Славамір Адамовіч

Дабро і зло эміграцыі

 

Чужаземцы тоўпяцца каля параходных прыстаняў. Сьветлавалосыя нарвэжцы, шыракатварыя швэды, палякі, мурзатыя, нізкарослыя, у клубах часнычнага паху, жыхары Міжземнаморскага ўзьбярэжжа, вялізныя славяне, тры кітайцы, некалькі ласкарыйцаў.

Джон Дос Пасас, “Мангетэн”

 

 Права на волю

Некаторыя мае знаёмыя кажуць, што ў Беларусі няма чаго рабіць з восені 1996 г. У тым сэнсе, што пасьля ўзмацненьня асабістай улады Лукашэнкі і ягоных падхалуйнікаў жывая, творчая праца і рост нашага дабрабыту на тэрыторыі Беларусі немагчымыя. Асабіста я мяркую, што жаданьні пакінуць Беларусь у многіх беларускіх грамадзянаў абвострацца ў апошнім квартале наступнага году — пры ўмове, што гэтым грамадзянам ня ўдасца адхіліць існуючы рэжым ад улады і паўзучая ліквідацыя Беларускай незалежнасьці будзе працягвацца. Яшчэ я думаю, што безумоўнае маральнае права на эміграцыю зь Беларусі яе грамадзяне атрымалі ня столькі восеньню 96-га, колькі вясною — пасьля ўцёкаў Зянона Пазьняка…

Добра гэта ці дрэнна, што мы любымі праўдамі й няпраўдамі імкнемся пакінуць Радзіму? Відаць, ні першае, ні другое. У мяне, напрыклад, атрымліваюцца вось якія адказы.

Нядобра пакідаць Радзіму, калі тут ты да апошняга моманту быў актыўным дзеячам нацыянальна-вызвольнага руху і на цябе раўняліся іншыя, асабліва моладзь.

Нядобра пакідаць сваё котлішча тады, калі ў твайго суседа для такога ўчынку ёсьць важнейшыя падставы.

Нядобра пакідаць Беларусь у час, калі вырашаецца лёс незалежнасьці гэтай краіны.

Вельмі нядобра пакідаць Бацькаўшчыну, калі тут ты ніводнай ночы ня быў Міронам, а за мяжою зьбіраешся прэтэндаваць на статус Пазьняка.

Двойчы нядобра, калі ты пакідаеш Беларусь як Беларус, а ў Нью-Ёрку ідзеш атрымліваць вэлфэр як Жыд…

Зрэшты, у зьяве, якую мы называем эміграцыяй, можна ўбачыць і станоўчыя бакі.

Напрыклад, гэта добра, калі ты пакідаеш Краіну з той прычыны, што табе абрыдла стаяць тут у чарзе па яйкі. Там ты настаішся ў чарзе па іхнае грамадзянства.

Добра, што прычынай ад’езду сынка вядомага беларускага пісьменьніка стаў вечна сьмярдзючы пад’езд яго менскага дому. Няхай цяпер сынок дае рады пахам Нью-Ёрку (Беларусі ў наш трывожлівы час патрэбны грамадзяне з моцнымі насамі).

Добра, што ты пакідаеш Беларусь, каб там зарабіць шмат грошай і стаць мэцэнатам беларускага мастацтва альбо фундатарам партыі нацыянальных інтарэсаў.

Добра, што ты пакідаеш тваю Краіну, практычна нічога ня ведаючы пра яе. Там ты вельмі хутка даведаешся пра ВКЛ і навучышся адрозьніваць бараду Багушэвіча ад барады Крэчэўскага.

Добра, што ты пакідаеш Краіну беларусам сьвядомым. Ёсьць надзея, што там ты зоймешся ня толькі бізнэсам, але станеш актыўным чыньнікам беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця на чужыне.

Добра, што ўвогуле ты выбіраешся самаволяй на Захад, а не пад прымусам на Ўсход.

 

Выбіраем Амэрыку?

З пачатку 90-х куды толькі нашы не выяжджалі: Бэльгія, Нямеччына, Францыя, Чэхія, Вялікабрытанія… Адзін тутэйшы сваю жонку зь дзіцем адвёз ажно ў Новую Зэляндыю (сам, праўда, вярнуўся, бо яму й тут пакуль што ўтульна). Але найбольш інтэнсыўна беларус цягнецца ў Паўночную Амэрыку. І правільна робіць, бо, як вядома, ЗША — краіна вялікіх магчымасьцяў. Краіна, якая сёньня прапаноўвае і работу, і грошы. А нам, як вы разумееце, толькі гэта й трэба — акрамя ўсяго іншага.

 

Што варта ведаць

Найперш трэба падрыхтавацца да праяваў амэрыканскай дэмакратыі, да як прыемнай, гэтак і непрыемнай драбязы.

Напэўна ж ты чуў, што ў нью-ёрскай падземцы брудна і сноўдаюць туды-сюды нахабныя пацукі. Гэтая сьвятая праўда. А вось да попельнага колеру вавёрак прывыкнуць цяжка, нават калі ведаеш пра гэта загадзя. Адно суцяшае: іхная векша некалі таксама была рыжай — выдаюць падпалінкі каля шыі і на лапках.

Калі ты дагэтуль марыш папіць тамтэйшага піўца каля якога-небудзь Ракфэлер-цэнтру, што ў Мангетэне, — пакінь надзею. У Нью-Ёрку алькаголь дазваляецца спажываць толькі ў закрытых памяшканьнях, якіх, што праўда, тысячы й тысячы.

Хвалёная амэрыканская ўсьмешка — гэта ня столькі знак ветлівасьці, колькі перасьцярогі: хто ведае, што ты там надумаў.

У Нью-Ёрку на кожнай стрыт/авэню штосьці будуюць альбо рамантуюць. Таму прахожым на галовы часта падаюць элемэнты будаўнічай вытворчасьці.

Калі раптам амэрыканскаму паліцэйскаму ўздумалася цябе затрымаць, найперш пакажы яму твае пустыя далоні. Гэта яго крыху супакоіць, і, магчыма, ён ня будзе падымаць гвалту й страляць без папярэджаньня.

Ад’яжджаючы ў ЗША, пакінь дома твае любімыя чорныя плаўкі. Амэрыканскія гетэрасэксуалы купаюцца выключна ў шортах па калена, а то і ніжэй. Манаполію на майткі там захапілі гамасэкі.

У Нью-Ёрку хлеб нясмачны й дарагі. Для нашага чалавека гэта зарэз. І адвыкнуць ад свайго не адвыкнеш, колькі б там ні жыў.

А вось ад цыгарэтаў адвыкай ужо зараз, калі зьбіраешся ў Нью-Ёрк. Там гэтая дрэнная звычка будзе каштаваць табе $4.50 за пачак любых цыгарэтаў зь фільтрам.

У белых красоўках там езьдзяць на працу.

У апошні дзень перад ад’ездам прайдзіся па тваім горадзе, паглядзі на нашых людзей. Лічы, што ты апошні раз бачыў стройных.

Гэта неверагодна, але Галівуд у сваіх фільмах паказвае сапраўднае амэрыканскае жыцьцё... бандытаў, наркаманаў, прастытутак ды рознай іншай сволачы. Павер, яе там хапае.

Гэта праўда, што ў ЗША ўсе працуюць з раніцы да вечара. Таму й багатыя.

О, колькі ў Амэрыцы мастоў! Мост “Залатыя вароты”, напрыклад, які зьвязвае дзьве часткі Сан-Францыска. Альбо нью-ёрскія гіганты — Бруклінскі мост праз Іст-Рывэр і Вэразана-Нэроўз, які злучае Бруклін з выспай Стэйтан. Адным словам, цыкляпічныя збудаваньні ўражваюць і спакушаюць. Ды так, што час-часом маленькія чалавечыя фігуркі зрываюцца з архітэктурных шэдэўраў і тым завяршаюць сваё свабоднае жыцьцё ў свабоднай краіне.

Калі а 6-й вечара дзясяткі два рознакаляровых бугаёў кіль па 80–100 кожны на пляцоўцы, абгароджанай трохмэтровай сеткай, лупяць маленькімі мячыкамі ў сьцяну дому, а ты ледзь ногі цягнеш да сабвэю пасьля 10 гадзін работы на будоўлі, сілаў для абурэньня ўжо няма. Усё, што ты можаш, гэта падумаць: калі ў мяне будзе шмат грошай і вольнага часу, то не, ня стану я займацца такім глупствам.

Адзін токен (жэтон) на праезд у нью-ёрскай падземцы каштуе паўтара даляры, а праязная картка на сем дзён — сямнаццаць даляраў.

Што б ты дзе ні купляў — гандлюйся. Бывае, што ўпадабаную рэч можна купіць напалавіну таньней ад першапачаткова заяўленай цаны.

 

Як трапіць у ЗША?

Найлепш трапляць у гэтую краіну легальнымі шляхамі, атрымаўшы рабочую, студэнцкую, гасьцявую візу альбо выйграўшы так званую “Зялёную карту” (“Грын-карту”). Некаторую інфармацыю можна атрымаць у работнікаў амэрыканскага пасольства (уваход з боку вуліцы Камуністычнай у Менску) альбо з матэрыялаў інфармацыйнага стэнду гэтае ўстановы.

Можна ехаць і самадумам, спрабуючы трапіць у ЗША з Канады, напрыклад, альбо з Мэксыкі. Але гэткія варыянты лепш пакінуць натурам авантурыстычным.

Ведаю колькі беларусаў, якія паехалі ў Штаты сьледам за сваімі жонкамі-жыдоўкамі. Хто-ніхто зь іх кляне цяпер і сваё неразумнае жанімства, і краіну жончынай мары.

Ёсьць шанец трапіць у ЗША і па так званай “палітычнай часьці”. На жаль, прыкладаў хапае: схадзіў раз-другі на мітынг, трапіў пад раздачу міліцэйскіх “гасьцінцаў”, засьвяціў сваё прозьвішча ў праваабарончым бюлетэні — і можна сьмела шыбаваць у іхнае пасольства па візу. Глядзіш, празь які месяц ты ўжо па другі бок Атлянтычнага акіяну — рыхтуеш дакумэнты на палітпрытулак...

 

Эміграцыя “новай хвалі”

На 24-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі Старшыня Вярхоўнай Рады 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі заявіў, што новае — 90-х гадоў — рушэньне беларусаў на Захад трэба называць палітычнай эміграцыяй. Аднак прысутны на згаданым мерапрыемстве палітэмігрант Зянон Пазьняк сказаў нешта процілеглае: на яго думку, новая беларуская эміграцыя мае пад сабой эканамічны грунт. Што ж, як той казаў, і дзед мае рацыю, і тата. Аб’яднаўшы гэтыя дзьве пазыцыі, мы можам атрымаць больш-менш аб’ектыўную карціну: сёньняшняя беларуская эміграцыя “новай хвалі” зьяўляецца палітыка-эканамічнай. Характэрнымі прадстаўнікамі палітычнага крыла якраз і выступаюць Зянон Пазьняк і Сямён Шарэцкі. Мяне, аднак, цікавіць лёс так званых эканамічных эмігрантаў. Пераважна зь імі, зь беларускамі й беларусамі, якія прыехалі ў ЗША, каб застацца там і дасягаць матэрыяльных посьпехаў, я трымаў найшчырэйшыя і найбольшыя рабочыя кантакты і сяброўскую лучнасьць падчас працы ў Нью-Ёрку.

 

З фатографаў у будаўнікі

Сябра колішняй арганізацыі “Талака”, былы салдат-“аўганец” і былы фатограф Алесь аднойчы ў 1992-м сказаў сабе, што беларускае адраджэньне павінны рабіць багатыя беларусы. Сказаў — і зьехаў у Амэрыку зарабляць грошы. У Менску ў яго засталіся два браты й маці.

За восем гадоў працы на будоўлі Алесь стаў прафэсійнікам, гэта значыць майстрам, спэцыялістам у сваёй справе. Памяняў другую ці трэцюю машыну (аўтамабіль яму патрэбны, каб дабірацца на работу), набыў дарагую тэлеапаратуру, вывучыў ангельскую мову. Жыве ў бэйсмэнце — цокальным паверсе прыватнага дому. Ні разу ня быў у адпачынку. Верыць, што яшчэ крыху — і ён стане на ногі, падымецца ў заробках, купіць кватэру ці дом.

Пра ўсё гэта я чую ў яго ў гасьцёх. Мы сядзім за чаркай добрага каліфарнійскага віна і глядзім новы культавы фільм пра Ірляндзкую Рэспубліканскую Армію. “Майкл Колінз” — гэта пра беларускую будучыню. Так кажа Алесь. І калі ўсё ж нам спатрэбіцца зброя, у яго будуць грошы, каб яе купіць...

 

Зарабіць на... старасьць

Нэля прыехала ў ЗША, каб зарабіць. Наш “родны кут” ня мог ёй забясьпечыць нават кутка ў рабочым інтэрнаце. Зрэшты, Нэля не была рабочай. Яна працавала журналісткай у правінцыйнай газэтцы, выкрывала мясцовых карупцыянэраў ды іншыя сацыяльныя язвы незалежнай РБ, застаючыся безь сям’і, нармальнага жыльля й надзеяў зрабіць кар’еру ў журналістыцы...

Пасьля шасьці гадоў цяжкай працы ў сем’ях нью-ёрскіх жыдоў былая выпускніца журфаку мае разьбітыя нэрвы, аднапакаёўку з сумешчанымі выгодамі і фотаапарат, каб фатаграфаваць сябе на фоне амэрыканскага багацьця. Ёй 42, і яна ўсё цяжэй знаходзіць супольную мову з мужчынамі...

 

Шустрая

Чарнявая, тлуставатая і пустабрэхлівая Сіма ўразіла сваёй надзвычайнай настырнасьцю й кацінай лісьлівасьцю. На штомесячным сходзе нью-ёрскага аддзелу БАЗы яна пасьпявала пацерціся чалавекаў каля дваццаці. І кожнаму нешта шапне, абнадзеіць, паабяцае, запытаецца. Адным словам, Сіма рабіла паперы на палітпрытулак і шукала, хто б ёй мог падпісаць афідэвіт — пацьверджаньне, што на Радзіме яна цярпела перасьлед за апазыцыйную дзейнасьць і цяпер баіцца вяртацца ў Беларусь, бо там, маўляў, яе чакае турма.

Ці падпісаў ёй хто з нашых тую нахабную хлусьню — ня ведаю. А я, каб адрабіцца ад уедлівай дзявулі раз і назаўсёды, назваў ёй цану майго подпісу. Бог сьведка, цану памяркоўную — 500 амэрыканскіх. І што б вы думалі, дарагія мае людзі?! Мая інфармацыя для роздуму ніяк яе не зьбянтэжыла. Больш таго, дзявуля запэўніла мяне ў тэлефонную слухаўку, што запатрабуе абмеркаваньня маіх паводзінаў (sic!) на чарговым сходзе рэгіянальнага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.

Ніякага абмеркаваньня, што праўда, не было. Але й подпісу зь мяне Сімачка больш не цыганіла.

 

Шустрык

Ён Сіме да пары — гэткі ж чарнявы, шустры й пусты. Спрабуе пісаць у жыдоўскія рускамоўныя газэты — пра жыцьцё беларускай дыяспары. Зь Беларусі зваліў, бо ў чарзе па яйкі не хацеў стаяць. На беларускіх пікетах пхнецца зь бел-чырвона-белым сьцягам у першыя рады — каб на фатаздымку відаць было. Таксама подпісы жабруе.

 

Арляняты,
арлёнкі, аролікі...

На наша шчасьце, тут, у Беларусі, у межах Бацькаўшчыны, яны ёсьць — Купалавы арляняты, якім Вялікі Паэт даваў “сярпы і косы ў рукі Ды мячы, каваны з сталі”, каб “здабытую свабоду Зналі, шанавалі І у цяжкую прыгоду Ўсталі грознай хваляй”.

Сапраўды, мы ведаем прозьвішчы сотняў маладых беларусаў — школьнікаў, навучэнцаў прафтэхвучылішчаў і коледжаў, ліцэістаў, студэнтаў ВНУ, якія робяць штодзённую і разам з тым гераічную работу ў імя свабоды Бацькаўшчыны. Без ілжывага патасу й футурыстычных нацяжак можам сьцьвярджаць: на вулічных акцыях беларускія арляняты вырастаюць у гордых і дужых арлоў, якія ня маюць такой звычкі — адлятаць у вырай.

Іншыя арляняты прылятаюць у беларускія гнёзды замежжа. Пра двох шустрых арлёнкаў мы ўжо згадалі. Ёсьць таксама й ціхаходы, якія наперад ня лезуць, але й свайго не ўпускаюць. Хай бы сабе й так было: ідуць маладыя ціха і ўпэўнена да мэты. Хай бы сабе. Але што ж, скажыце, нам думаць пра арлёнка, які перад рэпрадукцыяй партрэту Лява Сапегі робіць вялікія вочы няведаньня? І гэта пасьля сканчэньня Менскага гуманітарнага ліцэю! Зрэшты, можа і сапраўды неабавязкова ведаць пра гістарычнага Лява Іванавіча, каб патрапіць на вучобу ў Пэнсыльванію, летам прыяжджаць у Нью-Ёрк на практыку, жыць у гасьціннай беларускай Фундацыі імя Крэчэўскага, не перажываць наконт аплаты за месца пад дахам, спакойна ўплятаць ёгурты і штовечар глядзець амэрыканскія мульцікі?

Калі наш былы ліцэіст N, зачараваны Злучанымі Штатамі, праваліў “тэст на Сапегу” (дарэчы, як і былы прэзыдэнт L.), то сёлетні выпускнік былога наргасу нехта Васіль нас, старэйшых векам кватарантаў Фундацыі імя Крэчэўскага, проста абяззброіў сваім няведаньнем самых элемэнтарных актуаліяў сучаснай Беларусі. Юны дземянцей ХХІ ст. словы “Пазьняк”, “ВКЛ”, “Марш свабоды”, “Наша Ніва” ды іншыя на тэму Беларушчыны ўпершыню пачуў у ЗША. Вось чаму пасьля таго, як на нашае пытаньне, дзе такі ёсьць горад Вільня, менскі залётка адказаў, што ў Польшчы, мы ўчарнелі абліччамі і адправілі Васільку ў вячэрнія нетры Гілсайду па дадатковы галён каліфарнійскага чырвонага.

Разам зь менскім Васількам прыгнязьдзіўся ў Фундацыі і берасьцейскі Сярожка. Тыдні праз два ўцякач Сярожа купіў аўто, пра што мы даведаліся чыста выпадкова. А вось пра што мы не даведаліся, дык гэта пра тое, хто тыя “надзейныя людзі”, тыя менскія зязюлі, якія рэкамэндавалі прыняць на высядку ў беларускае гняздо за акіянам сваіх тутэйшых аролікаў.

 

Мастоўскія

Ёсьць на Нёмане горад Масты. Добры горад, стары, беларускі. Меў некалі магдэбурскае права, мае цяпер прэзыдэнцкую “вэртыкаль”.

Дык вось мастоўскія — гэта тыя, якім тая “вэртыкаль” да лямпачкі.

Мастоўскія — гэта беларуская мафія ў Нью-Ёрку і ваколіцах. Мафія, якая не забівае, не рабуе, а дапамагае сваім землякам выехаць у ЗША, каб зарабіць. Нехта зь Сям’і вырашае застацца ў ЗША назаўсёды, нехта на даўжэйшы час, а хтосьці зарабіў і ўжо вярнуўся ў Масты, вызваліўшы месца суседу.

Як сапраўдныя беларусы, нават аб’яднаўшыся ў Сям’ю, мастоўскія паводзяць сябе сьціпла. Час-часом прыходзяць на сходы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, бяруць удзел у палітычных акцыях, сьвяткуюць беларускія сьвяты…

І вось яшчэ пра паводзіны беларусаў і астатніх. Пакуль “шустрыя” складалі ілжывыя афідэвіты, інтрыгавалі ды нашэптвалі, а менскай зязюлькі аролікі расшыфроўвалі абрэвіятуру “БАЗа”, мастоўскія прыходзілі да нас па Беларускую Кнігу. Пакідаючы ў заклад свае рабочыя даляры, яны забіралі з сабой вершы Багдановіча, Жылкі, эмігрантаў Сяднёва, Салаўя, Крушыны, Арсеньневай... Ня ведаю, ці чыталі мастоўскія хлопцы беларускую паэзію ў Беларусі, але тое, што яны зьвяртаюцца да яе там, на чужыне, сьведчыць пра многае. Пра тое, напрыклад, што мастоўскія — гэта свае: надзейныя, моцныя, працавітыя. Адным словам, беларуская мафія ў ЗША.

 

На пераломе

Першая хваля беларускай палітычнай эміграцыі адыходзіць у гісторыю разам з ХХ ст. Адыходзіць з радасьцю, пабачыўшы над незалежнай Беларусяй пераможны бел-чырвона-белы сьцяг. Адыходзіць з болем, стаўшы сьведкай рэваншу антыбеларускіх сіл на Бацькаўшчыне.

Адыходзіць, перадаючы сымбалі і тэстамэнты Беларускай Народнай Рэспублікі новаму пакаленьню беларусаў у чужыне. Хочацца верыць, што беларускія эмігранты 90-х ня толькі захаваюць матэрыяльныя і духоўныя набыткі папярэднікаў ды спыняць бессэнсоўны падзел беларускай эміграцыі на так званых “крывічоў” і “зарубежнікаў”, але ўжо ў хуткім часе і Беларускі Дом у Мангетэне пабудуюць, і першы ўласна беларускі касьцёл, і беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху ў мэтраполіі будуць дапамагаць ня толькі пікетамі, але й грашыма, і, нарэшце, зьвернуць увагу на праблему беларускага лобі ў структурах амэрыканскай улады.

Будзем памятаць: там Беларусь, дзе мы, Беларусы.

P.S. За духоўную і матэрыяльную падтрымку Аўтар выказвае самую шчырую падзяку новым беларускім эмігрантам і часовым гасьцям у ЗША: В.Якімовіч, А.Сурмачу, А.Крыштаповічу, І.Якуніну, А. “мастоўскаму”, А.Калбуну, М.Абраменку, М.Клакоцкаму, В.Дворніку, В.Камінскаму, Ю.Чудзіну-Васілеўскаму, В.Говараву, В.Кузьменку…


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0