Пра беларускую філязофію,
часопіс “Аrche” і “сэкундарныя дыскурсы ўзроўню зэро”

 

Калі я ўпершыню прачытаў агляд В.Булгакава “Блізіня нуля...”, падумалася, што гэта проста няўдалы жарт, у якім аўтар зьдзекуецца зь філязофіі, з чытачоў і перадусім з самога сябе. Але пасьля перадапошняга “Аrche–Скарыны”, у якім беларускія філёзафы атрымалі за “прафанацыю інтэлектуалізму”, стала зразумела, што адзіным “неспрафанізаваным” інтэлектуалам у гэтай краіне В.Булгакаў лічыць самога сябе. І гэта прымусіла перачытаць “Блізіню...” як тэкст амаль што праграмны, у якім аўтар гаворыць цалкам сур’ёзна.

Праўда, напачатку аўтар сам сабе выдае індульгенцыю што да зьместу свайго разгляду. “Прадметам нашай увагі будуць вонкавыя абалонкі словаў, — піша ён у першым абзацы і далей працягвае: “Праўда”, “філязофія”, “розум” — што можа быць сьмяшнейшым за гэтыя пустыя гукі?”

Але далей Булгакаў спрабуе гаварыць пра філязофію цалкам сур’ёзна, і вось тут надыходзіць самы час пасьмяяцца. Бо ўсё, што гаворыцца, — суцэльная прафанацыя, ці, больш дакладна, філязофская самадзейнасьць, у якой аўтар (В.Булгакаў) імкнецца паказаць, што ён прачытаў 5–6 нямецкіх кніг, пераважна пачатку гэтага стагодзьдзя. Шкада толькі, што ён іх не зразумеў.

Так, калі для Булгакава “пачатак філязофіі азначае спыненьне забыцьця быцьця”, дык для Марціна Гайдэгера, у якога ён спрабуе “пазычыць” думку, усё наадварот. Эўрапейская філязофія пачынаецца з забыцьця быцьця, і гэтая падзея (дастаткова трагічная ў сваіх наступствах) уласна й вызначае архітэктоніку і тэматыку філязафічных запытаньняў і адказаў. Яспэрс жа, якога прыплятае Булгакаў, да гэтай тэмы аніякага дачыненьня ня мае. Проста адна з шасьці нямецкіх кніг, якія прачытаў Булгакаў, была напісаная Яспэрсам.

Што тычыцца клясычных часоў, якія затым паўпрывідна праходзяць праз тэкст, дык цьверджаньне Булгакава пра “асноватворнае разуменьне думаньнікамі філязафічных сыстэм як моўных утопій, калі сама лёгіка мовы падказвае адказ: “Філязофія — гэта тое і тое” — таксама памылка. Гэтак званы “моўны паварот” у мысьленьні адбываецца толькі ў першай палове ХХ ст., і пра гэта ведае кожны студэнт 3-га курсу філязофіі. Зрэшты, прывід патрэбны Булгакаву проста дзеля таго, каб пацьвердзіць уласную выснову пра “прадмет праўды” (?): “Нельга не сканстатаваць, — піша ён, — залежнасьць разьвіцьця філязофіі ад разьвіцьця літаратурнай мовы, наагул, філязофія — дысцыпліна, твор, тварэньне, пошук і ўдакладненьне таго, што ў прастамоўі называецца “праўдай”. Як мы бачым, “глыбіня” думкі перавышае ўсе магчымыя чаканьні.

Далей В.Булгакаў пераходзіць да ўласна тэмы свайго разгляду: “сацыяльнага аспэкту” (?) беларускай філязофіі. Але перад гэтым горда канстатуе “існаваньне прымарных і сэкундарных філязафічных дыскурсаў. Ключавой апазыцыяй першага ёсьць філязофія/мэтафізыка, ключавой апазыцыяй другога — філязафаваньне/мысьленьне. Ключавым словам першага дыскурсу ёсьць супярэчнасьць, ключавым словам другога — сутыкненьне”. Прачытаўшы ўпершыню гэтыя радкі, я амаль фізычна адчуў, як заплакалі ад шчасьця ўсе менскія філёзафы: прымарныя і сэкундарныя дыскурсы цяпер назаўсёды ўвойдуць у прафэсійны фальклёр у якасьці прыкладу “квазіпрафэсійнага глупства”. Бо што гэта такое (прымарныя і сэкундарныя дыскурсы), ня ведае ані філязофія, ані сам аўтар.

Такім чынам, у прафэсійнай частцы тэксту мы бачым ваяўнічы непрафэсіяналізм, самадзейнасьць і, як любіць пісаць аўтар, татальную прафанацыю філязофіі як такой. Гэта тлумачыцца тым, што тэкст Булгакава і не разьлічаны на падрыхтаванага чытача: аўдыторыя “Аrche” патрабуе не глыбіні, а лёгкасьці ўспрыняцьця, і менавіта гэтую лёгкасьць імкнецца забясьпечыць Булгакаў.

Аналізуючы “сацыяльны аспэкт” народзінаў беларускай філязофіі, Булгакаў паказвае неверагодную лёгкасьць у трактоўцы і разьвязаньні самых складаных праблемаў. Каб не загружаць тэкст разьлеглымі цытатамі, укажам толькі на рэцэпт булгакаўскай лёгкасьці: ён пераказвае (ці перашыфроўвае) “разумнымі словамі” самыя банальныя рэчы, альбо, калі зьява складаная, спрашчае і баналізуе яе дарэшты.

Пры гэтым Булгакаву здаецца, што ён “крытыкуе”. Але, у адрозьненьне ад клясычных канцэпцыяў крытыкі, што палягаюць на дадатковых сэнсах, якія дадае крытык да аналізаванага твору, крытыка Булгакава абапіраецца на татальнае неразуменьне таго, што ён крытыкуе. Так, Булгакаў крытыкуе “беларускіх думаньнікаў” за “неразварот да нацыянальнага” і ў далейшай абароне “беларускага народу” ад І.Бабкова (г.зн. мяне) паказвае поўнае неразуменьне рознасьці “этнічнага” і “нацыянальнага”, а таксама нулявое знаёмства з тэорыямі нацыягенэзы. Крытыкуючы Бум-Бам-Літ, Інстытут філязофіі, В.Акудовіча, “беларускую савецкую інтэлігенцыю” і “новых інтэлектуалаў”, В.Булгакаў увогуле не абцяжарвае сябе аргумэнтамі альбо аналізам: перад намі апакаліптычная карцінка калянізатараў і іх прыслугачоў, інтэлектуалаў “з далярамі ўваччу” і адраджэнцаў у пінскім трыкатажы etc. І сярод гэтае татальнае непатрэбшчыны горда ўзвышаецца наш крытык, які ўсё пра ўсіх разумее, але чамусьці зрабіць лепш ня можа.

Зрэшты, вынікі ягоных ацэначных цьверджаньняў сфармуляваныя настолькі абразьліва, што выклікаюць думкі пра новую традыцыю “інтэлектуальнага хамства”. Застаецца яшчэ пытаньне пра жанр (альбо пра дыскурс) разгляданага тэксту. Мая ўласная гіпотэза — В.Булгакаў ашчасьлівіў беларускі народ заснаваньнем новага дыскурсу — “сэкундарнага дыскурсу ўзроўню зэро”. “Сэкундарнага” як другаснага ў дачыненьні да сытуацыі беларускага мысьленьня, якая існуе рэальна, а “ўзровень зэро” — гэта ўзровень дадатковых сэнсаў, якія прыўносіць наш крытык у разуменьне гэтай сытуацыі. Спадзяюся, што наступнікаў у яго ня будзе.

Ігар Бабкоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0