Відаць, каб пазьбегнуць непаразуменьня ў будучыні, 17 лістапада 1931 г. Абрантовіч падпісаў дакумант (па-лаціне), якім зракаўся “ў рукі а. Андрэя Цікоты, старэйшага Друі, усіх маіх правоў, якія датычаць дому і агароду пры Агародным завулку № 5 у горадзе Наваградку (Польшча)”. Дом быў прададзены ў 1933 г. нейкаму Садоўскаму, які яшчэ ў 1938 г. скардзіўся на незаплачаныя марыянамі падаткі. Невядома, што сталася з грашыма, выручанымі за продаж. Найхутчэй яны пайшлі на куплю студэнцкага дому ў Вільні на вуліцы Жыгімонта 24. Цяпер там знаходзіцца сядзіба беларускай арганізацыі8 .

Апошні дакумэнт у гэтай сумнай гісторыі — гэта ліст княгіні Радзівіл да а. Цікоты ад 18 студзеня 1932 г.: “Каштоўнасьці, дадзеныя мною а. Абрантовічу ў 1917 г., павінны былі быць прададзеныя, і сума, атрыманая з продажу, была мною сьцісла прызначаная на стварэньне грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Рыме, безь ніякага абмежаваньня (określenia) нацыянальнасьці тых, хто б у ёй вучыўся.

Першым злоўжываньнем была пазыка грошай на Пінскую сэмінарыю з хлусьлівым запэўненьнем, дадзеным а. біскупу Лазінскаму, што гэта робіцца з майго ведама і згоды. Далейшым ашуканствам было запэўненьне, дадзенае мне а. Абрантовічам у Годэсбэргу, што няма надзеі пазычаныя грошы вярнуць. Трэцім актам гэтай несумленнай камэдыі быў г.зв. тэстамант а. Абрантовіча, на падставе якога грошы, якія яму не належалі, былі запісаныя Старэйшаму (Przełożonemu) Друйскаму, а таксама наказ а. біскупу Лазінскаму выплаціць крадзеныя фонды. Калі б адміністратар маёнтку атрымаў ад уласьніка суму, каб паставіць сьвіран або хлеў, ён быў бы злодзеем, калі б пазычыў яе прыяцелю; яшчэ горшым злодзеем, калі б гэтую суму, адабраўшы ад прыяцеля, выкарыстаў на мэту іншую як тая, на якую была прызначаная. А той, хто распараджаецца крадзенымі грашыма, стаецца ўдзельнікам крадзяжу. Так вучыць Катэхізм згодна з цывільным правам, незалежна ад таго, ці злачынца ходзіць у вопратцы сьвецкай ці духоўнай. Магдалена Радзівіл”.

 

* * *

Non mirari, non indignari, sed intelligere. Не зьдзіўляцца, не абурацца, але зразумець: гэтыя словы, узятыя з карэспандэнцыі між аа. Абрантовічам і Хвецькам, варта памятаць усім.

Сёньня ўсе, хто меў дачыненьне да гэтай сумнай гісторыі, даўно сталі перад Найвышэйшым Судзьдзёю.

З таго, што вядома пра а. Фабіяна Абрантовіча і Андрэя Цікоту, выглядае, што гэта былі незвычайныя людзі, ахвярныя сьвятары і шчырыя беларускія патрыёты. Абодва памерлі пакутніцкай сьмерцю ў зьняволеньні, да канца застаўшыся непахіснымі ў веры Хрыстовай і вернасьці Ягонай Царкве. Многія беларусы ў сваім часе ўскладалі на іх вялікія спадзяваньні, якія так і засталіся нязьдзейсьненымі. Тым больш незразумелыя іхнія паводзіны ў адносінах да Магдалены Радзівіл. Чатыры гады княгіня цешылася думкаю, што нарэшце ейная ахвяра трапіла ў надзейныя рукі і будзе выкарыстаная згодна зь ейным першасным прызначэньнем. Ліст біскупа Лазінскага, зь якога яна даведалася праўду, быў для яе цяжкім ударам, тым больш балючым, што ён быў нанесены ёй беларускімі сьвятарамі, якіх яна паважала і якім верыла.

Маральны аспэкт іхніх паводзінаў, відаць, асабліва не турбаваў Абрантовіча і Цікоту, пакуль яны маглі сказаць, што самі ня мелі з гэтага асабістай карысьці. Магчыма, таксама, тут спрацаваў даволі пашыраны ў сваім часе, але маральна сумнеўны прынцып, які так ясна выказаў Хвецька: “Калі дароўшчыха рэч аддала, то яе рэч і права кончылася”.

У Друйскім кляштары ніколі не было ўсходняга абраду. Усе сьвятары, якія прынялі гэты абрад, працавалі далёка за межамі Беларусі. У 1928 г. паехаў у Харбін Абрантовіч. У 1932 г. да яго далучыўся Германовіч, у 1935-м — новавысьвячаныя Падзява і Найловіч. У 1933-м Цікота быў абраны генэралам закону марыянаў і выехаў у Рым. На ягонае месца быў назначаны паляк, Уладзіслаў Лысік. Гэта быў пачатак канца беларускай Друі. У канцы чэрвеня 1938 г. польскія ўлады, не бязь ведама царкоўных, выселілі з Друі апошніх беларускіх сьвятароў, а ў пачатку ліпеня — клерыкаў. Праз два месяцы пасьля гэтага здарэньня, 1 верасьня 1938 г., а. Віктар Шутовіч пісаў а. Хрызастому Тарасэвічу ў Чыкага: “А марыянаў нашых у Друі і сьлед прастыў! Усё загладзілі, затушавалі, як быццам нічога там беларускага ніколі і не бывала. Двух палякаў з Варшавы прыехала і вядуць парахвію ў Друі чыста па-польску”9 . Хочацца спадзявацца, што лёс літасьціва абышоўся з 77-гадовай княгіняй Радзівіл, якая жыла тады ў Швайцарыі, і да яе не дайшла вестка пра тое, у чые рукі трапіла ўрэшце ейная ахвяра на беларускую грэка-каталіцкую сэмінарыю.

Вельмі сумнеўна, ці ў палітычных абставінах, якія тады існавалі, праект княгіні Радзівіл удалося б зьдзейсьніць. Можна было б, аднак, знайсьці выйсьце, пастарацца зьмяніць сам праект пры захаваньні галоўнай мэты, напрыклад, замест заснаваньня сэмінарыі ўстанавіць стыпэндыі для ўзгадаваньня беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў у Грэцкай калегіі ў Рыме. Мітрапаліт Шаптыцкі, напэўна, не адмовіў бы ў дапамозе. Але на гэта была патрэбная згода княгіні і добрая воля ўсіх зацікаўленых. Няведама, як бы паставілася Магдалена Радзівіл да такой прапановы. Затое можна сказаць з упэўненасьцю, што добрай волі з боку іншых не было…

Мінула амаль дваццаць гадоў ад часу, калі аўтар трымаў першы раз у руках дакумэнты, якія леглі ў аснову гэтага артыкулу. Яны парушылі ягоны супакой, і ён доўга не адважваўся падаць іх да агульнага ведама. Аднак, чым даўжэй трымаць у сакрэце прыкрую праўду, тым больш балюча ўспрымуць яе людзі, калі даведаюцца, ня кажучы ўжо пра тое, што страцяць давер да таго, хто яе хаваў ад іх. А “няма нічога схаванага, што б ня сталася вядомым, і нічога таемнага, што б ня выявілася” (Мц 10:26). Тыя, каму ляжыць на сэрцы лёс Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, што паволі і зь цяжкасьцямі адраджаецца, маюць права ведаць пра яе праўду без прыкрасаў і сакрэтаў.

Другая мэта, якая была ў аўтара, — гэта ўшанаваць памяць добрай і разумнай асобы, якая была балюча параненая ў сваіх высакародных пачуцьцях да свайго народу тымі, чыім абавязкам было лячыць раны і сунімаць боль. Апошнім часам беларусам былі вернутыя імёны шматлікіх выдатных постацяў зь іхняй гісторыі. Было б справядліва, каб сярод гэтых постацяў знайшлося месца для княгіні Магдалены Радзівіл.

Лёндан, 1 кастрычніка 2000 г.


Заўвагі:

 1 Вельмі магчыма, што асьцярожны адказ мітрапаліта Шаптыцкага Хвецьку быў падыктаваны фактам назначэньня Абрантовіча ў Маньчжурыю. Усе чакалі, што, калі ён паедзе, будзе падвышаны да біскупскай годнасьці. Толькі амаль перад самым ад’ездам стала вядома, што Абрантовіч біскупам ня будзе. Каб крыху падсаладзіць горкую пілюлю, далі яму ганаровы тытул архімандрыта. Пра рэакцыю можна судзіць зь ліста а. Уладзіслава Талочкі ад 1 жніўня 1928 г.: “Сёньня раніцай даў мне Андрэй ліст… зь весткамі пра далейшы лёс Айца. Я шчыра засмуціўся, бо весткі непамысныя: архімандрыт і Харбін! Гэта ж promoveatur, ut amoveatur! [павышаецца, каб пазбыцца]”.

 2 С. Абламейка ў згаданым артыкуле (гл. вышэй, № 3) піша: “Друкарня імя Ф.Скарыны фінансавалася найперш Друйскім Домам аа. Марыянаў, які меў грошы з колішняе ахвяры Магдалены Радзівіл”. Перадусім друкарня Ф.Скарыны ў Вільні была заснаваная ў 1926 г., а грошы (капітал) Магдалены Радзівіл былі ўплачаныя ў касу Друйскага дому біскупам Лазінскім не раней як у канцы 1930 г. Дом у Наваградку быў прададзены яшчэ пазьней. Такім чынам, друкарня не магла атрымліваць дапамогу з гэтых фондаў. Між іншым, Абрантовіч і Цікота распачалі перапіску з княгіняй толькі ў лютым-сакавіку 1927 г. Абрантовіч напісаў 12 сакавіка зь вядомых прычынаў (гл. тэкст артыкулу), Цікота — крыху раней. Вось адказ княгіні Цікоту ад 7 сакавіка: “Не магу выказаць, як мяне ўсьцешыў доказ памяці, які я толькі што атрымала. Ня толькі я не забылася пра Вас… але даўно напісала б Вам, калі б магла знайсьці Ваш адрас…”. Між іншым, нельга згадзіцца з Абламейкам, што мэта ахвяры княгіні Радзівіл была дасягнутая праз выданьне некалькіх уніяцкіх кніжак. Княгіня не магла пацьвердзіць тое, чаго не было.

 3 Прапагандай называлі ў скароце ў Ватыкане Кангрэгацыю для пашырэньня Веры (Congregatio de Propaganda Fide), папярэдніцу сучаснай Кангрэгацыі для эвангелізацыі народаў.

 4 Ва ўласнаручнай копіі лісту было перш напісана “расейцаў” (Rosjan), а пасьля перакрэсьлена і папраўлена на “некаталіцкіх землякоў” (niekatol. ziomkуw).

 5 C.M. (Congregatio Missionum): закон сьвятароў і місіянэраў, заснаваны ў 1624 г. у Францыі, звычайна вядомы пад імем “лазарыстаў”.

 6 Сёмае прыказаньне Божае кажа “Не крадзі”.

 7 Перад намі копія дакуманту Камісіі “Pro Russia” на італьянскай мове ад 27 верасьня 1932 г., № 229/32, падпісаная яе старшынёй, біскупам Дэрбіньі (d’Herbigny), у справе аднаго са студэнтаў, Казімера Ўрбановіча, які пакінуў Русікум і марыянаў: “…аб’яўляю, што, зь віны самога Казімера Ўрбановіча, ня мае больш моцы абяцаньне, дадзенае ім перад тым, як ён быў прыняты ў Русікум, што жадае прысьвяціцца рэлігійнаму служэньню сярод расейцаў ва ўсходнім абрадзе (…dichiaro che, per la colpa dello stesso Casimiro Urbanowicz, non ha piщ valore la promessa che egli ha fatto prima di essere ammesso al Russicum, di volere cioй dedicarsi all’assistenza religiosa dei russi nel rito orientale)”. Другім прыкладам можа служыць ліст, пісаны па-лаціне, Бучыса да Цікоты ад 13 красавіка 1932 г. у справе Тамаша Падзявы, дзе кажацца: “Тамаш Падзява тваімі стараньнямі быў прыняты ў калегію Русікум пад умоваю, што пасьля сканчэньня навукі будзе працаваць для навяртаньня расейцаў (Thomas enim Podziawa Te agente admissus est in Collegium Russicum ea conditione, ut absoluta studia convertendis russis adlaboret)”.

 8 Зь ліста ад 14 чэрвеня 1933 г. аа. А.Цікоты, Я.Дашуты і К.Смулькі (два апошнія былі сябрамі Рады Друйскага кляштару) да намесьніка генэрала марыянаў, а. К.Бранікоўскага, відаць, што дом у Наваградку быў у тым часе ўжо прададзены, і то ня вельмі выгадна: “Мы чакалі на купца некалькі гадоў, і той, хто яго купіў за параўнаўча малую цану, хацеў зусім адрачыся”. Далей аўтары ліста пішуць пра тры магчымыя спосабы выкарыстаньня грошай, трэці зь якіх прадбачыць набыцьцё дому ў Вільні, які “ня толькі будзе служыць памяшканьнем для нашых студэнтаў, але таксама даваць нам сталы даход, безь якога Друя ня зможа існаваць”. На думку Рады Друйскага кляштару, толькі гэтая апошняя магчымасьць была прымальная, бо “дзьве першыя былі б самагубствам для Друі і не былі б згодныя з прызначэньнем наваградзкага аб’екту, які павінен быў служыць крыніцай невялікага, але сталага даходу”.

 9 Ліст захоўваецца ў архіве Бібліятэкі Ф.Скарыны ў Лёндане ў тэчцы “Каталіцкая Царква ў Беларусі 1920–39”. Пісаны па-беларуску.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0