Юрась Барысевіч

Рэха “Крымскіх санэтаў”

 

Доля клясыкаў незайздросная: іх ня любяць дзеці. Школьнікі мусяць вучыць клясычныя творы на памяць, пісаць паводле тых твораў дыктоўкі і шпаргалкі перад іспытамі. Клясыкаў любяць настаўнікі, чыноўнікі і наагул усе, хто мае якую-кольвек уладу.

Да Міцкевіча ў Польшчы ставяцца гэтаксама, як у нас — да Купалы, а ў Нямеччыне — да Гётэ. Яны настолькі ўвайшлі ў канон нацыянальнае культуры, што пры ўсім жаданьні ўжо не дадуць рады зь яго выйсьці. Бадай, адзіная надзея для клясыкаў узгадаць маладосьць і смак жывой творчасьці — іхныя прыхільнікі ў замежжы. Адсюль мы можам вычытаць у творах Гётэ ці Міцкевіча шмат такога, чаго не заўважаюць там, дзе іх ведае кожны школьнік.

Не магу гарантаваць, што Сёмухаў пераклад “Фаўста” ў беларускую мову глыбейшы за той твор, які напісаў сам Гётэ, але, да прыкладу, другая частка “Дзядоў” па-беларуску гучыць больш арганічна, чым на мове арыгіналу, бо ў значнай ступені складаецца з народных замоваў і вершаў, якія Міцкевіч пераклаў зь беларускай у польскую. Палякі, асабліва дзеці, добра ведаюць паэму, але не заўсёды разумеюць яе: у Польшчы абраду выкліканьня продкаў няма. Ня дзіва, што перакладчыка “Дзядоў” Сержука Мінскевіча нядаўна запрасілі зь лекцыяй у адзін з варшаўскіх ліцэяў, каб навучэнцы зірнулі на паэму вачыма іншаземца і пераканаліся, што ў ёй яшчэ ёсьць штосьці цікавае для сучаснага чалавека. (Каб дагадзіць беларускаму госьцю, ліцэісты пераабсталявалі аўдыторыю, дзе мела адбыцца лекцыя, у турэмную камэру і зьмясьцілі за краты партрэт Лукашэнкі.) Дарэчы, Сяржук цяпер працуе над лібрэта рок-опэры паводле “Дзядоў” (музыку піша аранжавальнік рок-гурту “Жах” Валянцін Саўранчук).

Рэанімацыі спадчыны (у прыватнасьці, “Крымскіх санэтаў”) Міцкевіча была прысьвечана і вечарына “Ад сьмерці да нараджэньня”, якую наладзілі ў Доме літаратара Саюз пісьменьнікаў і Польскі гуманітарны клюб “Дах”, створаны пару месяцаў таму ў Польскім навуковым таварыстве пры Саюзе Палякаў Беларусі: першаю быў круглы стол па праблемах мастацтва перакладу з удзелам Чэслава Сэнюха, перакладчыка “Новай зямлі” Коласа, а неўзабаве “Дах” мае намер наладзіць чытаньні эратычных твораў польскіх паэтаў і круглы стол па падручніках польскае мовы.

Уласныя творы Міцкевіча на вечарыне гучалі толькі ў расейскамоўным перакладзе Міхала Ткачова (некаторыя зь іх прасьпяваў барытон-аматар Уладзімер Курак). На польскай мове Міцкевіча абяцаўся быў агучыць актор тэатру “Вольная сцэна” Юрась Жыгамонт, але паўдзельнічаць у вечарыне яму перашкодзіла чарговая падпрацоўка: на знак салідарнасьці з Валер’ем Мазынскім Жыгамонт звольніўся з тэатру і цяпер мусіць аддаваць перавагу ганарарным выступам. Што да Ткачова, дык гэта “інсытны” перакладчык пэнсійнага ўзросту, апантаны ідэяй славянскага братэрства (часта выступае па дзяржаўным радыё; падрыхтаваў кнігу “Пушкін і Міцкевіч”). Пераклады Ткачова вельмі прыблізныя, бо ён працуе не з арыгіналамі, а з падрадкоўнікамі — зрэшты, колькасьць радкоў у арыгінале і перакладзе таксама не заўсёды супадае. У расейскай традыцыі Ткачоў імкнецца пераказаць ня думкі аўтара, а ягоныя эмоцыі.

Беларускі бок імпрэзы быў прадстаўлены творамі Андрэя Хадановіча, Алеся Туровіча і Сержука Мінскевіча, напісанымі паводле матываў “Крымскіх санэтаў”. Гэта не пераклады, а постмадэрновая гульня з тэкстамі Міцкевіча. “Крынскія санэты” Хадановіч напісаў у Крынках, калі гасьцяваў у Сакрата Яновіча (дарэчы, паслухаць гэтага шматабяцальнага паэта і літаратуразнаўцу можна штопанядзелка а 18:30 у бібліятэцы імя Багушэвіча, дзе ён чытае цыкл лекцыяў “Вандроўныя здані культуры ад Ромула да нашых дзён”). Туровіч — вельмі добры дэкляматар, ягоныя вершы нашмат цікавей слухаць, чым чытаць з паперы (у выпадку, напрыклад, Славаміра Адамовіча — наадварот). Публіка (канфэрэнц-заля была перапоўненая) найбольш упадабала Алесеў твор “Акупацыя”. Са зразумелых прычынаў найбольш блізкія да манеры Міцкевіча творы напісаў Мінскевіч. У ягоных “Менскіх санэтах” захаваліся многія тэмы, фармальныя структуры, а часткова — і гучаньне “Крымскіх санэтаў” (да прыкладу, “Акерманскія стэпы” (А.М.) — “А кірмаш Камароўскі — як стэп” (С.М.). Сяржук напісаў 9 санэтаў супраць 18-ці ў Міцкевіча, каб падкрэсьліць сваю павагу да мэтра: колісь таксама Вэргілі з павагі да Гамэра пастанавіў, што “Энэіда” павінна быць у два разы карацейшаю за “Адысэю”.

Міцкевіч нарадзіўся на Каляды — 24 сьнежня. Нічога дзіўнага, што ён часам вяртаецца на зямлю, як і сам Хрыстос, у самых нечаканых формах.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0