Страйкавы лідэр са спальнага раёну

Партрэт Валер’я Леванеўскага, завадатара прадпрымальнікаў і кандыдата ў прэзыдэнты

Гарадзенскія журналісты жартуюць, калі ў краіне пэрыядычна страйкуюць прадпрымальнікі (апошні раз — на мінулым тыдні) – во, маўляў, дырыжыруе работай усіх беларускіх рынкаў наш Валеры Леванеўскі, седзячы ў сваёй кватэры ў гарадзенскім спальным раёне Дзевятоўцы.

І гэта праўда. Два гады таму пасьля загадкавай сьмерці Арнольда Пячэрскага кіраўніцтва беларускім страйкавым камітэтам прадпрымальнікаў пераняў Валеры Леванеўскі. Але ўжо раней ягоны ўплыў у страйкаме быў адчувальны. У страйках вялі рэй гарадзенцы, разварушваючы і заахвочваючы ўсіх іншых.

У Горадні Леванеўскі зьбіраў сходы, на якія сыходзілася больш за тысячу прадпрымальнікаў. Ужо абмяркоўвалася нават пытаньне аб стварэньні прадпрымальніцкай палітычнай партыі. Хаця ў Леванеўскага нямала непрыяцеляў, прадпрымальнікі звычайна дружна адгукаліся на прапановы страйкаваць, спыняючы гандаль часам нават на месяц. Гэта, па-першае, было “цэхавым” пратэстам супраць закручваньня ўладамі гаек. Па-другое, Леванеўскаму ўдаваліся дзьве рэчы: шырока інфармаваць і арганізоўваць людзей на страйк.

Неўзабаве яму ўжо стала замала Горадні. Мабыць, адчуўшы за сабою сілу, уласную важкасьць, Леванеўскі палаяўся з гарадзенскімі дэмакратамі. Але сіла гэтая шмат у чым уяўная. Леванеўскі па сутнасьці быў і застаецца адзіночкам, чалавекам-аркестрам. Палаяўшыся з дэмакратамі, ён зрабіў наступную памылку — стаў пісаць на іх пасквілі і рассылаць па рэдакцыях. Але амаль ніхто не спакусіўся на ягоныя груба зробленыя опусы.

Падобныя дзеяньні, празьмерная энэргія і выключная самастойнасьць нечакана стварылі яму рэпутацыю правакатара. Дэмакраты менавіта так пачалі называць яго паміж сабою. І нават калі на пятнаццаць сутак пасадзілі не кагосьці зь іх, а менавіта Леванеўскага, яны вырашылі чамусьці, што гэта таксама сьведчаньне нібыта ягонага “правакатарства”. Хаця справа была яўна сфабрыкавана міліцыяй: маўляў, Леванеўскі арганізаваў на ганку гарвыканкаму мітынг прадпрымальнікаў. Аўтар гэтых радкоў быў сьведкам падзеяў ад пачатку да канца — да арышту Леванеўскага амонаўцамі. Міліцэйскае начальства ажно шалела пры адной толькі згадцы пра Леванеўскага, які рэгулярна рассылаў ва ўсе праваахоўныя органы лісты з папярэджаньнем, што ўсім ім давядзецца адказваць, калі да ўлады прыйдуць дэмакраты.

Рэч у тым, што Леванеўскі — выразны халерык, зь яго папросту мкне энэргія. Ён ніколі на людзях не злуе, не абураецца, стараючыся, наадварот, пасьміхацца. Гэта, як кажуць, шчасьлівы ў шлюбе чалавек. У яго шматдзетная сям’я, жонка таксама займаецца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю. За кратамі Леванеўскі ўпершыню ў жыцьці пачаў пісаць вершы, прысьвячаючы іх жонцы. Ён выпускае адразу некалькі бюлетэняў — такіх, як “Предприниматель”. Праводзіць збор сродкаў і раздае рэчы і слодычы дзецям зь незаможных сем’яў.

Леванеўскі хацеў балятавацца ў палату прадстаўнікоў 15 кастрычніка летась. Але ўлады не дапусьцілі яго да выбарчай кампаніі. Ён выконвае сёньня вельмі патрэбную функцыю — кіруе, наколькі гэта ўдаецца, прадпрымальніцкім рухам. А гэта не ўдавалася нават усім партыям, разам узятым. Праўда, Леванеўскага выключылі з АГП. Зноў-такі за раскольніцкую дзейнасьць у дэмсілах на мясцовым узроўні.

Сапраўды адмоўную ролю Леванеўскі мог бы выканаць, бадай, толькі ў адным выпадку. У Горадні добра вядомыя “прэзыдэнцкія” амбіцыі Леванеўскага. Каб ён здолеў сабраць патрэбную колькасьць галасоў для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата, гэтым бы, напэўна, зрабіў рэальную шкоду. Па-першае, ён пераацэньвае ўласныя сілы і магчымасьці. Ды самае галоўнае ня гэта. Прадпрымальнікі аб’ектыўна зацікаўленыя ў зьмене ўлады, у дэмакратычным прэзыдэнце. Але гэта зусім ня значыць, што яны павінны вылучаць кандыдата з уласных шэрагаў. Нават наадварот, створаны ім уладай імідж “жульля” робіць іхнага вылучэнца адназначна непрахадным. Такі кандыдат быў бы зручны толькі ўладам, зь якімі сёньня Леванеўскі змагаецца. А ўвогуле пытаньне ў тым, за каго захочуць галасаваць самі прадпрымальнікі. Я асабіста перакананы наперад: ва ўсякім разе — не за Леванеўскага.

Сяргей Краўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0