Адам Глёбус

Штурм Масквы
падарожная проза

 

1. Масквічы

Масква — трэці Рым! Ёсьць такі памылковы выраз. Каб я не гуляў па Рыме, можа і паверыў бы, а так магу засьведчыць: расейская сталіца вельмі не падобная да італійскай. Калі ўсё ж пашукаць падабенства, дык можна знайсьці яго ў паводзінах масквічоў, што жывуць па старажытнарымскай формуле: чалавек чалавеку — воўк. Воўчыя ўзаемаадносіны натуральныя ў Маскве.

Ты прылятаеш у складзе дэлегацыі зь Лёндана ў Шарамецьева. І ніводзін з калегаў не пацікавіцца, як будзеш выбірацца з аэрапорту. Кожны сам за сябе. А ў Лёндане тыя ж людзі шмат разоў ветліва перапытвалі, як хутчэй і таньней даехаць з Кінг Стрыт да Хітроў. Чалавек — жывёла архітэктурная. У Лёндане ён — лёнданец дасьціпны, выхаваны, дальнабачны, а ў Маскве — масквіч нахабны, галодны, жорсткі воўк. У мяне як у генэтычнага беларуса абарачэньне ў ваўкалака адбываецца імгненна; традыцыі, мэнтальнасьць, прадвызначанасьць. І ў цягніку “Масква—Менск” я досыць хутка дамаўляюся з п’янаватым правадніком, каб у купэ нікога не падсаджваў. Скаціна грошы ўзяла, але як толькі састаў крануўся, наш з братам спакой парушылі два трактарысты, нізкарослыя, чорныя, няголеныя, гарбаносыя. Каўказцы заплацілі правадніку больш, чым мы. Вайна вахабітаў з фэдэраламі за Дагестан яшчэ толькі высьпявала; таму нашае беларускае, а іх дагестанскае паходжаньне пры сутыкненьні ня выбіла іскры варожасьці. Сышліся на тым, што маскоўскі праваднік мусіць вярнуць нашы грошыкі. Вярнуў. За вячэраю дагестанцы распавялі, што едуць да брата ў Смаленск, каб закупіць атруты ад калярадзкіх жукоў. Маўляў, у Чачэніі й Дагестане ад ненажэрных жучкоў ратунку няма. Жаруць усё, што зазелянее. Камэнтаваць любоў чачэнцаў да ўсяго зялёнага ня буду. Якая брыда — калярадзкі жук, ведаю. Я іх зьбіраў з бабінай бульбы, у дзень па паўвядра, заліваў газаю й паліў. І таму, калі чую “газават”, дык згадваюцца жукі ў падпаленай газе.

 

2. Сын пісьменьніка

Масква-ква-ква, як шмат у гэтых гуках для сэрцайка маленькага зьлілося… Ведаю як ніхто.

Бацька займаўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, а я з мамай пёк два разы на год булачкі ў Менску. Муку выдавалі па талёнах пад 8 Сакавіка й пад Новы год. Лысы Хрушч загадаў сеяць кукурузу. Народ застаўся бяз хлеба. Прывезены з Масквы батон быў найвялікшым пачастункам. Просты батон за 13 капеек у 1964 годзе я бачыў ня больш як 3 разы на год. Батоны пайшлі на тое, каб запусьціць у космас хлопчыка з птушыным прозьвішчам Гагарын. Зрэшты, частка бела-залатых батонаў усё ж засталася, яны прадаваліся ў Маскве.

Мы з мамаю прыехалі да бацькі ў інтэрнат. Маці захацела піва. Яна ніколі ня піла піва, а тут раптам: “Хачу піва!” Мы з татам паімчалі ў “Елісееўскую краму”. Чаго там толькі не прадавалі, але галоўнае — батоны. Можна купіць батон. Маці купілі дзьве бутэлькі чэскага піва, а мне — батончык. На адваротным шляху я ўтаптаў палову батона. І хоць бы што. А вось маме было кепска. Яна выпіла шклянку піва, і яе званітавала. Мама чакала дзіця. Мы ўсе чакалі дзіця. Маме хацелася таго піва, як іншым цяжарным хочацца сялядца, салёнага агурка ці гліны, ёсьць і такія. Маці ляжала змучаная, а мы мылі падлогу. Гэта найпершы мой успамін пра Маскву: батон, піва, інтэрнат Літінстытуту.

Інтэрнат мне вельмі падабаўся, асабліва — ліфт. Цудоўны, драўляны, павольны ліфт. Уздымаешся й глядзіш праз шкляныя дзьверы на партрэты вялікіх расейскіх літаратараў: 2 паверх — Пушкін, 3 — Лермантаў, 4 — Гогаль, 5 — Талстой, 6 — Горкі, 7 — Маякоўскі. Уражваў Лермантаў у чырвоным мундзіры з залатымі эпалетамі. Вершы Міхаіла Юр’евіча я ведаў на памяць. “Ветразь”, “Барадзіно”, “Мцыры”… Пра бой Мцыры з барсам я перачытаў разоў дзесяць. Сябе я атаесамляў менавіта з Мцыры. А вось да творчасьці бацькавых сяброў, аднакурсьнікаў і паплечнікаў, я доўгі час быў зусім абыякавы. Пэўна, з-за таго, што іх было зашмат.

Калмыцкіх літаратараў я пабойваўся і нават пацікавіўся: “Тата, а гэтым дзядзькам нехта нагою на твар наступіў?” Прозьвішча татаркі Шіряевой ня мог вымавіць, атрымлівалася Шыраява. Неацэнены і непрызнаны геній Рубцова быў незаўважны ня толькі для мяне. Ягонае “Россия, Русь, храни себя, храни” яшчэ ня стала формулай паводзінаў рускіх цароў ХХ ст. Жыгуліна, што сядзеў з бацькам на занятках за адным сталом, расейцы не прачыталі й не ацанілі поўнай меркаю і дагэтуль.

Так не ацанілі талент майго дзядькі Саньдзі. Ён таксама вучыўся ў Маскве ў акадэміі на ракетчыка. Саньдзя марыў стаць генэралам. Жыцьцярадасны, самаўпэўнены, працавіты, ён скончыў вучэльню й акадэмію, больш як дзесяць гадоў адседзеў у Казахстане. У Саньдзі была міжкантынэнтальная балістычная ракета, скіраваная на Нью-Ёрк, а пазьней на Пэкін. Акрамя ракеты, у Саньдзі былі афіцэры, салдаты й гаспадарка з каровамі й сьвіньнямі. Салдаты паступалі элітныя, з вышэйшай адукацыяй, і кожнага новага, які прыходзіў, Саньдзя вучыў даіць карову. “Зруйнаваць Нью-Ёрк не баяцца, а каровы палохаюцца”. Генэралам Саньдзя ня стаў. Яму нават не дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Каштоўны кадр. Я вельмі любіў зь ім гуляць па Маскве. Мы гулялі ўтрох: я у сінім барэціку, бацька ў балёневым плашчыку і Саньдзя ў вайсковай форме. Іх спрэчкі, хто прынясе большую славу прозьвішчу і роднай вёсцы, вельмі цікавілі мяне, так хацелася, каб яны абодва ўславілі сваю Варакомшчыну. Масква 60-х давала ім такі шанец. Мне яна такога шанцу не давала.

Я быў просьценькі хлопчык, якіх тысячамі фатаграфуюць на Краснай плошчы. Мяне сфатаграфавалі ў шарык. Былі такія шарыкі з круглай дзірачкаю й павелічальным шклом. За лінзу ўстаўляўся слайд. Шарык прыйшоў у Менск па пошце. Мы з мамай убачылі ў шарыку зусім іншага хлопчыка ў барэце. Мама адаслала чужога хлопчыка назад на Красную плошчу. Атрымаць сваю цацку мы не спадзяваліся. Але Масква знайшла мяне. У знак прабачэньня яны прыслалі ажно два аднолькавыя шарыкі. Адзін застаўся ў нас, а другі завезьлі ў Койданава, да маёй бабы Ядзі.

 

3. Мастак-навучэнец

З просьценькага хлопчыка, празь дзесяць гадоў, я ператварыўся ў мастака-навучэнца, і Масква зноў паўстала на маім шляху. Высьветлілася, што ня толькі батоны прадаюцца ў сталіцы камуністычнай імпэрыі, а і пэндзлі, эцюднікі, фарбы, вугаль, пастэль можна набыць толькі ў ёй, белакаменнай і залатагаловай. А што за мастак бяз пэндзліка? Танцор без нагі? І я ганяў у Маскву па матэрыялы. Зазвычай, каб сумна ў дарозе не было, дамаўляўся з кімсьці зь сяброў. Сядалі ўвечары ў цягнік і раніцою сыходзілі на Беларускім вакзале. Ішлі ў прадуктовую краму, куплялі малако ў сініх пакетах і зноў жа — батон. Сьнедалі ў якім-небудзь прывакзальным дворыку. А потым ехалі на мэтро на Кутузаўскі праспэкт. Там быў мастацкі салён. А ў ім чаго толькі не было! Ня буду пералічваць. Стыпэндыя ў мастацкай вучэльні была мізэрная, таму куплялася ўсё толькі самае-самае неабходнае. Усе куплялі толькі для сябе. У сьветлыя часы майго юнацтва гандаль лічыўся непрыстойнай справаю. А можна ж было набыць пэндзлік за рубель і прадаць за два. Ніхто так не рабіў. Мараль савецкага студэнта не дазваляла, і за такое маглі выключыць з вучэльні. І выключалі, дарэчы. Майго добрага знаёмага Вовачку Казюлінскага, па мянушцы Малы, выгналі. Ён быў старастаю ў групе. Атрымаў стыпэндыю на ўсіх. Паехаў у Піцер па джынсы. Думаў, разбагацее, там набудзе, у Менску прадасьць утрая даражэй. Грошы ў Вовачкі ўкралі яшчэ ў цягніку “Менск-Ленінград”. Выгналі Воўку. Група ў пятнаццаць чалавек засталася бяз грошай. Добра яшчэ, што не пасадзілі за крадзеж. Але ў асяродзьдзі мастакоў існавала кругавая парука і слова гонару не было пустым гукам. Так што я мог прывезьці з Масквы лішні пэндзлік і проста падараваць. Але, здаецца, нікому нічога я не дарыў. Эгаізм пасяліўся ў маю душу яшчэ ў дзяцінстве. Таму й заняткі выбіраліся эгаістычныя: маляваньне, літаратура…

Каб можна было езьдзіць у Маскву адному, я б езьдзіў. Але езьдзіць адному было небясьпечна. Таму й зьбівалася зграя з пары-тройкі такіх, як я, эгаістаў. Асноўнымі напарнікамі ў маскоўскіх вандроўках былі ў мяне Алесь Лось і Вова Сьцепаненка. У Лася там быў знаёмы стары мастак, які маляваў карціны кшталту “сьвята на заводзе”. Разоў пяць мы спыняліся ў ягонай прасторнай майстэрні, і кожнага разу на мальбэрце стаяла новенькая карціна з рабочымі, кветкамі і чырвонымі лёзунгамі. Заводы былі розныя: трактарны, машынабудаўнічы, аўтобусны, а тэма не мянялася. Наколькі мне не падабаліся карціны, настолькі падабаўся мастак — сівабароды, у барэце. Штораніцы ён прыносіў нам сьняданак: каўбасу, батон і пачак малака. Усё сваё малако, як і ўсё мацаванае віно, я выжлукціў у юнацтве. Мы сьнедалі і мчалі па выставах і музэях. У Менску не было ня толькі батонаў і пэндзляў, не было і прыстойных выставаў. На такое простае пытаньне: “Ці выстаўляўся ў Менску хоць бы адзін твор Пабла Пікаса?” — скажу катэгарычнае “не”. А што за мастак у ХХ стагодзьдзі, калі ён і Пікаса ў арыгінале ня бачыў. Альбомы, часопісы, рэпрадукцыі — мура. Ці скажу мякчэй: гэта — паліграфічнае мастацтва. А трэба было ўсё паглядзець у сапраўднасьці. Масква давала тую сапраўднасьць. Найбольш мяне ўразіла выстава “Масква-Парыж. 1900—1930”. Там былі ўсе мае тагачасныя куміры: Малевіч, Татлін, Пікаса, Ле Карбюзье, Чэрніхаў, Філонаў, Азенфан… Тры разы я хадзіў на выставу. Бо жыў у Маскве ажно два месяцы. Была такая магчымасьць у саўдэпаўскага студэнта — перад абаронай дыплёму зьезьдзіць за дзяржаўны кошт у любую кропку СССР. Мае аднагрупнікі папёрлі ў Крым. Ня ведаю, што яны панапісвалі ў тлумачальных запісках, але ўсе апынуліся ў Ялце. Я ж напісаў, што еду вывучаць спадчыну Пятра Мсьціслаўца і Івана Фёдарава, бо мой дыплёмны праект быў прысьвечаны Божай Маці, але Назарэт і Ерусалім знаходзіліся за межамі імпэрыі. Я апынуўся ў сто першы раз у Маскве. Прыйшоў на Красную плошчу, паставіў трыногу й пачаў маляваць сабор Базыля Бажаволка, найлепшую царкву ў Маскве, дый ува ўсёй бязьмежнай Расеі. Міліцыянт, пачуўшы маю беларускую мову, перапытаў, хто я. Палякам у Маскве дазвалялася маляваць як заўгодна й дзе заўгодна. Нават у Крамлі ніхто мне не замінаў. А вось у маскоўскім дворыку прычапіліся студэнты-архітэктары. Няўжо так можна маляваць? Няўжо ў Менску дазваляюць студэнтам быць фармалістамі? Каб нашыя выкладчыкі пабачылі вашыя малюнкі, вас бы выключылі ў той жа дзень. Мае выкладчыкі, калі пабачылі тыя малюнкі, абмежаваліся “двойкаю”. Практыку давялося пераздаваць. І я пераздаў. Мяне проста выключыць не маглі. У іх ліміт выйшаў на выключэньне. Яны ўжо навыключалі больш, чым можна. Адно было ясьней яснага: ні ў Менску, ні ў Маскве з маім маляваньнем нічога не сьвяціла. А выставы авангардыстаў-дысыдэнтаў мне зусім не падабаліся — непрафэсійныя, правінцыйныя, змрочныя. Я ненавідзеў СССР. Але не хацеў, каб кагэбісцкая дзяржава пачала замінаць жыць і працаваць. Што-што, а гэта ў яе атрымлівалася на пяцёрку. Ведаю па сябе. Мне далі дыплём і выкінулі з мастацкага асяродку, як шкоднага, злоснага, лютага сабаку, які не паддаецца ўтаймаваньню.

Ні з адным вядомым мастаком у Маскве я так і не пазнаёміўся. Калі не лічыць студэнта-ідыёта, які зрабіў малюнак мішкі алімпійскага. Яму за гэта адшкадавалі аднапакаёўку на ўскраіне. Ён быў рады; алігафрэн, як і ягоны алімпійскі мішка.

 

4. Паэт

Калі цябе выпруць з мастакоў, ідзі ў літаратуру. Пісьменьнікі разумнейшыя за пэцкаляў, яны ня толькі пішуць, часам яны й пачытваюць добрыя кнігі. Я так і зрабіў. Пачаў насіць вершы па рэдакцыях. Іх бралі й друкавалі. І неяк само сабою пачалі перакладаць на расейскую мову й публікаваць у Маскве. Нават тое-сёе, што зь цяжкасьцю праходзіла ў Менску, добра прымалася там. Ступень свабоды ці, як тады казалі, даўжыня ланцуга, на якім сядзіш, у Маскве і ў Менску была розная. З паэзіяй у мяне пакаціла значна лепей, чым з малюнкамі. Маю на ўвазе афіцыйны сьвет. Мяне пачалі запрашаць на розныя тусоўкі, сэмінары, нарады, паседжаньні. Я перазнаёміўся з процьмаю расейскіх паэтаў. Піў гарэлку — а яны ўсе пілі гарэлку — з сакратаром Ахматавай і настаўнікам Бродзкага Яўгенам Рэйнам. Да мяне з Масквы прыяжджаў наймаднейшы мэтамэтафарыст Паршчыкаў. Я мог сабе дазволіць і не пайсьці ў бары за стол да Юр’я Кузьняцова, бо той за вочы абазваў мяне “жыдам”. На сярэдзіне 80-х паэтычная Масква падзялілася на два лягеры: “русотяпы” і “жидовствующие”. Мне, як тому татарыну, было “по…ать”, але мяне ўсё адно залічылі ў лягер жыдоў і паджыдкаў. Свае ж беларусы залічылі, а ў Маскве распаўзьліся чуткі, што я самы чыстакроўны жыдзяра, і прозьвішча ў маёй маці самае жыдоўскае — Глёбус. Спрачацца было бессэнсоўна. Дый навошта? Большасьць выдавецтваў і літаратурных часопісаў належалі так званым “жыдам”. І мяне пачалі друкаваць у тоўстых літаратурных часопісах. О, які гэта быў гонар, надрукаваць нізку вершаў у каляніяльным часопісе “Дружба народаў” ці ў экспэрымэнтальнай “Літаратурнай вучобе”. Зараз і ўявіць цяжка. Мне пачалі зайздросьціць. Да зайздросных вачэй нельга прывыкнуць. Вось нельга і ўсё. Колькі ні спрабаваў, ня змог. І ты ня зможаш. І ніхто ніколі ня здолее спакойна трываць зайздросны пагляд. Застаецца рабіць выгляд, што ігнаруеш зайздросьнікаў. І я рабіў такі выгляд і ў Менску, і ў Маскве. Але адна рэч рабіць выгляд, і зусім іншае — не перажываць з-за гэтага. Сябры пачалі зьнікаць. Самае балючае — страта сяброў. Я кампэнсаваў згубу сяброў безьліччу новых знаёмстваў. У час сваёй паэтычнай кар’еры я знаёміўся надзіва лёгка, як лёгка чытаў вершы. На адным з маскоўскіх сэмінараў замест свайго твору я прадэклямаваў “Пагоню” Багдановіча і “Калі зямлю атуліць змрок…” Таўлая. Хвалілі. Я дзейнічаў па формуле: “Мае белвершы друкуюць у зборніках разам з Коласам і Купалам, а твае, расейскія, ніколі не надрукуюць пад адной вокладкаю з Пушкіным і Лермантавым”. І калі ў Маскве пачаў рыхтавацца мой паэтычны зборнік у перакладах Паршчыкава й Яроменкі, я перайшоў на прозу. Ня йшлі ў мяне больш вершы. Не пісаліся, не складаліся, не ліліся… Мне маскоўскі літкансультант па Беларусі, была такая пасада, нешта накшталт прад’юсэра, Галя Грыбоўская, кажа: “Ты паэт, цябе прынялі ў Маскве як паэта, ня трэба нічога зьмяняць…” Не! Буду празаікам.

 

5. Празаік

Стаць празаікам у Маскве было ўтрая лягчэй, чым паэтам, калі ты папярэдне быў паэтам, вядома. У паэзіі шмат вырашала імя перакладчыка. У прозе вырашалі сувязі й пасада перакладчыка, а ягоныя здольнасьці кампэнсаваліся маім уменьнем аўтарызаваць тэксты. Тоўстыя часопісы пачалі друкаваць мае апавяданьні. Да аднаго нават напісаў прадмоўку Алесь Адамовіч. Была й такая завядзёнка: старэйшыя-прызнаныя пісалі цёплыя словы пра маладых невядомых. Мой прыход у прозу супаў з ашаламляльнымі палітычнымі падзеямі: упала імпэрыя, разваліўся саюз, зьмянілася палітычная мапа на глёбусе. Расейская мова й Масква страцілі большую частку сваіх уплываў. Апошнім маім трыюмфам у Маскве стала вечарына “Маладая беларуская літаратура” ў ЦДЛ (Цэнтральны дом літаратара). На зьмену Галі Грыбоўскай курыраваць белліт даручылі Валодзю Сотнікаву. Такому сьціпламу хлопцу з-пад Гомеля, які пісаў раманы пра басаногае маленства, пісаў па-расейску, піў гарэлку, а напіўшыся, крычаў на калідорах інтэрнату Літаратурнага інстытуту, таго самага інтэрнату, дзе калісьці жыў мой бацька, дзе на розных паверхах віселі партрэты розных клясыкаў. Валодзя гарлаў пад тымі партрэтамі: “Я — русский писатель!” З Вовы ніхто не сьмяяўся. Калідоры інтэрнату на вуліцы Шата Руставэлі чулі столькі розных “пісацеляў”, што прывыклі да ўсяго: і да Сотнікава, і да Яндарбіева, і да расейскага, і да чачэнскага. Цьвярозы Сотнікаў нічога не крычаў, ён акуратна зладзіў вечарыну. Сябраваў Сотнікаў з маім братам Міраславам, а таму белліт была прадстаўлена нашай тусоўкай: Клімковіч, Шайбак, Сьцяпан, я і чамусьці Турбіна як крытык ці як чалавек, што ў Менску піша па-расейску. Народу сабралася шмат. Мы чыталі вершы й прозу, адказвалі на дурныя пытаньні. Чаму пішаце па-беларуску? Няўжо Беларусь зможа жыць без Расеі? Творчыя пляны? Няўжо беларусы й расейцы розныя народы? Масква ня верыла ў сваю паразу. Масква ніколі не прызнае пройгрышу. Маскоўскія гісторыкі дагэтуль не пагаджаюцца, што Напалеон выйграў бітву пад Барадзіном. Такая ўжо маскальская мэнтальнасьць.

Што да плянаў? Дык яны былі напалеонаўскія. Разам з Клімковічам і Шайбаком мы напісалі раман “Заўсёды сьветла каля турэмных муроў”. На расейскую яго перакладаў Сотнікаў. Дэтэктывы Шайбака й Клімковіча пераклаў Аляшкоўскі. Атрымаўся зборнік “Современный белорусский детектив”, і галоўны рэдактар выдавецтва “Советский писатель” Міхал Саламонавіч Камінскі падпісаў з намі дамову й выплаціў аванс. Надзеі, грошы, прызнаньне — усё ў мяне было ў Маскве. Але я адчуваў, што лясьнецца ўсё гэта вельмі хутка. І сапраўды, кніга так і ня выйшла, выдавецтва “Совпис” сканала, Союз Писателей напаткаў лёс СССР. Пачынаўся новы час, у якім на маскоўскіх вуліцах не было месца празаіку і паэту Глёбусу. З усёй маёй прозы ў Маскве прыжыўся толькі адзін герой — прафэсійны кілер, які выконвае даручэньні спэцслужбаў. Менавіта такі герой захапіў Маскву й Расею, менавіта пра яго пішуцца зараз шматтомныя сэрыялы й здымаюцца фільмы. І наш першы раман вытрымаў паўмільённы наклад па-расейску. А я пачаў рыхтавацца да пятага штурму Масквы ў якасьці выдаўца.

Вільня. Жнівень 2000 году.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0