Паштаркі-даносчыцы

У Мядзельскім раёне паштальёнак змусілі падаць у райвыканкам зьвесткі пра тое, якія газэты выпісвае вясковая інтэлігенцыя

З адной зь вёсак Мядзельскага раёну нам затэлефанавала паштарка, чые дзеці ў Менску чытаюць “НН” ды ёй іншы раз давозяць. Яна паведаміла, што з райвыканкаму загадалі падаць зьвесткі, якія газэты і часопісы выпісваюць дырэктар саўгасу, старшыня сельсавету ды дырэктар школы. Мы абзванілі сіх-тых знаёмых на Мядзельшчыне, знайшлі тэлефоны іншых паштарак. Высьвятляецца, што не адна яна атрымала такое распараджэньне. “Запатрабавалі з райвыканкаму”, — кажуць.

Паспрабавалі атрымаць камэнтар наконт “сьпісаў” у Мядзельскім райвыканкаме. У адказ намесьнік старшыні райвыканкаму параіў нам пацікавіцца лепш, ці ёсьць жыцьцё на Марсе.

Відаць, вэртыкаль загадзя рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Шукае “нядобранадзейных”, каб тыя, крый Божа, ня трапілі ў выбарчыя камісіі, ад якіх будуць чакаць новых зьдзяйсьненьняў у справе падліку нашых галасоў. А мо і КДБ вывучае попыт на “апазыцыйную літаратуру”. Тады дзякуй Богу, што гэта закранае толькі тутэйшую “намэнклятуру”, а ня ўсіх нас. “Хай багатыя плачуць!”

Цікава было б даведацца ад чытачоў, ці гэта мядзельцы, зьмяніўшы летась раённага галаву, ірвуцца папярод рэспублікі ў пекла, ці прымус паштарак даказваць на сваіх кліентаў — кампанія нацыянальнага маштабу.

Асабліва раім панепакоіцца аматарам расейскае прэсы. У сьвятле новага павароту дзяржаўнае палітыкі, агучанага Лукашэнкам — што ні Захад, ні Ўсход нам не дапамогуць — ім, мабыць, прыйдзецца туга.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0