Наталка Бабіна

Босьнія і Герцагавіна,
або Эўропа вялікіх фараонаў

 

“Вядома, я тлустая. Якой яшчэ маю быць, нарадзіўшы пяцёра дзяцей? Ясна, ня Твігі! І няма чаго мне пра гэта лішні раз нагадваць, — раздражнёна думала я, чапляючы на нос сонечныя акуляры і адгортваючы старонкі. — Яшчэ б прапанаваў на дыету сесьці! Не прапануе, ведае, што ня сяду”.

Раптоўна, як і завялася, я супакоілася. Пятнаццаць гадоў разам! Гэта супакойвае, нават калі муж раніцай скажа, што ў цябе тлустая сьпіна. Зараз мужава галава (ня тлустая) віднелася недзе ля далягляду, амаль там, дзе зьліваліся Адрыятычнае мора і неба. Пяцёра дзяцей зь віскатам гулялі ў бэрыка — марскога, наколькі я разумела. А я чытала.

“У цары Эгіпту, — звычна перакладала я францускія словы, адразу выстройваючы іх паводле правілаў беларускай мовы, — боская і чалавечая сутнасьці зьліліся ў непаўторную асабістасьць, у вобраз цывілізацыі, якая праіснавала некалькі тысячагодзьдзяў. Давайце ж выправімся ў вандроўку і адкрыем іх сьвет. Давайце ўшануем памяць фараонаў Эгіпту і адкрыем для сябе адну з найвялікшых старажытных цывілізацыяў, якая прадстане перад нашым зачараваным позіркам”.

Я зьняла акуляры і пацёрла пераносьсе. Нешта перашкаджала засяродзіцца. Няўжо гэтая недарэчная, але абсалютна не злаўмысная заўвага мужа?

Мы ведалі адзін аднаго са школы. Аднойчы ў трэцяй клясе я сьпісала ў яго раўнаньне на кантрольнай — мабыць, з гэтага моманту трэба адлічваць пачатак нашага сяброўства. Сяброўства дзіўнага, якое з плянэтарыю ў парку Горкага і коўзанкі ля магазыну “Электроніка”, гэтых неабходных атрыбутаў менскага маленства, плаўна перацякло ў бесталковае юнацтва, што разьвяло нас у розныя бакі, каб потым зноў зьвесці ў час, цяжкі для абаіх. Пажаніліся мы, супраць волі яго і маіх бацькоў, калі я чакала дзіця — і не ад яго. Ён жа на тую пару меў непрыемнасьці — настолькі ж натуральныя для маладога мужчыны, як цяжарнасьць натуральная для маладой жанчыны. Мая фраза гучыць таямніча і двухсэнсоўна, а ўсё было вельмі проста: яго даставаў КГБ. Каго ў тыя часы не даставаў КГБ! Сакурсьнік Зьмітра, хлопец, які яго залажыў, якраз і быў бацькам майго маючага нарадзіцца дзіцяці.

У нас са Зьмітром не было прыціркі. Абцёрліся мы адзін аб аднаго раней, за сем гадоў вучобы ў школе. З таго моманту, калі сталі жыць разам, скончылася бесталковае юнацтва.

Пад гарачую руку я, бывала, папракала Зьмітра рознымі ўяўнымі і рэальнымі яго грахамі. Ён ніколі ня тыцнуў мне маім першынцам і тым, што было да шлюбу. З таго самага часу, калі на сьвет зьявілася Югася, ён ставіўся да яе так пяшчотна, як толькі можа бацька ставіцца да вельмі каханага дзіцяці.

Да трэцяга дзіцяці я працавала. Адмыслова наймала няньку, а сама пісала бугальтарскія праграмы на замовы розных фірмаў. Круцілася, як трэска ў палонцы. І прыкладна з тым самым вынікам. Аднойчы ў адной паўлегальнай фірмачцы мне заказалі распрацоўку поўнага пакету праграмнага забесьпячэньня — вельмі тэрмінова і вельмі дорага. Калі я прынесла сваю працу, усталявала і навучыла пэрсанал карыстацца, дырэктар, ясна гледзячы мне ў вочы, сказаў, што сытуацыя памянялася і ён ня можа заплаціць мне так, як мы дамаўляліся. А можа — у дзесяць разоў меней.

Дома, адчыніўшы дзьверы, я пабачыла: нянька на кухні палуднуе разам са сваёй дачкой, якая прыходзіла з маткай з нагоды канікулаў, а мае падшыванцы, самі сабою, займаліся ў сваім пакоі і выбеглі мне насустрач, перапэцканыя шмінкай.

Плюнуўшы і расьцёршы, я нагнала няньку разам зь яе дачкой, выкінула ў сьметнік звараны ёю палудзень, выпіла кавы, зьела хлеба з маслам і адмыла дзяцей ад касмэтыкі. Заплаціла аднаму хлапцу з той фірмачкі, каб ён запароў усё, што я настварала, у гаманцы засталося тры зубры, два зайцы і вавёрка, а таксама прасьцірадлы рознакаляровых візытовак...

Маё рашэньне пакінуць працу было для Зьмітра штуршком, стрэлам стартавага пісталета, дазволам на выезд. Ён пакінуў завод і заняўся продажам вазонаў. Аказалася, з продажу хатніх кветак у Беларусі можна жыць.

Даволі хутка мы купілі дом у Сельгаспасёлку, і тут, у нетрах старога Менску, сярод вішнёвых садоў, сабак, шынамантажоў і бэнзакалёнак, лазьняў, вербаў, катэджаў, што выдаюць на баптысцкія малельныя дамы, каля рэзыдэнцыі індыйскага пасла, уніяцкай парафіі сьвятога Язэпа і гуртовага базару сланечнікавых семак, так хутка, як гэта дазволіла прырода, зьявіліся на сьвет яшчэ двое нашых дзяцей.

Чым было маё жыцьцё ў гэтым віры?

Не квактаньнем над седалам, гэта напэўна. Калі аднойчы, накрываючы на стол, паўжартам я сказала: “Ды я ж ідэальная жанчына, у якой вячэра заўсёды гатовая а палове на сёмую!” — Зьміцер адазваўся цалкам сур’ёзна: “Няма жанчыны, больш далёкай ад ідэалу, чым ты!” Я думаю, ён, як заўжды, меў рацыю.

Не чарадой аднастайных хатніх справаў.

Не піцьцём бясконцай гарбаты за бясконцымі плёткамі зь бясконцымі сяброўкамі — у мяне проста няма сябровак.

Тады чым?

Які таямнічы сэнс асьвячае ўсё гэта: бруднае месіва на лістападаўскіх вуліцах, “Ікарусы” з партрэтамі Пугачовай у салёнах, задачкі за першую-другую-трэцюю клясы, банальную кулінарыю на Крапоткіна, цыгарэту штовечар, якую з выхаваўчых меркаваньняў я дазваляю сабе толькі тады, калі ўся мая пяцёрка моцна сьпіць? Што я кладу дзецям у ранцы разам з канапкамі для перакусу, наліваю ў кубкі разам з ранішняй какаваю, запускаю ў сэрца машыны разам з запальнай сумесьсю, у той час, калі фары сьвецяць праз ноч, а дзень настае толькі намінальна?

Які няўлоўны дух, які Бог хаваецца сярод натоўпаў тлустых жанчынаў, у кіёсках “Белсаюздруку”, у прасьмярдзелых залях аэробікі, у пыле над сцэнай Купалаўскага? Яму ахвяра — кантэйнэры рытуальных яек на паліцах крамаў пад Новы год. Але мне, жанчыне з тлустай сьпінай, ён ня дасьць сябе пабачыць, аж пакуль не зацягнуся тлушчам з усіх бакоў.

— Мама!

Я падняла вочы і адрухова зажмурылася — Тараска, гуляючы, сыпануў мне жменю пяску ў вочы. Як ні старалася, я не магла іх расплюшчыць. Да таго часу, як падбег выкліканы з мора тата, я ўжо плакала крывавымі (літаральна) сьлязьмі, а двое малодшых, нягледзячы на мае ўгаворы, вылі.

Муж адвёз мяне ў акруговую больніцу, дзе з-пад павек дасталі некалькі малюпасенькіх аскепачкаў шкла, што аказаліся сярод пясчынак. Доктар настояў, каб я хаця б на суткі засталася ў больніцы. Я ня вельмі і працівілася. За дзяцей я не хвалявалася: у гатэлі будзе добры догляд.

На вочы мне налажылі павязкі-куліскі. Неўзабаве ў маю палату прывезьлі яшчэ нейкую жанчыну. Мэдсястра сказала, што гэта пажылая пані, якой выдалілі катаракту, і што яна пэўны час прабудзе разам са мной.

Калі ў вас ёсьць грошы, дык апэрацыя на катаракту ў харвацкай больніцы адбываецца так, што праз гадзіну вы можаце ісьці дадому. Калі з грашыма горай, вам прыйдзецца нейкі час правесьці ў больніцы. Але і ў гэтым выпадку ня трэба ляжаць суткі нерухома, як гэта патрабуецца ў нас.

Лежачы ў сваіх павязках, як у шорах, я чула, як мая суседка варушыцца, уздыхае, нарэшце пытаецца:

— А хто тут?

Ня ведаючы, што адказаць, я маўчала.

— А хто тут, халера ясная?

Я засьмяялася і падняла адну куліску, каб пабачыць сваю суседку.

І яна спрабавала разгледзець мяне старэчым выцьвілым вокам. Была яна вельмі ў гадах, худая, чыстая, смуглявая, як усе тут, у бальнічным сінім халаце.

— Вам нельга падымаць павязку! — запратэставала я. — Вы ж толькі па апэрацыі!

— Гэта ня тое вока, здаровае, — адказала яна. — Ты з чужога краю?

— Але.

Старая, апусьціўшы павязку на вока, абмацвала коўдру вакол сябе, парэнчы, тумбачку, сьцяну. Намацаўшы радыё, уключыла яго:

О, Мариана!

Сладко спишь ты, Мариана!

Мне жаль будить тебя,

Я стану ждать…

Салодкія словы расейскай песьні, салодкі голас з дынаміку. Мабыць, прывыкла, каб радыё было заўсёды ўключанае.

— Гэтую песьню сьпявалі жаўнеры, калі стаялі ў нас у вёсцы па вайне, — сказала старая. — Антэ прадаваў ім авечкі.

— Па якой вайне? — перапытала я.

— Па тамтой, зь немцамі, — адказала старая. — У жаўнераў можна было браць лупіны — прыходзь, абірай бульбу ў такія вялікія чыгуны, а лушпайкі можаш забіраць сабе. Пакуль дзеці ў мяне дзяржава не забрала ў інтэрнат, я іх тымі лупінамі і карміла. Добра, што іх забралі — там і апраналі, і вучылі. Так і выгадаваліся яны не каля мяне.

Сашко, апошні, рос ужо са мной. Ён нарадзіўся позна, старэйшыя былі ўжо па школе, я думала, у мяне скончылася на сарочцы, але ж на табе, маеш — пуза расце! Кінулася да дактароў — рабеце аборт, а яны кажуць — позна, дзіцё ўжо вялікае. Чаго я ні рабіла: і з вышыні скакала, аж сэрца заходзілася, і цяжкое варочала, і падпярэзвалася моцна — анічога не дапамагло. От і нарадзіла. Хаты тады не было, мы ў аўчарні жылі. Сашко вельмі прыгожанькі быў. Як там мая братавая казала? “Правільныя рысы твару, правільныя рысы твару!”

— Чаму ж вы жылі ў аўчарні?

— А раскідалі нашу хату. Мяжу тады цягнулі. Сказалі, ня можна, каб на мяжы жыць, вось і расьцягнулі. Мы тады ня тут жылі, а на поўначы, далёка, у гарах каля возера Бледна. Мая зямля, мой пасаг, засталася ў Герцагавіне, а аўчарня аказалася ў Харватыі. Праўда, за зямлю нам трошкі сплацілі. Дык за тыя грошы потым мала што не забілі!

Доктар, спрактыкаваны да аўтаматызму, рухаючыся настолькі ж хутка, насколькі бясшумна, зьявіўся ў палаце, каб закапаць мне вочы і зьняць павязкі, а старой зрабіць ін’екцыю пад павека, і прапаў. Старая нават не зразумела, што адбылося, толькі твар яе раптам стаў разгубленым, і яна, перарваўшыся на паўслове, спыталася:

— А што гэта было?

— Гэта доктар прыходзіў, зрабіў вам... — я не магла ўспомніць, як будзе па-харвацку гэтае слова і сказала па-польску — zastrzyk.

— Укол? — здагадалася старая. — Не, ня цяжкая апэрацыя, магу ўсім казаць, каб толькі Бог даў дапамагло.

Яна памаўчала, але ўзбуджанасьць з-за нязвыклых абставін ды ад прыроды энэргічная натура патрабавалі калі ня дзеяньняў, дык хоць словаў. Старая відавочна была з тых, хто гаворыць тады, калі хоча, і пра тое, аб чым думае.

— Я, мілая пані, у жыцьці не ляжала ў больніцах, гэта ўперша. І дзеці нарадзіла бяз больніц... Па Сашку месца доўга не выходзіла, Антэ выклікаў доктара. Той зрабіў мне нейкі ўкол, сеў у куточку і паглядае — то на руку на гадзіньнік, то на мяне, а то на авечкі.

Такая калатнеча тады была! Раз узімку трэ было ехаць па дровы празь мяжу, у Босьнію, бо там быў лес. Сашку, мусіць, тады гады з тры было. Пасадзіла яго на запечак, каб цяплей — а мы ў аўчарні печачку злажылі. Дала гароху ды дзьве скрыначкі, каб перасыпаў, і паехалі. А мароз! Еду, а як шпары зойдуць у пазногці — саскочу з санкаў ды бягу, каб сагрэцца. А душа не на месцы — як там малы ўдома сам, ці ня ўлез куды, ці не замерз — бо зімой шэрань са сьценаў ня сходзіла. А Антэ і зьлезці ня мог — толькі пакіхікваў ды горбіўся на санках. Астма ў яго была, усё жыцьцё хварэў, праз тое і да Ціта яго не забралі...

— А чаму вы па дровы езьдзілі зімой? Чаму ня летам?

— Дык за ракою лес быў, летам броду не было. Зімой, як лёд стане, то ўжо і па дровы ўсе едуць. А лес нельга высякаць. Дык скрадаешся і аглядаешся, каб лясьнік дзе ня выйшаў, пянькі сьвежыя сьнегам прысыпаеш, каб не сьвяцілі.

І вось той раз я ўвалілася ў палонку. Бягу, за аглоблю ўхапіўшыся, ды плачу, бо холадна. Ажно выскокваюць з-за купы на дарогу гранічары. Я думала, яны будуць нас ганіць, што празь мяжу едзем, а яны адразу да Антэ сігануліся шукаць грошы — зналі, што нам сплацілі за зямлю, думалі, што грошы з сабой возім, бо ў аўчарні схаваць няма дзе. Адзін кажа: давай грошы, а то зараз застрэлю, скажу, што ўцякаў.

А я стаю думаю: хай бы, і праўда, яго застрэлілі, яму ўсё адно не жыцьцё зь яго экзэмаю ды астмаю, і мне ад яго ніякай дапамогі. Толькі кармі, а працаваць ня можа. Я і дровы рубаю, і за плугам сама хаджу. Антэ ж сваё цьвердзіць: няма грошай, аддалі за пазыкі. А той гранічар кажа: ну, дык маліся, Антэ, бо зараз табе канец будзе — і стрэльбу падводзіць.

Але, мусіць, Бог яго стрымаў. Апусьціў ён стрэльбу, рукой толькі махнуў. А другі ўжо каня выпрагае — такі закон быў, што калі празь мяжу канём едзеш ды зловяць, дык каня забіраюць.

Я як бухну на калені, і ў лямант: прашу, малю напрамілы Бог, каб толькі каня пакінулі. Бо як без каня?! Вясна прыйдзе — як безь яго?! Як дровы без каня дацягнуць? А тапіць жа няма чым, замерзьнем, дзіця замерзьне!

Але хіба іх умоліш? Той, што стрэльбай палохаў, кажа: бачыш, Антэ, якая ў цябе баба, за цябе не прасіла, а за каня просіць. І пайшлі сабе, і каня нашага павялі.

А ў Антэ з таго ўсяго прыступ стаў. Паваліўся ён, бедны, на дровы і ротам дух ловіць, аж сьсінеў. Што рабіць? Узялася я за аглоблі, дый пацягнула і сані, і дровы, і Антэ. Добра, што трошкі з гары было. Цягну воз, а адзеньне на мне зьвініць, спадніца па нагах б’е — усё чыста лёдам пакрылася.

Дабраліся дадому — я перш-наперш да акенца, паглядзець, ці хоць з Сашком усё добра. Бачу, сядзіць на запечку, іграецца. Апусьцілася я на прызбу, адчуваю, ня ўстану. Але ж трэба — Антэ ўсярэдзіну завесьці, затапіць, пераапрануцца.

Цягну Антэ, толькі дзьверы прычыніла, а Сашко з радасьці да мяне як кінецца:

— Мацінка, мацінка!

Які нячысты дух мяне пад руку вадзіў! Пхнула я яго ад сябе, каб пад нагамі не матаўся, не перашкаджаў бацьку весьці. Ён упаў, ды, мусіць, пашкодзіў сабе што. З таго дня ў яго стаў расьці горбік.

...Паслухай, ты можаш завіць мне хустку, во тут яна, пад падушкаю?

Я знайшла лёгкую жоўценькую хусьціну і завіла старую, завязаўшы канцы пад падбародзьдзем. Сьляпая, у павязках на вачах, яна ляжала на сьпіне, выцягнуўшы ўздоўж цела худыя рукі зь вялікімі далонямі.

Увайшла санітарка, пажылая і спакойная, і спыталася ў старой, ці не патрэбная пані вутка.

— Давай!

Трошкі пасьля санітарка прынесла старой вячэру. Старая ела з апэтытам, якога я ад яе не чакала, а кавалак хлеба працягнула санітарцы:

— Рэшту аднясі назад, мо каму не хапіла, дык дасі.

Адразу пасьля вячэры, перахрысьціўшыся і памаліўшыся, старая заснула.

Хутка, як заўжды на поўдні, сьцямнела. Я глядзела ў вакно сьвежапралечанымі вачыма. Унізе, пад гарой, блішчэла пад месяцам мора — чорная прорва, поўная рыбаў і пачвар. Блішчэла і гара: шматлікія агеньчыкі ліхтароў і вокан, цуг аўтамабільных фараў на дарозе. “О, Мариана, — круцілася ў галаве. — Сладко спишь ты, Мариана! Мне жаль будить тебя, я стану ждать…”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0