Кім працуеш, кандыдаце?

У прэзыдэнты пойдуць толькі асацыяваныя людзі

Кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі абвесьцілі сябе толькі тыя людзі, што афіцыйна не займаюць высокіх партыйных пасадаў, але ўваходзяць у розныя грамадзкія асацыяцыі – ад фэдэрацыі прафэсійных саюзаў ды заканчваючы нацыянальным алімпійскім камітэтам. У выбарчым бюлетэні, як вядома, біяграфіі прэтэндэнтаў друкавацца ня будуць, затое будзе пазначана, кім працаваў кандыдат на момант ягонай рэгістрацыі. Што ж прапануюць выбарцам асноўныя прэтэндэнты ў якасьці «месца працы»?

 

Эканаміст і бос

Ганчарык Уладзімер, сын Івана, нарадзіўся 29 красавіка 1940 у вёсцы Аўгустова на Лагойшчыне. Паводле т.5 “Беларускае энцыкляпэдыі”, кандыдат эканамічных навук (1976). Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнае гаспадаркі ў 1961, Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС у 1976 г. У 1961—1965 эканаміст, а потым намесьнік галоўнага бухгальтара саўгасу “10 год БССР” у Любанскім раёне. У 1965—1973 першы сакратар Любанскага райкаму ЛКСМБ, інструктар Менскага абкаму КПБ, другі сакратар Койданаўскага райкаму КПБ. У 1976—1986 першы сакратар Ігуменскага райкаму КПБ, інспэктар, намесьнік загадчыка аддзелу ЦК КПБ, другі сакратар Магілёўскага абкаму КПБ. З 1986 старшыня Беларускае рэспубліканскае рады прафсаюзаў. Быў народным дэпутатам СССР з 1989 да канца СССР, а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1985-1990 (11-е скліканьне) ды з 1995 (13-е скліканьне). Мае ўзнагароды: ордэн Дружбы народаў і мэдалі “За трудовую доблесть” ды “За доблестный труд. В ознаменованіе 100-летія со дня рожденія В.І.Леніна”. “Захапленьне: літаратура”, сьцьвярджае даведнік “Кто есть кто в Беларусі”.

Уладзімер Ганчарык – гэта адзіны патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, пасада якога добра вядомая. Ужо 10 гадоў ён – старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Менавіта таму я не размаўляў зь ім адмыслова перад гэтай публікацыяй. Магу ўявіць сабе, што падумаў бы пра мяне сп.Ганчарык, калі б я патэлефанаваў яму ды спытаўся пра ягонае месца працы. Хаця, зь іншага боку, цягам гэтых дзьвюх пяцігодак я з У.Ганчарыкам амаль не размаўляў. Не магу нават прыгадаць, каб мяне запрасілі на ягоную прэсавую канфэрэнцыю. А гэта ўжо значыць, што, мажліва, ня я дрэнны журналіст, а прафсаюзны бос не такі ўжо добры палітык, бо не хацеў рабіць сабе паблісыты. Альбо ён занадта добры палітык, увесь гэты час ціха чакаў свайго трыюмфу й рабіў усё, каб яго не адпудзіць.

 

Баксёр і аўтамабіліст

Домаш Сямён, сын Мікалая, нарадзіўся 2 студзеня 1950 у вёсцы Тумашы на Ляхавіччыне. Скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум у 1969, Менскую вышэйшую партшколу ў 1981 ды Беларускі дзяржаўны інстытут народнае гаспадаркі ў 1989. У 1969—1977 мэханік, галоўны інжынэр, дырэктар Астравецкае аўтабазы № 4, у 1977—1982 дырэктар Гарадзенскага аўтакамбінату № 1. У 1982—1983 загадчык прамыслова-транспартнага аддзелу Гарадзенскага гаркаму КПБ. У 1983—1987 другі сакратар Кастрычніцкага райкаму КПБ у Горадні, у 1987—1990 старшыня Лідзкага гарвыканкаму, а ў 1990 першы сакратар таго ж Кастрычніцкага райкаму. У 1990—1991 старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму, у 1991—1993 адначасова яшчэ й старшыня Гарадзенскага гарсавету. У 1993—1994 старшыня Гарадзенскага аблсавету і аблвыканкаму, а ў 1994—1996 толькі аблсавету. Дэпутат і сябар Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

“Зараз я зьяўляюся старшынём рады грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”. Калі нічога ня зьменіцца, гэтак і будзе”, — адказаў на пытаньне пра месца працы другі верагодны кандыдат у прэзыдэнты. Гэтую пасаду сп.Домаш займае са студзеня 2000 г. “Ратуша” — гарадзенскае абласное аб’яднаньне, дзе ён адначасова намесьнікам старшыні ўсяе асацыяцыі ды старшынём ейнае рады. Праўда, Сямён Домаш зноў дадаў: “Ня ведаю, мо нешта зьменіцца”.

З гэтым палітыкам я размаўляў упершыню праз... Інтэрнэт. Домаш ладзіў онлайнавую канфэрэнцыю на сайце “Хартыі-97”. Інтэрнэт, NGO “Ратуша”... Усё гучыць вельмі на заходні манер, як і мае быць у Горадні. Усё прагрэсіўна й мадэрнова. Аднак я са зьдзіўленьнем пачуў, што сп.Домаш ня мае ані мабільнага тэлефона, ані пэйджэра. Мажліва, менавіта таму ён даведаўся пра тое, што яго запрасілі пры канцы студзеня ў Страсбург на паседжаньне Парлямэнцкае Асамблеі Рады Эўропы, ад таксама запрошанага туды журналіста Ўладзімера Глода. Трэба б неяк Сямёну Домашу правесьці мабілізацыю (тэлефонную) перад выбарамі – яны ўжо блізка.

 

Вось каму прафэсійна блізкая ўсялякая мабілізацыя, дык гэта яшчэ адзін сьвежы кандыдат у прэзыдэнты.

 

Генэрал-палкоўнік
і генэрал-лейтэнант

Казлоўскі Павал Паўлаў сын нарадзіўся 9 сакавіка 1942 у вёсцы Ваўкаўня на Пружаншчыне. Паводле т.7 “Беларускае энцыкляпэдыі”, з 1992 – генэрал-палкоўнік, а з 1994 – генэрал-лейтэнант. Скончыў Ташкенцкую агульнавайсковую камандную вучэльню (1965), Вайсковыя акадэміі імя Фрунзэ (1974) і Генштабу (1987). Служыў у Сярэднеазіяцкай, Маскоўскай, Закаўкаскай, Паўночнакаўкаскай акругах. З 1987 першы намесьнік камандуючага, з 1989 камандуючы 28-й агульнавайсковай арміяй у Горадні. З 1991 начальнік штабу – першы намесьнік камандуючага войскамі Беларускае ваеннае акругі. У 1992—1994 міністар абароны.

“У мяне будзе запісана: прэзыдэнт міжнароднага фонду рэабілітацыі здароўя былых ваеннаслужачых Рэспублікі Беларусі”, — паведаміў Павал Казлоўскі. Ён ужо 4 гады ўзначальвае гэтае аб’яднаньне, зарэгістраванае Мінюстам. Але месца працы ў бюлетэні, на ягоную думку, не галоўнае.

“Я думаю, нашы людзі больш хочуць бачыць чалавека. Не ягоную пасаду, а які ён чалавек, што ён прадстаўляе, якія ягоныя мэты, чаго ён хоча, які ён прафэсіянал, ці мае ён нейкі вопыт кіраўніцтва... Людзі мусяць убачыць, які шлях быў пройдзены чалавекам ды як гэты шлях быў пройдзены – лёгка ці, як кажуць, “сваім гарбом”.

Я ня мог не спытацца сп.Казлоўскага пра ягонае вайсковае званьне. “Няма такога пытаньня ў бюлетэні”, — адрэагаваў генэрал-палкоўнік запасу, якога Лукашэнка адмысловым указам зрабіў генэрал-лейтэнантам запасу. — “Разборкі, якія былі, гэта спроба прынізіць мяне, паказаць сваю ўладу, што са мной можна зрабіць, што хочацца. А прынізіць за тое, што я меў сваю пазыцыю — быў супраць гэтага кандыдата, бачыў, што гэта небясьпечны чалавек для грамадзтва”, — так пракамэнтаваў указ Лукашэнкі Павал Казлоўскі ды зазначыў, што толькі гісторыя пакажа, хто генэрал-палкоўнік, хто прэзыдэнт, а хто яшчэ нешта.

Я прыгадаў, што апошні раз быў у кватэры Казлоўскага на вул.Захарава адразу пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Там ладзілася хатняя прэсавая канфэрэнцыя пра незайздросны лёс арміі пры Лукашэнку, і запрасіў мяне на гэтую імпрэзу... беспрацоўны Ўладзімер Замяталін. Што ж гэтае такое ў вас зь ім было?

“Ён дапамагаў, бо вельмі дрэнна ставіўся да таго, хто прыйшоў да ўлады, да Лукашэнкі, — тлумачыць Павал Казлоўскі. — Але прайшоў час, і калі Лукашэнка прапанаваў Замяталіну заняць нейкую пасаду ў адміністрацыі, Замяталін мяне пытаўся, што я пра гэта думаю. Мой адказ быў такі: “Пятровічу, з гэтым чалавекам вельмі небясьпечна йсьці ў разьведку ці наперад”. Але Пятровіч не паслухаў мяне. Таму прыйдзе час, калі ён будзе адказваць разам з гэтым чалавекам – не перад мной, а перад грамадзтвам”.

Ёсьць і яшчэ адзін чалавек, які пайшоў разам з Лукашэнкам. Праўда, ён прайшоў разам зь ім толькі гады два. Але ж і пасаду займаў нумар два.

 

Банкір і пчаляр

Чыгір Міхаіл Мікалаеў сын нарадзіўся 24 траўня 1948 у вёсцы Вусава на Капыльшчыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнае гаспадаркі ў 1970 ды спэцыяльны факультэт пры Маскоўскім фінінстытуце ў 1982. У 1973—1980 кіраўнік Клецкага аддзяленьня Дзяржбанку СССР ды менскага Маскоўскага аддзяленьня таго ж банку. У 1982—1986 “на партыйнай рабоце”. З 1986 кіраўнік Менскае гарадзкое канторы Дзяржбанку СССР. У 1988—1991 першы намесьнік старшыні, а з 1991 старшыня ўправы Акцыянэрнага камэрцыйнага банку “Белаграпрамбанк”. У 1994—1996 прэм’ер-міністар. З 1998 прадстаўнік нямецкага канцэрну “Гея” ў СНД. “Захапленьне: пчалярства”, падае “Кто есть кто в Беларусі”.

“Я працую ў гэты момант радным дырэктара навукова-вытворчай фірмы “АДЛ” – гэта скарот ад назову “Асацыяцыя дзелавых людзей”, — адказаў Міхаіл Чыгір. “Гэты момант” цягнецца ўжо недзе паўгоду, і экс-прэм’ер запэўніў мяне, што ягонае месца працы ў наступныя паўгоду ня зьменіцца.

“Тым, хто займаецца прафэсійнай палітыкай, я выказваю нейкае спачуваньне. Бо, калі ёсьць прафэсійная праца акрамя палітыкі, гэта намнога лягчэй – займацца палітыкай 24 гадзіны ў суткі вельмі цяжка”.

Паводле словаў Чыгіра, у “АДЛ” уваходзіць 18 фірмаў, і пасьля ягонага прыходу туды ва ўсіх іх падаткавая інспэкцыя ладзіць праверкі.

“Вы ж ведаеце стаўленьне да “вашывых блохаў”. Ці не пашкодзіць гэткае месца працы кандыдату Чыгіру?” — спытаўся я. І вось што пачуў: “Спадзяюся, што абсалютная большасьць нашых людзей зразумее: калі ня будзе дзелавых людзей, дык справы будуць вельмі дрэнныя. Дзе Чыгір працуе — ня так ужо й важна. Важна, што сабой Чыгір уяўляе. Я думаю, што большасьць людзей ведае, дзе я працаваў раней, якія пасады займаў”. Сп.Чыгір не саромеецца працаваць у камэрцыйнай структуры ды кажа: “Калі б у нас было больш такіх структураў — а пакуль у нас больш міліцыянтаў, дык жылося б нам лепш”.

Тут я таксама ўзгадаў міліцыянтаў, што больш як паўгоду трымалі Міхаіла Чыгіра ў сьледчым ізалятары. Калі ж яго нарэшце выпусьцілі, зьнясілены Чыгір адразу паехаў даваць прэсавую канфэрэнцыю, за што я дагэтуль яму ўдзячны. А пазьней, праз колькі дзён, ён наладзіў для асобных журналістаў прыём у рэстарацыі «Баварыя». Там я нагадаў фрагмэнт ягонай прэсавае канфэрэнцыі часоў прэм’ерства (дарэчы, пасьля адстаўкі спадара Чыгіра традыцыйныя сустрэчы з журналістамі а 18-й штопанядзелак кудысьці зьніклі). Кіраўніка ўраду папрасілі пракамэнтаваць нейкае паведамленьне мэдыяў, а той узяў ды сказаў: “Вы што? Я ж прэм’ер-міністар – тэлебачаньня не гляджу, газэтаў не чытаю”. На прыёме пасьля вызваленьня з-пад варты я прапанаваў тост за тое, каб Міхаіл Чыгір такога больш не гаварыў ды не рабіў. Здаецца, усе ўхвалілі ды выпілі. Аднак цяпер экс-прэм’ера нешта зноў пацягнула на дзіўныя фразы – напрыклад, пра палітыку ды прафэсійную працу як асобныя зьявы.

Трэба займацца палітыкай менавіта 24 гадзіны ў суткі, каб перамагчы апошняга (у гэтым сьпісе) кандыдата. Які займаецца ёю 25 гадзінаў.

 

Алімпіец і старшыня

Лукашэнка Аляксандар, сын Рыгора, нарадзіўся 30 жніўня 1954 у мястэчку Копысі на Аршаншчыне.

Перад самымі выбарамі (альбо пасьля — калі яны адбудуцца ў ліпені, што вельмі верагодна) яму стукне 47 год. У бюлетэні для галасаваньня будзе пазначана: “Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі”, хаця Захад лічыць яго нелегітымным прэзыдэнтам. Але ніхто ня будзе спрачацца, калі ён напіша: “Прэзыдэнт Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту Рэспублікі Беларусі”. Мажліва, што ў бюлетэні ён захоча быць яшчэ й «Старшынём Вышэйшае Дзяржаўнае Рады Саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі».

Са сп.Лукашэнкам я таксама не размаўляў дзеля гэтай публікацыі. Чаму не размаўляў – гэта тэма асобнага вялікага матэрыялу.

Юры Сьвірко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0