Нашы Чаркасы

Некалі даўно мой бацька узяў прозьвішча жонкі, маёй маці. Калі я пачаў цікавіцца, чаму ён гэтак зрабіў, то даведаўся ўсю гісторыю сяла.

Будзеш ехаць зь Менску шашою ў бок Берасьця, дык прыкладна праз 20 км стаіць вёска Чаркасы, радзіма маіх продкаў па бацькавай лініі. Побач вёскі Васілеўшчына, Слабодка, Чэчына, Павялкова, Вязанка, Вітаўка. Крыху далей чыгуначная станцыя Фаніпаль.

Упершыню Чаркасы згадваюцца ў летапісе ў 1688 г. Адкуль пайшла назва, дакладна невядома. Са словаў старых жыхароў, некалі пан Чаркасаў набыў гэтыя землі ў графа Чапскага. І вакол маёнтку пачалі сяліцца прыгонныя. Але ў гістарычных даведніках пра гэта нічога ня знойдзеш.

Другое паданьне спасылаецца на часы вайны 1654–1667 г., калі тут знаходзіліся казацкія войскі на чале з наказным атаманам Залатарэнкам. Людзі ў тую пару звалі ўсіх казакаў “чаркесамі”. Казацкае войска стаяла тут тры гады, і менавіта з тых часоў пачалося існаваньне Чаркасаў.

Калі ўзяць “Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” выданьня 1881 году, дык там чытаеш, што “Фаніпаль альбо Чэчын, фальварак, павет Менскі, 22 вярсты на поўдзень ад Менску, дзядзінец Багдашэўскіх, глеба добрая, станцыя Берасьцейска-Маскоўскай чыгункі, званая раней колькі год Такароўкай”.

Са словаў майго дзеда Якава Салохі, якому, у сваю чаргу, расказваў ягоны дзед, вёску Чаркасы заснавалі перасяленцы з Украіны. Даслала неяк маёй цётцы Дзіне Шчасьлёнак унучка з Фаніпалю ў Чаркасы віншавальную паштоўку. Адлегласьць у пяць кілямэтраў паштоўка прайшла за два… тыдні. Уся капэрта ў пячатках розных. А сярод іх — “Пошта Ўкраіны”. Спачатку паслалі ў тыя Чаркасы, што пад Кіевам.

Ёсьць і яшчэ адна легенда.

 

Паданьне пра Вітаў стрэл

Вось што пісаў у “Нашай Ніве” пачатку стагодзьдзя Карусь Каганец:

“Хто ня знае станцыі Хваніпаль, першай ад Менску па дарозе на Берасьце? А каля станцыі і двор таго ж найменьня стаіць. Насупраць таго двару праз балота і рэчку Хамычку стаіць драўляная царква, пагразшы ў балоце, і толькі па кладках да яе ходзяць. І дзіву чалавек даецца: што гэта собіла людзям у такім месцы царкву будаваць? Вота ж паслухайце, што старыя людзі кажуць.

У тым месцы, дзе царква цяпер стаіць, колісь быў груд, а на грудзе — двор дужа багатага баярына на імя Віт. Жыў той Віт па праўдзе, у веры, і Бог быў да яго дужа ласкаў.

Вота ж пайшла трывога вялікая, што швед у наш край наехаў і горш усякага татарына грабіць і пустошыць а над народам зьдзекуецца. Віт быў удавец і меў адну дачку, вельмі красную панну. Вітаў двор быў прыродай забясьпечаны ад ворага — сьпераду непраходным балотам, што і цяпер цягнецца абапал рэчкі Хамычкі, хоць шмат ужо сушэйшае, як за тыя часы. А за балотам і дваром цягнуліся бясконцыя адвечныя лясы. Тая старана і цяпер пушчаю завецца. Віт з дачкой, гэта цямячы і пры тым, як людзі набожныя, на Бога надзею пакладаючы, былі спакойны ў сваім двары. Але знаць слава пра ягонае багацьце далёка ішла. Аднае гэтак ночы, калі ў двары ўсе крэпка спалі, спаў і сам баярын Віт, спала і красная яго дачка. Чуе гэта Віт праз сон зычны голас: “Віце, Віце, устань і выстралі!” Віт прахапіўся, але нідзе нічога не чуваць. Ён ізноў стаў засынаць і зноў чуе: “Віце, Віце, устань і выстралі!” Тады ён ужо мусіў устаць і, узяўшы стрэльбу, выйшаў.

І бачыць, што швэды ўжо гаспадараць у яго на двары. Ён, тое ўбачыўшы, дужа спалохаўся. Як трымаў стрэльбу, так і стрэліў на вецер. А сам пабег у пакоі дачку будзіць. Толькі пабудзіў, чуе, на двары якісь галас падняўся. А калі яны выйшлі паглядзець, бачаць, швэды ў вялікай замешцы ходзяць, хочуць з двара ўцячы, ды не папаўшы ў вароты, ціснуцца на платы. Душацца, калечацца, а каторым удалося з двара выбрацца, тыя, чуваць, ратунку просяць. Крычаць, папаўшы ў балота альбо ў рэчку. Так да раніцы ніводнага з тых швэдаў жывога не засталося. Бо асьлепшы воляю Божаю, ад Вітавага стрэлу ўсе пагінулі. Каторыя ў двары падушыліся, а каторыя патрапілі ў лес, тых зьвер люты парэзаў.

Віт на тую памяць, што Бог яго ад швэдзкай рукі захаваў, паставіў сярод двара свайго царкву мураваную і вельмі яе ўкрасіў. Жывуць так Віт са сваёй дачкою краснаю паннаю ізноў у дастатку і супакою. Адно нячыстая сіла ня дрэмле. І ўпаў пан баярын у вялікі грэх так, што зямля нават здрыганулася. І аступіўся той узгорак, на каторым двор стаяў, і рынуліся мураваныя палацы і пахавалі пад сабою грэшнага баярына.

Дачка ж яго сышла дзесь у далёкі манастыр і там веку даканала. Чэлядзь па сьвету разышлася. Двор той штораз болей стаў у балота пагрузаць і аднае ночы зусім затануў. Толькі на тым месцы, дзе царква стаяла, людзі расьпяцьце знайшлі. Потым паставілі на тым месцы царкву дзераўляную і тое расьпяцьце ў ім паставілі. І праславілася тое расьпяцьце цудамі рознымі. І ўсякі год на Ўзьвіжаньне зьбіраецца там шмат багамольцаў са ўсіх канцоў нашае зямлі. Завецца тое месца Вітаўка, або Вітавец. Там і цяпер можна абмацаваць у балоце кавалкі муру”.

Такая вось гісторыя. Няма цяперака ні рэчкі Хамычкі, ні царквы, ні балота з адвечнымі лясамі. Толькі калі стаіш у лагчыне паміж двума ўзвышшамі, на якіх Чаркасы і Вітаўка, лёгка ўяўляеш і тое балота, і баярына са стрэльбай.

 

Наско і Фалько

Усе людзі, да якіх мы зьвярталіся, каб нешта даведацца з гістарычнага мінулага, спасылаліся на гэтага чалавека, як на безумоўнага аўтарытэта. “Запытайцеся лепш у Васіля Наска, ён абавязкова павінен гэта ведаць”.

Былы партызан, прапагандыст і настаўнік Васіль Наско стаў калісьці арганізатарам сьвяткаваньня 300-годзьдзя Чаркасаў і нават выдаў у 6 асобніках гісторыю калгасу на 23 старонках. Гэтая праца зусім нядаўна зазнала другое выданьне. Першае было прысьвечана 50-годзьдзю Савецкай улады, а другое — 70-годзьдзю стварэньня калгасу імя Фалька.

Прыемна мне было даведацца, што першым трактарыстам калгасу быў мой дзед Якаў Салоха.

Даволі цікавая асоба і гэты знакаміты Фалько, які нарадзіўся ў Чаркасах у 1887 г. у сям’і незаможных сялян (незаможнымі тады лічыліся тыя, хто меў ад 2 да 5 га зямлі). У 1920 г. Данілу Фалька абралі за старшыню добраахвотнае пажарнае дружыны. Пасьля ён уступіў у КПБ. Да таго ж яшчэ быў селькарам “Зьвязды”. Хутка пачалося “дабравольна-прымусовае” стварэньне калгасаў. У ноч з 4 на 5 верасьня 1929 году нехта падпаліў хутар каля суседняе вёскі Васілеўшчыны. Тут каля палаючага хутару “кулак” Антось Будай і забіў Фалька сякерай. Будая хутка расстралялі (праз 24 гадзіны пасьля прысуду). Сям’ю ягоную выслалі ў Сыбір у шэрагу іншых “кулакоў”. Са сваякоў Фалька цяперака таксама нікога не засталося. Толькі помнік на могілках у Чаркасах ды калгас і вуліца ягонага імя.

Зразумела, што калгаснае будаўніцтва ў Чаркасах скончылася перамогай, хоць толькі з другога разу.

Усё гэта можна прачытаць у працы былога партызана, сярод зьвестак пра надоі-прывагі-цэнтнэры. У прыватнай размове сп.Васіль згадвае ўсё гэта больш нэўтральна і па-жыцьцёваму. Мы пагутарылі і пра рэпрэсіі, пра партызанку падчас вайны, пра самаахову і пра Армію Краёву.

 

І ўсё ж такі ўкраінцы?

Я ўрэшце дазнаўся, чаму бацька амаль сорак гадоў таму зьмяніў прозьвішча. Аказваецца, проста начытаўся тады малады Салоха гогалеўскага “Сарачынскага кірмашу” са шкадлівай ведзьмай Салохай… Вось такі ўплыў клясычнай літаратуры.

Нарэшце, сёе-тое прыпомніла найстарэйшая на сёньняшні дзень жыхарка Чаркасаў спн.Надзея Шчасьлёнак, якой праз 2 месяцы споўніцца 90 год. Сама яна зь Вязанкі, а ў Чаркасы калісьці выйшла замуж.

Паводле ейных словаў, пачалі тут жыць менавіта Салохі, што адкупілі зямлю ў нейкага жыда, і нешта пра ўкраінцаў яна таксама чула — яшчэ ў маладосьці ад старых. Адкуль усе гэтыя прозьвішчы — Шкурдзюк, Фалько, Салоха, Шчасьлёнак, жаночыя імёны Дзіна, Роза, Міра, Зоя?.. Рэдка такія сустрэнеш у нашых мясьцінах.

Зараз бабуля Надзея не бяз гумару згадвае сваё мінулае жыцьцё і са смакам п’е піва, пакуль унук дапамагае ў гаспадарцы. А мужа, між іншым, назвала “чалавікам” і нават не заўважыла.

Стаіць вёска! Побач чыесьці ўнукі будуюцца. Толькі 20 км ад мэгаполісу, а час нібыта ў іншым вымярэньні. За той дзень, што мы правялі ў Чаркасах, — ніводнага слова не пачулі пра Лукашэнку з выбарамі. Толькі тут адчуваеш, якое ўсё гэта штучнае і несапраўднае.

Зьміцер Гарбуноў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0