Нямецкі прыклад для Расеі

Зьбігнеў Бжазінскі пра візыт Гергарда Шродэра ў Маскву

Расея ня зробіцца нармальнай сучаснай эўрапейскай дзяржавай, калі будзе хацець адначасова абмяжоўваць свабоду сваіх эўрапейскіх суседзяў

 

Гергард Шродэр павінен пераканаць Уладзімера Пуціна ў неабходнасьці разьвіцьця дэмакратыі, эканамічнага плюралізму, адзінства эўраатлянтычнай сыстэмы бясьпекі і далейшае глябалізацыі, адмовы ад імпэрыялізму, ад спробаў рэвізіі пасьляваенных тэрытарыяльных падзелаў. Такім чынам Нямеччына выкупіць свае гістарычныя правіны, а Расея будзе вымушаная раз і назаўжды пазбыцца свайго імпэрыялістычнага мінулага і разбурыць ілюзію што да ўласнай пазыцыі ў сьвеце, — піша ў нямецім тыднёвіку Die Zeit Зьбігнеў Бжазінскі, былы дарадца Дж.Картэра ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі прэзыдэнта і ідэоляг амэрыканскай замежнай палітыкі.

Спатканьне Шродэра з Пуціным суботу нельга параўноўваць ні з Рапальскай дамовай, ні з пактам Рыбэнтропа-Молатава. Сёньняшнія Нямеччына і Расея — цалкам іншыя дзяржавы, што знаходзяцца ў цалкам іншых геапалітычных умовах, так што ўсялякія гэткага кшталту аналёгіі былі б памылковымі. У Рапала спаткаліся дзьве дзяржавы, што перажывалі глыбокі крызыс... У 1939 г. спаткаліся два бандыцкія рэжымы, каб сплянаваць чарговую вайну і падзяліць сфэры ўплыву, плюючы на правы чалавека. Тая эпоха скончылася, і Нямеччына цяпер зьяўляецца ключавым элемэнтам як вольнай Эўропы, так і эўраатлянтычнай сыстэмы бясьпекі.

 

Лідэр Эўропы

Канцлер Нямеччыны паедзе ў Расею як кіраўнік дэмакратычнай дзяржавы, што адыгрывае ролю лідэра ў Эўропе й зьяўляецца важным саюзьнікам Амэрыкі. На сёньня няма прычыны баяцца, што нямецка-расейскае паразуменьне дэстабілізуе сытуацыю ў Эўропе.

Больш важным пытаньнем на будучае зьяўляецца: ці гатовая Расея ўспрыняць рэальнасьць такой, якой яна ёсьць. У гэтым пляне спатканьне Шродэра з Пуціным магло б адыграць насамрэч істотную ролю.

Кіраўнік Нямеччыны, які ніколі ня бачыў свайго забітага падчас другой сусьветнай вайны бацькі, вырас у беднай сям’і і вырваўся з галечы толькі ўласнымі намаганьнямі, як палітык сфармаваўся ва ўмовах поўнай дэмакратыі й нямецкага эканамічнага “цуду”. Пачынаў як бунтаўнік, быў зьвязаны з радыкальным крылом сацыял-дэмакратаў, потым ягоныя погляды эвалюцыянавалі ў бок ураўнаважанага цэнтру. Цяпер ён кіруе краінай, што мае тры асноўныя, дакладна сфармуляваныя прыярытэты – аб’яднаньне Эўропы, атлянтычны блёк і француска-нямецкае партнэрства (што праўда, у апошнім немцы ўжо дамінуюць ня толькі эканамічна, але й палітычна).

 

Адсталая Расея

У сваю чаргу Расея ніяк ня можа стаць на ногі пасьля разбурэньня СССР. Яна ня мае выразнай замежнай палітыкі; час ад часу, дарма што адсталая, як краіны трэцяга сьвету, прэтэндуе на сусьветнае лідэрства і паджыўляе антыамэрыканскія настроі ў найбольш прыдатных для гэтага эўрапейскіх сталіцах. Разам з Кітаем намагаецца супрацьстаяць амэрыканскай “гегемоніі”. Пры гэтым, аднак, намагаецца залучыць ЗША да супольнага змаганьня супраць ісламскага сьвету, што пагражае яе паўднёвым межам (гэтую небясьпеку Расея ў вялікай ступені сама справакавала сваімі дзеяньнямі ў Аўганістане й Чачэніі), а неафіцыйна клапоціцца пра тое, каб Буш як найхутчэй спаткаўся з Пуціным. Нядаўна вернуты сталінскі нацыянальны гімн стварае адпаведны музычны фон для расейскай няўпэўненасьці ва ўласнай тоеснасьці і гістарычным кірунку, які хацелася б абраць.

У дадатак і расейскі гаспадар па-чалавечаму адрозьніваецца ад свайго нямецкага госьця. Пуцін – сын партапаратчыка і ўнук супрацоўніка асабістай аховы спачатку Леніна, а пасьля Сталіна. Ён стаўся супрацоўнікам самай прывілеяванай сілавой структуры Савецкага Саюзу тады, калі краіна была пагружаная ў застой, прычым пайшоў ён туды не для таго, каб рэфармаваць сыстэму знутры, а каб служыць ёй. Пасьля ён шліфаваў свае бюракратычныя навыкі ў скарумпаваным асяродзьдзі, што – нечакана для многіх – стварылі ў Санкт-Пецярбургу посткамуністы. І вось нарэшце палацавы пераварот вынес яго на пасаду прэзыдэнта Расеі. Погляды Пуціна на замежную палітыку выглядаюць крайне асьцярожнымі, гнуткімі, але стратэгічна няяснымі і нават унутрана супярэчлівымі.

 

Пасол Захаду

Спатканьне з Шродэрам дае Пуціну перш за ўсё шанец распачаць істотны стратэгічны дыялёг з заходнім лідэрам. Блэйр надзвычай ахвотна ўвайшоў у ролю найпершага суразмоўцы Пуціна на Захадзе, а таксама першага абаронцы Пуціна перад сваім прыяцелем зь Белага дому. Клінтан таксама быў надта прывязаны да сваёй рамантычнай ілюзіі, быццам бы ласка да крамлёўскага лідэра — адзіны спосаб падахвоціць Расею да дэмакратыі. А Шырак паддаўся спакусе ўшчыкнуць Амэрыку, высунуўшы лёзунг “шматвэктарнасьці” (хоць менавіта французы наймацней кляймілі расейскія дзеяньні ў Чачэніі), што дало Пуціну падставу спадзявацца на далейшае аслабленьне амэрыканска-эўрапейскага саюзу.

Такім чынам, для постклінтанаўскай Амэрыкі менавіта канцлер Нямеччыны — найбольш прыдатная асоба, каб патлумачыць Пуціну, што асноўнай умовай дасягненьня Расеяю дабрабыту і нават проста выжываньня яе як краіны зьяўляецца перавызначэньне нацыянальнае ідэнтычнасьці. Кажучы гэта, Шродэр можа карыстацца прыкладам уласнай краіны, а таксама ўласнай біяграфіі. Нямеччына здолела навучыцца на прыкладах сваёй гісторыі і, дзякуючы гэтаму, стала адной зь перадавых краінаў сьвету. У адрозьненьне ад Расеі, яна зьяўляецца дзяржавай, якой суседзі не баяцца... Нямецкі прыклад павінен расплюшчыць Расеі вочы.

Аднак жа, народы мяняюць свае ўяўленьні пра сябе не тады, калі хочуць, а тады, калі мусяць. Тутака справа ня столькі ў волі да гэтага, колькі ўва ўсьведамленьні для сябе пэўнай неабходнасьці гэтага. А гэтага разуменьня няма яшчэ нават у самым Крамлі. У адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, Пуцін ніколі не фліртаваў з дэмакратамі, не пакутаваў “ад непадзеленага каханьня” да Амэрыкі. Ён здабываў уладу з надзеяй на адраджэньне расейскай моцы – дзеля стварэньня магутнай дзяржавы і аднаўленьня колішняй сфэры ўплываў імпэрыі. Таму недастаткова будзе, калі Шродэр проста ўсталюе з гаспадаром добрыя прыватныя стасункі ці нават распавядзе яму пра даброты, якіх дасягнула Нямеччына дзякуючы зьмене гістарычнай арыентацыі. Нямецкі канцлер будзе адначасова прамаўляць і ад імя Амэрыкі, калі адкрыта давядзе свайму візаві, што пэўных працэсаў у Эўропе і сьвеце нельга стрымаць і Расея можа або прыстасавацца да іх, або трапіць у небясьпечную ізаляцыю. Ізаляцыя азначала б усё большую безабароннасьць Расеі перад значна больш агрэсіўным Кітаем зь ягоным дэмаграфічным ціскам; яна будзе выклікаць таксама вечныя канфлікты з мусульманскімі паўднёвымі суседзямі Расеі, дзе жыве каля 300 млн. чалавек; я ўжо не кажу пра трывалую ўнутраную адсталасьць.

Такімі ёсьць голыя факты — Расея ня зробіцца нармальнай сучаснай эўрапейскай дзяржавай, калі будзе хацець адначасова абмяжоўваць свабоду адных сваіх эўрапейскіх суседзяў і тэрарызаваць іншых — як гэта ўвесь час робіцца з Грузіяй, ня кажучы ўжо пра злачынствы ў Чачэніі.

Так выглядае гістарычная рэальнасьць, і гэта нават не пытаньне выбару. Па меры разьвіцьця працэсу пашырэньня Эўропы да яго змогуць далучыцца дзяржавы, якія пакуль не разглядаюцца нават як кандыдаты. Шродэр ужо казаў гэта ў Кіеве, а Пуцін мусіць пачуць гэта ад яго беспасярэдна, паколькі апошнім часам Крэмль пачаў ціснуць на Ўкраіну, каб тая ўстала на шлях Беларусі, г.зн. зрабілася дзяржавай з абмежаваным сувэрэнітэтам, зьвязанай выключна з Расеяй. Гэта не супадае з эўрапейскім бачаньнем будучыні.

 

Шырэйшы Эўразьвяз, шырэйшае NATO

У выніку пашырэньня Эўразьвязу павялічыцца й роля NATO, бо два гэтыя працэсы зьвязаныя вельмі цесна. Масква не пагаджаецца на далейшае пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу, у прыватнасьці, на сяброўства ў альянсе прыбалтыйскіх дзяржаваў. Аднак справа немінучага пашырэньня Эўразьвязу не дазволіць Пуціну і Шродэру абысьці таксама пытаньне пашырэньня NATO. Паколькі большая частка сяброў апошняга належыць да Зьвязу, што далей то цяжэй будзе адасобіць бясьпеку Зьвязу ад бясьпекі NATO. Таму праблема пашырэньня Альянсу будзе нагадваць пра сябе, і — як у выпадку Зьвязу — гэта незваротны й няспынны працэс.

Абедзьве гэтыя праблемы надзвычай цікавяць Амэрыку й Нямеччыну. Нямеччына кіруе працэсам пашырэньня ЭЗ, які ўзмацняе яе лідэрства ў Эўропе. Акрамя таго, Нямеччына заўсёды была галоўным хаўрусьнікам Вашынгтону ў NATO; тым часам нядаўняе ўступленьне ў Альянс Польшчы, якая сёньня зьяўляецца таксама адным з галоўных кандыдатаў на ўступленьне ў Эўразьвяз, азначае павелічэньне лічбы “асаблівых” хаўрусьнікаў ЗША ў NATO. Гэтак выглядае рэчаіснасьць, якую расейскае кіраўніцтва будзе вымушанае ў рэшце рэшт прыняць. Бавячы час у Пецярбургу, Шродэр мусіць надзвычай далікатна паставіцца да інтарэсаў балтыйскіх дзяржаваў. Яны былі ахвярамі савецкай агрэсіі, і няцяжка зразумець пачуцьцё небясьпекі, якое ў іх узьнікае цяпер.

Нядаўна, падчас афіцыйнай сустрэчы ў адной з эўрапейскіх дзяржаваў нямецкі пасол задаў мне ня дужа тактоўнае пытаньне: “Ці можна будзе абараніць балтыйскія краіны?” Я адказаў яму гэтак: “А як спадар мяркуе, Бэрлін можна было абараніць падчас халоднай вайны? Нельга было, аднак жа абаранілі”.

Паколькі на Нямеччыне ляжыць адказнасьць за трагічны лёс балтыйскіх краінаў, ня кажучы ўжо пра культурныя й дэмаграфічныя сувязі Нямеччыны з гэтым рэгіёнам, Шродэр павінен зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб пераканаць гаспадара, што нават калі ўваходжаньне гэтых дзяржаваў у Эўразьвяз замацуецца ўступам у NATO, гэта ня будзе ўяўляць пагрозы для Расеі. Наадварот, такі працэс паступова ператворыць NATO ў рэгіянальную сыстэму бясьпекі, у якой Расея зможа браць належны ўдзел.

Можа, расейцы лепш зразумеюць усё сказанае вышэй, калі нагадаць ім, што ў апошнім стагодзьдзі ня толькі Нямеччына мусіла прынцыпова зьмяніць погляд на ўласнае становішча і пазыцыі ў сьвеце. Гэтаксама й іншыя агрэсіўныя народы — такія, як брытанцы, французы, галяндцы або туркі — мусілі прызнацца, што сучасная сытуацыя на плянэце вымушае іх цалкам перагледзець уласную ролю ў сьвеце, а таксама геапалітычныя інтарэсы. Расея павінна зьвязваць свае надзеі на будучае з Эўропай, але й Эўропа мусіць быць цалкам дэмакратычнай і цяміць, што яе сусьветная роля вымагае шчыльнай сувязі з Амэрыкай. Толькі ў лучнасьці й паразуменьні з такой Эўропай Расея можа зрабіцца сучасным, дэмакратычным, заможным і, дзякуючы гэтаму, уплывовым сябром эўраатлянтычнай супольнасьці. Таму праваслаўнае сьвята Божага Нараджэньня, адзначанае разам у сямейным коле, магло б стаць для Шродэра і Пуціна добрай нагодай для пачатку істотнага стратэгічнага дыялёгу, а ня толькі для прыязнае гульні ў сьнежкі.

Са скарачэньнямі
паводле Die Zeit


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0