АБ УСІМ ПАТРОХУ


Навіны за тыдзень

Руйнаваньне крыжоў

Каля вёскі Парэчча Слонімскага раёну быў зруйнаваны крыж, усталяваны сябрамі спартова-патрыятычнай арганізацыі “Край” у гонар Міхала Валовіча – беларускага патрыёта й рэвалюцыянэра, актыўнага ўдзельніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830—31 г. На думку “краёўцаў”, да гэтага блюзьнерства прыклалі руку мясцовыя ўлады ў асобе намесьніка старшыні райвыканкаму Тарсунова ды старшыні сельсавету Падрэцкага, які за колькі дзён перад тым падбухторваў жыхароў Парэчча разбурыць крыж.

І гэта не адзінкавы выпадак. Так, у сьнежні 1999 г. у мястэчку Вызна быў зьнішчаны крыж, якім арганізацыя “Край” ушанавала памяць герояў Слуцкага паўстаньня 1920 г. Вясной 2000 г. зьнікла памятная дошка Тадэвушу Касьцюшку ў вёсцы Сяхновічы. А зусім нядаўна ў Гародні бязбожнікі выкралі крыж, які вернікі-патрыёты паставілі на месцы ўзарванай саветамі Фары Вітаўта.

 

Новы берасьцейскі япіскап

Кіраўніком Берасьцейскай і Кобрынскай япархіяў прызначаны архімандрыт Сафроні, які да гэтага быў намесьнікам мужчынскага манастыра ў Лядах на Меншчыне. Хіратонія адбудзецца ў Менску 4 лютага. Нарадзіўся айцец Сафроні ў вёсцы Гяршоны пад Берасьцем, якраз тамака, дзе ў 1648 г. забілі сьвятога Афанасія Філіповіча.

 

Кудзінава могуць звольніць

Адвакат палітвязьня Ўладзімера Кудзінава спадзяецца вызваліць свайго кліента. Новы крымінальны кодэкс прадугледжвае мякчэйшае пакараньне за правапарушэньне, якое інкрымінавалі Кудзінаву (яму далі 7 гадоў, якія потым скарацілі на 2 гады па амністыі). У Менскі абласны суд ужо накіравалі адпаведную скаргу. Калі яе задаволяць, Кудзінаў выйдзе на волю.

 

Забаронена паліць

З 1 студзеня ва ўсіх больніцах забаронена паліць – і хворым, і лекарам. Міністэрства аховы здароўя рыхтуе ўказ, які забароніць паленьне і ў іншых установах – культурніцкіх, навучальных, навуковых. Звычку паліць мае сёньня 45% беларусаў, 42 чалавекі ў краіне паміраюць штодзень з-за хваробаў, выкліканых тытунём.

 

Расейцы мяняюць карэспандэнтаў

НТВ ды РТР мяняюць сваіх уласных карэспандэнтаў у Беларусі. На месца Аляксандра Калпакова карэспандэнтам НТВ прыедзе нейкі з Варонежу. Невысока ж цэніцца Беларусь у расейскім журналісцкім раскладзе. На РТР, дзе працавала беларуска Алена Лукашэвіч, пакуль невядома, хто прыедзе. Але пэўна што ўжо не беларус.

 

Сьмелая дыпляматка

3 студзеня а палове на восьмую вечара ў Маскве напалі на другога сакратара пасольства Беларусі ў Расеі Марыю Марозаву. Нехта выхапіў у яе сумачку з дыпляматычнай карткаю, ключамі ад кватэры ды 150 расейскімі рублямі. Адбылося гэта каля амбасады Этыёпіі. Яна стала адбівацца і не дала абабраць сябе да ніткі. Узбудзілі крымінальную справу.

 

Мост у Віцебску

У Віцебску пабудавалі новы мост даўжынёю 530 м цераз Лучосу. Зараз жыхарам спальных мікрараёнаў будзе нашмат ямчэй дабірацца да адной з найбуйнейшых прамысловых зонаў места.

 

Злодзей загінуў ад току

4 студзеня за 1,5 км ад Нараўлянаў знайшлі мерцьвяка. Чалавек вырашыў нарэзаць электрычнага дроту, каб потым яго прадаць, але пераблытаў нядзейную лінію электраперадачы з суседняй, магутнасьцю 110 кВ. Раней небараку ўжо судзілі за продаж каляровага мэталу.

Алесь Кудрыцкі

 

Угандыйска-беларускі канфлікт

Угандыйскім парлямэнтарам, што расьсьледуюць падазроную зьдзелку 1996 г. па закупцы гелікоптэраў і танкаў у Беларусі й Баўгарыі для войска гэтай афрыканскай дзяржавы, не ўдалося атрымаць беларускія візы.

 

Пяцём апазыцыйным дэпутатам на чале з Крысам Мудулам адмовіла ў выдачы візаў беларускае пасольства ў Лёндане. Парлямэнтары, што па 10 днях знаходжаньня ў Эўропе вярнуліся на радзіму, хацелі праверыць цэны і падрабязнасьці дамовы, паводле якой Беларусь прадала Ўгандзе два неадрамантаваныя гелікоптэры па кошце адрамантаваных.

Мудула заявіў, што аналягічны даклад па баўгарскім сьледзе будзе гатовы 20 студзеня. Што да няўдачы ў Беларусі, дык ён сказаў, што, “магчыма, асобы, замяшаныя ў тую справу, прыклалі тутака руку. Мы зьбіраемся атрымаць больш фактаў. Але цэлы месяц мы марна спрабавалі наладзіць афіцыйныя кантакты зь беларускімі ўладамі”.

Паводле New Vision,
Уганда

Праўда жыцьця

Заляцелі...

Яшчэ ніхто так ня зьдзекаваўся з ідэоляга Лукашэнкі Ў.Замяталіна, як англамоўнае Інтэрнэт-выданьне Russia Today. На ягоным сайце зьмешчанае паведамленьне пад загалоўкам Belarus to Fly Iraq (Беларусь паляціць у Ірак), дзе распавядаецца, як той дамовіўся ў Багдадзе пра рэгулярныя авіярэйсы туды зь Менску. Са спасылкай на ірацкае радыё паведамляецца, што ў Ірак лётаў “Uladzimir Zalyatalin”. Хаця некаторыя чыноўнікі ўжо даўно называюць яго “первый заметалин главы администрации”.

Зьміцер Калярадзкі


Памёр Янка Золак

30 сьнежня 2000 году а шостай гадзіне вечара ў шпіталі сьв.Пятра ў горадзе Нью-Брансьвіку (ЗША) памёр беларускі паэт Янка Золак (Антон Даніловіч). Пражыў 88 гадоў. З 1944-га году ў эміграцыі. Актыўны ўдзельнік беларускага руху на чужыне. Рэдагаваў часопіс “Беларуская думка”. Выдаў 2 тамы сваіх твораў у ЗША і зборнік выбранага “Вятрыска з радзімай краіны” ў Беларусі. Любіў Бацькаўшчыну, марыў памерці на роднай зямлі. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры, Нью-Джэрсі, ЗША. Вечная памяць.

Л.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0