Мікалай Пачкаеў

“Змова”

Нядаўні скандал вакол “прызнаньняў” Ганса-Георга Віка ў Беластоку пакінуў сьлед у сьвядомасьці беларускіх незалежніцка-дэмакратычных палітыкаў і прэсы. “НН” і “Наша Свабода” адгукнуліся артыкуламі, дзе немцам прыпомнілі ўсё: і крыжакоў фон Юнгінгена, і “кожнага чацьвертага”, і пакт Рыбэнтропа-Молатава, і другую сусьветную, і нават першую. Калі раней зацятая падазронасьць да Нямеччыны была адметнай рысай калегаў з КХП, дык гэты інцыдэнт выклікаў эмацыйныя камэнтары ўжо з нашмат шырэйшага палітычнага кола, а БПС ажно пікетавала нямецкую амбасаду. Агульны закід можна падсумаваць гэтак: маўляў, дзеля супольнага нямецка-расейскага інтарэсу наконт транзыту паліва ў Нямеччыну апошняя заключыла “змову” з Расеяй супраць Беларусі; яе зьмест — у супрацы двух бакоў у справе інкарпарацыі Беларусі ў Расею; прасоўваньне ж такога пляну зь нямецкага боку ў Менску і ажыцьцяўляе, маўляў, злоўжываючы сваёй пасадай у АБСЭ, былы нямецкі дыплямат з савецка-расейскім стажам сп.Вік — як ён тое нібыта і сам прызнаў падчас верасьнёўскай канфэрэнцыі ў Беластоку.

 

Фантомная лёгіка “змовы”

Пакінем убаку тэму ўдаласьці фармулёвак сп.Віка і адэкватнасьці беластоцкага перакладу. Нэрвовая рэакцыя беларускай незалежніцка-дэмакратычнай прэсы і палітыкаў на такі сцэнар была вельмі натуральнай, асабліва беручы пад увагу, што сп.Вік нібыта сам згадваў і пра Расею, і пра паліўны аспэкт. Трэба прызнаць, што і складнікі “змовы” стасуюцца між сабою, на першы погляд, быццам лягічна — бо ёсьць нямецкі інтарэс да расейскага паліва; іх супольны з Расеяй інтарэс у транзыце празь Беларусь; ёсьць расейская палітыка авалоданьня Беларусяй; і ёсьць Г.-Г.Вік, які нібыта бачыць выйсьце для Беларусі ў яе набліжэньні да расейскага ладу; значыць, немцы “прадалі” нас Расеі за газ і нафту, а сп.Вік і рэалізуе такі плян.

Але лягічна стасуецца тут усё, за выняткам адной “драбніцы”: падставовай супярэчнасьці паміж самой лёгікай гэтай “змовы” і лёгікай замежнай палітыкі Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны як такой. А рэальнасьць тая, што яе палітыка так моцна інтэгравана ў Эўразьвяз з аднаго боку, і ў NATO з другога, што цяпер дыскутуецца нават самое існаваньне якойсьці асобнай нямецкай замежнай палітыкі ўвогуле.

Па-першае, Нямеччына вельмі мала можа зрабіць сёньня ў сэнсе “сваёй уласнай” замежнай палітыкі, ня кажучы ўжо аб “сакрэтных пактах”; не рабіць чагосьці (напрыклад, устрымацца ад выразнае ацэнкі беларускага рэжыму і расейскіх анэксійных захадаў) — гэта практычна верх аўтаноміі яе AuЯenpolitik. Па-другое, сярод нямногіх пэўных рэчаў, якія можна ўвогуле сказаць пра нямецкую замежную палітыку, трэба зазначыць стратэгію каардынацыі яе з саюзьнікамі праз сыстэму міжнародных арганізацыяў, а таму амаль неверагодна, каб Нямеччына пайшла на падрыў АБСЭ. Каб паверыць у расейска-нямецкую “змову”, трэба ўявіць, што “беларуская палітыка” Бэрліна існуе цалкам як вынятак з усёй нямецкай сучаснай замежнапалітычнай практыкі ці ажыцьцяўляецца якімсьці асобным аддзелам нямецкага МЗС, чыя дзейнасьць не зьвязана неабходнасьцю адпавядаць падставам фэдэральнай замежнай палітыкі.

Гэтая ўгрунтаванасьць нямецкай палітыкі ў міжнародных арганізацыях робіць асабліва неверагодным злоўжываньне структурамі АБСЭ. Нямеччына далёка не кантралюе АБСЭ, і калі б КНГ у Менску ўсур’ёз сталася інструмэнтам падобнай Realpolitik, то захады з боку такіх уплывовых сяброў АБСЭ, як Злучаныя Штаты і іншыя, зусім не “завязаных” на расейскае паліва, пэўна ж, былі прынятыя задоўга да таго, як пачала б пра нешта здагадвацца пільная беларуская прэса. З гэтай жа прычыны нельга і ўявіць, што сп.Вік мог бы адстойваць тутака не афіцыйныя, а якіясь карпарацыйныя інтарэсы (напрыклад, “Рургазу”, якому належыць пакет акцыяў “Газпрому”, а вялікі пакет у кампаніі “Вінтэрзгаль Газ” належыць “Газпрому”).

Іншымі словамі, кожны, хто паверыў бы ў рэалізацыю такой “змовы” празь місію АБСЭ, мусіў бы прыняць гэта не як палітыку адной толькі Нямеччыны, але і як узгодненую пазыцыю гэтаксама і ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі — рэч відавочна неверагодная. Дый калі б Захад вырашыў “здаць” Беларусь, то наўрад ці праз сакрэтныя “змовы” — быццам яму ёсьць ад каго хавацца.

Тымчасам заходні “манэўр” наконт “здачы” досыць абмежаваны, бо тая “догма”, што ўмовамі палітычнай стабільнасьці й бясьпекі (у т.л. для транзытнай тэрыторыі) служаць дэмакратыя і дабрабыт, зьяўляецца адным з падмуркаў агульнай стратэгіі ў Эўропе. Калі хто і верыў у тэорыю, быццам дэмакратыя разаўецца ў Беларусі па меры інтэграцыі з Расеяй, дык практыка шасьці год “інтэграцыі” недвухсэнсоўна засьведчыла супрацьлеглае. Пайсьці, не зважаючы на гэта, на вышэйзгаданую “змову” цалкам бы супярэчыла, у дадатак да ўсяго, самой заходняй (у тым ліку і нямецкай) ідэалёгіі забесьпячэньня стабільнасьці й бясьпекі.

 

Унутраныя нестыкоўкі

Гэтаксама ня варта трактаваць як “змову” і выпадкі, калі тэмы, датычныя Беларусі, закранаюцца ў нямецка-расейскіх перамовах: міжнародная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі — да якой заклікае і сама апазыцыя — вядзе да абмежаваньня беспасярэдніх кантактаў заходніх краінаў зь ім, а таму было б натуральна, каб Нямеччына імкнулася ў такім разе вырашаць штосьці практычнае за пасярэдніцтвам Масквы. Але, на жаль, падазронасьць наконт “нямецка-расейскай змовы” разьвілася ў пэўных нашых колах задоўга да беластоцкай канфэрэнцыі. Таму варта спыніцца крыху і на нестыкоўках ува ўнутранай лёгіцы гэтага фантому, а асабліва на невытлумачальнасьці зьвязку паміж нібыта мэтаю “змовы” (забесьпячэньне транзыту) і спосабам дасягненьня (інкарпарацыя Беларусі ў Расею) для нямецкага боку.

Па-першае, што можа матываваць Нямеччыну да такой “угоды”? Варыянт “продажу Беларусі” пад расейскім ціскам і пагрозай, скажам, “адключыць газ”, неверагодны. Бо Нямеччына мае і свой газ, які яна яшчэ і экспартуе ў Аўстрыю, Бэльгію і Швайцарыю. Акрамя расейскага газу, немцы імпартуюць таксама нідэрляндзкі, нарвэскі, брытанскі і дацкі газ, і гэтыя закупкі (у 1990-х) перавышалі імпарт з Расеі. А вось для Расеі экспарт паліва — адзіная істотная крыніца валюты, на якой трымаецца, як вядома, уся яе фінансавая, сацыяльная і палітычная стабільнасьць. Гэтая валюта дазваляе напаўняць бюджэт, сплочваць адсоткі па старых крэдытах (той жа Нямеччыне), трымаць рубель, закупляць харчаваньне і г.д. Расея была і застаецца залежнай ад сваіх эўрапейскіх валютных пакупнікоў паліва зусім ня менш, чым у расейскім газе зацікаўлены нямецкі рынак. Самі расейскія экспэрты прагназуюць, што доля расейскага газу ў агульных пастаўках у Эўропу з пазаэўрапейскіх крыніц скароціцца з амаль 80% у 1996 да каля 55% у 2010. Таму “продаж” Беларусі за пастаўкі — гэта абсурдная вэрсія.

Па-другое, як рэальна магла б Нямеччына паспрыяць транзыту расейскага паліва праз палітычнае прасоўваньне інкарпарацыі Беларусі? Любыя беларускія ўлады і так зь вялікім энтузіязмам паставяцца да транзыту расейскага паліва ў Эўропу. Праўда, расейскія нафтагазавыя фірмы, такія, як “Газпром”, змаглі б, верагодна, зэканоміць на тарыфах за транзыт — толькі ж цэны ў Эўропе дыктуюцца каньюнктурай міжнароднага рынку, і на нямецкім спажыўцу такая эканомія не адаб’ецца, а пытаньне транзытных тарыфаў увогуле не абавязкова прывязанае да незалежнасьці.

І ўрэшце, калі ўплыў Нямеччыны на справу прысьпешваньня анэксіі Беларусі роўны хаця б ступені кантролю сп.Віка над апазыцыяй, то са свайго боку Нямеччына мала што можа прапанаваць у такім “партнэрстве” з Расеяй. Калі выходзіць з таго, што і вартасьць (невядомай) расейскай “складкі” ў такой змове мусіла б быць прыкладна роўнай нямецкаму “ўнёску”, то супольная вартасьць такой угоды была б вельмі малой і неадэкватнай той палітычнай рызыцы, якая вынікала б для нямецкага боку. Бо калі расейскай рэпутацыі ў вачох беларускай дэмакратычнай супольнасьці ўжо мала што можа пашкодзіць, дык Нямеччына наўрад ці зацікаўленая ва ўкараненьні тут падазронасьці да сябе — хоць бы на той выпадак і час, калі Беларусь усё ж станецца не заходнім пляцдармам Расеі, а фарпостам Эўропы на ўсходзе. Нават уявіўшы, што Беларусь хацелі б бачыць часткаю Расеі “Газпром” разам з “Рургазам” і “Вінтэрзгаль Газам” (сумесная кампанія “Газпрома” з “Wintershall AG”, даччыной кампаніяй BASF), то палітычныя інтарэсы і мажлівасьці замежнай палітыкі Фэдэратыўнай Рэспублікі відавочна не наўпрост залежныя ад часовых інтарэсаў гэтых паважных карпарацыяў.

 

А ці была там Нямеччына?

Урэшце, не пераконвае ў праўдзівасьці тэорыі “нямецкай змовы” і той факт, што скандал зь беластоцкімі камэнтарамі сп. Віка можа добра ўкласьціся ў яшчэ прынамсі тры “змовы”.

Варыянт А. Як вядома, у часы здабыцьця незалежнасьці (1990-91 г.) вядучыя незалежніцка-дэмакратычныя арганізацыі (уключна з БНФ) адкрыта прызнавалі Нямеччыну за натуральнага стратэгічнага партнэра для нашай краіны ў Эўропе, як дзяржаву, на якую павінна будзе арыентавацца ў Эўропе незалежная Беларусь. З увагі на гэта было б лягічна ўявіць, што тыя сымпатыі сталіся вядомыя ня толькі беларусам і немцам. Распальваньне антынямецкіх падазрэньняў сярод незалежніцкай эліты склала б натуральны элемэнт любой доўгатэрміновай праграмы па дыскрэдытацыі Нямеччыны перад дэмакратычна-незалежніцкай Беларусяй — напрыклад, з боку тых вонкавых сілаў, якія бачаць месца для Беларусі зусім не ў Эўропе.

Варыянт B. Ці выпадкова скандал, скіраваны на дыскрэдытацыю місіі АБСЭ сп.Віка ў вачох апазыцыі, паўстаў акурат напярэдадні “выбараў”? З гледзішча апазыцыі, сп.Вік са сваёй КНГ практычна рэпрэзэнтуе тут як бы “Захад” агулам, і падарваць давер да гэтай установы найболей адпавядала б інтарэсам палітычнага праціўніка апазыцыі. Больш за гэта, такая дыскрэдытацыя “галоўнага голасу Захаду”, імплянтацыя ідэі “продажу” нас Нямеччынай і нікчэмнасьці АБСЭ, мусілі б стварыць для беларускай апазыцыі ўражаньне яе міжнароднай ізаляцыі, гэтак дадаючы яшчэ і важкі дэмаралізуючы эфэкт. То ж можа ўсё інсьпіравалі службы рэжыму, якія маніпулююць грамадзкай сьвядомасьцю?

Варыянт C. Можна прыгадаць нават і такі нюанс, што першым навіну пра сэнсацыйную “споведзь” сп.Віка абвясьціла польскае замежнае радыё для Беларусі. Выпадкова ці не, але гэта супала па часе з ухваленьнем расейскімі пастаўшчыкамі і эўрапейскімі спажыўцамі такога праекту транзыту паліва ў Эўропу, які абмінае Ўкраіну — і якому якраз Польшча адкрыта і голасна працівіцца. Дык ці няма ў распальваньні “нямецка-расейска-паліўнага скандалу” інтрыгі суседняй дзяржавы, а можа нават і дзьвюх?

 

Фантомы і прышласьць

Як відаць, “лягічных” сцэнараў тут хапае ажно на некалькі “змоваў” — прычым зусім безь нямецкага ўдзелу і нават не абавязкова супраць Беларусі. Беларускім жа палітыкам варта памятаць, што як толькі задача інтэграцыі Беларусі ў Эўропу станецца зноў актуальнай, дык усё ж менавіта Нямеччына застанецца да нас найбліжэйшай краінай Эўразьвязу, найбуйнейшым рэгіянальным цэнтрам эканамічнае сілы і найважнейшай патэнцыйнай крыніцай інвэстыцыяў. Нямеччына напэўна нават і не адчуе нашага “вяртаньня ў Эўропу”, але для Беларусі будзе вельмі важна знайсьці добрых партнэраў у справе свайго запозьненага “вяртаньня”. З поступам гэтага працэсу ў Беларусі й Нямеччыны абавязкова зьявіцца многа супольных інтарэсаў і пэрспэктыўных дачыненьняў. Вядома, разьвіцьцю такога партнэрства наўрад ці паспрыяе той сьлед, які цяпер, у цяжкі для беларускай дэмакратыі і дзяржаўнасьці час, можа пакінуць невыразная часам пазыцыя Бэрліна. Але і зацятая падазронасьць да Нямеччыны і фантомы Realpolitik, калі яны ўкарэняцца ў сьвядомасьці беларускай незалежніцка-дэмакратычнай эліты, таксама зусім не прыдадуцца дзеля прышласьці нашых агульных зь Нямеччынай інтарэсаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0