Сябры аргкамтэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) наведалі на гэтым тыдні вёскі Гомельскага раёна і паразмаўлялі зь мясцовымі жыхарамі, якія паведамілі ім аб расстрэлах ва ўрочышчы Батуліншчына ў 1937 годзе. Жыхары вёскі Кантакузаўка дакладна паказалі месца расстрэла і пахаваньня людзей, на якім у гэты час вядзе раскопкі пошукавы батальён.

Як паведаміла БелаПАН жыхарка Гомеля, ураджэнка вёскі Кантакузаўка Вера Вінакурава, у 1937 годзе ў гэтай вёсцы супрацоўнікі НКУС арыштавалі 20 чалавек.

— Майго бацьку забралі сярод ночы і завезьлі ў Гомель, у турму. Яго, малапісьменнага селяніна, абвінавачвалі ў сувязях з замежнай выведкай. Калі маці хадзіла ў турму да яго і зьвярталася з просьбай аб дапамозе ў розныя інстанцыі, дык адзін супрацоўнік НКВД ёй наўпрост сказаў, што лепш нікуды не зьвяртацца, бо лёс бацькі ўжо перадвызначаны. А маці пагражалі, што калі будзе заступацца за яго, дык пойдзе ўсьлед за бацькам. У 1956 годзе бацьку рэабілітавалі. Я чытала ягоную справу, у якой было напісана, што вырак — расстрэл — быў прыведзены ў выкананьне 28 кастрычніка 1937 года. А дзе, мне не сказалі. Але мы ведалі, што гэта было недалёка ад вёскі, ва ўрочышчы Батуліншчына. Там часта расстрэльвалі людзей, прывозілі машынамі позна ўначы. І адзін міліцыянт распавядаў па сэкрэце сваёй сяброўцы — нашай аднавяскоўцы — аб расстрэле ў гэтым лесе нашых бацькоў, жыхароў Кантакузаўкі. Ён казаў, што адзін зь іх, Сотнікаў Панцялей, вельмі плакаў і ўсе пытаўся ў катаў, за што яго расстрэльваюць.

У дзяцінстве я часта бачыла сон — як быццам я іду ў наш лес, і там з магілы ўзьнімаецца мой бацька. Я абтрасаю зь яго жоўты пясок, бяру яго за руку, і мы разам сыходзім. Я мару, што людзі даведаюцца праўду аб нашых бацьках, нявінна забітых сваімі ж. Немцы былі ворагамі — тут усё зразумела, але калі свае забівалі сваіх! Хтосьці і зараз спрабуе схаваць праўду, сьпісаць на немцаў. Ніколі ў гэтым лесе немцы нікога не расстрэльвалі. Нікому не зразумець, як было нашым сем’ям жыць з таўром «ворагаў народу».

Жыхарка Кантакузаўкі Вольга Маржанава падцьвярджае словы аднавяскоўкі:

— Майго бацьку НКВД забраў у 1937 годзе. Мне тады было 10 гадоў, але я добра памятаю гэты момант. Больш я яго ніколі ня бачыла. Але міліцыянт распавёў «па сакрэце» адной нашай дзяўчыне аб расстрэле ў Батуліншчыне майго бацькі і іншых аднавяскоўцаў. Неўзабаве пасьля гэтых падзеяў нас прымусілі садзіць у гэтым урочышчы, на месцы расстрэлу, сасновы лес, але нават коні станавіліся дыбам і не ішлі далей. І мы ўбачылі там рукі, якія проста тырчэлі зь зямлі, галёшы, парванае адзеньне. А хлопцы нашыя падышлі бліжэй і ўбачылі яму, закіданую галінамі і неглыбока прысыпаную пяском. Там ляжалі забітыя людзі, мы спалохаліся і ўцяклі. А заўтра гэтая яма ўжо была добра засыпаная зямлёй, і нават сосны былі ўжо пасаджаныя — на касьцях нашых бацькоў.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар вёскі Краснае Гомельскага раёна Аляксандр Котаў сьцьвярджае, што ў лесе пад Гомелем, дзе зараз вядуцца раскопкі масавых пахаваньняў, у 1937 годзе быў расстраляны ягоны бацька . Як паведаміў БелаПАН А. Котаў, у 1993 годзе ён разам са сваёй сястрой зьвяртаўся ва Ўпраўленьне КДБ па Гомельскай вобласьці. Там яму былі выдадзеныя дакумэнты па справе яго бацькі Фёдара Котава, які быў арыштаваны падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Па словах вэтэрана, у справе было запісана, што Ф. Котаў расстраляны 28 кастрычніка 1937 года ў раёне 9‑га кілямэтра Чарнігаўскай шашы:

— А ў пачатку 60‑х, калі прыйшлі дакумэнты аб рэабіліацыі бацькі, там было ўказана, што ён як быццам памёр у месцах пазбаўленьня волі ад запаленьня лёгкіх у 1945 годзе. І вось толькі ў 90‑х я даведаўся праўду, змог узяць з прыкладнага месца могілы бацькі прыгаршч зямлі. Мне паказалі даносы даярак, што бацька, працуючы брыгадзірам фэрмы, быццам бы труціў цялятаў. Рэпрэсіі — гэта страшней, чым злачынствы немцаў, бо гэта помста сваіх сваім жа.

Відэазапіс са сьведчаньнямі вэтэрана актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) маюць намер выкарыстоўваць для доказу таго, што на месцы раскопак — расстраляныя рэпрэсаваныя.

Фаіна Мяркулава, БелаПАН

bchd.info. Фота — Паўлюк Міцкевіч, Гомель

Глядзі таксама:
Камандзір узводу пошукавага батальёну лейтэнант Бахановіч выкладае афіцыйную вэрсію паходжаньня масавых пахаваньняў людзей:

«Тут, паводле інфармацыйнага ліста і пляну, лічыцца пахаваньне мірных жыхароў часоў другой усясьветнай вайны. Мы выклікалі сюды таксама супрацоўнікаў пракуратуры — сьледчы прыяжджаў гомельскі і судмэдэкспэрт. Яны ўзялі косныя парэшткі людзей на экспэртызу».

Ваенком Гомельскага раёну Уладзімер Дарафееў, таксама яшчэ да заключэньня экспэртызы, зьвязаў паходжаньне магіл з гомельскімі апалчэнцамі 1941 году. Але ў такім разе незразумела, ад каго абаранялі апалчэнцы Гомель з усходу, ды яшчэ на левабярэжжы ракі Сож? Бо добра вядома, што супраціў чырвонаармейцы ды гараджане аказвалі фашыстоўскаму наступу з супрацьлеглага боку абласнога цэнтру — захаду й паўночнага захаду.

Не стасуецца з баявымі дзеяньнямі і характар раненьняў ахвяр, адкапаных цяпер у лесе пад Гомелем.

Распавядае салдат тэрміновай службы пошукавага батальёну — удзельнік раскопак:

«У асноўным у чарапах бачныя дзіркі ад куляў — ад стрэлаў у галаву, у патыліцу і лоб».

Цалкам артыкул — на Радыё Свабода


Палкоўнік Віктар Шумскі: «Праведзена эксгумацыя парэштак 66 загінулых. Адназначна выязнчана, што гэта пахаваньне пэрыяду Вялікай Айчыннай вайны. Парэшткі перададзеныя мясцовым органам улады для прыняцьця рашэньня па перапахаваньні.

Артыкул газэты «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0