Барысова доля

Барыс Гадуноў – маскоўскі цар татарскага паходжаньня, украй апаганены Аляксандрам Пушкіным. Трагічна пацярпеў ад інтэграцыйных ініцыятываў Лява Сапегі.

 

Нарадзіўся Барыс паміж 1549 і 1552 г. Галоўнае – удала ажаніцца. Гісторыя не захавала зьвестак пра выгляд і маральныя характарыстыкі Барысавай абраньніцы, Марыі, ды гэта й неістотна. Нашмат большае значэньне мае той факт, што ейным бацькам быў Малюта Скуратаў, які, калі хто ня ведае, займаў у часы Івана Жахлівага пасаду старшыні камітэту дзяржбясьпекі Маскоўскага княства і меў рукі даўжэйшыя, чым у заснавальніка сталіцы вышэйпамянёнай дзяржаўнай адзінкі. Дый сам Гадуноў у маладосьці папрацаваў у “органах” — быў апрычнікам, то бок чымсьці сярэднім паміж байцом спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” і рэкецірам, і займаўся разгонам баярскіх дэманстрацыяў і харчразьвёрсткай, што, як мы пабачым далей, зусім не паўплывала на ягоныя прыўкрасныя душэўныя якасьці – зарэжа, бывала, чалавек дваццаць, а пасьля салоўку слухае і плача, і плача... Адным словам, Барыс, дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву зь цесьцем, ішоў угару, цягнуў за сабою сваіх незьлічоных братоў і паціху зрабіўся самым крутым на раёне – аж да таго, што пачаў прымерваць на сябе шапку Манамаха. Тым больш, што выдаўся зручны выпадак...

 

І меў Іван Жахлівы
тры сыны...

Тры – як у казцы. Самым пэрспэктыўным быў першы – Іван Жахлівы-малодшы, якому, аднак перашкодзіла дажыць да прэзыдэнцкіх выбараў выпадковае падзеньне на цемя бацькавай абабітай жалезам кульбы. Дурнем, насуперак казачнай фабуле, быў сярэдні – Фёдар. Малодшы – Дзьмітры – увогуле ў разьлік ня браўся дзеля малых гадоў ды эпілепсіі.

Такім чынам, цараваць пасьля бацькі меўся Фёдар – мала таго, што дурны, дык яшчэ й жанаты зь сястрой Барыса Гадунова – Ірынай. Дзяцей яны ня мелі, і Іван Жахлівы, адчуваючы, што загнецца, не пабачыўшы ўнукаў, вырашыў іх разьвесьці й ажаніць Фёдара шчэ раз. Дый самому варта было б зьмяніць абстаноўку, выправіўшы ў манастыр абрыдлую жонку й таксама ажаніцца... ну, хоць бы і з ангельскай прынцэсай – такіх жанок у багатай калекцыі цара яшчэ не было. Гадуноў разумеў, што ўсе гэтыя пэртурбацыі адсунуць яго на задворкі расейскай палітыкі. Трэ было дзейнічаць, і дзейнічаць неадкладна. А тут — якое супадзеньне! — памірае Іван Жахлівы. Афіцыйнай прычынай сьмерці судмэдэкспэртыза прызнала хранічны гемарой і ўдушша, якое сталася вынікам перацісканьня царскай шыі матузком. Жоўтая прэса пісала, што матузок быў ад ботаў Гадунова.

Адразу пасьля інаўгурацыі, калі сталася зразумелым, што Фёдар Іванавіч пад сябе ходзіць і, натуральна, дзяржавай кіраваць ня зможа, алігархі вырашылі цараваць супольна. Аднак у хуткім часе Барыс іх усіх “замачыў” (вось дзе прыдаўся досьвед працы ў органах!) і пасьля, ужо ні ў кога не пытаючыся, торгаў марыянэткавага Фёдара Іванавіча за тыя нітачкі, за якія хацеў. Гадуноў быў для Расеі сапраўднай знаходкай – разумны, прыгожы, у меру дэспатычны мужчына ў поўным росквіце сілаў. Выціснуўшы ўсё магчымае з апрычнікаў, ён расфармаваў іх (і твары расейцаў адразу зрабіліся вясёлыя-вясёлыя).

 

Моцны гаспадарнік

Гадуноў меў празаходнюю арыентацыю: ён не шукаў сяброў на блізкім Усходзе, а імкнуўся пашырыць кантакты з Захадам, і найперш з Англіяй. Такі выбар быў абумоўлены асаблівасьцямі рэлігійнай палітыкі гэтай краіны, якая адмаўляла канцэпцыю традыцыйнага каталіцтва, прытрымліваючыся больш дэмакратычна арыентаванага пратэстантызму (а мо Барысу проста падабаўся Шэксьпір?) А вось адсутнасьць сяброўскіх стасункаў з Рэччу Паспалітай сьведчыць, што беларуска-польскай ваеншчыны ў асобе Сьцяпана Батуры і ягоных ідэйных пераемнікаў ён не любіў, таму якая-небудзь дамова пра стварэньне адзінай эканамічнай прасторы выглядала б крайне нелягічна. Рабіць стаўку на Нямеччыну таксама не выпадала – з прычыны адсутнасьці яе як такой.

Гадуноў выявіў сябе ня толькі як дальнабачны палітык, але й як моцны гаспадарнік: расьлі гарады, гандаль, усталёўваўся прыгон, даходы расьлі, на лес гледзячы. Расейцы на такога цара маліцца мусілі.

У 1591 г. у Вуглічы пры нявысьветленых абставінах памёр сын Івана Жахлівага Дзьмітры: хлопчык у прыпадку эпілепсіі паваліўся й напароўся на нож – і так 10 разоў. Жоўтая прэса пісала, што менавіта Барыс дазволіў хлопчыку пагуляцца ў ножык.

У студзені 1598 г. памірае дурны, жанаты і, што самае галоўнае, бязьдзетны Фёдар Іванавіч. Земскі сабор палічыў адзіным рэальным кандыдатам на пасаду правадыра
нацыі Гадунова. Цікава, што Гадуноў будзе ўсю сваю нядоўгую кар’еру прамаўляць ад імя народу – “народам абраны і народу служа” стане ўступам да ўсіх ягоных прамоваў.

Ён працягваў мадэрнізацыю Масковіі: запрашаў на службу іншаземцаў, задумваў заснаваць унівэрсытэт, разгарнуў у Маскве будаўніцтва, займаўся дабрачыннасьцю, прычым часьцяком за ўласны, а не за казённы кошт, завёў патрыярха... І фатальнае нешанцаваньне!

 

Неспрыяльныя ўмовы надвор’я

Усё лета 1600 г. ішлі залевы. Радавыя расейскія граждане не пасьпелі сабраць ураджай. А 1 верасьня, якраз на Дзень ведаў, цісканулі маразы, ператварыўшы залітыя дажджамі палеткі ў хакейнае поле. У наступным годзе лета зь зімой увогуле памяняліся месцамі, і замест таго, каб жыта жаць, расейскія гражданы тапталі лыжню. Ураджай 1602 г. таксама ня быў сабраны – відаць, ужо паводле аналёгіі. Так што цэны на хлеб узьняліся ў некалькі дзясяткаў разоў, у выніку чаго ў мэню маскавітаў увайшлі каты, сабакі, трава, кара з дрэваў, а таксама сябры й суседзі.

За гэтыя гады Барыс спусьціў увесь свой скарб: раздаваў грошы і хлеб, куплены за ўласныя сродкі. Такая царская дабрыня й недальнабачнасьць, як заўсёды, спарадзіла карупцыю. Нячэсныя вертыкальшчыкі прысвойвалі хлеб, спэкулявалі, кралі. А ў Маскву ламануліся ахвотныя паесьці хлеба на дурня. Гадуноў адчыніў царскія сьвірны. Не хапіла. На ўскраінах і ў правінцыях абудзіліся сэпаратысцкія настроі, пачаліся прылюдныя абмеркаваньні перавагаў харчовай праграмы Рэчы Паспалітай і талеравай зоны. Вось тады Барысу ўсё ўспомнілі: і незаконнае цараваньне, і забойства Дзьмітрыя, і падазроную празаходнюю арыентацыю. Ізноў жа – ні з пушчы, ні з поля пачаліся разнастайныя нябесныя спэцэфэкты. У паветры запахла імпічмэнтам.

Якраз тут і зьявіўся царэвіч Дзьмітры, у цудоўнае выратаваньне якога Гадуноў, што ўласнымі вачыма бачыў заключэньне судмэдэкспэртызы па факце сьмерці Жахлівага Д.І., ужо ніяк ня мог паверыць. Паводле данясеньняў службы замежнай выведкі, кандыдат ад апазыцыі быў насамрэч зьбеглым манахам Рыгорам Атрэп’евым, якога злавілі, адмылі, прычасалі, ажанілі з Марынай Мнішак, далі войска і выправілі ў турнэ па выбарчых акругах. Галоўным іміджмэйкерам і старшынём перадвыбарчага штабу Ілжэдзьмітрыя быў ня хто іншы, як Леў Сапега, беларускі палітык нумар адзін, пра якога дасёньня пішуць кнігі нават музычныя крытыкі. І распачаў ён гэтую афэру ня проста так...

 

Інтэгратар Леў Сапега

У 1599—1600 г. становішча Рэчы Паспалітай пагоршылася. Татарскія палявыя камандзіры пры падтрымцы турэцкіх фундамэнталістаў лютавалі на паўднёвых межах. Швэдзкія дэсантнікі высадзіліся ў Эстоніі, пазахоплівалі крэпасьці і мелі намеры гэтаксама павесяліцца ў Лівоніі, на спрадвечнай беларускай зямлі. Рабілася страшна за Бацькаўшчыну: калі б так пайшло і далей, роднай мовай Адама Міцкевіча была б швэдзкая. Трэ было тэрмінова заключаць саюз з кім-небудзь дзікім, каб усе баяліся. Леў Сапега, канцлер ВКЛ, прапанаваў паехаць у Масковію да Барыса Гадунова і падпісаць саюзную дамову паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй, а потым паказаць усёй Эўропе кузькіну маць.

27 верасьня 1600 г., як толькі пайшлі першыя грыбы, Леў Сапега з Воршы выправіўся ў Маскву. Ехаў роўна месяц, прывёз, прадставіў мірны плян інтэграцыі. Аднак Барыс, пасьля ўрачыстай сустрэчы ў Шарамецеве, нібы забыўся пра яго.

Усе спробы Сапегі распачаць канструктыўнае абмеркаваньне праекту натыкаліся на няўцямныя адгаворкі… У выніку ўвесну 1601 г. страшна раззлаваны Сапега вярнуўся дахаты і з тае пары зрабіўся прыхільнікам ня мірнае, а збройнае экспансіі Рэчы Паспалітай на Ўсход. Ён прысутнічаў як афіцыйная асоба на заручынах Атрэп’ева і Марыны Мнішак. А жоўтая прэса пісала, што ў ягоным двары стаяў сапраўдны інкубатар для Ілжэдзьмітрыяў.

...13 красавіка 1605 г. Барыс у поўным здароўі смачна паеў, жартаваў, а потым палез на званіцу – зірнуць на Маскву. Раптам адчуў сябе дрэнна. З носа і вушэй пайшла кроў. Хутка Барыс Гадуноў памёр. Царом стаў ягоны сын – Фёдар, таксама разумны хлопец. Але Ілжэдзьмітры быў недалёка, у Маскве ўспыхнула паўстаньне, Фёдара з маткай расейцы забілі. І з радасьцю сустрэлі Дзьмітрыя І. Ніяк не “маўчалі”.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0