Прэзыдэнтка Беларусі

Жанчыны разважаюць пра магчымых кандыдатак у прэзыдэнты і даюць парады дэмакратычным кандыдатам-мужчынам

 

Напярэдадні доўгачаканай кампаніі па выбарах прэзыдэнта мы зьвярнуліся да жанчынаў з двума пытаньнямі. Хто з жанчынаў мог бы стаць рэальнай кандыдаткай на прэзыдэнта Беларусі? Калі кандыдатам ад дэмакратычнага руху стане мужчына, што ён мае зрабіць, каб людзі ў яго паверылі?

 

Антаніна Аляхновіч, настаўніца матэматыкі ў СШ № 166:

Сапраўдная сямейная жанчына

Нам патрэбная жанчына. Кабета заўжды мудрэйшая. Мужчыны больш схільныя прымаць рашэньні раптоўна і часта няслушна. Калі б у палітыцы было больш жанчынаў – не такіх, як даўней былі дэпутаткі, якія выхваляліся сваімі разводамі, – а сапраўдных жанчын, якія ўмеюць захаваць сваю сям’ю, у нас у краіне ўсё было б інакш.

Палітыка трэба выхоўваць з маленства ці хаця б зь юнацкіх гадоў. А ня так, як Лукашэнку: ён, можа, і хацеў бы добра зрабіць, дый ведаў не стае. Тут мусіць быць і агульная культура, інтэлігентнасьць, адукаванасьць. Я за што цаню Лукашэнку – ён ня даў параскрадаць краіну, як гэта здарылася ў Расеі. Ён апынуўся вышэйшы на дзьве галавы за расейскіх палітыкаў. У кожным выпадку, каго б мы ні выбралі, рыўка наперад, напэўна, ня будзе. Тое, што было ў свой час зроблена, хутка ня выправіш. Дый потым, у нас не стае рэсурсаў. Беларусь можа выжыць толькі як Японія – коштам высокіх тэхналёгіяў. А ўвогуле, я падтрымліваю тых людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Ідэі БНФ былі надта карысныя і добрыя для Беларусі. Але гэтыя палітыкі ня ўмелі слухаць народ; яны ўмелі слухаць толькі саміх сабе. Ну, хай цяпер робяць высновы!

 

Ірына Бігдай, мастачка, супрацоўніца Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва:

Ірына Халіп

Хто ў нас найбольш папулярны з жанчынаў? Тамара Віньнікава? Іра Халіп? Дарэчы, чаму б не?

Прэзыдэнтам стане мужчына, бо выбарцаў-жанчынаў у Беларусі больш. Цікава, што той жа Дабравольскі нядаўна сказаў, што асабіста ён лепшым прэзыдэнтам для Беларусі лічыць менавіта кабету. Узьнікае падазрэньне, быццам ён як мужчына хоча перакласьці галоўны цяжар на жаночыя плечы. Ну, і што ён можа пасьля гэтага зрабіць, каб жанчыны “яму паверылі”? Быць больш мужным і навучыцца браць адказнасьць на сябе.

 

Тацяна Вайтовіч-Камілеры, беларуская піяністка, жыве ў Таронта:

Здольнасьць верыць

Відавочны прагрэс, калі людзі хаця б абмяркоўваюць такую магчымасьць, што прэзыдэнтам краіны стане Кабета (хопіць з нас ужо дурняў-мужчынаў! Шкада толькі, што я ня маю паняцьця, хто рэальна можа паўдзельнічаць у наступных выбарах – з той прычыны, што ня маю дастатковых зьвестак пра беларускую сытуацыю: у Інтэрнэт трапляе абмежаваная колькасьць інфармацыі зь Беларусі, і да таго ж гэтая інфармацыя вельмі няякасная.

 

Алена Гапава, дырэктарка Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту:

Ніхто

У бліжэйшы час ніхто. Ні з жанчынаў, ні з мужчынаў. Адсутнасьць моцнай асобы – вынік палітычнай сыстэмы, што склалася ў нашай краіне і што ня дасьць такой асобе зрабіцца бачнай. Гэтая сыстэма складаецца як з ідэалёгіі, так і тых дзяржаўных інстытутаў і структураў, што бароняць існуючае status quo. У Савецкім Саюзе, калі б уявіць такі цуд, што нехта стаў альтэрнатывай Брэжневу на выбарах у Вярхоўны Савет (і ня трапіў адразу ў вар’яцкі дом), усё роўна ён ня меў бы шанцаў быць абраным. Невыпадкова, што ўзарваў гэтую сыстэму чалавек, які дзейнічаў унутры яе, бо меў магчымасьць выкарыстоўваць рэсурсы сыстэмы. Процістаяць такой сыстэме “звонку” можна толькі праз супольную ідэю, якая аб’яднае розныя часткі грамадзтва і таму зробіцца матэрыяльнай сілай. У нас такой ідэі цяпер няма. Што нам рабіць? Жыць і выконваць свае абавязкі – як мы сумленна іх бачым.

Ён навучыцца слухаць народ і не выдаваць карпаратыўныя інтарэсы кола інтэлектуалаў за інтарэсы народу. Інтэлігенцыі ў свой час вельмі хацелася бачыць прэзыдэнтам Шушкевіча ці Пазьняка, бо яны добра казалі тое, што інтэлігенцыя хацела чуць. А “народ”, як высьветлілася, хацеў іншага. Кандыдаты з інтэлігенцыі ня мелі ідэяў, на якія б народ адгукнуўся…

 

Галіна Дубянецкая, паэтка:

Ірына Дубянецкая

Найлепшым прэзыдэнтам была б мая сястра, тэоляг Ірына Дубянецкая.

Я паверу толькі такому прэзыдэнту, які пажадае аднавіць дзяржаўную беларускую сымболіку: бел-чырвона-белы сьцяг, “Пагоню”, гімн “Магутны Божа” альбо палянэз Агінскага. А таксама гістарычную назву нашае сталіцы – Менск, як яна спрадвеку называлася.

 

Валянцiна Звонава, цырульніца:

Не Абрамава

Я зусім ня ведаю нашых палітыкаў-кабетаў, акрамя дэпутата ад нашай выбарчае акругі Вольгі Абрамавай. Але яна мяне расчаравала: па заканчэньні перадвыбарчай кампаніі яе нідзе не было ні відаць, ні чуваць. Гэтая кабета ніяк сабе не праявіла. У ролі прэзыдэнта я прадстаўляю сабе жанчыну маладую і актыўную, накшталт Хакамады ў Расеі.

Кандыдат мусіць даказаць, што ў яго ёсьць ідэі наконт рэфармаваньня нашае эканомікі – ня толькі неадкладных захадаў, але й на нейкую пэрспэктыву. Эканоміку трэба рэфармаваць тэрмінова і прытым глябальна. Акрамя таго, палітычны дзеяч высокага рангу мусіць быць прадказальным. Яму нельга шарахацца з боку ў бок.

 

Тацяна Процька, кіраўнічка Беларускага Гельсынскага Камітэту:

Плыні не сфармаваліся

Апошнім часам у палітычнай палітры Беларусі зьявілася шмат выдатных жанчын-палітыкаў. Гэта В.Палевікова, В.Абрамава, Н.Стужынская, А.Скрыган, Т.Ваніна, Л.Гразнова. У дэмакратычнай краіне такіх жанчын чакае бліскучая кар’ера. На жаль, сёньня ў грамадзтве яшчэ не сфармаваліся плыні, якія б запатрабавалі гэтых лідэраў для ажыцьцяўленьня сваіх палітычных мэтаў.

Каб людзі паверылі новаму кандыдату, трэба шмат працаваць – сустракацца, тлумачыць, спрачацца. Можа, выкарыстаць давыбары ў “палату прадстаўнікоў”.

 

Любоў Уладыкоўская-Канаплянiк, дырэктарка Скарынаўскага цэнтру:

Тацяна Процька

Я за тое, каб прэзыдэнтам была жанчына. Пакуль што кандыдаткі-жанчыны я ня бачу, але гэта ня значыць, што яе няма. Ёю можа стаць Тацяна Процька альбо кожная іншая адукаваная і актыўная жанчына.

Трэба, каб гэты прэтэндэнт штурмам захапіў радыё, тэлебачаньне і рэдакцыі асноўных палітычных газэтаў. Выйграе той, хто першым абвесьціць свайго саперніка ворагам народу.

 

Маргарыта Корзун, кіраўнічка інфармацыйнага цэнтру ў прад’юсэрскім цэнтры “Кляс-клюб” ДК:

Няма гэткіх

Прэзыдэнт – кабета? Гэткіх у нас няма…

У яго мусіць быць за плячамі шматгадовы досьвед пасьпяховага рашэньня праблемаў. Пераконваць трэба ня словамі, а справамі.

 

Тацяна Логінава, кінаапэратарка, дырэктарка кінастудыі “Тацяна”:

Вера Страмкоўская

Жанчына-прэзыдэнт – гэта я вельмі добра сабе ўяўляю. Я нават магу назваць ейнае імя – Вера Страмкоўская. Гэта вельмі моцны і незалежны чалавек, высокапрафэсійная адвакатка. Зь якой мужнасьцю і ўпартасьцю яна абараняла Васіля Старавойтава, якога Лукашэнка хацеў згнаіць у турме! Яна чалавек надта жыцьцялюбны; у ёй адчуваецца жыцьцёвая моц, аптымізм. І яна вялікая разумніца! Дасканала ведае ангельскую мову, умее камунікавацца зь людзьмі… Гэта акурат тыя якасьці, якіх нам бракуе!.. Дый потым, яна па-жаноцку вельмі абаяльная, а гэта надта істотна.

Для мяне важна, чым гэты чалавек раней займаўся, як ён сабе паводзіў. Хто ён – канфарміст ці нонканфарміст, здраднік ці сумленны чалавек, багаты ці бедны, адукаваны ці невук? Каб жа дэмакратычны кандыдат у прэзыдэнты быў значнай фігурай ува ўсіх сэнсах гэтага слова; каб у ім спалучаліся інтэлект, жыцьцёвая мудрасьць, прыстойнасьць, сумленнасьць, пачуцьцё справядлівасьці, адукаванасьць. Гэта мусіць быць чалавек высокай культуры, з шырокім сьветапоглядам, з аб’ёмістым бачаньнем жыцьця, сьвету і людзей, каб вакол яго згуртавалася каманда яскравых прафэсіяналаў – людзей прыстойных і сумленных. Калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, разам зь ім прыйшла да ўлады вельмі моцная каманда маладых і вельмі адукаваных людзей. Але ён ім здрадзіў, і цяпер вакол яго – скрозь запалоханыя міністры і ўраднікі, якія баяцца нават слова ўпоперак прамовіць. Можа, таму нашая краіна зараз у гэткім катастрафічным стане? І нельга дапушчаць, каб ва ўладу траплялі людзі з КГБ, накшталт Пуціна. Мой ідэал прэзыдэнта – гэта Вацлаў Гавэл.

 

Людміла Яфімава, мастацкая кіраўнічка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы:

А добра было б!..

Добра, каб прэзыдэнтам была жанчына, але я такой жанчыны пакуль што ня бачу.

Кожны кандыдат намагаецца ўпэўніць людзей менавіта ў тым, што гэтыя людзі хацелі б пачуць. І акурат таму я гэтым кандыдатам ня веру.

Што тут можна дадаць? Што нашыя кабеты пакуль добра ня ведаюць ані Домаша, ані Ганчарыка, ані Чыгіра, ані Дабравольскага, і, у любым разе, не гатовыя ўспрыняць іх як рэальных кандыдатаў, пакуль яны ня вылучаныя афіцыйна. Што ня ўсе кандыдаты перабраныя, што палітыкам варта было шукаць альтэрнатыву Лукашэнку з большай фантазіяй. (Чым кепскаю кандыдаткай былаб, напрыклад, Жанна Літвіна?) Гэта істотны сыгнал для дэмакратычных сілаў. І што многія кабеты гатовыя аддаць кіраўніцтва дзяржавай жанчыне.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0