Нямецкая палітыка ў Беларусі

Чаго дамагаецца Бэрлін у доўгатэрміновай пэрспэктыве?
Ці ўпішацца Лукашэнка ў пляны Бэрліна?

Амаль усе заходнеэўрапейскія нацыі паўсталі як нацыі «дзяржаўныя» дзякуючы нацыятворчым намаганьням цэнтралізаваных абсалютысцкіх дзяржаваў. А ўсходнеэўрапейскія нацыі збольшага былі безьдзяржаўнымі і ствараліся найбольш дзякуючы нацыятворчым высілкам тутэйшае інтэлігенцыі. Асновы сучаснай заходняй гістарыяграфіі і геапалітыкі былі закладзеныя ў ХІХ ст., калі на ўсходзе Эўропы, на вялізнай прасторы ад Бэрліна да Масквы і ад Стамбулу да Вены, не існавала ніводнай зь цяперашніх 19 малых і сярэдніх нацыяў-дзяржаваў. Адпаведна, існаваньне гэтых нацыяў як пэўных культурных супольнасьцяў іншы раз груба і бесцырымонна аспрэчвалася. Гэта зрабіла ў 1992 г. у дачыненьні да Беларусі Элен Карэр д’Анкос, францускі акадэмік. Калі ж не, дык прынамсі проста яно ўважалася нечым зусім малаістотным, на што з глябальнай пэрспэктывы можна было спакойна не зважаць. Гэтаксама як мы, напрыклад, не зважаем на існаваньне розных народнасьцяў у Афрыцы.

У сваіх уяўленьнях пра Беларусь, беларускую мову й культуру Захад некрытычна засвоіў крайне тэндэнцыйныя імпэрскія канцэпцыі, распрацаваныя расейскімі навукоўцамі. Ня ведаючы беларускіх рэаліяў, Захад вымушана глядзеў на нас вачыма Масквы — апякункі і калянізатаркі. Гегеманісцкія расейскія канцэпцыі (якія адкрыта ці падсподна сьцьвярджалі гістарычную, культурную і нават геаграфічную няздольнасьць Беларусі да самастойнага разьвіцьця) знаходзілі прыдатную глебу найперш у Бэрліне і ўспрыймаліся там як аб’ектыўныя. Тады як любыя беларускія канцэпцыі — як «нацыяналістычныя». У Нямеччыне таксама многія разглядалі ўсход Эўропы як сфэру законных інтарэсаў сваёй краіны, а ўсходнеэўрапейскія нацыі — як нацыі другога гатунку, якім патрэбная «культуртрэгерская апека» сапраўдных, вялікіх суседзяў.

Ясна, што падобныя імпэрскія падыходы ў сваім чыстым выглядзе ў ХХ ст. пацярпелі крах. Але закладзеныя імі стэрэатыпы жывыя, занадта жывыя ў розумах эўрапейскіх дыпляматаў і навукоўцаў. Як і ірацыянальная «салідарнасьць вялікіх нацыяў» — Нямеччыны й Расеі, Францыі й Расеі. Як і «салідарнасьць малых нацыяў» — Беларусі й Чэхіі, Беларусі й Швэцыі.

Эўрапейская і нямецкая палітыка ў Беларусі (а эўрапейскай палітыцы ў Беларусі наканавана ўсё больш станавіцца нямецкай) ад самага пачатку пакідаюць складанае ўражаньне дваістасьці, несупадзеньня тактычных крокаў і стратэгічных прыярытэтаў. Эўропа быццам бы не аспрэчвае важнасьці беларускай незалежнасьці, але дзе вы бачылі, каб які адзін эўрапейскі дыплямат у Беларусі гаварыў па-беларуску хоць бы для прыліку? Самы яскравы прыклад «дэзарыентацыі на мясцовасьці» — праграма францускай амбасады «Багдановіч», што існуе дзеля заахвочваньня перакладаў з францускай мовы. У рамках яе выйшаў дваццатак кніг па-расейску і 2 брашуркі па-беларуску.

Беларуская рэчаіснасьць заскладаная для эўрапейцаў. Ім хацелася б простых рашэньняў. А самым простым рашэньнем было б легітымізаваць Лукашэнку — як Аліева. Зрабіць выгляд, што дыктатуры няма, няма й настойлівае расейскае калянізацыі Беларусі. І далей зважаць толькі на свае мэркантыльныя інтарэсы. Бо гэта так няясна і непатрэбна — якая дыктатура, калі ў Маскве і Варшаве дэмакратыі? Якая калянізацыя, калі тутака Эўропа?

Дык якая ж нямецкая палітыка ў Беларусі? Яна прыхаваная і стандартная. А беларускія дэмакраты хацелі б яе бачыць адкрытаю і нестандартнаю. Ахвяра гэтага канфлікту жаданьняў — пасол Вік, які, хоцькі-няхоцькі, успрымаецца як сымбаль нямецкае палітыкі ў Беларусі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0