22.01.2001 / 13:00

Ой, мароз-мароз!..

№ 3 (212), 15 — 22 студзеня 2001 г.


 Ой, мароз-мароз!..

Першая зіма трэцяга тысячагодзьдзя, што да апошніх дзён зьдзіўляла нас сваім лагодным, калядна-дэкаратыўным характарам, з дакладнасьцю да наадварот абыходзіцца з расейцамі: нават карэнным сібіракам няма з чым параўнаць сёлетнія бясчынствы Дзеда Мароза. Асаблівай увагай гэтага немаладога джэнтэльмэна карыстаюцца Кемераўская вобласьць, дзе маразы дасягалі 57 градусаў, а таксама Краснаяршчына – на якіх 10 рысачак тэрмомэтра меней.

Прыморскі край, апрача такога падарунку прыроды, атрымаў шчэ й калядныя віншаваньні ад роднай улады. Там каля 90 тысячаў чалавек на Новы год мелі магчымасьць студзіць шампанскае каля батарэяў цэнтральнага ацяпленьня. Паўстае характэрнае для расейскай інтэлектуальнай традыцыі пытаньне: “За што?”

На думку рэгіянальнага кіраўніка камітэту па надзвычайных сытуацыях Уладзімера Башкірава, рэгіён мог бы безь перашкодаў перажыць адну з найсуворшых зімаў за апошнія колькі дзясяткаў гадоў, калі б электрастанцыі своечасова паклапаціліся пра запасы вугалю (а мо дзяржава павінна паклапаціцца пра запасы вугалю для электрастанцыяў?). Так ці інакш, яшчэ й сёньня сытуацыя там застаецца складанай. На мінулым тыдні каля 15 тысячаў жыхароў Прыморскага краю мелі ў кватэрах ня болей за 6 градусаў цяпла, што было выклікана шматгадзіннай адсутнасьцю электрычнасьці, ад чаго, адпаведна, стала калом і сыстэма цэнтральнага ацяпленьня. Гэткага ж кшталту сытуацыя пагражае й сталіцы рэгіёну, Уладзівастоку, дзе жыве добрая палова насельніцтва краю. А маразы, між іншым, сягаюць за 30 градусаў, хоць і Ціхі акіян побач...

Зоны бяды ўтварыліся па ўсёй Расеі, дзе здараліся аварыі на сыстэмах забесьпячэньня цяплом. Напрыклад, у Новасібірску адбылося замарожваньне сыстэмы цэнтральнага ацяпленьня ў 24 шматпавярховіках. Іхным жыхарам цяпер прыйдзецца чакаць цяпла, бадай, да лета. Няма праблемаў толькі тамака, дзе на гэтую зіму прыпалі выбары ў мясцовыя органы ўлады, напрыклад, у Омску, Хабараўску, на Чукотцы (у Расеі абласных кіраўнікоў прызначае не прэзыдэнт, як у нас, а людзі самі выбіраюць галасаваньнем).

Ува ўсёй Сібіры — у Бійску, Краснаярску, Новакузьнецку — сталі ўзрывацца дамы. Ня хочучы замярзаць, людзі ратуюцца газам і якіх толькі самапальных сыстэмаў абаграваньня не напрыдумлялі. Цяпер гэта ўсё ляціць у паветра, забіраючы дзясяткі жыцьцяў.

Іншая праблема Расеі — бедакі, збольшага старыя, якім адключылі газ за нявыплаты. Такіх нябогаў, якім няма чым плаціць за кватэру, — дзясяткі ў кожным сібірскім квартале. З жабрака сарочкі не зьдзярэш — яны змагаюцца за жыцьцё, як могуць. І вось ужо ў Благавешчанску людзі ледзьве не лінчуюць дзядка-адключэнца, знайшоўшы ў яго ў кватэры газавую плітку, падпольна падлучаную да газавае сеткі праз шлянг ад пральнай машыны. Баяцца выбуху!

У самыя маразы спынілася праца ўсялякіх установаў, людзям не рэкамэндавалі выходзіць з дамоў, вуліцы пазамятала. Агульную колькасьць замерзлых можна будзе вызначыць толькі ўвесну, калі растануць гурбы сьнегу — цяпер мэдычныя службы кажуць, што маразы ў Сібіры прывялі да сьмерці ня менш чым 140 чалавек. Драматычная сытуацыя склалася і ў Манголіі, у кітайскіх Унутранай Манголіі і Маньчжурыі, у Карэі, Тыбэце — маразы апанавалі ўвесь цэнтар Азіі. Тамака таксама ў людзей сканчаюцца прыпасы, а падвоз прадуктаў немагчымы з-за нязвыклай для гэтых краёў сьцюжы.

Сярод тых, хто цяпер мерзьне на неаглядных сібірскіх разлогах, ёсьць і нашыя суайчыньнікі. Не сакрэт, што ім цяжэй, чым тамтэйшым расейцам — нашыя ж з маленства непрывычныя да такога холаду. Як там зімуецца сёлета ў Сібіры — вырашылі мы спытацца ў іх.

 

Згарэў унівэрмаг

Уладзімер Галуза, Новасібірск, прэзыдэнт Беларускага культурнага таварыства: «Зараз маразы крыху паменшалі – 20 градусаў замест ранейшых 40. У той частцы гораду, дзе я жыву, ацяпленьне не зьнікала, а ў іншых даслоўна абмярзалі батарэі. Людзі, каб неяк сагрэцца, ставілі буржуйкі й электрычныя абагравальнікі... А зусім нядаўна дашчэнту згарэў трохпавярховы Цэнтральны ўнівэрмаг – кажуць, ад перанапружаньня ў электрычнай сетцы. А мы што? Мы разам з украінскаю суполкай сьвяткуем Каляды».

 

У Акадэмгарадку цёпла

Людміла Дубень, Новасібірск, доктарка-бактэрыёляг: «Мы ў Акадэмгарадку жывем, у нас ацяпленьне не адключалі, дык цёпла ў кватэры, градусаў 25. Дачка мая ў іншым раёне жыве – у іх таксама градусаў 18 у кватэры...»

 

Грэемся над аварыяй

Сям’я Рудаковых, настаўнікаў гісторыі, Іркуцк: «Тут вельмі халодна. У пятніцу зранку было 44, уначы сягае да 48-мі. Тэмпэратура ў кватэрах – каля 10 градусаў. У нашай крыху цяплей: мы жывем на 1-м паверсе, а ў падвале, проста пад намі, адбылася аварыя, гарачую ваду прарвала. Вось мы і грэемся... Што робяць улады дзеля паляпшэньня сытуацыі з ацяпленьнем? Ня ведаем, ня чулі нічога гэткага. Адзінае, што па горадзе абвешчанае надзвычайнае становішча, усе вельмі пільна сочаць, каб з-за гэтых маразоў ня здарылася якой бяды, так што пажараў няма».

 

У нас на поўдні

Аляксандар Мацукевіч, бізнэсмэн, дырэктар транспартнага агенцтва «ТрансМ», Хабараўск: «Увогуле, усё ня так змрочна, як малююць некаторыя сродкі масавай інфармацыі. Вядома, ёсьць гарады, дзе людзі сядзяць бяз працы, дзе няма выгадных вытворчасьцяў, электрастанцыяў ці рудных капальняў або найбуйнейшыя прадпрыемствы збанкрутавалі. Ну, то там бывае, што і зусім ня паляць, а людзі пакідалі шматпавярховыя дамы ды перабраліся ў хаткі, «урамянкі» нават. На Поўначы дык некаторыя гарады зусім пусьцеюць. Але збольшага мы жывем няблага, нават вельмі няблага ў параўнаньні з тым, што я бачыў два гады таму ў Беларусі. У нас на поўдні хто зарабляе, той жыве. Людзі будуюць сабе дамы і ставяць у іх аўтаномныя сыстэмы ацяпленьня. Дый маразы вялікія ў нас рэдкасьць – так, градусаў 30 ад сілы».

А.С.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру