Бэрмудзкі трохкутнік,
або Ня трэба гуляць у расейцаў

У Беларусі ўжо даўно распачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія.

Адной зь першых за гэтую справу ўзялася “Народная воля”. Зьвернемся да нумару ад 2 жніўня 2000 г. (№141). На першай паласе мы чытаем Адкрыты ліст сп.Ганчарыка кіраўніку беларускай дзяржавы, у якім ён упершыню заявіў аб сваім супрацьдзеяньні існуючаму рэжыму. Такім чынам сп.Ганчарык пачаў рыхтаваць сябе да ўдзелу ў будучай прэзыдэнцкай кампаніі-2001.

Ніжэй надрукаваны матэрыял сп.Юрася Сьвірка “Інтэрвію з прэзыдэнтам”, у якім ідзе гаворка “пра вядомага чалавека, апалягета рэжыму”, які раней ніколі не гаварыў па-беларуску, прынамсі, са сп.Сьвірком, але выказаў яму свае пляны пра будучае сваё прэзыдэнцтва “на добрай беларускай мове”, прычым не называючы свайго імя, адным словам, “Містар Ікс”.

Цікава, што ў гэтым жа нумары, але ўжо на трэцяй старонцы, надрукаваныя выступы Радзіма Гарэцкага і Генадзя Бураўкіна на Ўсебеларускім зьезьдзе, што адбыўся 29 ліпеня мінулага году, а на другой — хаўрусьніка сп.Ганчарыка сп.Бухвостава “Нужно менять власть”.

Дарэчы, пачынаючы з гэтага нумару “Народная воля” цалкам вызначылася з мовай, на якой выступаюць магчымыя прэтэндэнты ў прэзыдэнты Беларусі і тыя журналісты, якія пра гэта пішуць. Вядома, гэта расейская мова, інакш, мабыць, “народ нас не поймёт”.

У першым нумары за гэты год газэты “Свободные Новости” Алег Манаеў – кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў — прыводзіць вельмі цікавыя лічбы і выказваньні, якія варта працытаваць. Цытата першая.

“Для пачатку прыгадаю Вам сёньняшні расклад. Па адносінах да Лукашэнкі ўсё беларускае грамадзтва можна падзяліць на тры часткі:

“за” Лукашэнку – 15—20%, “супраць” Лукашэнкі – 30—35% і бальшыня, якая вагаецца – каля 50%”.

Цытата другая.

“Па адносінах да Расеі частка тых, хто вагаецца, невялікая – усяго 15—30%. Актыўныя і перакананыя прыхільнікі расейскага фактару складаюць 50—60%. Нарэшце, адмоўна ставяцца да Расеі, палохаюцца інкарпарацыі і гэтак далей 20—25%”.

Цытата трэцяя.

“Актыўных прыхільнікаў Лукашэнкі няшмат. Прыхільнікаў апазыцыі таксама. Таму ні Лукашэнка, ні апазыцыя ня змогуць самастойна пераканаць беларускае грамадзтва ў сваёй праўдзе. Але выразна бачная прарасейская накіраванасьць. Значыць, сымпатыі народу, хутчэй за ўсё, пахіснуцца туды, куды накіраваны сымпатыі Расеі. А гэта: 60% — намэнклятурны варыянт, 10—15% — “дэмакратычны сцэнар” і 20—25% — “сцэнар Лукашэнкі”.

Зыходзячы з прамаляваных карцінаў, можна разьмеркаваць і патрэбныя адсоткі верагоднага выбару. Яны такія: “сцэнар Лукашэнкі” – 25—35%, “дэмакратычны” сцэнар – 25—35%, “сцэнар N” – 30-35%. Гэта значыць, што электаральная дамінанта выпадае на “сцэнар N”.

Цытата чацьвертая.

“На сёньняшні дзень я б сказаў, што верагоднасьць посьпеху “дэмакратычнага сцэнару” – прыкладна 20%, “сцэнару Лукашэнкі” – 50%, “сцэнару N” – 30%. З гэтага вынікае важная выснова: калі першы й трэці сцэнар аб’яднаюцца (зацікаўленыя бакі дамаўляюцца аб сумесных дзеяньнях), шанцы, што мы атрымаем іншага прэзыдэнта, адпавядаюць шанцам Лукашэнкі на другі тэрмін”.

Ад сябе заўважаем, што ўсе свае апытаньні Манаеў праводзіць і друкуе толькі па-расейску. Каб яго анкеты і апытаньні рабіліся па-беларуску, вынікі, несумненна, былі б іншымі.

Але беларускі трохкутнік ужо мае тры куты, зь якіх большы – гэта “намэнклятурны”, а дакладней, “маскоўскі” кут.

 

Кандыдат Масквы,
альбо “урок Прымакова”

Выразьнікамі “намэнклятурнага варыянту” ў першую чаргу, на маю думку, зьяўляюцца “Народная воля” і “БДГ”. Спачатку згадаем публікацыю Ўладзімера Глода “Президент, которого ждут” (гл. “НВ” № 239, 23 сьнежня 2000 г.).

Спачатку Глод сьведчыць аб тым, што Лукашэнка надакучыў шмат якім прадстаўнікам улады, што гэтыя людзі ня будуць рабіць стаўкі на кандыдата апазыцыі, і называе імёны С.Домаша, М.Чыгіра, А.Лябедзькі як непэрспэктыўныя. Сп.Глод нагадвае, што найбольшую падтрымку Лукашэнку ў 1996 г. з боку Масквы аказаў Яўген Прымакоў, які даручыў гэта зрабіць Чарнамырдзіну, Строеву і Селязьнёву. Журналісту, які, мабыць, ужо бачыў вынікі працы Манаева, здаецца, што “імя новага кіраўніка беларускай дзяржавы вызначыць Крэмль”. Ён лічыць, што прадстаўнікі Масквы “хацелі б бачыць на чале беларускай дзяржавы такога ж па-прамаскоўску настроенага, але спакойнага, ураўнаважанага чалавека”. Пры канцы сп.Глод называе тры кандыдатуры: Іван Каратчэня, Уладзімер Ганчарык і так званы “дырэктар”. Калі лічыць, што першы і апошні кандыдаты — звычайная маскіроўка, то мы маем сёньняшняга кандыдата Масквы. Гэта наш нязьменны прафсаюзны лідэр, які някепска пачуваўся пры любым рэжыме і першы пачаў “гуляць у апазыцыянэра” на старонках “Народнай Волі”.

Аднак Глод нічога не сказаў пра лёс Беларусі і так званай саюзнай дзяржавы, калі пераможа чарговы кандыдат Масквы.

Дарэчы, і сам Ганчарык у сваім вялікім інтэрвію ў “Свободных Новостях” (№1 за гэты год) пра гэта нічога новага ня кажа, як ня кажа і пра лёс нашай мовы, гісторыі, культуры, вяртаньне гістарычнай спадчыны, свабоду СМІ. Гэты сьпіс можна працягваць бясконца.

Сваім зьняважлівым стаўленьнем да адной з кандыдатураў аб’яднанай апазыцыі, якая цяпер знаходзіцца на першым месцы паводле сваёй папулярнасьці — гэта Сямён Домаш, — вызначылася “БДГ”. 27 сьнежня 2000 г. у ёй сп.Дзятліковіч напісаў артыкул “Гарэлка коштам піва”, дзе выкарыстаў беларускамоўныя цытаты, так як робіць гэта Лукашэнка, калі хоча прынізіць свайго апанэнта.

Чаго вартае толькі адно яго выказваньне “каб перамагчы, нават мала гаварыць з народам на яго мове”. Гэта прамы папрок Домашу за яго сьціплую беларускасьць, якую ён шырока не выяўляў, але ў адрозьненьне ад іншых, ніколі яе не цураўся.

Вельмі добра, што пакуль сп.Домаш ня бегае на паклон у Маскву, як рабіў гэта ў свой час Віктар Ганчар, каб атрымаць некалькі хвілінаў на расейскім тэлебачаньні. Як бачым, яму гэта не дапамагло, а хутчэй, наадварот, паскорыла трагічную разьвязку ягонай палітычнай кар’еры.

 

Якім павінен быць кандыдат сьвядомых грамадзянаў Беларусі?

Я доўга думаў аб гэтым, тым больш, што браў актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. Перамагчы ворага можна толькі той зброяй, якой у яго няма, якой ён ня любіць і вельмі баіцца. Наша зброя – актыўная беларуская апазыцыя. Яе прыкметы – літаратурная беларуская мова і высокая культура паводзінаў у любой сытуацыі, а таксама добры гумар і ветлая ўсьмешка на твары.

Таму наш кандыдат павінен у беларускамоўных і асабліва ў “дзьвюхмоўных” сродках масавай інфармацыі, асабліва на старонках “Народнай Волі”, выступаць толькі па-беларуску. Зборшчыкі подпісаў за яго павінны карыстацца толькі беларускамоўнымі блянкамі і шырока ўжываць беларускую мову ў часе кантактаў з насельніцтвам.

Уся рэклямная прадукцыя нашага кандыдата павінна друкавацца па-беларуску, і толькі ўлёткі з праграмай могуць быць дзьвюхмоўнымі, каб другі бок улёткі ня быў чыстым.

Усе выказваньні, што народ у нас не разумее і не гаворыць па-беларуску – поўная хлусьня. Наадварот, вынікі апошняга перапісу 1999 г. сьведчаць аб тым, што пераважная большасьць насельніцтва нашай краіны, вядома, за выняткам расейцаў (і то ня ўсіх!) ня ведае добра расейскай мовы. А якраз-такі менскія “русотяпы” кепска ведаюць свой народ, бо, калі скарыстацца зь іхнага ж улюбленага выразу, “ніколі не выяжджаюць далей кальцавой дарогі”.

Вось вынікі перапісу, які нядаўна атрымала ТБМ пасьля неаднаразовых зваротаў у міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі (гл. табліцу).

Трэба падкрэсьліць, што ў 1999 г. з 10045200 грамадзянаў Беларусі роднаю моваю назвалі беларускую 73,7%, а расейскую мову – толькі 24%.

Нашую тэзу пацьвярджае і няўдалая спроба некаторых беларускіх адраджэнцаў пагуляць на полі расейскамоўнага электарату.

Напрыклад, прыхільнікаў Мікалая Статкевіча, якія вельмі хацелі патрапіць у чарговую палату і сьвядома адмовіліся ад матчынай мовы падчас выбараў.

Толькі шчырая беларуская пазыцыя адразу дае нам тыя 37% галасоў грамадзянаў Беларусі, якія сьведама падчас перапісу напісалі, што штодня карыстаюцца беларускай мовай і прагаласуюць за сьвядомага беларуса, а не чарговага маскоўскага прыхвасьня.

 

Караля робіць яго сьвіта

Калі мы хочам паказаць усяму сьвету нашу беларускасьць, мы ўжо цяпер павінны скласьці адпаведную каманду, не чакаючы вынікаў кулюарных перамоваў аб’яднанай апазыцыі, дзе далёка ня ўсе падзяляюць нашыя погляды. Больш за тое, калі гэтая каманда будзе створаная цягам студзеня-лютага, дык тады ўжо любы дэмакратычны кандыдат будзе ад яе залежаць. Спачатку трэба мець магутную групу па зборы подпісаў за нашага кандыдата.

Ідэальная колькасьць – 10000 сьвядомых грамадзян Беларусі, якія штодня гавораць на мове тутэйшай нацыі і карыстаюцца павагай сярод людзей па месцы працы й жыхарства.

Калі кожны зь іх зьбярэ па 100 подпісаў, а гэта вельмі лёгка зрабіць, мы атрымаем 1 млн. подпісаў. Хай паспрабуюць тады не зарэгістраваць нашага кандыдата!

Маючы такую колькасьць зборшчыкаў, ня трэба грукацца ў кожную кватэру і лаяцца з прыхільнікамі Лукашэнкі альбо іншага маскоўскага кандыдата. Варта толькі зьвярнуцца да тых, хто ў 1994 г. прагаласаваў за Шушкевіча і Пазьняка, да той моладзі, якая на той час ня мела 18 гадоў; указаць дакладныя месцы, дзе іх чакаюць з асабістымі пашпартамі, і мільён подпісаў забясьпечаны.

Галоўнае, каб нашыя людзі былі ў кожным мястэчку і вялікай вёсцы, каб іх усе ведалі і паважалі.

На гэтым этапе можна карыстацца наступнымі лёзунгамі, якія могуць прыцягнуць разумных людзей.

1. Усе на выбары! Чым болей прыйдзе, тым цяжэй падтасаваць вынікі і прагаласаваць за “мёртвыя душы”.

2. Толькі новы прэзыдэнт разам з намі зробіць нашае жыцьцё лепшым!

3. Наша мэта — не замяніць Лукашэнку Сідарэнкам, а палепшыць нашае жыцьцё, дзякуючы новаму Прэзыдэнту і яго прафэсійнай камандзе.

4. Жыць па сродках! Ніякіх даўгоў Расеі і іншым краінам. Годзе сьвяткаваць за народныя грошы “Дажынкі” і будаваць лядовыя палацы.

Пра Лукашэнку трэба казаць наступнае:

ён вельмі шчыры і праўдзівы, але даверлівы, у людзях не разьбіраецца, бо ня меў кіраўнічага досьведу. Яму сем гадоў перашкаджалі працаваць бюракраты і хабарнікі, таму хай адпачне, а мы абярэм больш надзейнага і дасьведчанага чалавека, якога будзе цяжка падмануць махлярам і абібокам.

Хай адпачне, папрацуе зноў у родным саўгасе альбо настаўнікам у школе, пажыве ў роднай сям’і і добра выхавае ўнукаў. Тым болей, што прыжыцьцёва помнік у Шклове ад новай улады і пэнсія ў памеры пэнсіі Шушкевіча ці Грыба будуць яму гарантаваны.

Наступны этап – гэта праца зь сябрамі выбарчых камісій і нагляд за ходам выбараў.

Трэба кожнаму сябру выбарчых камісій усіх узроўняў напісаць ліст з патрабаваньнем паводзіць сябе пры падліку галасоў і ў іншых сытуацыях сумленна (да лісту варта дадаць вытрымку з крымінальнага кодэксу аб сродках пакараньня за парушэньне выбарчага закону).

Мы павінны патрабаваць і беларускамоўных блянкаў пратаколаў выбарчых камісій, як і іншых дакумэнтаў ужо зараз, не чакаючы, пакуль іх надрукуюць. Гэта датычыцца і запрашэньняў да ўдзелу ў выбарах. Самае галоўнае — гэта нагляд за ходам выбараў. У сваім апошнім інтэрвію газэце “Наша Свабода” ад 5 студзеня 2001 г. сп.Лявонаў – вопытны намэнклятуршчык і ахвяра празьмернай даверлівасьці да кіраўніка нашай дзяржавы — правільна адзначыў:

“Дорага абыдуцца ня выбары, а кантроль за імі. Калі самы пільны кантроль не наладзіць, то ўвогуле няма сэнсу праводзіць выбары”.

Таму мы павінны мець каманду назіральнікаў колькасьцю ня меней за 21 тыс. асобаў і адпаведныя сьпісы да 1 сакавіка.

Сьвядомыя людзі, якія хочуць і могуць быць зьбіральнікамі подпісаў ці назіральнікамі, ужо зараз мусяць зьвяртацца з прапановамі да кіраўніцтва недзяржаўных арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў, дэмакратычных партыяў, незалежных СМІ з прапановаю сваіх паслугаў, каб іх маглі ўзяць на ўлік і праводзіць зь імі заняткі і трэнінг. Сярод гэтых людзей найбольш карыснымі могуць быць настаўнікі, мэдыкі, фармацэўты, работнікі сувязі і ашчадбанкаў, прадпрымальнікі і гандляры, работнікі культуры (асабліва бібліятэкаркі), моладзь (найперш студэнты), вадзіцелі грамадзкага транспарту і ўсе тыя, хто ўмее працаваць зь людзьмі.

 

Асноўныя тэзы
нашай праграмы

Праграма-мінімум. Выконваецца да канца 2001 г.

1. Увядзеньне стабільнай валюты і прывязка яе да даляра ЗША альбо нямецкай маркі

2. Зьніжэньне падаткаў для ўсіх катэгорый падаткаплатнікаў

да 13%

3. Судовая рэформа і амністыя дробным злачынцам

4. Свабода СМІ – стварэньне недзяржаўнага БТ і радыё

5. Скарачэньне міліцыі напалову

6. Скарачэньне апарату чынавенства да 30%

7. Падвышэньне заробкаў работнікам бюджэтнай сфэры (у першую чаргу настаўнікам, мэдыкам і работнікам культуры)

8. Разьвіцьцё свабоднага прадпрымальніцтва, стварэньне ўмоваў для дробнага і аптовага гандлю

9. Вяртаньне нацыянальнай сымболікі, наданьне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай, адкрыцьцё Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту

10. Вяртаньне вернікам усіх канфэсіяў забранай у іх бальшавікамі маёмасьці

11. Грашовыя субсыдыі і льготы інвалідам, адзінокім мацяркам, моладзі (студэнтам) і ахвярам палітычных рэпрэсіяў

Гэтая праграма, вядома, умоўная і можа быць дапрацаваная і дапоўненая. Людзі павінны ведаць, што на працягу пяці гадоў пасьля яе выкананьня іх жыцьцё значна палепшыцца, павялічыцца нараджальнасьць і палепшыцца экалёгія.

Калі кандыдат ад дэмакратычнай аб’яднанай апазыцыі пагодзіцца ўзяць пункты гэтай Праграмы за аснову, назаве імёны будучых міністраў і іншых адказных асобаў у сваім атачэньні, зь ім можна мець справу. Адзіная дадатковая ўмова – будучы ўрад і адміністрацыя Прэзыдэнта павінны працаваць на беларускай мове, шанаваць і ведаць сваю гісторыю і культуру. Толькі тады палепшыцца дабрабыт і адбудзецца вяртаньне ў Эўропу, якога дасягнулі нашыя суседзі на захадзе і поўначы.

Калі ж гэтага не адбудзецца, то ці варта нам чарговы раз цягаць каштаны з вогнішча для расейскамоўнага “дэмакрата”, які, замяніўшы чалавека, што размаўляе на трасянцы, заменіць ягоную “капусту” на бусла ці зубра замест нашай спрадвечнай “Пагоні”?

Калі сярод сёньняшняй намэнклятуры ня знойдзецца беларускага Каштуніцы ці Бразаўскаса, дык нашая каманда, калі яна паўстане да сакавіка ці красавіка, можа вылучыць Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча ці Радзіма Гарэцкага. Паверце мне, яны ніколі ня здрадзяць Беларусі і яе спрадвечнай душы ў цяжкі для Бацькаўшчыны момант.

Нам трэба добра падумаць, што лепей для Беларусі на пэрспэктыву: перамога новага кандыдата Масквы ці Лукашэнкі? Бо хто можа даць гарантыю, што новы расейскамоўны прэзыдэнт ня здасьць нас Расеі на нейкай новай, ужо легітымнай умове, пры маўклівай падтрымцы Захаду ўзамен за трубу з газам ці нафтай?

Калі ж мы прайграем, але наш кандыдат возьме некалькі мільёнаў галасоў і пераможа новы маскоўскі кандыдат, узьнікне новая палітычная сытуацыя, зь якой усе будуць лічыцца. Менавіта тады эмісары Масквы самі прыедуць у Менск, каб дамовіцца з нашым лідэрам, бо наступная перамога ўжо за намі.

Калі пераможа Лукашэнка, а наш кандыдат зойме другое месца, то сытуацыя зноў стане аналягічнай, і Масква будзе лічыцца з нашай сілай, бо яна заўжды прызнавала толькі яе.

Дзеля таго каб Беларусь больш не была чорнаю дзірою ў цэнтры Эўропы і не нагадвала бэрмудзкага трохкутніка, трэба, каб усе яе куты і дыяганалі сталі беларускімі.

Алег Трусаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0