Сьмерць прэсы

Наклад “Свободных новостей” скараціўся напалову, а “Народнай Волі” — на трэць

Дэкляраваны наклад “Свободных Новостей” зь лістапада да студзеня скараціўся з 65 да 30 тыс. асобнікаў, а “Народная Воля” проці 60 тысячаў цяпер выходзіць тыражом 40 тыс. Гэта – два найбуйнейшыя незалежныя выданьні. Ва ўмовах забароны ўсіх свабодных тэле- і радыёстанцый такі абвал накладаў робіць шанцы дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах больш чым прывіднымі. Ёсьць яшчэ радыёстанцыі “Свабода”, “Рацыя” і “Балтыйскія хвалі”, але дзьве першыя вяшчаюць у кароткім дыяпазоне, і, каб іх слухаць, патрэбная, мякка кажучы, пэўная настойлівасьць, а віленскія “Хвалі” на сярэдніх хвалях (якія таксама рэтрансьлююць “Свабоду” ды “Рацыю”) трывала чуваць толькі на захад ад Ліды й Маладэчна.

Няблага раскупляюцца спартовыя, музычныя, тэлевізійныя выданьні, газэты для хатніх гаспадыняў. Трымае наклад рэспэктабэльная “Белорусская деловая” (22 тыс. на сёньня), прызначаная быццам бы для вузейшага кола чытачоў. Летнія апытаньні IREX-Promedia ды НІСЭПД паказалі, што яе аўдыторыя (сталыя і эпізадычныя чытачы) не вузейшая, чым кола чытачоў “Свободных Новостей” і “Народнай Волі”. Тыя самыя апытаньні зьдзівілі і іншым: “Наша Ніва”, якую традыцыйна ўспрымалі як “газэту для нямногіх”, мае болей чытачоў (ад 1 да 3,4% аўдыторыі), чым разьлічаныя на масавага чытача “Рабочы” ды “Наша Свабода” (ад 0,5 да 3%). Гэта значыць, усё больш чытачоў не задавальняецца ўжо масавымі і агульнатэматычнымі выданьнямі, а хоча спэцыялізаванай або спэцыфічнай газэты.

Радыё Свабода, паводле тых самых апытаньняў, у Беларусі калі-нікалі слухаюць каля 10% людзей – прыкладна столькі ж, колькі гады ў рады чытаюць “Народную Волю”.

Пра стан беларускай прэсы і складаныя дачыненьні газэтаў і радыёстанцыяў – у наступным нумары “НН”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0