Недасьпелая палітыка

Госьць рэдакцыі “НН” — гісторык Анатоль Сідарэвіч. Тэмаю гутаркі нашаніўцаў зь ім стала мінуўшчына і цяпершчына нямецкае палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Ці існуе між імі пераемнасьць? Калі так, дык у чым яна заключаецца?

 

— У беларуска-нямецкіх адносінах часу першае сусьветнае вайны можна вылучыць некалькі этапаў. Першы — гэта пэрыяд акупацыі з 1915 да 1918 г.: кайзэраўскае войска прыйшло ў Вільню і заходнюю частку Беларусі. Дзеячы “Нашай Нівы” мелі тады цесныя кантакты зь нямецкімі культурнікамі, з Рудольфам Абіхтам, які меў перапіску з Антонам Луцкевічам, з карыфэем нямецкай філялёгіі Фасмэрам, аўтарам найлепшага этымалягічнага слоўніка расейскай мовы, які цікавіўся беларускай мовай, з доктарам Іпэлем, які дасьледаваў беларускае сакральнае мастацтва і ўвёў ва ўжытак сам тэрмін “беларускае мастацтва”, арганізаваў першую выставу беларускага мастацтва ў 1918 г.

У 1915 г. у Беларусь прыйшлі рэгулярныя нямецкія войскі, у абозе рэгулярных войскаў знаходзіліся гаспадарнікі, якія ставілі за мэту выцягнуць максымум карысьці для нямецкай эканомікі. Але адначасова ў нямецкім войску служыў і доктар Іпэль, і іншыя культурнікі. Да гэтага часу не дасьледаваная “Газэта 10-й арміі”, што выдавалася тут нямецкімі акупацыйнымі войскамі. Асьвятленьне ў ёй тагачасных падзеяў у Беларусі заслугоўвае дысэртацыі.

У часе нямецкай акупацыі Беларусі ў 1915—18 г. адчыняліся беларускія школкі, рыхтаваліся кадры настаўнікаў. Істотна і тое, што жыхарам акупаванай часткі Беларусі выдаваліся “аўсвайсы” на нямецкай і беларускай мовах, прычым на роднай мове — упершыню за вельмі працяглы час. Камітэт ахвяраў вайны на чале з Антонам Луцкевічам атрымліваў субсыдыі ад нямецкай улады на сваю дзейнасьць, пры фінансавай дапамозе немцаў выдавалася і газэта “Гоман”.

Але пры ўсім пры гэтым галоўнае пытаньне стаяла аб будучыні Беларусі, аб яе дзяржаўна-прававым стане. Ілюстрацыяй да гэтага ёсьць захаваны ў архіве АН Літвы чарнавік ліста Антона Луцкевіча да райхсканцлера Нямеччыны, дзе разглядаюцца якраз трохбаковыя адносіны: Беларусь-Польшча-Нямеччына. Калі мне даводзіцца чытаць у некаторых мэмуарах і іншых тэкстах таго часу, што Антон Луцкевіч быў палянафілам, гэта не выклікае нічога, акрамя саркастычнай усьмешкі, бо Антон Луцкевіч у сваім лісьце да імпэрскага канцлера ясна і недвухсэнсоўна піша пра тое, што беларускі народ ніколі ня будзе жыць у адной дзяржаве з палякамі (тады аб гэтым стаяла пытаньне). Гэта толькі польскія палітычныя рамантыкі маглі марыць пра межы 1772 г., каб пераканацца пасьля, што ні беларускі, ні ўкраінскі, ні літоўскі народы ў адным дзяржаўным арганізьме з Польшчаю не ўжывуцца.

Антон Луцкевіч і дзеячы Беларускага Народнага Камітэту ў Вільні прапанавалі немцам дыялёг аб беларускай пэрспэктыве, але беларусаў у якасьці дзяржаўніцкай нацыі немцы не разглядалі. Яны і летувісаў не разглядалі ў гэтай якасьці. Але летувіскія палітычныя эліты пачалі гуляць зь немцамі, яны падносілі немцам ідэю сваёй дзяржавы так, што яна павінна знаходзіцца пад эгідай Нямеччыны і ў дадатак ачольвацца нямецкім каралём Міндаўгасам ІІ. Што датычыць беларускіх сацыялістаў, а іншых плыняў на той час у беларускім вызвольным руху не было, то тыя нават не адважыліся падумаць пра такое — манархія, тым больш зь немцам на чале…

Ва ўсялякім разе тое, што ў немцаў не было стаўленьня да беларусаў як дзяржаўнай нацыі, пацьвердзілі часы акупацыі.

Немцы ў лютым 1918 г. пайшлі далей на ўсход, і тады ж была выдадзеная першая “Ўстаўная грамата да народаў Беларусі”, аднак там нічога не гаворыцца пра дзяржаўны статус краіны, хоць і ствараўся Ўрад Беларусі. Калі б беларусы тады абвясьцілі беларускую дзяржаву і незалежнасьць, як гэта зрабілі летувісы 16 лютага 1918 г., магчыма, на перамовах у Берасьці беларускае пытаньне было б пастаўленае ў парадак дня. Але прадметам абмеркаваньня і больш пільнай увагі сталася толькі Летува, і з боку Бэрліна, і з боку Масквы. Беларусы гэтага не зрабілі, і абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі 9 сакавіка было ў пэўным сэнсе рэакцыяй на Берасьцейскі трактат.

Само стаўленьне нямецкіх акупацыйных уладаў да Народнага сакратарыяту і Рады БНР, добра дасьледаванае савецкімі аўтарамі, было зьняважлівым і паказвала, што немцы дакладна прытрымліваліся Берасьцейскай дамовы і разглядалі Беларусь як складовую частку Расеі. Адказ, які атрымаў Народны сакратарыят з Бэрліна на свой зварот, ясна і недвухсэнсоўна кажа, што Нямеччына разглядае Беларусь як складовую частку Расеі. Нямецкія ўлады заміналі стварэньню паўнавартых беларускіх органаў улады. Калі немцы ўжо адступалі, пачалі стварацца першыя беларускія Рады ў Койданаве, Слуцку, Ваўкавыску, Горадні. Народу патрабавалася зброя ці хаця б незьвяртаньне ўвагі на актыўную дзяржавастваральніцкую дзейнасьць структураў БНР — немцы ж заміналі любой дзейнасьці. Яны разганялі Рады, не давалі зброі, а калі зброя зьбіралася — яе канфіскоўвалі.

Я публікаваў дзёньнік Антона Луцкевіча, які хоць часткова паказвае антыбеларускую дзейнасьць немцаў у канцы 1918 — пачатку 19-га гадоў. Яны расчышчалі дарогу палякам, выконвалі прадпісаньні маршала Фоша з Парыжу і спасылаліся на патрабаваньні Антанты. А вядома, што Францыя заўсёды была найпершым прыяцелем Польшчы. (Нагадаю, што ў той час на чале Нямеччыны стаялі сацыял-дэмакраты. Дык вось, яны выявілі ня меншы кансэрватызм у дачыненьні да Беларусі, чым правыя.)

Такім чынам, прадуманае нямецкае палітыкі ў Беларусі не было. Але гэта яшчэ нашае вялікае шчасьце, што немцы ня сталі патронамі Беларусі, нашае дзяржаўнасьці, бо гэта скампрамэтавала б нас у вачах заходніх дэмакратыяў.

Падчас першай сусьветнай вайны немцы пасябравалі з украінцамі, украінскі ўрад меў падтрымку з боку немцаў, і ўрэшце гэта прывяло да таго, што краіны Антанты не прызналі Ўкраіны. Гэтак было б і зь Беларусяй.

У 1920 г. другі раз абвясьцілі БССР, якая паводле свайго фармальнага статусу была незалежнай дзяржавай. Паміж Менскам і Бэрлінам былі ўсталяваныя дыпляматычныя зносіны, але ў савецкай Беларусі нават не было дыпляматычных кадраў. Паўнамоцным прадстаўніком БССР у Бэрліне стаў па сумяшчальніцтве прадстаўнік Расеі Мікалай Красьцінскі.

А потым абвяшчаецца СССР, усялякія дыпляматычныя адносіны касуюцца, і па сутнасьці з таго часу ў нас не было сталых адносінаў ні паміж нашай эміграцыяй і нямецкім урадам, ні паміж беларускімі і нямецкімі сацыял-дэмакратамі, хоць Антон Луцкевіч і быў асабіста знаёмы з Карлам Каўцкім. Ніякіх сыстэматычных беларускіх студыяў у міжваенны час у Нямеччыне незаўважна.

Ажыўленьне беларускай дзейнасьці ў Нямеччыне зьвязана з стварэньнем беларускае нацыянал-сацыялістычнае партыі пасьля прыходу Гітлера да ўлады. У яе ўвайшлі Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўшчык ды іншыя. З часам у Бэрліне складваецца асяродак беларускіх фашыстаў — давайце гэта шчыранька скажам, што сярод беларусаў былі нацысты і што барацьба паміж беларускімі нацыяналістамі і нацыстамі нават доктарам Туронкам не дасьледаваная ў яго грунтоўнай працы “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”.

Нямецкая палітыка на ўсходзе, пра гэта і доктар Туронак піша, не была асэнсаванай і пасьлядоўнай. Паказальны той факт, што славуты плян “Ост” так і ня быў зацьверджаны. Розныя ведамствы не маглі выпрацаваць нейкай канцэпцыі ў адносінах да Беларусі, бо ў Нямеччыне не было глыбокіх беларусаведчых досьледаў. Ну чаго вартая хаця б цытата з гэтага пляну “Ост”, маўляў “беларусы — самы рахманы народ”. Немцы пасьля на сваёй скуры адчулі, што такое партызанка чырвоная ды не чырвоная.

Немцаў часам сустракалі з партрэтамі Гітлера, з кветкамі, як вызвольнікаў ад калгаснага прыгону, але з-за непрадуманасьці нямецкай палітыкі вельмі хутка стаўленьне рэзка памянялася — ужо да лета 1942-га. З-за рабункаў, расстрэлаў, незразумелых беларусам масавых забойстваў жыдоў — многае ня ўкладвалася ў разуменьне беларуса.

Калі падсумаваць: найбольшая актыўнасьць нямецкай палітыкі на беларускім напрамку назіралася напярэдадні і падчас першай сусьветнай вайны, але яна не была прадуманаю, бо добрых беларусаведаў сярод немцаў не было. Немагчыма было выпрацаваць нейкую канцэпцыю, дакладны курс нямецкай палітыкі ў Беларусі. Гэтая палітыка была занадта супярэчлівая, і таму нават беларускія дзеячы нямецкага паходжаньня не выяўлялі сымпатыяў да немцаў.

Па другой сусьветнай вайне пэўныя досьледы ажыцьцяўляліся толькі ў Енскім унівэрсытэце і ва Ўнівэрсытэце імя Гумбальта ў Бэрліне. Але зноў жа — не было глыбокіх дасьледаваньняў, таго ж Васіля Быкава перакладалі з расейскай, і не яго аднаго. Некалі Енскі ўнівэрсытэт імя Шылера выпусьціў адзін зборнічак на тэму беларуска-нямецкіх стасункаў. Больш ніякіх публікацыяў на гэтую тэму мне не траплялася.

Нямецкая ўсходняя палітыка апошнія 30 гадоў трымаецца на сыстэме дамоваў і імкненьні разьвіваць адносіны з краінамі, што на ўсходзе. Калі б не было нямецкіх “усходніх дамоваў” — ФРГ з Польшчай, ФРГ з Чэхаславаччынай, ФРГ з Масквой, калі б не былі ўрэгуляваныя нямецка-нямецкія адносіны, не было б Нарады ў справе эўрапейскай бясьпекі і супрацоўніцтва ў Гельсынкі ў 1975 г., а гэтая Нарада якраз і прывяла да паскоранага станаўленьня новай Эўропы.

Распад Савецкага Саюзу быў для многіх неспадзяванкаю, многія заходнія палітолягі не маглі прадбачыць такога хуткага распаду, ня бачылі, што гэта калёс на гліняных нагах, — тое, што для нас было бачным і зразумелым тут. Нават больш — большая частка заходніх палітычных элітаў не жадалі гэтага распаду, бо іх вельмі трывожыла сыстэма кантролю над ядзернымі ўзбраеньнямі. Яны спадзяваліся на пэўную дэмакратызацыю Савецкага Саюзу, лібэралізацыю эканомікі, паступовую пабудову адкрытага грамадзтва і ператварэньне СССР у фэдэрацыю. Але гэтага не адбылося. Бо ў Расеі выявілася моцная нацыяналістычная плынь на чале з Барысам Ельцыным, што вылучылася з камуністычнай партыі, артадоксы якой у жніўні 1991 г. прысьпешылі распад СССР.

На момант распаду Саюзу на захадзе, а тым больш у Нямеччыне не было ярка абрысаванай канцэпцыі ўсходнеэўрапейскай палітыкі як у правых, так і ў левых. Першыя проста чакалі лібэралізацыі, мультыпартыйнасьці і маргіналізацыі камуністаў, а сацыял-дэмакраты ня мелі гэтай канцэпцыі з-за таго, што ў СССР, за выняткам краінаў Балтыі, была пад корань вынішчаная сацыял-дэмакратычная традыцыя.

Немцы заўсёды глядзелі на Беларусь праз маскоўскую прызму. Яны не зусім зразумелі, што адбылося ў 1994 г., яны нават не зразумелі, што адбылося ў красавіку 1995-га — галадоўка і зьбіцьцё дэпутатаў. Іхнае неразуменьне я вывеў з асабістых кантактаў зь нямецкімі таварышамі. Дэпутат Бундэстагу Герт Вайскірхен, выступаючы на пачатку 1994 г. у Менску на адной канфэрэнцыі, вельмі засьцерагаў нас ад паўтору югаслаўскага варыянту. Ён баяўся, што тут разгарыцца нейкая вайна на этнічным грунце, зыходзячы з таго... што тут людзі размаўляюць на дзьвюх мовах!

Адно ад лістапада 1996 г., ад сумна памятнага рэфэрэндуму нумар два немцы пачалі глядзець на Беларусь ня толькі праз прызму Масквы. З задавальненьнем магу сказаць, што першым зь немцаў глыбокі аналіз таго, што адбываецца ў Беларусі, зрабіў сацыял-дэмакрат — вядомы нямецкі палітоляг з Інстытуту ўсходніх і міжнародных дасьледаваньняў у Кёльне, доктар Гайнц Тымэрман. Аднак немцы не пазбыліся маскоўскай прызмы да канца, ня выпрацавалі інструмэнтару для аналізу беларускіх праблемаў у цэнтральнаўсходнеэўрапейскім кантэксьце, зноў жа, па-першае, з-за таго, што ў іх не наладжаныя сыстэматычныя беларускія студыі. Па-другое, не сакрэт, што з 1761 г. немцы кіравалі Расеяй, пачынаючы ад Пэтэра Шлезьвіг-Гальштайнскага, ён жа Пётар ІІІ, і ягонай жонкі Соф’і Фрэдэрыкі Аўгусты, яна ж Кацярына ІІ. Дарэчы, менавіта пры Соф’і Аўгусьце Расею паўсюдна ў Эўропе пачалі называць менавіта Расеяй, і венскі цэсар прызнаў тытул расейскага цэсара. У немцаў, пэўна, ёсьць сантымэнт да тае Расеі, дзе немцы адыгрывалі не апошнюю ролю ў кіраваньні дзяржавай. І гэты сантымэнт перашкаджае немцам зірнуць на землі, што знаходзяцца паміж Бугам, Нарвай, Дняпром і Заходняю Дзьвіною, не праз маскоўскую прызму.

Нямецкая палітыка на ўсходзе, у адрозьненьне, скажам, ад амэрыканскай палітыкі знаходзіцца ў эмбрыянальным стане, яна інтэлектуальна недасьпелая, і таму тоіць у сабе небясьпеку для Беларусі. Гэта я кажу шчыра, нягледзячы на тое, што я ў пэўным сэнсе германафіл. Але сяброўства, як казаў Вілі Брант, ня ёсьць падтакваньнем сябру.

Я не выключаю, што доктар Вік мог дапусьціць пэўныя выказваньні адносна беларуска-расейскага збліжэньня. Аб’яднаная моцная Нямеччына, якую ў Эўропе ўжо называюць Чацьвертым Райхам, патрабуе рынкаў збыту, крыніцаў сыравіны, і таму немцы зацікаўленыя ў тым, каб спрасьціць свой шлях на ўсход. Навошта немцам яшчэ адна мытня, калі тавар таньней будзе правозіць празь меншую колькасьць межаў? Што нямецкі капітал губляе ў выпадку, калі Беларусь будзе далучаная да Расеі? Нічога! Такі чыста абыватальскі, дзелавы і капіталістычны погляд на праблему. Варта ўспомніць і зыгзагі нямецкай палітыкі ў дачыненьні да лукашэнкаўскай Беларусі. Я вам, мусіць, не адкрыю сакрэту, што немцы былі зацікаўленыя ў правядзеньні выбараў у «палатку». Гэта можна было прачытаць у пэўным дакумэнце Бундэстагу. Зразумела, немцы не маглі пайсьці на прызнаньне гэтых выбараў, бо Лукашэнка ўжо надта тапорна дзейнічаў. Але цяпер у бэрлінскіх кабінэтах прадумваецца магчымасьць пачынаньня кантактаў са сп.Навасядам, Марозавым і Абрамавай як магутнымі дэмакратамі ў складзе гэтай «палаткі». Паколькі няма іншых, дык і гэта дэмакраты. Не сакрэт і тое, што ў бэрлінскіх кабінэтах гавораць аб праблеме разрадкі напружанасьці ў дачыненьнях паміж Нямеччынай і Беларусяй, а дакладней, паміж Нямеччынай і Лукашэнкам. Магчыма, немцы ў інтарэсах свайго капіталу нават пойдуць на нейкія дамовы з Лукашэнкам.

Гэткая інфармацыя ідзе з бэрлінскіх кабінэтаў...

Запісаў Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0