БІБЛІЯТЭКА


Апошнія кнігі старога тысячагодзьдзя

Беларускія выдаўцы імкнуліся выдаць да канца старога тысячагодзьдзя як мага болей кніг, каб сустрэць новы век без старых забавязаньняў перад кнігалюбамі. Інакш цяжка вытлумачыць амаль бясконцую плынь новых выданьняў, што апошнімі тыднямі палілася ў менскія кнігарні – штодня на паліцах зьяўляюцца адна-тры новыя кнігі. Гэта цешыць. Вядома, сярод згаданых тутака кніг вы знойдзеце зусім вам непатрэбныя. Але і яны — беларускія.

Чытайце. Выбірайце. Шукайце ў кнігарнях – і набывайце.

Пэрыядычныя выданьні перажываюць у нас не найлепшую пару. Недзяржаўныя задыхаюцца ад нястачы грошай, дзяржаўныя — ад унутранай цэнзуры.

Arche: Слоўнік Свабоды. № 7 (12), 2000. – Менск, 2000. – 208 с. – Наклад 1500 ас. ISSN 1392-9682

Гэты нумар часапісу — вынік праекту Радыё Свабода, на хвалях якога штодня цягам 1999 г. гучэла праграма «Слова дня». Першым прагучэла слова «Бог», апошнім – «Слова», агулам слоў 365 – колькі дзён у годзе. У праекце ўзялі ўдзел 36 аўтараў, спасярод якіх Р.Барадулін, У.Арлоў, З.Бартосік, Ю.Бушлякоў, З.Пазьняк, С.Сокалаў-Воюш, А.Лукашук, С.Шупа.

У некаторых кнігарнях зьявіўся ў продажы таксама восьмы нумар Arche – чарговы аналітычна-крытычны агляд “Скарына” з артыкуламі Сакрата Яновіча, Андрэя Екадумава, Юрася Лаўрыка, Людмілы Рублеўскай, Рычарда Пайпса, Сяргея Астраўцова, Юр’я Андруховіча, Алеся Аркуша, Надзеі Садзікавай, Антонія Запалоты. Тэмы нумару – Васіль Быкаў, сталіцы і правінцыі, мода на “ліцьвінізм”, пагрозы Расеі, культ мёртвых у сучаснай Беларусі.

Віцебскі сшытак: Гістарычны навукова-папулярны часапіс. № 4, 2000. – Віцебск, 2000. – 224 с.: іл. – Наклад 250 ас.

Часапіс выходзіць з 1995 г. Выйшлі чатыры нумары. У гэтым нумары Л.Хмяльніцкая дасьледуе жыцьцяпіс і радавод Аляксея Сапунова, які, апроч вывучэньня беларускае даўніны, быў яшчэ й дэпутатам ІІІ Дзяржаўнае Думы Расейскай Імпэрыі. Пра колішнія шляхецкія сядзібы Віцебшчыны піша А.Хведарук. Здраўнёва Рэпіна – аб’ект зацікаўленьня В.Шышанава, які на фоне старых фатаздымкаў з будзённага жыцьця Здраўнёва расказвае пра лёс сям’і Рэпіных у Савецкай Беларусі. Гэтаксама ў часапісе знойдзеце матар’ялы да жыцьцяпісу мастака А.Мініна.

Кантакты й дыялёгі: Бюлетэнь «Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў» ды «Беларускага таварыства дружбы й культурнае сувязі з замежнымі краінамі». № 11-12 (59-60). – Менск, 2000. – 64 с.: іл. – Наклад 299 ас.

Сярод матар’ялаў нумару – нарыс У.Галузы «Чатыры стагодзьдзі ўдзелу беларускае дыяспары ў фармаваньні соцыюму Сібіры», тэкст Г.Кісялёва «Францішак Скарына й Аўхім Лялевель». Апроч таго, хроніка беларусазнаўчага жыцьця й рэцэнзіі на новыя кнігі.

Спадчына. № 4 (141), 2000. – Менск, 2000. – 224 с.: іл. – Наклад 1548 ас. ISSN 0236-1019

Не пакіньце па-за ўвагаю радыйных праграм Юркі Віцьбіча «Наша спадчына прамаўляе», пакладзеных на паперу і ўпершыню надрукаваных у гэтым нумары «Спадчыны». Каштуе 950 р.

Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры: Эўропа й яе Іншыя. № 3-4 (9), 2000. – Менск, 2000. – 304 с. ISSN 1648-0651

Эпоха: Лістапад 2000 г. – Менск, 2000. – 82 с.: іл.

Самы цікавы матар’ял нумару – нарыс пра пажары «Па начох на папялішчы вылі сабакі».

 

Надоечы выйшла колькі канечна патрэбных і грунтоўных мастацтвазнаўчых кніг.

В.Шматаў. Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI – XVIII ст.). – Менск: Тэхналёгія, 2000. – 131 с.: (20) арк.іл. – Наклад 370 ас. ISBN 985-6234-93-Х

Віктар Шматаў – знаўца беларускае гравюры Сярэднявечча. Кніга падсумоўвае дасьледаваньні мастацкай аздобы беларускіх старадрукаў. Ягоная папярэдняя кніга пра кніжную гравюру адразу па выйсьці ў сярэдзіне 1980-х сталася рэдкасьцю. Зважаючы на наклад, варта пасьпяшацца з набыцьцём гэтага фаліянту – каштуе 11,5 т.р. і прадаецца толькі ў кнігарні “Тэхна” ў Акадэміі мастацтваў.

Ткацтва: Зборнік матар’ялаў па беларускім народным ткацтве / Уклад. В.Лабачэўская. – Менск: Беларускі інстытут праблем культуры, 1999. – 100 с.: іл. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6138-04-3

У кнізе сабраны артыкулы навуковага, гістарычнага й мэтадычна-практычнага характару. Мэта кнігі – прыцягненьне да вывучэньня й зьберажэньня гэтага традыцыйнага віду народнае творчасьці як мага шырэйшага кола людзей.

 

Культуралягічныя праблемы разглядаюцца ў працах, прысьвечаных вуснай народнай творчасьці й пытаньням сусьветнае культуры.

Беларускія загадкі: Дасьледаваньне жанру. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 80 с. – Наклад 150 ас. ISBN 985-6038-01-1

Комплексна разглядаюцца беларускія загадкі як жанар народнае творчасьці: функцыянальныя адметнасьці, клясыфікацыя, гукапіс, граматыка загадак, іхная сувязь зь іншымі жанрамі фальклёру.

М.Крукоўскі. Філязофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралёгію: Навуч. дапаможнік. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2000. – 192 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-09-0363-9

Раскрываюцца асноўныя праблемы тэарэтычнае культуралёгіі. Для студэнтаў філязафічных і культуралягічных спэцыяльнасьцяў ВНУ. Цана – 2,2 т.р.

А.Аксамітаў. Прыказкі й прымаўкі: Тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак з архіваў, катэдральных збораў, рэдкіх выданьняў ХІХ і ХХ ст. – Менск: Беларуская навука, 2000. – 320 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0315-0

Скарбы народнае творчасьці рассыпаны ня толькі па вёсках ды хутарох, але й ляжаць пад пылам архіўных сховішчаў і бібліятэк. Струсіўшы пыл з папак ды фаліянтаў віленскіх, лёнданскіх, менскіх, кракаўскіх і пецярбурскіх архіваў, А.Аксамітаў выбраў найцікавейшыя ўзоры беларускіх прыказак і прымавак з рукапісных помнікаў мінулых стагодзьдзяў. Бальшыня прыкладаў паходзіць з абшараў Заходняе й Цэнтральнае Беларусі ды Палесься.

 

Беларускія гісторыкі працягваюць займацца асьветнай працай.

Бацькаўшчына: Зборнік гістарычнае літаратуры: Для сярэдняга й старэйшага школьнага веку / Уклад., прадмова С.Панізьніка; мастак А.Званароў. – Менск: Юнацтва, 2000. – 382 с.: (8) арк.іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0353-3

Як выяўляецца хрысьціянскі сьветагляд у творчасьці беларускіх пісьменьнікаў ад старажытнасьці да нашага часу – найлепей адлюстравана ў прысьвечаным гэтай тэме зборніку гістарычнае літаратуры “Бацькаўшчына”.

Гісторыя Беларусі ад старажытнасьці да ХХІ ст.: Кароткі нарыс. – Менск: Лекцыя, 2000. – 80 с. – Наклад 400 ас. ISBN 985-6305-21-7

Коратка разглядаюцца найважнейшыя падзеі, што адбываліся на нашых землях з дагістарычных часоў дасёньня.

Гісторыя Беларусі: Навучальны дапаможнік. У 2-х частках. Ч.1. Ад старажытных часоў – да лютага 1917 г./ А.Новік, Г.Марцуль, І.Качалаў ды інш.; Пад рэд. А.Новіка, Г.Марцуля; 2-е выд., перапрацаванае й дапоўненае. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2000. – 416 с.: іл. – Наклад 6000 ас. ISBN 985-09-0351-1

Непісьменнае і тэндэнцыйнае выданьне.

А.Вішнеўскі, І.Вішнеўская. Гісторыя дзяржавы й права Беларусі. – Менск: Філсэрва-плюс, 2000. – 134 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6489-17-7

Коратка пра найгалаўнейшыя этапы разьвіцьця юрыдычнае навукі ў нашым краі. Для студэнтаў.

А.Клышка. Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга / 2-е выд. – Менск: Полымя, 2000. – 96 с.: іл. – Наклад 7000 ас. ISBN 985-07-0315-6

А.Клышка напісаў кнігу, каб расказаць дзеткам, як да нас прыйшла кніга ды хто яе прынёс. Цана 300 р.

Христианство в Беларуси: История и современность/ Т.Короткая, А.Осипов, В.Теплова. – Менск: Моладзевае нав. тав-ва, 2000. – 72 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-6609-14-3

 

Нечакана многа ў сьнежні, параўнальна зь іншымі месяцамі, зьявілася кніг з краязнаўства. Цешаць гэткімі каляднымі падарункамі ня толькі менскія выдавецтвы, але й варшаўскія калегі.

Віцебшчына: Назовы населеных пунктаў паводле легендаў і паданьняў/ Складаньне, запіс і апрац. А.Ненадаўца. – Менск: Беларусь, 2000. – 475 с.: іл. – (Мой родны кут). – Наклад 2000 ас. ISBN 985-010107-5

А.Карлюкевіч. І векавечны толькі край. – Менск: Полымя, 2000. – 384 с.: іл. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-07-0200-1

Рэдактар «Чырвонае змены» расказвае пра ўраджэнцаў Беларусі, якія сваімі справамі й талентамі ўславілі Бацькаўшчыну і іншыя краі. Цана 700 р.

А.Карлюкевіч. Ігуменскі блякнот: Краязнаўчыя замалёўкі. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 80 с. – Наклад 350 ас. ISBN 985-6318-89-0

Алесь Карлюкевіч дасьледуе гісторыю ягонае роднае Ігуменшчыны.

А.Сержпутоўскі. Казкі й апавяданьні беларусаў Слуцкага павету/ Мастак В.Мішчанка. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2000. – 270 с. – (Повязь вякоў). – Наклад 2400 ас. ISBN 985-09-0361-9

Гэта перадрук тэкстаў аднайменнае кнігі, што была выдадзена Інстытутам беларускае культуры ў 1926 г. у Ленінградзе. Цана 850 р.

В.Тумаш. Культура зямлі Астравецкай: Асобы й творы: Біяграфічны даведнік. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 24 с.: іл. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6638-02-Х

Зьмешчаны біяграфіі й партрэты найславуцейшых людзей ускрайку беларускае Віленшчыны.

Г.Энгелькінг, Г.Рушчык. Палесьсе: Фатаздымкі 20-х і 30-х гадоў / Пад рэд. Г.Вашчанкі, У.Някляева; Пер. з польскае В.Вярэніча і Н.Вашчанкі. – Варшава: Argraf, 1999. – 256 с.: іл. ISBN 83-85938-58-3

Альбом 200 з гакам фатаздымкаў зь міжваеннага часу пра побыт насельнікаў Палесься ўпершыню выйшаў колькі гадоў таму па-польску, а цяпер – у перакладзе на беларускую. Кніга падрыхтавана Інстытутам мастацтва Польскай акадэміі навук супольна з Катэдраю беларускае культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту. Каштуе 11 т.р.

У.Цэйкін. Радуга: Краязнаўчы нарыс. – Менск: Пейто, 2000. – 40 с. – (“Ведаць свой край Беларусь”). – Наклад 500 ас. ISBN 985-6024-28-5

Што мы ведаем пра веткаўскую вёску Радугу? З гэтай брашуркі мы дазнаемся пра жыцьцё забытага Богам кутка чарнобыльскае Беларусі.

У.Лукша. Старажытны Полацак. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 32 с.: іл. – Наклад 550 ас. ISBN 985-6318-93-9

Вялейскі мастак Уладзімер Лукша сабраў і выдаў альбомам свае замалёўкі бацькі беларускіх гарадоў, аздобленыя вершамі палачаніна Навума Гальпяровіча.

Хрысьціянскія храмы Беларусі на фатаздымках Яна Балзукевіча: Пачатак ХХ ст. / Уклад. А.Кулагін, У.Герасімовіч; Па-бел. й па-анг. – Менск: Ураджай, 2000. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-04-0048-Х

У гэтым выданьні сабрана 165 фатаздымкаў Яна Балзукевіча, на якіх адлюстраваны каталіцкія й праваслаўныя бажніцы краю, палова зь якіх ужо не існуе. Каштуе кніга ўсяго 1 т.р. з гакам і неўзабаве стане бібліяграфічнаю рэдкасьцю.

Шляхам Вайніловіча: Да 90-годзьдзя касьцёла сьвятых Сымона й Алены/ Уклад. У.Завальнюк. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 160 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6638-03-8

Эдвард Вайніловіч вядомы як фундатар менскага Чырвонага касьцёла, а гэтаксама як адзін з найактыўнейшых беларускіх палітыкаў 1-е паловы ХХ ст., прыхільнік шчыльнага зьвязу з Польшчаю. Кніга аздоблена графічнымі малюнкамі мясьцін, зьвязаных з жыцьцём і чыннасьцяй Э.Вайніловіча аўтарства мастака Ўладзімера Лукшы. У дадатку ў кнізе зьмешчана п’еса «Храм», створаная ў духоўным тэатры «Анёл».

Д.Ващукувна-Каменецка. Брест – город незабываемый. – Берасьце: Выд-ва С.Лаўрова, 1999. – 284 с. ISBN 985-6371-56-2

Кніга прасякнута «крэсовасьцяй» – Берасьце, як і ўся міжваенная Заходняя Беларусь, разглядаецца вылучна як спрадвечна польскія абшары. Кніга выдадзена дзякуючы ксяндзу Зьбігневу Кароляку.

А.Федорук. Старинные усадьбы Минского края. – Менск: Паліфакт – Лекцыя, 2000. – 416 с.: іл. – (“Старинные усадьбы Беларуси”). – Наклад 500 ас. ISBN 985-6107-24-5

Выдавецтвы “Паліфакт” і “Лекцыя” з дапамогаю фундушу літаратара й бізнэсоўца з Дудутак А.Будзінаса распачалі выданьне сэрыі кніг “Даўнія сядзібы Беларусі”. Аўтар – А.Хведарук – найлепшы знаўца прыватных сядзіб і палацаў краю. Першая кніга сэрыі прысьвечана сядзібнаму дойлідзтву Меншчыны. Поруч з найбуйнейшымі палацава-паркавымі ансамблямі ў Снове, Валожыне, Раванавічах, Нясьвіжы гаворыцца пра малавядомыя сядзібы, даўнія паркі. Выканана навукова-мастацкая рэканструкцыя плянаў 40 сядзіб, у тым і славутае Радзівілавае Альбы. Арыгінальныя малюнкі, дакумэнтальныя фатаграфіі. Каштуе гэткі фаліянт 40 т.р.

 

Сьнежань стаўся «зорным» месяцам гісторыка й літаратара Ўладзімера Арлова. Бог падарыў У.Арлову ажно чатыры кнігі, што адначасна выйшлі ў выдавецтвах Беластоку, Вільні й Менску.

У.Арлоў. Адкуль наш род: Апавяданьні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў; прадмова Р.Барадуліна; мастак В.Сташчанюк/ 2-е выд., дапоўненае. – Вільня: Наша Будучыня, 2000. – 127 с.: іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 9986-9228-9-5

Першае выданьне гэтае кнігі для дзяцей пра гісторыю Беларусі зьявілася ў менскім выдавецтве «Бацькаўшчына» ў 1996 г. як «літаратурна-мастацкае выданьне». Гэтае, другое, выданьне мае «навукова-папулярны», значна дапоўнены зьмест. Кніга павялічана на 21 старонку. У адрозьненьне ад першага выданьня, усе ілюстрацыі каляровыя. Зьявіліся новыя разьдзелы пра Смаленскае княства, Вялікага гетмана Яна Кароля Хадкевіча, вынаходніка Казімера Семяновіча, Багушэвіча, Багдановіча, беларускае Адраджэньне, БНР. Зьнік разьдзел пра Крычаўскае паўстаньне сярэдзіны XVII ст. Прадмову да першага выданьня напісаў гісторык Павал Лойка, да новага – Рыгор Барадулін.

У.Арлоў, Г.Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862 – 1918). Падзеі. Даты. Ілюстрацыі; 2-е выд. – Вільня: Наша Будучыня, 2000. – 223 с.: іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 9986-9219-8-8

Гэтая кніга была прададзена за паўтара месяца на пачатку 2000 году ў ліку 5 тыс. асобнікаў. Можна меркаваць, што гэткая сама доля чакае й новы наклад кнігі папулярызатара гісторыі У.Арлова й знаўцы Сярэднявечча Г.Сагановіча.

Эўфрасіньня Полацкая/ Аўтар-уклад. У.Арлоў; маст. У.Фандулеў. – Менск: Полымя, 2000. – 272 с. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-07-0198-6

На пачатку 1990-х У.Арлоў выдаў дзьве амаль стэрэатыпныя кнігі пра славутую палачанку – хрысьціянскую асьветніцу Эўфрасіньню Полацкую. Гэтае выданьне ўдакладнена новымі зьвесткамі. Пры канцы кнігі зьмешчаны жыцьцяпіс сьвятое ды вершы беларускіх паэтаў, прысьвечаныя апякунцы нашае зямлі. Кніга выдатна аздоблена й каштуе ўсяго 750 р.

Uładzimier Arłou. Requiem dla piły motorowej/ Wybór i posłowie Jan Maksymiuk. – Áĺëŕńňîę: Związek Białoruski w Rzeczpospolitej Polskiej, 2000. – 260 ń. – (Seria wydawnicza «Biaźmiežža»).

У зборнік увайшлі перакладзеныя ў польскую мову аповеды У.Арлова апошняга дзесяцігодзьдзя.

 

Даведніцкая літаратура заўсёды была запатрабаваная. Гэтым месяцам выйшла дзьве кнігі, што, можна меркаваць, неўзабаве не заляжацца на паліцах кнігарняў.

Русско-сербский разговорник/ Rusko-srpski priručnik za konverzaciju/ Автор-сост. Л.Воробей. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 440 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6318-90-4

Зьмяшчае больш як 5 тысяч слоў і выразаў. Прызначаны перадусім турыстам, якія наведваюць Сэрбію.

Слоўнік асабовых імёнаў: Беларуска-расейскі й расейска-беларускі / уклад. У.Сарока; нав.рэд. М.Крыўко. – Менск: Тэсэй, 2000. – 280 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6454-80-8

Упершыню ў незалежнай Беларусі выходзіць гэткі даведнік. (Папярэдні «Слоўнік асабовых уласных імён» быў выдадзены ў 1966 г.) Аўтар не адышоў ад некаторых “кансэрватыўных” прынцыпаў савецкага мовазнаўства. За раўнапраўныя разглядаюцца, напр., як формы “Яўген” ды “Антон”, гэтак і “Яўгені” ды “Антоні”. “Вінцук” разглядаецца як гутарковы варыянт імя “Вінцэнт”. Аўтар кнігі пайшоў шляхам перадаваньня некаторых беларускіх імён па-расейску з захаваньнем іхнае аўтэнтычнае формы, прыкладам: “Зміцер – Змитер”. Каштуе 2,5 т.р.

Хто ёсьць хто сярод беларусаў сьвету: Энцыкляпэдычны даведнік. Ч.1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах / Рэд. калегія: А.Мальдзіс ды інш. – Менск: Энцыкляпэдыкс, 2000. – 300 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6599-17-2

Матар’ял даведніка згрупаваны ў чатырох разьдзелах: агульныя артыкулы, беларускія арганізацыі, пэрыядычныя выданьні, пэрсаналіі. У разьдзел “Пэрсаналіі” лучылі як дзеячы беларускае дыяспары, гэтак і ўраджэнцы краю – беларусы, расейцы, палякі, літоўцы, жыды, татары. У храналягічным пляне ўвага ў даведніку засяроджана на беларускай дыяспары ХХ ст., у разьдзел “Пэрсаналіі” лучылі гэтаксама матар’ялы ХVІ – ХІХ ст.

 

Навінкі мовазнаўства прызначаны перадусім спэцыялістам.

І.Чарота. Беларуская мова й царква. – Менск: Сьвята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2000. – 176 с. – Наклад 250 ас. ISBN 985-6594-02-2

Славянафіл І.Чарота спрабуе акрэсьліць характар дачыненьняў праваслаўнае царквы й беларускае мовы. Разглядаюцца пытаньні гісторыі й тэорыі перакладу Сьвятога Пісьма на беларускую мову. Кніга прадаецца ў галоўным корпусе Акадэміі навук.

Беларуская лінгвістыка: Выпуск 49 / Інстытут мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі; рэд.калегія: А.Падлужны (адказны рэдактар) ды інш. – Менск: Беларуская навука, 2000. – 95 с. – Наклад 300 ас. ISBN 985-08-0311-8

Не зважаючы на “дубовую” мову А.Падлужнага ды часткі ягоных калег, у выпусках “Беларускае лінгвістыкі” можна заўсёды знайсьці карысныя зьвесткі з гісторыі й цяпершчыны беларускае мовы – ад аналізу старажытных тэкстаў да нататак з культуры мовы й дыялекталёгіі.

 

Амаль штомесяца зьяўляецца нейкая новая кніга зь літаратуразнаўства.

Л.Уладыкоўская-Канаплянік. Акварэлі любові: Канцэпцыя нацыянальнага сьветапогляду ў творчасьці Янкі Лучыны. – Менск: Энцыкляпэдыкс, 2000. – 126 с. – Наклад 200 ас. ISBN 985-6599-18-0

Гісторыя беларускае літаратуры: ХХ стагодзьдзе (20–50-я): Падручнік/ У.Гніламёдаў, В.Казлова, М.Лазарук ды інш.; Пад агульнаю рэд. А.Семяновіча/ 2-е выд., дапрацаванае й дапоўненае. – Менск: Вышэйшая школа, 2000. – 511 с. – Наклад 6000 ас. ISBN 985-06-0492-1

Першае выданьне кнігі выйшла ў 1981 г. з назовам «Гісторыя беларускае савецкае літаратуры». Новае выданьне прынцыпова розьніцца ад папярэдняга – у ім зьявіліся некалі забароненыя імёны ды дапісаны артыкулы пра іншых аўтараў – тое, што раней замоўчвалася ці недагаворвалася. Каштуе 1900 т.р.

Уладзімер Караткевіч і ягоная творчасьць у эўрапейскім культурным кантэксьце: Навук. зборнік / Рэд. калегія: А.Мальдзіс (галоўны рэдактар) ды інш. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 272 с. – (Беларусіка = Albaruthenica, кн.16). – Наклад 300 ас. ISBN 985-6318-94-7

Яшчэ дагэтуль нам невядомая палова твораў У.Караткевіча – таму яшчэ доўга выхад гэткіх зборнікаў будзе цешыць любцоў ягонай творчасьці.

Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатру й драматургіі. У 3 т. Т. 3. 60-я гады ХХ ст. – 2000 г./ Беларускі ўнівэрсытэт культуры; уклад., рэд. тэксту, аўтар уступнага артыкулу й камэнт. А.Сабалеўскі; 2-е выд., пашыранае і ўдакладненае. – Менск: Беларуская навука, 2000. – 478 с. – Наклад 100 ас. ISBN 985-08-0359-7

 

У галіне мастацкай літаратуры гэты месяц пацешыў нас пераважна клясыкай.

У.Караткевіч. Быў. Ёсьць. Буду: Кніга паэзіі / Прадмова Р.Барадуліна; 3-е выд. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 157 с.: (8) арк.іл. – Наклад 3500 ас. ISBN 985-02-0088-Х

Гэта ўжо трэцяе выданьне Караткевічавага бэстсэлеру.

А.Разанаў. Гліна. Камень. Жалеза. – Беласток, 2000. – 96 с. – (Бібліятэка Бел. літ. аб’яднаньня “Белавежа”, кн. 34)

Дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Георгі Марчук, якога газэта “Белорусская нива” разглядае як адзінага кандыдата ад… не, не ад беларускай апазыцыі на Прэзыдэнта, а ад беларускай літаратуры на Нобэлеўскую прэмію, змусіў быў Алеся Разанава сьціснуць свае творы ў адзін томік замест плянаваных да выданьня двух. А.Разанаў выдаецца цяпер у Польшчы. Ягоны новы зборнік усяго за 500 р. яшчэ можна прыдбаць у сталічнай “Кнігарні пісьменьніка”.

Р.Барадулін. Зорка спагады: Рамансы. – Менск: Ковчег, 2000. – 36 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6056-32-2

Кніга паэзіі Р.Барадуліна выйшла разам з аднайменнаю касэтаю баляд на словы народнага песьняра ў выкананьні Алеся Камоцкага.

С.Законьнікаў. Лістам дарога запала…: Выбранае. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 278 с.: іл. – Наклад 1200 ас. ISBN 985-02-0228-2

Прадмова да кнігі была напісана яшчэ Піменам Панчанкам, памёрлым у 1995 г. Тутака вершы С.Законьнікава апошніх 30 гадоў.

Г.Бураўкін. Паміж зоркай і сьвечкай: Вершы. – Менск: Бацькаўшчына, 2000. – 160 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-6026-15-6

Як застацца асобаю ў гэтым жорсткім сьвеце, як ня здрадзіць сабе й абараніць годнасьць сваю й свайго народу – асноўная тэма паэзіі Г.Бураўкіна 1995–97 гг. Цана – 1 т.р.

Р.Тармола-Мірскі. Прычасьце: Паэзія. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 288 с. – Наклад 1200 ас. ISBN 985-02-0356-0

А.Вольскі. Сьлед завірухі: Вершы апошніх гадоў. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 88 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6638-04-6

Апошнія вершы апошняга тысячагодзьдзя дорыць чытачу Артур Вольскі.

А.Пісьмянкоў. Я не памру, пакуль люблю: Выбранае. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 319 с. – (“Беларуская паэзія ХХ ст.”) – Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0072-3

У кнігу, што выйшла ў прэстыжнай сэрыі “Беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя”, увайшлі вершы са зборнікаў “Белы камень”, “Чытаю зоры”, “Пляніда”.

 

Прозы жыцьця ў першыя дні сьнежня было менш, не зважаючы на зусім не паэтычнае надвор’е.

У.Ліпскі. Аўцюкоўцы: Аповесьці пра Калінак ды Каласкоў, якія гаруюць і жартуюць; 2-е выд., дапоўненае. – Менск: Бел. выд. тав-ва “Хата”, 2000. – 308 с.: іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-6007-71-4

Адмыслова для недасьведчаных жарты, досьціпы й гумарэскі зь легендарнае вёскі сабраў, апрацаваў ды выдаў дзіцячы пісьменьнік У.Ліпскі, а прадаюць кнігу за 1,5 т.р.

Т.Бондар. Бог зусім побач. Старонкі зь дзёньніка. – Менск: ВП «Лотаць», 2000. – 288 с. – Наклад 300 ас. ISBN 985-6307-41-4

Рэдактарка «Всемирной литературы» расказвае пра сустрэчы з Найвышэйшым – пра духоўнасьць у бездухоўным сьвеце.

Я.Маўр. У краіне райскай птушкі: Аповесьці, апавяданьні: Для сярэдняга й старэйшага школьнага веку / Мастак У.Аніська. – Менск: Юнацтва, 2000. – 382 с.: іл. – Наклад 4000 ас. ISBN 985-05-0495-5

Творы Я.Маўра з канца 1920-х выходзяць шматтысячнымі накладамі й не залежваюцца доўга на паліцах. У новае выданьне ўвайшлі клясычныя “Сын вады”, “Чалавек ідзе”, “Палескія рабінзоны” ды іншыя аповесьці. Каштуе 500 р. з гакам.

В.Гурскі. Хмары над Меншчынай. Партызанскія згадкі. – Менск: Беллітфонд, 2000. – 380 с. – Наклад 100 ас. ISBN 985-6576-10-5

Стары беларускі партызан згадвае пра слаўныя гады свае маладосьці.

 

З агульнага шэрагу кніг выпадае хіба толькі самадрук Алега Манаева, выпушчаны дзеля сябе, сяброў і вечнасьці.

О.Манаев. Становление гражданского общества в независимой Беларуси: Социологические опыты: 1991 – 2000. – Менск: Філсэрва-плюс, 2000. – 626 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6489-02-4

 

Асобна варта таксама вылучыць кніжыцу, што выйшла сёлета найбольшым накладам – 200 тыс. асобнікаў, а прачытаная будзе, напэўна, найменшай колькасьцю людзей.

Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Дэклярацыя аб праве й абавязку прыватных асоб, груп і органаў грамадзтва заахвочваць ды абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека й асноўныя свабоды: Вытворча-практычнае выданьне; Па-беларуску й па-расейску. – Менск: Прадстаўніцтва Арганізацыі Задзіночаных Нацый у Рэспубліцы Беларусі, 2000. – 32 + 32 с. – Наклад 200000 ас. ISBN 1-58712-034-8

 

Гэтыя кнігі не апошнія ў 2000 г. Я маю на ўвазе, што выдаўцы, як заўсёды, запозьняцца, і нешта, падрыхтаванае сёлета, застанецца налета. Беларуская кніга жыцьме і ў трэцім тысячагодзьдзі – разам з моваю й краінаю.

Віктар Мухін

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0