Паштовая скрынка

 

Б. Л-іку з Кобрыня. Рэдка хто гэтак лупцуе беларускую інтэлігенцыю, як гэта робіце Вы ў сваім допісе. Ці вартая яна такіх жорсткіх ацэнак? Бадай, вартая. Толькі ці тую частку інтэлігенцыі, што робіць і чытае “НН”, Вы маеце на ўвазе? Мусіць, не. Што “інтэлігенцыя прадае беларусаў у рабства Расеі” — гэта перабольшваньне. Яна бязвольная, здэмаралізаваная галечай і бяспраўнасьцю. Але, вызвальце яе палітычна і эканамічна, і яна выведзе народ з рабства.

Бярнарду П. з Буйкоў. Няма прасьвету ў Вашых думках, няма надзеі. Цемра на цемры едзе і цемраю паганяе. І з гэтым ісьці да людзей? Ёсьць лепшы сьвет, ясныя дні. Толькі во гэта друкуем: “Настаўнік адмовіўся выконваць ролю Дзеда Мароза на навагоднім ранішніку ў школе. Рэч у тым, што сцэнар ранішніку складзены па-расейску, а школа лічыцца беларускай. Вось настаўнік і запратэставаў”.

Ганьне С. з Койданава. Пішаце ў газэту, быццам блізкаму сябру. А газэту чытаюць таксама людзі, што ня ведаюць Вашай сямейнай гісторыі. Як жа яны разьбяруцца ў Вашых думках?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0