Калядоўнікі

Якія Каляды без калядоўшчыкаў і батлейкі? Каляды ў Беларусі — ня проста рэлігійнае сьвята. З калядаваньняў пачыналася станаўленьне нацыянальнага палітычнага руху. А з батлейкі — апошняя хваля адраджэньня нацыянальнай культуры. Прычым памыляецца той, хто ўважае, што батлейка прыйшла ў Беларусь з Усходу разам з праваслаўнымі традыцыямі. Вытокі батлейкі ў сярэднявечным містэрыяльным тэатры Заходняй Эўропы, прынесеным езуітамі ў Беларусь.

З батлейкі пачалася новая хваля адраджэньня, бо батлейка зачапіла цэлы пласт дасюль некранутай глыбіннай культуры, асабліва музычнай. Пачала вяртацца да жыцьця беларуская валынка – дуда (адным зь першых да яе зьвярнуўся батлейнік Алесь Лось). Батлейнік Іван Кірчук стварыў гурт “Тройца”. Параўнайце музыку “Тройцы” і “Песьняроў”, і вы ўсё зразумееце.

Цяпер свае батлейкі ёсьць амаль у кожным беларускім горадзе. Зь сярэдзіны 90-х батлейку штогод ладзілі ў Наваполацкім цэнтры нацыянальнай культуры. Летась 25 сьнежня ўпершыню паставілі батлеечны спэктакль полацкія грэка-каталікі.

Нельга не згадаць батлейкі, якая па сёньня працуе ў філіі літаратурнага музэю Максіма Багдановіча “Беларуская хатка”. Стварыў яе ўсё той жа Алесь Лось у 1990 г. Гаспадар і творчы кіраўнік гэтага міні-тэатру — дырэктар музэю, паэт Эдуард Акулін. Паказы рэлігійных і вясёлых побытавых сцэнак тут ладзяцца для наведнікаў музэю амаль штодзень. Таму гэтая батлейка — хутчэй дзейны музэйны экспанат.

Памятаю, як рамантычна і таямніча пачынаўся Залескі народны тэатар “Батлейка”, які стварыў мастак Алесь Лось у 1983 г. у тым самым Залесьсі на Смургоншчыне, дзе жыў кампазытар Міхал Клеафас Агінскі, дзе быў напісаны палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”. Батлейка ў беларускай вёсцы аказалася нікому не патрэбная. Цяпер Алесь Лось жыве пераважна ў Польшчы.

Іншую вядомую батлейку стварыў Іван Кірчук. Стварыў у Менску, і значна пазьней за Алеся Лася – ужо ў 1994 г. Але й гэтая спроба, у іншым часе і месцы, аказалася не зусім удалаю. У 1999 г. Кірчук зьвёз свой тэатар у Галяндыю. Так бы мовіць, вярнуў у Эўропу. Беларусь усё яшчэ застаецца атэістычнай краінай, і батлейка для беларусаў — пакуль дзівацтва. Сапраўднае адраджэньне батлейкі можа прыйсьці толькі з рэлігійных грамадаў.

А сёньня і ў Полацку, і ў Наваполацку на вуліцы выйшлі калядоўшчыкі. Рыхтуйце прысмакі і напоі, а раптам і ў вашу хату ўваліцца гаманкая каляда.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0